РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юлія Новік
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Юлія Архангельская і Аляксандар Палякоў: «Калі мы граем, мы забываемся на ўсё»
 
Інтэрв’ю зь піяністамі Юліяй Архангельскай і Аляксандрам Паляковым
        17 снежня ў Малой залі ім. Р. Шырмы Белдзяржфілармоніі адбыўся незвычайны канцэрт фартэпіяннай музыкі – “Калядны феерверк”. Пяцёра таленавітых маладых музыкаў прадставілі творы Ф. Шапэна, П. Чайкоўскага, С. Рахманінава, М. Рымскага-Корсакава і К. Віленскага, Р. Пік-Манджагаллі, Ф. Ліста, К. Дэбюсі, Д. Мійо, Ю. Маеўскага.
        Юлія Архангельская і Аляксандр Палякоў (а разам гэта дуэт – “Con Anima”) ужо даўно зарэкамендавалі сябе як выдатныя выканаўцы.
        Аляксандр Палякоў мае багатую творчую біяграфію. Ён неаднаразова выступаў з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь, з сольнымі канцэртамі ў многіх гарадах Беларусі, Расіі, Францыі, браў удзел у міжнародных фестывалях (Беларусь, Германія, Францыя, Расія) і консульскіх праектах, з’яўляецца стыпендыятам Спецыяльнага Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі.
        Юлія Архангельская актыўна выступае ў канцэртных залях Беларусі, Літвы, Эстоніі, Фінляндыі, Аўстрыі, лаўрэат і дыпламант міжнародных конкурсаў піяністаў (Літва, Польша, Аўстрыя), удзельнічала ў міжнародных фестывалях і майстар-класах (Эстонія, Беларусь, Аўстрыя, Фінляндыя).
        

        
        – У вас атрымаўся вельмі вясёлы, дынамічны, яскравы канцэрт фартэпіяннай музыкі “Калядны феерверк”. Як узнікла ягоная ідэя?
        
        Саша: – Насамрэч, праект пачаўся яшчэ год таму, і тады мы правялі святочны, перадкалядны канцэрт у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Але там былі вельмі непасрэдныя вядучыя, якія творча падышлі да напісання сцэнару, таму ўвогуле атрымалася вельмі па-маладзёжнаму і нават ў некаторым сэнсе бурліва.
        
        – Але ўсё ж такі музыка была галоўным на тым вечары?
        
        Саша: – Так, у мяне ўзнікла ідэя запрасіць таленавітых маладых музыкаў, бліскучых прадстаўнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Але і сам сцэнар уяўляў сабой цікавую прыдумку, выступоўцы пераапраналіся ў строі, каб стварыць святочны настрой.
        
        – Чым вылучаўся сёлетні канцэрт?
        
        Саша: – Ён быў больш акадэмічны, і ў ім бралі ўдзел толькі піяністы. Да таго ж, мы запрасілі на ролю вядоўцы Зінаіду Феакціставу, якая мае вялікі вопыт выступаў у размоўным жанры і сама ладзіць тэматычныя вечарыны, прысвечаныя вядомым пісьменнікам, музыкам.
        
        – Схема “Каляднага феерверка” атрымалася вельмі цікавай, у канцы гледачоў чакаў сюрпрыз – сапраўдны феерверк з канфеці.
        
        Саша: – Так, мы пабудавалі вечар ад твора Ф.Шапэна “Andante spianato” да вельмі арганічнай фантазіі на тэмы песень Гершвіна Ю.Маеўскага. Спачатку прагучалі сольныя партыі (выканаўцы – Эльміра Сейфулаева, Алёна Цыгалка, Арцём Шаплыка, Аляксандр Палякоў і Юлія Архангельская – заўв. журн.), на змену ім прыйшлі дуэты, а ў канцы – партыя на чатыры рукі
        
        Юля: – Дакладней, гэта было восем рук (смяецца).
        
