РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кацярына Асташук
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Віка Трэнас: «Я адчуваю сябе чалавекам эпохі Барока»
 
Інтэрв’ю з паэткай, літаратарам, крытыкам Вікай Трэнас.
        Імя паэткі, літаратара, крытыка Вікі Трэнас гучыць, бадай, на самых цікавых і масштабных культурных мерапрыемствах, прычым часта яна выступае ў якасці арганізатара і каардынатара. Віка выдатна сумяшчае працу ў рэдакцыі часопіса “Маладосць” з актыўным удзелам у беларускім літаратурным працэсе, у тым ліку і ў інтэрнэт-прасторы. Яна падтрымлівае на літаратурным шляху маладых аўтараў, многія з якіх становяцца пасля яе сябрамі, супрацоўнічае са шматлікімі выданнямі і выдавецтвамі, яе ўважлівы рэдактарскі погляд спатрэбіўся не аднаму аўтару пры выданні твораў самай рознай тэматыкі.
         У сваёй творчасці Віка абвастрае пачуцці лірычнай гераіні настолькі, што вобразы, здаецца, гатовыя збегчы са старонак, яны выразныя і дынамічныя. Яна аўтар дзвюх паэтычных кніг –“Цуд канфіскаванага дзяцінства” і “Экзістэнцыйны пейзаж”, падрыхтавала кнігу крытыкі.
         Неўзабаве пасля аднаго з мерапрыемстваў – літаратурна-музычнай імпрэзы “Культурныя формы” – мы з Вікай сустрэліся, каб пагутарыць “пра жыццё”.
        

        
        – Будзем на “Вы” ці на “ты”?
        
         – Я думаю, што мы можам свабодна звяртацца адна да адной на ты. Увогуле, як у жыцці, так і ў прафесійнай дзейнасці я прытрымліваюся прынцыпу свабоднай камунікацыі. Напрыклад, аўтары часопіса “Маладосць”, мае равеснікі, калегі, новыя знаёмыя пачуваюцца вольна ў рэдакцыі, такім чынам прасцей будаваць дзелавыя стасункі.
        
         – Я ведаю, ты часта даеш інтэрв’ю. Ці ёсць у цябе нелюбімае пытанне?
        
         – Маё самае нелюбімае пытанне – адносна значэння майго псеўданіму. Яно сапраўды ўзнікае найбольш часта і мяне нават раздражняе. Вельмі доўгі час мае знаёмыя і аматары літаратуры былі перакананыя, што Трэнас – маё сапраўднае прозвішча, але ўсе-такі гэта дастаткова агульнавядомае слова, літаратурны жанр, які праходзяць у старэйшых класах школы, перакладаецца як “плач па тых, хто памёр”.
        
         – Чаму так сумна?
        
         – У першую чаргу ў мяне гэтае слова асацыіруецца з аднайменным творам пісьменніка 17-га стагоддзя Мялеція Сматрыцкага. Выбар такога псеўданіма – даніна літаратурнай традыцыі. Паколькі я даследавала літаратуру эпохі Барока, абараніла дыплом па гэтай тэме, увогуле я адчуваю сябе чалавекам эпохі Барока, якому ўласцівая душэўная нераўнаважанасць, пошукі сябе. Акрамя таго, я адношуся да тых пісьменнікаў, якія не ўмеюць быць вясёлымі. Так склалася стыхійна, па-за маёй воляй.
        
         – Але ж у тваёй кніжцы ёсць і пазітыўныя вобразы, напрыклад, “я нашу ў сабе сонечны горад” у вершы “Вольнасць”.
        
         – Гераіня верша “Вольнасць” – дзяўчына ў белай апранасе, якая вандруе па свеце і прыходзіць туды, дзе яна патрэбная, прасвятляе душы, таму носіць у сабе сонца. Яна прыносіць цеплыню, заспакоенасць, якраз тое, чаго мне не хапае.
        
         – Ці былі ў цябе пераломныя моманты, калі кардынальна змянялася твая творчасць?
        
         – Мне здаецца, што найбольш аб’ектыўна на гэтае пытанне адказалі б літаратурныя крытыкі, але суб’ектыўна магу адзначыць два этапы ў маёй творчасці. (Праўда, я не люблю так гаварыць, проста кажу, што пішу вершы). Гэтыя два этапы прасочваюцца па першай і другой маіх кнігах. Першая кніга ўвасабляе падлетка, маладзёна, які толькі пачынае свой жыццёвы і творчы шлях, уваходзіць у даросласць, адлюстроўвае эмацыянальны і псіхалагічны стан чалавека, які ўжо не дзіцёнак, але яшчэ не дарослы чалавек. Лірычны герой другой кніжкі – ужо цалкам сфарміраваная асоба са сваімі каштоўнаснымі арыенцірамі, дарэчы таму ўзнікла такая назва – “Экзістэнцыйны пейзаж”.
        
