РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кацярына Асташук
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дар’я Бельская: «...Ратую свет, ствараючы прыгажосць»
 
Інтэрв’ю з дызайнерам Дар’яй Бельскай.
        Імя дызайнеркі Дар’і Бельскай стала часта згадвацца ў сувязі з імпрэзамі “Выявы-2009” і “Культурныя формы”, і мы вырашылі задаць ёй некалькі пытанняў.
        Дар’я – вельмі творчы і цікавы чалавек, працуе ў розных напрамках мастацтва і дызайна: займаецца праектаваннем інтэр’ераў, дэкарыраваннем, паліграфіяй, дзіцячай ілюстрацыяй. Удзельнічае ў шматлікіх конкурсах. Зараз атрымлівае адукацыю дызайнера ў Еўропе.
        

        
        – Пачнём з таго, ці лічыш ты сябе дызайнерам?
        
        – Сёння з’явілася вельмі шмат паняццяў, назваў прафесій, якія мала што кажуць пра іх уладальнікаў, напрыклад, мэнэджэр або дызайнер.
        
        – Занадта агульныя?
        
        – Занадта безаблічныя. Я скажу, што я мэнэджэр, і ніхто не зразумее, чым я займаюся. Таму я для сябе вызначыла, што я буду, як па Чэхаву, выратавальнікам, таму што “прыгажосць выратуе свет”. Я ратую свет, ствараючы прыгажосць. І не важна, ствараю я вокладкі для дыскаў (маецца на ўвазе дыск коміскаў – заўв. журн.), праектую жыллё, прыдумляю дызайн кубка на конкурс ці проста дэкаратыўна завязваю шнуркі (смяецца). Гэтымі рэчамі я імкнуся прыўнесці прыгажосць у гэты свет. Або гумар.
        
        – Добра, а дзе мяжа паміж прыгажосцю і мастацтвам? Многія сучасныя дызайнеры, стваральнікі калекцый моднай вопраткі або рэкламы не грэбуюць непрыгожым, нават брыдкім, толькі каб выклікаць рэакцыю ў гледача. Як ты да гэтага ставішся?
        
        – Насамрэч гэта складанае пытанне, таму што можна доўга філасофстваваць на тэму сучаснага дызайну. Ёсць людзі, якія проста маюць іншыя мэты: прыцягнуць увагу любой цаной. Гэта ўсё пачалося яшчэ ў канцы 18-га. Самым вялікім правакатарам лічыцца Далі. Мне проста хочацца стварыць камфорт для чалавека, каб спадабалася нават таму, хто не разбіраецца ў мастацтве.
        
        – Камфорт эстэтычны, унутраны?
        
        – Так, я больш імкнуся да адчуванняў, каб у чалавека не ўзнікала супярэчнасцяў у адносінах да маёй працы. Хочацца працаваць для людзей, а не для пафасу. Канешне, прыемна, калі цябе друкуюць у глянцавых часопісах, але перш за ўсё хацелася, каб было прыемна людзям.
        
        – Як ты ўспрымаеш крытыку?
        
        – Я вельмі даткліва адношуся да крытыкі. Меркаванне іншых вельмі важнае для меня. Але апошнім часам заўважаю, наколькі ўсё індывідуальна ў мастацтве. Мы прайшлі ўсё, пачалася эклектыка, таму што стала немагчыма знайсці нешта новае. Асабліва цяжка ў такой сітуацыі знайсці стаўпы, аўтарытэты. Таму на дадзеным этапе лепшая крытыка – самакрытыка. Калі мне камфортна, калі няма жадання перапрацаваць, дадаць, памяняць, значыць, гэта добра.
        
        – Усім дагадзіць немагчыма.
        
        – Навошта ўсім? Трэба дагадзіць сабе самому. Любы чалавек, асабліва творца, працуе ў першую чаргу на сваё імя. Ён яго стварае кожнай сваёй работай. Калі за нешта яму сорамна, значыць, час прамарнаваны.
        
