РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Дудзіцкі
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Коратка аб сабе
1
         Нарадзіўся я 8 студзеня 1911 г. (27 сьнежня 1910 г. ст. ст.) у сялянскай сям’і ў вёсцы Дудзічы б. Ігуменскага, цяпер Рудзенскага, павету, на Меншчыне. Сярэднюю школу скончыў у сваёй вёсцы, а потым, пасьля двухгадовага перапынку, пераехаў у горад Менск і вучыўся ў 22-ой сямігодцы. Скончыўшы яе, паступіў на двухгадовыя настаўніцкія курсы, а пазьней быў пераведзены ў Менскі Пэдагагічны Тэхнікум імя Ўсевалада Ігнатоўскага. Скончыць не давялося: разам са сваімі сябрамі малодшых і старэйшых курсаў быў выключаны, атрымаўшы небясьпечную для далейшага шляху ў тым часе мянушку «нацдэм».
         Пасьля доўгага і паўгалоднага бадзяньня пры дапамозе беларускага пісьменьніка Лукаша Калюгі, паэты Ўладзімера Хадыкі і іншых стаў на працу за стыльрэдактара газэты «Савецкая Беларусь». Пазьней працаваў стыльрэдактарам у Навукова-Тэхнічным Выдавецтве Беларусі. Адначасова вучыўся на падрыхтоўчых курсах (пры Беларускім Унівэрсытэце) для паступленьня ў вышэйшыя навучальныя установы. Скончыў датэрмінова і быў пераведзены на літаратурна-лінгвістычны факультэт Вышэйшага Пэдагагічнага Інстытуту. Але ня скончыў... Зноў выключылі, як таго самага «нацдэма»...
         23-га лютага 1933 г. быў арыштаваны й пасаджаны ў Менскую турму, потым -- у «амэрыканку» НКВД. Гэта быў так званы другі зачынены працэс «нацыянал-дэмакратызму». Пад гэтай шыльдай ува ўсёй Беларусі было арыштавана тады больш трохсот чалавек. Сярод іх было шмат беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў і літаратараў: Зьмітро Астапенка, Лукаш Калюга, Сяргей Астрэйка, Мікола Нікановіч, Уладзімер Сядура, Сяргей Русаковіч і шмат іншых.
         Пасьля 3-х месяцаў допытаў, паводле пастановы калегіі НКВД СССР, быў высланы тэрмінам на тры гады ў канцэнтрацыйныя лягеры Сібіру. Кару адбываў у Новасібірску, а пазьней у г. Марыінску.
         Па адбыцьці кары ў канцлягеры скіравалі ў Сярэднюю Азію, у г. Ташкент. Прытулкам былі сады й узьбекская чайхана. Часова працаваў у якасьці літаратурнага работніка ў газэце «Фізкультурнік Узьбекістана». Дапамагла малярыя: захварэў і дамогся праз год звароту на Бацькаўшчыну.
         Ведамыя мае каты зь Менскага НКВД загадалі асесьці ў г. Віцебску. У гэты час экстэрнам здаў экзамены за ВПІ і атрымаў годнасьць выкладчыка беларускае мовы й літаратуры ў сярэдніх школах. Напачатку працаваў стылістым у рэдакцыі газэты «Віцебскі пралетары», а далей выкладаў беларускую мову й літаратуру ў сярэдніх школах, Мэдычным рабфаку і Пэдагагічным інстытуце.
         У 1939 г. па загаду Віцебскага абкому партыі быў адхілены ад настаўніцкай дзейнасьці за тое, што не патрапіў забясьпечыць партыйнасьць пры выкладаньні беларускае мовы й літаратуры. Пад пагрозай арышту вымушаны быў пакінуць горад. Паўгода мусіў хавацца ў розных мясьцінах Беларусі й Расіі.
         У 1940-41 годзе працаваў выкладчыкам беларускае мовы й літаратуры ў Курасоўшчынскім Вэтэрынарным Тэхнікуме каля Менску.
         Цікавасьць да мастацкае літаратуры прачнулася яшчэ ў народнай школе. Глыбокую любасьць да літаратуры выхаваў выкладчык беларускае мовы й літаратуры ў сямігодцы паважаны сп. Ігнат Зянько.
         Першыя вучнёўскія пробы пяра адношу да дванаццацігадовага веку, аднак, у меру шмат якіх прычынаў, друкавацца пачаў даволі позна -- у 1937 годзе. Гэты час і ўважаю за пачатак свае сталае паэтычнае працы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.