 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Мюр Фарыдовіч: «Уся энергія ідзе на музычныя прадстаўленні п’ес»
Інтэрв’ю з драматургам, культуролягам, рэжысёрам Мюрам Фарыдовічам
|
Васіль Дранько-Майсюк (ён жа—Мюр Фарыдовіч) імкнецца да незвычайнага аб’яднання музыкі і літаратуры ў тэатральнай форме. Тэатральнасць у яго дзейнасці выступае як спроба заахвоціць да прачытання і новага разумення невядомых твораў, як крыніца натхнення. Музыкант-саліст у гурце “Жаба ў каляіне”, мастак, выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці рэжысура драмы, рэдактар літаратурнай часткі і рэжысёр у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі (РТБД), удзельнік аматарскага тэатра “Цуд!”, аўтар і пастаноўшчык, а таксама выканаўца п’ес і музычна-тэатральных дзействаў… Розныя ролі, але з адной неверагоднай энергіяй, аддадзенай сцэне і гледачам. Музычна-тэатралізаваны цыкл чытак п’ес і іх урыўкаў у выкананні Мюра Фарыдовіча адбываецца на дзвюх пляцоўках—у фотастудыі Аляксандра Жарнасека і на малой сцэне Тэатра беларускай драматургіі. 7 мая ў фотамайстэрні прайшла, як апісвае сам аўтар, “тэатралізавана-барабанная” чытка п’есы “Цуда-малпа”, аздобленая перкусіяй ад Касі Бохан. 11 мая Васіль Дранько-Майсюк прадстаўляе асобныя раздзелы з п’есы Франішка Аляхновіча “Дрыгва” на малой сцэне РТБД у суправаджэнні віяланчэлі ад Вольгі Альхоўскай. Акрамя аўтарскага цыклу, у які ўваходзяць унікальныя п’есы, музыка, чыткі, паказы, Васіль удзельнічае ў іншых праектах, напрыклад, у якасці вядучага ў паэтычна-акустычным канцэрце “Рытмы і рыфмы”, які пройдзе 20 мая на вялікай сцэне РТБД.  – Раскажы пра сваю п’есу “Цуда-малпа”, у чым яе адметнасць, чым хацелася здзівіць? – У цудоўнай фотастудыі Аляксандра Жарнасека на вуліцы Ракаўскай ёсць магчымасць ладзіць незвычайныя музычныя чыткі: адзін ці двое акцёраў чытаюць і эмацыйна прадстаўляюць пэўны твор, а музыка ці музыкі адпаведна ім дапамагаюць. Адбываецца дыялог паміж музыкай і голасам. Першай нашай чыткай на фотастудыі стала прадстаўленне асобных раздзелаў п’есы Францішка Аляхновіча “Дрыгва”. Асноўны прынцып— прадстаўляць невядомыя беларускія драматургічныя тэксты, сучасныя і далёкіх 20-30х гадоў мінулага стагоддзя, ды і ўвогуле проста весела праводзіць час. – Як з’явілася ідэя твора? – Першая наша рэч, “Дрыгва”, была вельмі песімістычнай: там людзі пілі, вешаліся, хлапцы кідалі дзяўчат, якія пасля хацелі засіліцца, але і гэта ім не ўдавалася. Усё было вельмі змрочна, панура, таму па кантрасце мы вырашылі прадставіць іншую п’есу – вясёлую казку, напісаную рыфмаванай прозай. Гэтая казка называецца “Цуда-малпа”, напісаў яе я сам і хачу аднойчы паставіць як паўнавартасны твор на тэатральнай сцэне. А да таго часу чаму б і не наладзіць чытку п’есы. Галоўная гераіня твора—прынцэса, якая хоча заставацца маленькай і каб усе вакол ёй падпарадкоўваліся і выконвалі яе капрызы. Не менш інфантыльныя ў яе і бацькі. Ідэя казкі ў тым, што трэба станавіцца дарослымі і адказваць за свае ўчынкі, і не толькі дзецям, але і іх бацькам. – А ты сам сябе праецыруеш на пэўнага героя? – Я гэта яны ўсе. Я, мае знаёмыя і любы іншы, хто яшчэ не можа да канца сказаць, што ён