РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Дудзіцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Напярэймы жаданьням
 
Збор твораў
1
*  *  *
Стынуць хвалі і цяжэюць быццам,
па-над імі –
ў полымі пажару –
гнецца моўчкі,
прагнучы напіцца,
стан калін чырванатварых.
 
1929
 
 
 
 
*  *  *
Дарэмна прамяняў я сон начы
на пошукі нязнанай, сьвежай тэмы:
знаёмая прыйшла –
«Маўчы, маўчы!..»
І верш такі: кароткі ён і немы.
 
1930
 
 
 
 
І мала слоў...
І мала слоў, каб выказаць настрой:
мая туга – бяз краю і бязь меры.
А кажуць мне: «Душу вазьмі, настрой
і песьняй бі ў няходжаныя дзьверы»... 
 
А дзе-ж яны, такія дзьверы, дзе,
скажэце мне, дасьціпныя дарадцы?
Нялёгка, знаю, сэрцу без надзей
чырвоным цьветам маку загарацца,
 
а песьні-вольніцы зьвінець у сьне,
адольваць сум душы, галодны лямант...
Як мор, упарта, моўчкі па вясьне
паўзуць здальля густыя часу плямы.
 
І мала слоў, каб выказаць настрой:
і шлях сьвятла, і праўды сьвет зачынен.
Ня плацяць ані гроша за пастой,
а йсьці наперад сяньня – немагчыма.
 
Сьляпянка, травень 1931
 
 
 
 
А я – наадварот...
Вы кажаце, што не?..
    А я – наадварот:
і вас люблю, і вашыя парады...
Як любіць вас і край мой, і народ,
якому не дасьцё ніяк вы рады...
 
    Гаворыце – мана?
    Зірнеце на мяне:
які упэўнены юнак і шчыры!
Хіба-ж такога хто калі сагне,
і змоўкне дзе душы такая ліра?
 
    Ды дзе вы бачылі?
    Ніколі і нідзе...
Ад тапара прыйшоў – хлапец вясковы.
У дзень, як край, здалося, маладзеў,
мой дух юнацкі сонцам быў раскован.
 
    І ліра – вольніца:
    зьвініць яна; крані –
гудзе, бы звон, сьцірае зрады сьцені.
І слухаюць яе сівыя камяні
і людзі, ранячы жарствой калені...
 
    Ня верыце пакуль?
    І сьмеяцеся ’шчэ!?
О, сьмешныя і дзіўныя няверцы...
І вас яна, я ведаю, пячэ
і вашае крыху кранае сэрца.
 
    Няпраўда, скажаце,
    найноўшыя майстры?
Ага, вы – людзі адмысловай маркі...
І нож, відаць, прабуеце гастрыць,
каб шнур жыцьця майго расьцяла Парка?
 

    Нялюба вам, ці што?
    Мо’ праўдаю мару?
І сам нялёгкую нясу я вязку..
Яна у петлях спрытных вашых рук
прымусіць дзесьці кайданамі ляскаць.
 
    Усьцешаны цяпер?
    Вы – прагнеце крыві,
ад караля прастуеце да туза...
А лёс наважыў, бачу я, скрывіць
ваш хісткі, коўзкі шлях на Сіракузы...
 
    Вы кажаце, што не?
    А я – наадварот:
і крыльле вам, багі зямлі, у рукі...
Усе, валок што край мой і народ,
на горб ваш пакладу цяжкія мукі.
 
Менск, чырвень 1931
 
 
 
 
*  *  *
І так яно ад веку і да веку,
спакон вякоў да нашых дзён скупых:
стракае і сьцігуе чалавека
вачэй няласкавых пагляд тупы.
 
А дні імчаць на скрут цьвет думак сьпелых,
нікім ня звабленых дасюль, – на змор.
Чужынец – кат мой анямелы –
ўціскае скрытна карак у ярмо.
 
Ўжо так яно ад веку і да веку,
не абысьці, не абмінуць і мне...
Спачну, як моцна, шчыльна, векам
прычыняць вочы у труне.
 
1932
 
 
 
 
*  *  *
Я пазнаў і Эўропу, і Азію...
І Аўстралію вызнаць ’шчэ мусіў;
думка сэрца маё уразіла:
не пазнаў што як сьлед Беларусі...
 
1932
 
 
 
 
Крокі і вёрсты
Сотні вёрстаў прайшоў,
а на месцы стаю,
падлічаю і крокі, і вёрсты...
Клічу з даляў чубатую долю сваю –
далі шлюць плач радзімы і лёскат.
 
О, навошта!..
Нялюбы мне голас такі:
сам я маю ці мала такога...
Няма долі –
прышлеце мне песьняў ракіт
і зямлі пах у сьцены вастрогу!
 