        – Ці можаш назваць імёны майстраў, да творчасці якіх ты звяртаешся, калі складана зрабіць выбар, аб’ектыўна ацаніць сваю працу?
        
        – Нядаўна я адкрыла для сябе Джоана Гаспара. Гэта іспанскі дызайнер, займаецца ў асноўным прамысловым дызайнам. Больш за ўсё спадабаліся яго лямпы. Мінімальная колькасць дэталяў, аптымальная форма, арыгінальны дызайн. Улічваючы ўсеагульнае імкненне да мінімалізму, вельмі складана дасягнуць новай формы з найменшым адыходам ад канонаў. Што можа быць прасцей за круг ці квадрат? Барока і залішнія упрыгожванні зараз не ў модзе. Лямпа Гаспара перамагла на міжнародным конкурсе прамысловага дызайну. Ён стварыў сапраўды геніяльную рэч. Нічога лішняга, не прычапіцца ні да элементаў дызайна, ні да матэрыялаў, ні да іх кошту. Я проста закахалася ў гэтую лямпу, таму што яна надзіва простая. Мне здаецца, тое самае ў інтэр’еры ці любым дызайне: трэба дзейнічаць, як казаў Мікелянджэла, – узяць мармур і адсекчы ўсё лішняе. Але яшчэ больш мне спадабаўся ход думак гэтага чалавека, тое, як ён прыбіраў дэталі, адну за другой. Я імкнуся да таго самага.
        
        – А што табе перашкаджае?
        
        – Напэўна, недахоп вопыту. Прафесіянальна я працую ў гэтым напрамку ўжо тры гады, а ў агуле пяць гадоў. Яшчэ хацелася б больш паглядзець свет. Нават нягледзячы на тое, што я прыехала ў Польшчу, дзе поўнасцю змянілася маё мастацкае мысленне.
        
        – Як ты ўвогуле прыйшла да дызайну?
        
        – Вельмі цікавым чынам – я з яго не выходзіла. Вучоба на эканамічным факультэце ненадоўга перапыніла заняткі дызайнам, але пераезд ў Польшчу – яшчэ адзін шанец пачаць усё спачатку.
        
        – Ты скончыла мастацкую школу. Як сталася, што ты не мастак, а дызайнер? Або ты ўсё-такі плануеш выстаўляць свае жывапісныя работы?
        
        – Усё можа адбыцца. Цяжка сказаць увогуле, што такое прафесійны мастак. Гісторыя мае прыклады, калі чалавек без мастацкай адукацыі лічыцца геніяльным мастаком. Калі чалавек, які трымае пэндзаль у руках, пачынае адлюстроўваць рэчаіснасць, ён робіць гэта па-свойму. Адзін і той жа жбан у мастацкай вучэльні будзе намаляваны ў дзесяці варыянтах. Мастак пераўтварае існуючы свет згодна са сваім адчуваннем, бачаннем. Яму нібыта нехта падказвае, які колер пасуе больш. Але пасля ўзнікае жаданне зрабіць большае. Не проста перамалёўваць жбан, але ствараць вобраз, кампазіцыю. Спачатку на паперы, у малюнках. Пасля хочацца перанесці гэты элемент сваёй творчасці ў рэальны свет. Нехта шые адзенне, нехта робіць лямпачкі, а я перастаўляю мэблю і вешаю фіранкі і радуюся.
        
        – Раскажы пра свае самыя цікавыя дызайнерскія праекты.
        