дарослы чалавек, суровы і самадастатковы. У нас зараз шырока распаўсюдзілася так званая хваля інфантылізму. “Цуда-малпа”—гэта своеасаблівае іранічнае назіранне за сучасным інфантыльным грамадствам, асабліва маладым. – Чытка на фотастудыі—для шырокай публікі ці для “сваіх”? – Кожны чалавек можа стаць “сваім”. Мы запрашаем шырокае кола розных людзей, гэта толькі пачатак, таму цікава, якая аудыторыя “выкрышталізуецца”. – Акрамя “Цуда-малпы”, над чым яшчэ ты зараз працуеш? – Я распачынаю чыткі на дзвюх базах—у фотастудыі Аляксандра Жарнасека на Ракаўскай 20, кв.8 і на малой сцэне Тэатра беларускай драматургіі (Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры). Зараз у планах—п’есы Францішка Аляхновіча. 25-га мая, напрыклад, я буду чытаць з адной выдатнай артысткай у тэатры п’есу Аляхновіча “Цені”, якая неўзабаве прагучыць і на фотастудыі. Для фотамайстэрні мы з Сашам Жарнасекам таксама запланавалі вечар аднаактных антырэлігійных агіт-жартаў. Я знайшоў часопіс “Маладняк” за 1924-1925 год, а там—дзве цудоўныя вясёлыя п’есы. Адна—пра п’янага, але разумнага дзяка, якога піянеры вырашылі перавыхаваць, апрануўшыся ў багоў і аб’явіўшы яму, што ён на тым свеце. Другая п’еса—“Чаму Янка пайшоў у камуну”, дзе ёсць цудоўны вобраз Бога, якому не ўдаецца залезці на неба, вельмі дынамічная сцэна бойкі Бога з Вучоным, арыгінальныя вобразы Трактара, Сукі і іншыя цікавыя рэчы. – Акрамя п’ес і музыкі, на што яшчэ можна падзівіцца ў фотастудыі? – Мы будзем спалучаць чыткі п’ес з кінапаказамі розных нечаканых фільмаў, якія не заўсёды знойдзеш і ў нашых кінаманаў. – Які твой любімы музычны стыль? – Мне падабаюцца самыя розныя музыкі і калектывы. Напрыклад, зараз мы с табою размаўляем пад амаль абстрактны джаз Кіта Джарэта. Я нядаўна адкрыў для сябе гэтага выдатнага піяніста. Слухаю і “Акіян Эльзы”, і “Сектар газа”, і творы Антоніо Сальеры, і арганныя творы як вядомых Баха, Пахельбеля і Букстэхудэ, так і невядомых арганістаў. Люблю і рок-музыку (“Led Zeppelin”, “Deep Purple”), але, безумоўна, самы лепшы музыка на ўсе часы – гэта Уладзімір Мулявін. Яго выдатныя рок-оперы, напрыклад, “Гусляр” і асабліва “Песня аб долі” для мяне ўвогуле на першым месцы. – Пытанне да цябе як да арганізатара: што рабіць, калі шматлікія недарэчнасці замінаюць пры правядзенні важнага мерапрыемства? – У нейкай ступені бывае нават добра, калі ўсё супраць цябе, тады больш актывізуешся і можаш стварыць нечаканыя рэчы. Калі я рыхтаваў дыпломны спектакль, які быў разлічаны на 8 акцёраў, не атрымлівалася рэпетаваць, людзі не разумелі п’есу. Тады я пакінуў толькі гісторыю і на яе аснове за месяц да прэм’еры напісаў новую п’есу ўжо для дваіх акцёраў. Перарабіў усё цалкам, але не адступіўся. Можа, атрымалася нават і лепш. – Ты сам адначасова выконваеш шмат роляў—літаратурны рэдактар, рэжысёр, сцэнарыст, акцёр, музыкант, мастак. Якая з іх цябе больш за ўсё натхняе? – Самае галоўнае і цікавае для мяне—ставіць, паказваць, прадстаўляць невядомыя беларускія тэксты. Усё астатняе—дадатак. Не хапае часам артыста – магу сам прачытаць, няма мастака—сам намалюю. Усё гэта працуе на адну мэту.
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|