        – А як вам удаецца працаваць настолькі арганічна ў такой кампаніі творчых асобаў, кожны з якіх варты ўвагі і ўсе лаўрэаты міжнародных конкурсаў? Як можна навучыцца такой сінхроннасці?
        
        Юля: – Канешне, гэта вялікая праца, і даводзіцца шмат рэпетаваць. Але ўсе мы добра знаёмыя паміж сабой. Да таго ж, напрыклад, мой дуэт з Аляксандрам існуе ад 2008 года, і мы шмат часу праводзім разам. А дуэт Эльміры Сейфулаевай і Алёны Цэгалкі атрымаўся спантанна, Эльміра сама прапанавала яго стварыць, калі даведалася, што мы з Сашам выступім разам. Дзяўчаты вельмі моцна сябруюць, іх нават называюць сёстрамі. Гэта быў дэбют іх дуэта. Апошні элемент – твор “Мушкецёры” беларускага кампазітара Глебава для двух раяляў – быў выбраны адмыслова, каб зацікавіць публіку, ён даволі просты для выканання і мы хутка яго асвоілі.
        
        – Дарэчы, атрымалася сапраўды здорава. Kожны з удзельнікаў сам прапаноўваў сваю праграму?
        
        Юля: – Так, мы стваралі ідэю разам, у вельмі спрыяльнай сяброўскай і творчай атмасферы.
        
        Саша: – Так нарадзілася ідэя выбуха з канфеці, свістка. Я толькі агучыў агульны настрой вечара – святочны, лёгкі для ўспрымання, і праграма склалася натуральна, кожны зрабіў свой музычны “ўнёсак”.
        
        – Вы можаце выконваць музыку розных эпохаў. Якая эпоха ваша любімая?
        
        Саша: – Мне вельмі блізкая музыка 19-га стагоддзя, рамантычны стыль. Я люблю Шапэна, Чайкоўскага, Ліста.
        
        Юля: – Мне таксама даспадобы рамантычныя кампазітары: Рахманінаў, Шапэн, а таксама імпрэсіяніст Дэбюсі.
        
        – Падчас канцэрту музыкаў не проста цікава слухаць, іх можна параўнаць і з акцёрамі, бо іх міміка вельмі жывая і багатая.
        
        Юля: – Гэта сапраўды так, бо міміка не падкантрольная чалавеку. Калі мы граем, мы перажываем музыку і гэта не можа не адбіцца знешне.
        
        Саша: – З такога стану не хочацца і выходзіць! Насамрэч, калі мы граем, мы забываемся на ўсё, але пасля вымушаныя вяртацца да рэальнасці.
        
        – Вы ўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах і фестывалях, у тым ліку міжнародных. Раскажыце, калі ласка, чым яны былі вам карысныя і якія ўражанні засталіся.
        
        Саша: – Мяне ўразіў прафэсійны падыход да рэкламы канцэртаў у Францыі. Там зусім іншая сістэма, чым у нас. Інфармацыю распаўсюджваюць мэнэджэры па сваіх крыніцах, вельмі актыўна выкарыстоўваецца інтэрнэт, няма нават патрэбы раздрукоўваць афішы. Такое адчуванне, што яны могуць паспяхова “прадаць” любога выканаўцу, з якім была дамова на выступленне. На гэты вечар спецыяльна замаўляецца заля высокага ўзроўню і дастаўляюцца і настройваюцца для выступоўцы прафесійныя музычныя інструменты. Мэнэджэры асабіста звязваюцца з патэнцыйнымі наведвальнікамі і падрабязна расказваюць, хто выступае і якая будзе праграма. Таму, напрыклад, мае канцэрты заўсёды праходзілі “на ўра”. Ёсць яшчэ сістэма “грантаўскіх” канцэртаў, калі выканаўцу замаўляюць для пэўнага прадпрыемства, установы, напрыклад, пошты, банка, служачыя якога пасля наведваюць канцэрт.
        
