РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Безназоўнае

 
 
1

 
 
Спачатку яно шалясьцела
          Вельмі нясьмела,
А потым лізнула аконца
          Ціха, як сонца.
 
Назаўтра ўзьняло галасочак,
          Нібы званочак,
Ды ў час празьвінела так далей
          Збуджанай хваляй.
 
На трэйці дзень чуцен быў гоман,
          Хоць і надломан,
Але ўжо больш вольны, дасьціпны,
          К сэрцу прыліпны.
 
А далей яно зашумела
          Надта ўжо сьмела,
Аж водгульле ў сьветы пабегла
          Здольна, разьлегла.
 
Па пушчах пайшло бураломам –
          Дома, за домам.
Бунтарскае грымнула слова
          Аж да аковаў.
 
Скаваная сіла паўстала
          Бурай... навалай...
Надзелі чырвоныя кветкі
          Нашы палеткі.
 
Во як пачалося ў нас ціха
          Тое ўсё ліха,
Што нат беларускія межы
          Ўсталі з залежы.
        

 
 
2

 
 
Масты старыя спалены –
          Старыя ланцугі;
Паложаны падваліны
          Пад новыя сьцягі.
 
Узводзіцца будыніна
          На іншы склад і лад...
Вароты не зачынены:
          Прыходзь і кум, і сват.
 
Ідуць, ідуць з аглядкаю,
          Варожаць варажбу:
Ці доўга так пасьвяткуе
          Той лад сваю сяўбу.
 
Яшчэ ня дрэме чорнае
          Ў закутках груганьнё
І душы непакорныя
          Сачыць, як воўк ягнё.
 
Мяркуюць так і раюцца
          Ідучы сват і кум...
Ніхто не дакапаецца
          Да іхніх слоў і дум.
 
Ой, крыўда чалавечая,
          Вякамі ты расла,
Пажарамі і мечамі
          Паслася, як магла.
 
Калі ж ты забабонамі
          Пакінеш нас карміць,
Над роднымі загонамі
          Пятлю крутую віць?!
        

 
 
3

 
 
Ой, была ж бяседа, была
          Вельмі гучная бяседа! –
Не адходзіла ад стала
          Плойма-чарада суседаў.
 
Як на рынак ці на кірмаш,
          Ад нядзелі да нядзелі,
На каравай пшанічны наш
          Машкарой ляцелі, елі.
 
А маковае малако,
          Засалоджанае мёдам,
Пілі смагла, ажно цякло
          Па губах іх мімаходам.
 
А закусвалі мёд і яду
          Гаспадыньскай ласкай удзячнай,
Тут жа дзьмуў дудар у дуду,
          Каб было піць, есьці смачна.
 
Дый прыйшлося плаціць чарадзе
          Той за гэта баляваньне,
Бо дарма такога нідзе
          Не бывае частаваньня.
 
Ой, пайшла расплата за доўг –
          За яду й пітво адразу...
Задымеў, зацьміўся разлог,
          Зварухнуў усю заразу.
 
Хто у рукі папаў – заплаціў,
          Іншы ўцёк за многа міляў.
А найболей – кожны скруціў...
          Так ня ўсе і заплацілі.
        

 
 
4

 
 
Было яно калісьці,
Калі, як жаўталісьце,
          Жылі мы – не жылі;
Ішлі дні без карысьці,
І сорам было выйсьці
          У сьвет з сваёй зямлі.
 
Гнаў лісьце злосны вецер
Па полі, па ўсім сьвеце,
          За вёску, за сяло;
На нас ляцела сьмецьце,
Бязладзьдзе, беспрасьвецьце,
          Пятлю віло сіло.
 
І гэтакая слава,
Як пошасьці праява,
          Буяла па людзях,
Пакуль жыцьцё ласкавай
Усьмешкай і забавай
          Не асьвяціла шлях.
 
Забліскацелі лужы,
Бяда зьвілася вужам...
          – Ідзе, – крычаць, – вястун!..
І ўзьняўся нехта дужы,
І кінуў кліч дасужы –
          Як помста, як пярун.
 
Ад воклічу прарока
Схіснулася памрока,
          Сьцяг падняла вясна,
І па зямлі шырокай,
Як можа зьмерыць вока,
          Пабегла навіна.
 
Сяляне і сялянкі!
Цацанкі-абяцанкі
          Збываюцца для вас;
Выходзьце на палянкі,
Як зоры, як заранкі,
          І сейце ў добры час.
        

 
 
5

 
 
Мы ўсталі песьняй-казкаю
Пад жудаснай павязкаю
          Мінулых чорных дзён
І ўдаль ідзём, хоць ляскае
Зьвяр’ё ў кутах няласкаю –
          На дальшы кліча сон.
 
Але, але не выламе
Ні клыкамі, ні віламі
          Таго, што ажыло,
Што ўскрэсла над магіламі,
Над хатамі пахілымі –
          Мінуламу назло.
 
Ня ўзяць рукамі голымі
Таго жывога полымя,
          Што, нібы агняцьвет,
Вясёлымі саколамі
Над горамі, над доламі
          Разносіць іскры ў сьвет...
 
. . . . . . . . . . . . . . . .. . . . . . . . . . . . .
 
А гоні ўжо узораны,
І сілы распакораны
          Ад паншчынных бядот.
Чакаюць стравы жораны –
Зярнятаў незамораных,
          Чакаюць на ўмалот.
 
А лапці і анучыны
Адбэрсаны, адкручаны,
          Нуда маўчыць ціхом;
Спраўляюцца заручыны
Вясельніцы засмучанай
          Зь вясёлым жаніхом.
 