         – А можна падрабязней пра гэтыя арыенціры і ці ёсць у цябе сваё ўспрыманне экзістэнцыйнасці?
        
         – Я філолаг, таму маё асабістае ўспрыманне ў першую чаргу грунтуецца на прачытанай літаратуры, на тэорыі мастацкіх плыняў як такой. Іншая справа, што розныя эстэтычныя кірункі ў больш-менш самастойнага творцы могуць спалучацца і ўтвараць нешта сваё, унікальнае. Мне падалося, што напісанне вершаў у філасофіі экзістэнцыялізму, якая раней праяўлялася толькі ў прозе французскіх пісьменнікаў пачатку 20-га стагоддзя, якраз і ёсць маім творчым самавыўленнем на дадзеным этапе. Адчуванне быційнасці, у якім я знаходжуся пастаянна, якое па сутнасці і ёсць маім сапраўдным жыццём, не магло не выказацца ў маіх паэтычных тэкстах.
        
         – У цябе двайная адукацыя – ты скончыла адначасова і рускую, і беларускую філалогію. І даволі доўга пісала на рускай мове. Як адбывалася суіснаванне гэтых моў у тваім жыцці і творчасці?
        
         – Насамрэч я пачала пісаць у раннім падлеткавым узросце і па-руску. Канечне, якасць тых вершаў жадала ўдасканалення. Мой шлях да беларускасці быў дастаткова стыхійным, нечаканым для мяне самой. Гэта адбылося ў 14-15-гадовым узросце. З таго моманту я не абмяжоўвала сябе па моўным крытэрыі – пісала так, як падказвала душа. Аднолькава свабодна мне шчасціла друкавацца як у расійскіх, так і ў беларускіх выданнях. У 2007 годзе нават давялося ўдзельнічаць у Форуме маладых пісьменнікаў Расіі. Дарэчы, менавіта пасля ўдзелу ў гэтым форуме я прыйшла да канчатковага асэнсавання сябе як носьбіта беларускамоўнай культуры, я адчула сябе патрэбнай менавіта ў прасторы роднай мовы, і патрэба пісаць на рускай мове адпала сама сабой. З таго часу за два гады я не напісала ніводнага слова па-руску.
        
         – Як ты ўвайшла ў літаратурную прастору?
        
         – Першая мая публікацыя адбылася ў 2000 годзе, прычым вершы былі дасланыя ў газету маёй сяброўкай, пра што я не ведала. Тады ў мяне нават не існавала паэтычнага імені, першы раз я надрукавалася проста як Віка.
         Вельмі часта ў жыцці творчага чалавека лёс абірае яго, а не ён сам кіруе сваёй будучыняй. Так адбылося і са мной. Абсалютна выпадкова трапіўшы у беларускамоўны асяродак, я засталася ў ім і хацела б, каб гэта было назаўсёды.
        
         – Раскажы пра свае музычныя захапленні.
        
         – Насамрэч мяне ніколі пра гэта не пыталіся. Я сапраўды меламан, вырасла на класіцы рускага року, яшчэ з самага далёкага дзяцінства захаплялася Вячаславам Бутусавым, Барысам Грабеншчыковым, Віктарам Цоем. Апошнія гады я пачала асэнсоўваць больш складаныя музычныя кірункі, такія, як джаз і блюз. Безумоўна, да гэтага трэба было дарасці як духоўна, так і інтэлектуальна. Увогуле музыка заўседы была часткай маёй душы, майго светапогляду. На пачатковым этапе маёй дзейнасці ўплыў рок-культуры адчуваўся вельмі моцна, і я доўга не магла яго пазбавіцца, аднак чалавек сталее і перарастае свае захапленні, стварае нешта новае.
        
         – Якой, на твой погляд, павінна быць прафесійная беларуская літаратура?
        
         – Словапалучэнне “прафесійная беларуская літаратура” многім можа падацца парадаксальным, таму што ў нас тых творцаў, якія могуць зарабляць на жыццё сваімі кнігамі, вельмі мала. Прафесійнай лічыцца тая дзейнасць, якая можа матэрыяльна забяспечыць, але ж, як вядома, на беларускай літаратуры, элітарнай па самых розных прычынах, зарабіць нельга. Аднак тэндэнцыі развіцця наймаладзейшай плыні беларускай літаратуры сведчаць пра тое, што наша прыгожае пісьменства можа быць і высокім па сваёй якасці, і ў той жа час можа стаць для нашых літаратараў прафесіяй. Я маю на ўвазе ўзнікненне вельмі моцнага пакалення 20-25-гадовых пісьменнікаў, дзякуючы якім нашая літаратура трапіла ў інтэрнет-прастору (можна згадаць шматлікія электронныя рэсурсы: блогі, нацыянальнаарыентаваныя сайты) і пачала набываць шырокую чытацкую аўдыторыю. Пра гэта сведчыць і вялікая колькасць кніг, што выходзяць як у прыватных, так і ў дзяржаўных выдавецтвах, а таксама паспяховасць шматлікіх літаратурных мерапрыемстваў, міжнародных фестываляў (такіх, як Вялікае княства паэзіі, Парадак слоў, паэтычныя слэмы).
        