        – Больш за ўсё мне спадабалася рабіць праект парыкмахерскай. Хацелася зрабіць больш, чым звычайна робіцца для грамадскіх установаў. Мэта была не проста ўпрыгожыць будынак, а ўлічыць абмежаванні, накладзеныя законам і цвярозым розумам. Гэта падобна на геаметрычную задачу. Спачатку, канешне, падключаеш сваю фантазію, малюеш прыгожыя праекты. Пасля пачынаеш разважаць: гэта парыкмахерская, значыць, святло павінна падаць справа або зверху, а калі жанчына глядзіць у люстэрка на гатовую прычоску, святло можа ісці ўвогуле па касой. Цікава прагназіраваць, як будзе перамяшчацца па памяшканні абслугоўваючы персанал, кліенты, каб іх маршруты не перасякаліся. Усе такія элементы “шліфуюць” твой праект. Хочацца дасканаласці. Калі табе задаюць пытанне, а ты прадугледзеў яго і ведаеш адказ. У такіх момантах відаць прафесіянала: не проста падабраць колер фіранак і шпалер, але і прадумаць жыццё ў памяшканні, калі кожны, ад парыкмахера да прыбіральшчыцы, ведае, дзе яму лепш знаходзіцца.
        
        – А чым менавіта ты любіш займацца ў дызайне?
        
        – Мне ўсё цікава. Я не валодаю тэхналагічнымі ведамі, якія патрэбныя для працы ў прамысловым дызайне, таму што неабходна вучыцца і асабліва практыкавацца, каб даведацца пра ўсе магчымасці таго ці іншага матэрыяла. Але мне цікавы сам працэс. Напрыклад, калі заказваюць праект сантэхнікі. Кожнай фірме патрэбна прадаваць тавар, а адрознівацца ён можа толькі дызайнам. Дызайнеры адчуваюць тэндэнцыі, ствараюць новыя формы. Можна намаляваць усё, што заўгодна, але калі гэта немагчыма рэалізаваць з пункту гледжання тэхналогій, дызайнера назавуць непрафесіяналам. Сумна, калі часам лічаць, што дызайнер – гэта чалавек, які паказвае пальцам і гаворыць, што гэта будзе такой ці іншай формы. На самой справе дызайнер – гэта і тэхнолаг, і скульптар, і мастак, і псіхолаг, таму што абараніць тое, што ты зрабіў – напэўна, самая цяжкая праца.
        
        – Атрымліваецца, з аднаго боку, дызайнер – творчы чалавек, але з другога, ён прагматык, мэнэджэр, эканаміст. Як можна гэта спалучаць у сабе?
        
        – Спалучаць? Навучыцца гэтаму нельга. Як можна навучыцца адчуваць рынак? Нават чытаючы часопісы і вывучаючы новыя трэнды можна заставацца на крок назад. Таму што кожны раз трэба прадстаўляць нешта новае, прадчуваць, чаго захочуць людзі. Я зараз не кажу пра інтэр’еры, гэта паняцце індывідуальнае, якое залежыць не ад моды, а ад пажаданняў кліента і функцый памяшкання. Але ў любым выпадку трэба ўмець прадугледзець.
        
        – Ты хочаш быць модным дызайнерам?
        
        – Калі модным, таму што пра мяне шмат гавораць, то не. А калі ствараць модныя тэндэнцыі, то канешне.
        
        – А што для гэтага патрэбна?
        
        – Трапіць у патрэбнае рэчышча, працаваць не шкадуючы сіл і быць заўважаным.
        
        – Ці лягчэй табе працаваць, калі ты добра ведаеш людзей, для якіх праектуеш кватэры?
        
        – У любой справе цяжэй са знаёмымі, таму што патрабуецца іншы падыход. Чалавека вельмі цяжка пераключыць на сур’езнае абмеркаванне і падыход, на партнёрскія, а не чыста сяброўскія адносіны. Нават для сябра немагчыма перапрацаваць у апошні момант праект, але цяжка гэта растлумачыць, каб не было крыўды.
        
        – Дызайн – гэта адказнасць?
        
