 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Марыя Войцык: «Не прымаю само паняцце спаборніцтва ў музыцы»
Гутарка зь піяністкай Марыяй Войцык
|
12 сакавіка на сцэне Малой залы ім. Р. Шырмы Белдзяржфілармоніі прайшоў вечар фартэпіяннай музыкі “Натхненне”, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння Ф.Шапэна, з удзелам беларускай піяністкі Эльміры Сейфулаевай і польскай піяністкі Марыі Войцык. Мерапрыемства было арганізавана пры падтрымцы Інстытута Польскага ў Мінску ў межах праекта Аляксандра Палякова Pianofest і выклікала сапраўдны аншлаг: жадаючых яго наведаць аказалася намнога больш, чым месцаў у залі. Для Марыі гэта першы візіт у Беларусь, таму пасля канцэрта мы пагутарылі ў нефармальнай атмасферы. Канцэрты Марыі праходзілі ў канцэртных залях Германіі, Аўстрыі, Польшчы. Яна выпускніца Музычнага Універсітэта імя Ф.Шапэна ў Варшаве, а зараз з’яўляецца аспіранткай гэтай навучальнай установы. Марыя Войцык праходзіла стажыроўку у Вышэйшай школе Мюнхена, удзельнічала ў міжнародных фестывалях і майстар-класах пад кіраўніцтвам знаных музыкантаў Дж. О’Коннара (Ірландыя), М.Хьюза (Англія), Л.Бермана (Расія-Італія) і іншых.  – Якія твае першыя ўражанні ад наведвання Беларусі? Што ты паспела пабачыць? – Беларусь для мяне гэта перш за ўсё мае сябры музыканты, якіх я вельмі рада бачыць. Увогуле, я была прыемна ўражана краінай, бо ў Польшчы, на жаль, застаўся стэрэатып з савецкіх часоў, напрыклад, што тут дагэтуль прадукты можна набыць толькі па картачках. Да таго ж, Мінск вельмі чысты горад, падобны на Познань і нямецкія гарады. Мы наведалі Нацыянальную бібліятэку, якая мне сапраўды спадабалася, асабліва прыгожы від на Мінск з вышыні. Запомніліся кніжкі, якія перамяшчаліся з дапамогай спецыяльнага механізму, і супермаленькая кніжка, з пазногаць, у Музеі рэдкай кнігі. – Ты зараз аспірантка, раскажы пра майстар-класы, у якіх ты ўдзельнічала і якія ўражанні ад працы з сусветна вядомымі музыкантамі? – Стыпендыя, па якой я навучаюся, называецца па-польску “Прополонья”. У яе межах я ўдзельнічала, напрыклад, у майстар-класах у Лос-Анджэлесе, ЗША. Сярод знаных музыкантаў, з якімі я мела стасункі на майстар-класах, спадар Джозэф О’Коннар, вельмі энергічны чалавек, Л.Берман, а таксама вядомы музыкант Эдуард Оўэр. Увогуле я не вельмі люблю працаваць з прафесарамі, якія заўсёды пагаджаюцца з тваёй манерай выканання. Майстар-клас, які мне найбольш спадабаўся, праводзіла ў Лос-Анджэлесе мая любімая выкладчыца – славутая піяністка Дзіна Йоффэ. Яна не толькі прафесійны музыкант, але яшчэ і выдатны педагог, які “прасякаецца” асобай выканаўцы. На майстар-класах у Аўстрыі (дзе, дарэчы, у 2008 годзе мы пазнаёміліся з беларускай піяністкай Юліяй Архангельскай) я мела магчымасць павучыцца ў Марціна Хьюза, якога таксама вельмі люблю. Ён асаблівы чалавек, мае свой стыль выканання, строгі, мы нават часта спрачаліся. Але гэта нават добра, таму што пасля яго крытычных заўваг пачынаеш задумвацца і заўсёды прыходзіш да высновы, што ён меў рацыю. Да таго ж, у яго ідэальны слух, выдатная памяць. – А ты сама як адчуваеш сябе ў ролі педагога? – Мне вельмі падабаецца навучаць музыцы. Я мела вопыт працы з дзецьмі 6-14 гадоў у прыватнай школе. Выкладаючы, я вучуся сама. – Ці змагла б ты сказаць камусьці, што ў яго няма здольнасцяў да музыкі? – Я лічу, што гэта несправядліва. Кожнае дзіця можа навучыцца. Проста талент праяўляецца па-рознаму, часам не адразу, праз гады вучобы.  – Як ты сама прыйшла да музыкі? – Мае бацькі не музыканты. Але яны заўсёды цікавіліся класічнай музыкі, у нас дома было шмат запісаў, якія я слухала з дзяцінства. Мой бацька захапляўся класікай, нават наведваў спаборніцтвы імя Шапэна. З чатырохгадовага ўзросту ў мяне з’явіўся выкладчык. Дзеці могуць многае запомніць і зрабіць у сваім узросце, а вось з часам гэта становіцца ўсё складаней, патрабуе больш намаганняў і пастаяннай практыкі. Я ведаю, што маю пэўныя здольнасці, а працаваць над імі мне дапамагае вера ў Бога. Канечне, былі моманты, калі было вельмі цяжка і нават хацелася заплакаць і ўсё кінуць. Але, на шчасце, гэта здараецца вельмі рэдка. – Ты рамантычная натура? Які твой любімы кампазітар? Напэўна, Шапэн? – Так, канечне, рамантычная. Але, з другога боку, не толькі рамантычная, але і канкрэтная, лагічная. Люблю розных кампазітараў, Шапэна, Баха, Моцарта, Пракоф’ева, Рахманінава. Вельмі падабаюцца рускія класічныя музыканты. – Ці слухаеш ты некласічную музыку? – Слухаю розную музыку, але перавагаў не маю, гэта залежыць ад настрою. – Ці ёсць у цябе іншыя творчыя захапленні? – Я люблю фатаграфаваць, прычым на стужку, “старым” спосабам. Можа, гэта ад бацькі, які таксама захапляўся фатаграфіяй. А яшчэ цікаўлюся замежнымі мовамі, напрыклад, рускай, якую я пачала вывучаць пасля знаёмства з Юляй Архангельскай. (З тых пор прайшло менш за два гады, а Марыя ўжо добра гаворыць па-руску – заўвага каррэспандэнта). Валодаю таксама ангельскай мовай. Увогуле, мяне цікавіць усё ў гэтым жыцці: архітэктура, жывапіс, мода, вандроўкі, прырода… – Ці часта ты ўдзельнічаеш у музычных конкурсах? Як ставішся да канкурэнтаў? – Не прымаю само паняцце спаборніцтва ў музыцы, не люблю супернічаць з кім-небудзь з выканаўцаў. Для мяне важная сама музыка. Таму, нядаўна даведаўшыся пра тое, што трапляю на наступны этап конкурса імя Шапэна, які пройдзе ў канцы красавіка ў Варшаве, я нават засмуцілася, бо хачу лепш падрыхтавацца да іншых выступаў. – Дзякуй за цікавую гутарку! Поспехаў табе!
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|