         – Як паўплывала твая праца рэдактарам аддзела паэзіі ў часопісе “Маладосць” на тваё стаўленне да творчасці і творцаў?
        
         – У часопісе “Маладосць” я працую ўжо трэці год. Рэдактарская праца, па-першае, дапамагла набыць неацэнны жыццёвы і прафесійны досвед, канечне, дзякуючы старэйшым калегам, штодзённай працы з аўтарамі. Вельмі часта даводзіцца быць не толькі філолагам, рэдактарам і журналістам, але і псіхолагам. Вельмі прыемна з кожным днём набываць усё новыя і новыя знаёмствы: я маю на ўвазе шматлікіх дэбютантаў часопіса “Маладосць”, творцаў, якія толькі пачынаюць свой шлях, з якімі мы паспяхова супрацоўнічаем, сябруем, сумесна выступаем. Пасада рэдактара аддзела паэзіі вельмі адказная ў тым сэнсе, што яна абавязвае адказваць за кожнае надрукаванае слова, як сваё, так і аўтараў. Акрамя таго, менавіта рэдактар фарміруе чытацкія густы і вызначае эстэтычную накіраванасць часопіса.
        
         – Табе не здаецца, што зараз многія маладыя творцы актыўна аб’ядноўваюцца, ствараюць розныя суполкі, згуртаванні? Калі гэта тэндэнцыя, то чым яна абумоўлена?
        
         – Калі згадаць увогуле суполкі, якія існуюць, то можна напісаць і пра дзейнасць “Паэтычнага тэатра Арт С” (Аксана Спрынчан і Зміцер Арцюх), і пра жж-суполку “Сучасная беларуская літаратура” (Ася Паплаўская і Алесь Мазанік), пра своеасаблівае згуртаванне маладых творцаў вакол часопіса “Дзеяслоў” і ПЭН-цэнтра, які праводзіць штогадовыя літаратурныя конкурсы (Марыя Мартысевіч, Сяргей Прылуцкі, Андрэй Адамовіч, Віталь Рыжкоў і многія іншыя), “Літаратурнае прадмесце”, што існуе сёмы год (кіраўнік – Людміла Рублеўская). Канечне, не магу не згадаць літаральна нядаўна створаную прома-групу ВЮ (Юля Новік і Віка Трэнас). Гэтая тэндэнцыя сведчыць пра існаванне ў нас нармальнага, дынамічнага літаратурнага працэсу.
        
         – Якім павінен быць сучасны малады творца і якія яго першыя крокі?
        
         – Сучасны малады творца ў нашай культурніцкай прасторы павінен мець такія якасці характару, як камунікатыўнасць, пазнавальнасць, ён павінен быць актыўным чалавекам і ў першую чаргу павінен ведаць сваю творчую прафесію як такую (дызайнер, фатограф, мастак або літаратар). Любая прафесія патрабуе авалодання новымі ведамі, пастаяннай унутранай працы.
         Калі гаварыць пра пісьменніка-пачаткоўца, першы ўсвядомлены крок для яго – візіт у рэдакцыю. Трэба рыхтавацца да крытыкі, часам жорсткай, таму што любая творчая прафесія – гэта выжыванне ва ўмовах пастаяннага самаўдасканалення, канкурэнцыі. Пачатковец не павінен абмяжоўвацца адной публікацыяй, нават калі ў рэспубліканскай прэсе. Літаратар павінен пісаць, і пісаць шмат, у розных жанрах, спрабаваць сябе ў журналістыцы, што дапаможа яму сфарміраваць свой густ, эстэтычную пазіцыю. Гэта магчыма толькі на практыцы. На жаль, ведання адной тэорыі літаратуры недастаткова. Неабходна і то, і другое.
        
         – Ці ёсць у цябе любімыя і карысныя выслоўі?
        
         – Прыгадваю часта назву свайго блога “дарога – гэта жыццё” (Vie est vita). Вельмі люблю вандраваць, спасцігаць новыя далягляды ў прамым і пераносным сэнсе.
         Часта ўзгадваю таксама выраз Veni, vidi, vici. Мае сябры жартуюць з гэтага, паколькі лацінскае слова vici нагадвае маё імя. Вельмі люблю перачытваць старагрэцкую літаратуру, напрыклад, Гамера. Лічу, што трэба духоўна “саспець” для разумення такіх твораў, і тады яны становяцца крыніцай мудрасці.
         Хачу пажадаць усім чытачам пазітыву, душэўнага спакою ў спасціжэнні жыцця!
        
        – Дзякуй за цікавыя разважанні і пажаданні.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.