Лявоніха... Мяцеліца...
Бяз памяці вяселяцца...
          – Гэй, дзьмі ў дуду, дудар!
Аколіца-аселіца
Пад ногі сонцам сьцелецца...
          Збудзіўся гаспадар!..
        

 
 
6

 
 
...пайшла, і пайшла –
Як бы хто набаяў –
Ад сяла да сяла
Гутарка такая:
 
Беларусь на куце
Ў хаце сваёй села, –
Чарка мёду ў руцэ,
Пазірае сьмела.
 
Сядзіць важна, сама
Сабе гаспадыня,
І прыбрана яна –
Ніхто не закіне:
 
На галоўцы вянок
Зь сініх васілёчкаў,
А чырвон паясок
Стан абвіў дзявочы.
 
Так сядзіць і глядзіць,
Ці усё, як трэба, –
Трэба ўсім дагадзіць
І соляй, і хлебам.
 
А з тутэйшых музык
Гучная капэля,
Хто ў дуду, хто пад смык,
Граюць ёй вясельле.
 
Так бубняць і гудзяць
На гэтай бяседзе,
А суседзі глядзяць,
Дзівяцца суседзі:
 
– То ж яна з мужыкоў,
А як выйшла ў людзі!
Як міне больш гадкоў,
Што ж тады ўжо будзе?!
        

 
 
7

 
 
Зручна, гучна грай нам, грайка,
          Ад усіх рэж струн!
Не сьвісьціць ужо нагайка,
          Не гудзіць бізун.
 
Селі макам усе тыя,
          Што нас, вольны люд,
Не шкадуючы памыяў,
          Аблівалі тут,
 
Барын веку дажывае,
          Выгнаны Масквой,
Пан Варшаву прапівае,
          Гонар панскі свой.
 
А мы самі, сабе самі
          Ўжо гаспадары,
Малатамі і сярпамі
          Звонім да зары.
 
Нібы пчолы ў соты зь мёдам
          Да свайго вульля,
Мы вяртаемся дадому,
          Як адна сям’я.
 
На сход сходзімся і лічым,
          Ці усе прыйшлі,
Хто спазніўся – прыйсьці клічам
          Да сваёй зямлі.
 
– Вы, – хтось кажа асьцярожна, –
          Ня ўсе ў грамадзе...
– Гэй, дарогу, лях вяльможны!
          Беларусь ідзе.
 
Грай жа, грай нам гулка, грайка,
          Ад усіх рэж струн!
Не сьвісьціць ужо нагайка,
          Не гудзіць бізун.
        

 
 
8

 
 

Газ. «Сав. Беларусь»
у дзень выхаду яе 1000-га нумара


Трэба далей славу, што ўжо тысяч
          Раз вы слаўна баранілі,
Сьветазарнымі агнямі вышыць,
          Каб ня шчэзла ў векаў пыле.
 
Бо цікуе злосны вораг
Тых, што спыняцца ня ў часе
У сваім паходзе ў зорах
І задрэмлюць на папасе.
 
*

 
Трэба біць, у молатаў біць тысяч,
          Пакуль сталь яшчэ ня ўстыла,
Каб ня ўздумаў у гэты час лясны сыч
          Засьмяяцца з вольных сілаў.
 
Бо цікуе злосны вораг
Тых, што спыняцца ня ў часе
У сваім паходзе ў зорах
І задрэмлюць на папасе.
 
*

 
Трэба многа, яшчэ многа тысяч
          Рук завабіць, рук спагадных,
Каб да сонца з сонца сьцежку высеч
          І спачыць у снах прынадных.
 
Бо цікуе злосны вораг
Тых, што спыняцца ня ў часе
У сваім паходзе ў зорах
І задрэмлюць на папасе.
        

 
 
9

 
 
Яшчэ ня ўся работа зроблена,
          Ня ўсё жніво у нас пажата, –
Яшчэ краіны стан пагорблены,
          Як быў, застаўся ён гарбатым.
 
Яшчэ дзесь здрадна ласка панская
          На беларускім едзе карку
І круціць з подласьцю паганскаю
          На свой лад нашу гаспадарку.
 
Яшчэ там сыты гонар ласуе
          Дзявочу ўсьмешку беларускі,
Даляры лічачы за касаю,
          Што з нашых зьдзёр палосак вузкіх.
 
Яшчэ там корна служаць мамкамі
          Сястрыцы нашы і сягоньня,
Ды стогнуць, мучацца пад клямкамі
          Браты, як некалі ў прыгоне.
 
Яшчэ ўспалаюць там паднебныя
          Чырвоным полымем пажары,
І будуць гінуць там патрэбныя
          І непатрэбныя ахвяры.
        

 
 
10

 
 
Пакінем спадчыну мы для патомкаў
          Інакшую ад той,
Што ўзялі мы ад продкаў на абломках
          Гісторыі сваёй.
 
Зь інакшай думкай пойдзе ў сьвет і людзі
          Патомак гэны наш:
Згібацца ўжо ня будзе і ня будзе
          Піць зь недапітых чаш.
 
Дасталі сьцежкі, ад якіх прапасьці
          Маглі мы ў бяспуцьці,
А кінем бітыя шляхі да шчасьця,
          Абы умець ісьці.
 
На продкаў плечах паўзрасталі вежы,
          Дзе торг вялі за нас,
А мы патомкам нашым кінем межы
          Без ашуканскіх крас.
 
Яшчэ пакінулі нам асьляпленьне,
          Пашану да пакут,
А мы пакінем песьню вызваленьня
          І вольны бацькаў кут.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.