        – Вельмі вялікая. І не толькі перад чалавекам, спадабаецца яму ці не. Дызайнер павінен быць канструктарам, мець досвед, што дазволяць, а што не. Ён павінен умець вызначыць на вока стан памяшкання і пераканаць кліента, што, напрыклад, тут нельга прабіваць сцяну ці класці трубы. Гэта складана, таму што часта, запрашаючы дызайнера, людзі ўжо маюць сфарміраваны погляд і ўяўленні і шукаюць пацвярджэння іх правільнасці. Я стараюся зрабіць так, каб чалавек сам адмовіўся ад таго, што немагчыма зрабіць.
        У Еўропе, калі вы выбіраеце дызайнера, гэта азначае, што вы азнаёміліся з яго работамі, згодныя з яго стылем і засталося толькі абмеркаваць, што б вы хацелі зрабіць і па якой цане. У нас жа людзі хочуць на 100% сачыць за працэсам. Даводзіцца абмяркоўваць кожную драбязу, працэс рухаецца цяжка і павольна, таму што трэба растлумачыць усе тэхналагічныя асаблівасці і дачакацца разумення ад кліента. Але кліент можа сапраўды дапамагчы, таму што дызайнер не ведае, як жыве тая ці іншая сям’я, дзе яны праводзяць больш часу, што ім патрэбна. Быў у маёй практыцы адзін цікавы выпадак. Я размяшчала на кухні стол для сям’і з чатырох чалавек. А сям’я мне сказала, што тата любіць сядзець у кутку, там, дзе цяжка гэта прадставіць. З-за гэтай традыцыі абсалютна па-іншаму давялося накіраваць увесь праект кухні, ён стаў менш удалым. У такіх выпадках я стараюся пераканаць людзей да пачатку пераўтварэнняў.
        
        – Як стаць дызайнеру з нуля? Як ты пачынала?
        
        – У нас ёсць факультэт дызайна ў Акадэміі мастацтваў, у БДУ. Я пачынала з самаадукацыі, пасля адчула неабходнасць пайсці на курсы. У той час я вучылася на эканаміста. Было б вельмі цяжка спалучаць такія розныя сферы. Паўтары гады я займалася на курсах дызайна інтэр’ера і яшчэ раз пераканалася, што мне гэта цікава. Пасля ў мяне з’явіўся шанец пайсці па шляху прафесійнай дызайнерскай адукацыі.
        
        – Якіх ведаў табе яшчэ не хапае? Можа быць, архітэктурных?
        
        – Каб працаваць, трэба пастаянна ўдасканальвацца. Веданне архітэктуры, безумоўна, неабходна. Немагчыма перапланіраваць жыллё без ведання элементарных канструкцый. Зараз модна перабудоўваць гарышча і рабіць двухпавярховую кватэру. Як, не ведаючы магчымасцей стропаў, рыштаванняў, можна сказаць, што тут мы рушым сцяну і будуем лесвіцу? У нас дызайнер павінен у ідэале мець веды з розных сфер. Ён павінен не проста прыдумляць шыкоўныя дарагія праекты, а прадумваць практычнае выкарыстанне плошчы, рэнтабельнасць.
        
        – Як з’яўляюцца твае праекты? У сне, на вуліцы? ...
        
        – Як вядома, мы назапашваем веды ўсё жыццё. Я стараюся больш наведваць новыя месцы. Але калі дзесьці мне вельмі спадабалася, імкнуся туды вярнуцца. Чытаю часопісы, кнігі, гляджу відэа. Зараз столькі трэндаў, што, мне здаецца, немагчыма нават на занятках па дызайну расказаць пра ўсё. А можа, і не трэба. Чалавек дабірае тое, чаго яму не хапае, калі яму гэта цікава. Напрыклад, модны колер прадыктаваны модным дызайнерам. Але калі праектуеш для людзей, то лепш адысці ад моды, каб улічыць канкрэтныя патрабаванні.
        
        – Якія твае асабістыя якасці, асаблівасці характару дапамагаюць быць дызайнерам?
        
        – Я не люблю хваліць сябе... Напэўна, галоўнае – гэта мець густ і падабацца людзям. Калі чалавек адкрыты, канкрэтны, гаворыць па сутнасці, можна спадзявацца на поспех...
        
        – Дзякуй за інтэрв’ю, поспехаў і натхнення!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.