        Юля: – На адным з міжнародных конкурсаў маё выкананне атрымала высокую адзнаку вядомага фінскага піяніста, прафесара Хельсінскай акадэміі музыкі Эрыка Тавастэерны. Ён параіў мне даслаць свае запісы для ўдзелу ў майстар-класах 18-ай Міжнароднай летняй акадэміі “Прага – Вена – Будапешт”. Такая акадэмія ўключала не толькі майстар-класы, але і заняткі на факультатывах пад кіраўніцтвам знаных прафесараў з розных краін свету, удзел у фестывалі і конкурсных праграмах. У выніку – дыплом за лепшую інтэрпрэтацыю фартэпіянных твораў, прыемнае ўражанне ад краіны, новыя веды і цікавыя знаёмствы. Акрамя Аўстрыі, я двойчы наведала Фінляндыю. Там майстар-класы былі не такія масштабныя (20 піяністаў бралі ў іх ўдзел), яны больш нагадвалі атмасферу ўтульнага сямейнага свята. У Фінляндыі гэтай восенню адбыўся і мой сольны канцэрт. Тут свая сістэма: мецэнат выдаткуе сродкі для прыезду і пражывання выступоўцы і арганізацыі ўсяго канцэрта. Увогуле, удзел у розных конкурсах і атмасфера спаборніцтва – карысны досвед, таму што спрыяе творчаму росту.
        
        – Што трэба ведаць тым, хто першы раз прыходзіць на канцэрты класічнай музыкі?
        
        Саша: – У ідэале, канешне, з дзяцінства слухаць такую музыку і вучыцца ўспрымаць. Пасля фарміруецца густ, чалавек складвае свой спіс кампазітараў, якія яму спадабаліся.
        
        Юля: – Але нават непадрыхтаваны чалавек можа прыйсці на такія канцэрты і застацца задаволеным. Усё вельмі індывідуальна, нельга прадказаць, зразумее чалавек пэўную музыку ці не. Мы стараемся падбіраць праграму, якая падыходзіць многім.
        
        Саша: – Апошнім часам усё часцей патрабуецца “прыстасоўваць” праграму да густаў і ўзроўня большасці, таму што, напрыклад, пахавальны марш з твора Ф.Шапэна Саната №2 пакідае даволі цяжкае ўражанне, нават выклікае слёзы. “Калядны феерверк”, наадварот, быў задуманы як лёгкі і вясёлы канцэрт, хаця аўтары даволі сур’ёзныя і музыка складаная. Многія прыходзяць на канцэрты, каб адпачыць. Але сапраўдная элітарная класічная музыка, наадварот, вымагае напружанай працы мыслення, асэнсавання, перажыванняў.
        
        – Ці часта вам атрымоўваецца рэалізаваць уласныя ідэі канцэртаў?
        
        Юля: – Насамрэч, мы толькі пачынаем гэта рабіць.
        
        Саша: – Большасць канцэртаў увогуле нараджаюцца з нашай ініцыятывы. Але мы не толькі распрацоўваем канцэпцыю, схему, праграму, рэпетуем выступленні, але і шукаем свайго слухача. Мець сваю аўдыторыю вельмі важна, бо спачатку ты сам прыкладваеш вялікія намаганні, каб зацікавіць, прыцягнуць, запрасіць, а пасля тваё імя працуе на цябе. Я сам сачу за статыстыкай і параўноўваю, які адсотак з наведвальнікаў канцэрта – мае сябры, калегі, знаёмыя, а колькі чалавек прыйшло проста так, без асабістага запрашэння. Усцешвае, што апошніх становіцца ўсё больш, асабліва калі ўлічыць, што мас-медыя не даюць шырокай рэкламы кожнаму мерапрыемству.
        
        – Застаецца пажадаць вам поспехаў, плёну і поўных заляў! Дзякуй, што знайшлі час.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.