Мілы сэрцу майму балацяны павеў,
шум палёў,
песьні ветру,
туманы –
ўсё,
чым цешыўся, жыў
і цяпер чым жыве
край мой родны, ў няволю забраны.
 
Песьняў, долі – няма.
Гора бачу, бяду,
нібы жыў у няволі і рос так.
Сьцеражэ цішыня.
І я далей вяду
тыя самыя крокі і вёрсты.
 
 
 
 
На парозе турмы
Ня украў, не зьнявечыў нікога,
толькі тое у думках было,
каб народу закутага скогат
уняць лекамі дум і слоў.
 
Ня уняў, ня суняў і ня сьцішыў...
Скогат іншага сэрца кране.
Заўтра, пэўна, вятры закалышуць
на чужыне нялюбай мяне.
 
 
 
 
А ратунку ня было й няма
Колер неба хмары ўслалі густа.
Цемень цісьне долу.
Цішыня.
Белы сьвет зьмярцьвеў
і стаўся пусткай
нябывалай...
Рук ня ў стане ўзьняць.
 
Чую плач, вар’яцкі, дзікі рогат,
а ратунку ня было й няма.
За плячмі –
этапная дарога,
прад вачмі –
ня першая турма...
 
І бязьлістая, сівая восень,
і пакутная, як пекла, ноч...
Мне ў часіну гэтую здалося:
пазычаюць зраду праз вакно...
 
Скамянела, сьцішылася сэрца.
Кроплі сьлёз...
Разгойданая муць...
Няўжо тут цярпеньня боль парвецца?
Няўжо тут я сьмерць сваю прыйму?
 
 
 
 
Пакуль песьня яшчэ ня сьпета
Ня пытайся, мой любы дружа,
як жывецца у краі гэтым...
Спадзяюся як-небудзь здужаць
у няволі ’шчэ гэтае лета.
 
Смутак кволай душы,
часіну,
што зьвязала мне крыльле-рукі,
не заломіш на пень асіны,
хоць згінайся ад болю крукам.
 
Цела ные маё ад болю,
і ўжо месяц яно каторы;
а штодня ўсё мацней і болей
заціскаецца вузел гора.
 
Па-над пусткай паўночны вецер
ня сьціхае –
шалее люта;
і здаецца:
на цэлым сьвеце
сьмех і радасьць змагла пакута.
 
Кожнай ночы ў снох бачу лета,
чую шумы палёў аўсяных.
Імі гора й туга апеты,
імі-ж сэрца жыве і сяньня.
 
Ня пытайся, мой любы дружа,
як жывецца у краі гэтым.
Буду несьці у сэрцы мужнасьць,
пакуль песьня яшчэ ня сьпета.
 
 
 
 
Жывое праўдзівае слова
Песьціў доўга цябе, шанаваў і сьцярог,
жывіў сумам і песьняй лясною
у часіны крутыя ля чорных дарог,
о, жывое праўдзівае слова!
 
Прачынайся, малю я, расьці і жыві,
ня згінайся на ворыве новым,
ні на друзе рудым, ні на сьцежках крыві,
о, жывое праўдзівае слова!
 
Кажным гукам зьвіні над прасторамі ніў,
мчыся ў край мой на хвалях вясновых,
сэрцы братнія стрэламі крыўды пратні,
о, жывое праўдзівае слова!
 
Пабудзі, падымі і да зораў вядзі
супраць плыні праз пушчы, дубровы.
Волі цемра начы не здалее радзіць,
о, жывое праўдзівае слова!
 
Песьціў доўга цябе, шанаваў і сьцярог,
жывіў сумам і песьняй лясною
у часіны крутыя ля чорных дарог,
о, жывое праўдзівае слова!
 
 
 
 
Навальніца
На сьцежках крыжавых сустрэлі навальніцу
пасьля гарачыні...
                                      Няўмольная такая,
ішла яна насустрач ветру.
                                                      Прыхіліцца
хацелася да дрэва першага.
                                                          Над краем
маланка кроіла, сьцінала хмары,
сівыя й чорныя...
Грымелі, чуў я, далі,
і далей –
                    нечакана, 
                                          быццам варам,
хвалі ўлевай стан зямлі абдалі.
 
Зямлі і неба ня відно было ні сьледу,
і дзесьці захлынаўся жвірам дзікі рогат...
О Божа любы мой!
                                          Каб ведаць гэта ведаў,
ня выйшаў-бы у гэткую нялёгкую дарогу...
 
І шлях гразкім стаў непрыкметна пад нагамі,
гразкім і коўзкім –
                                        прост’ ні ўзад, ні ўперад...
Ўваччу бел-жоўтымі і чорнымі кругамі
снавалі здані гідкія...
                                              Зірнуў – паглядам зьмерыў
і крыкнуў нехаця, неспадзявана:
– Досыць!
                      Годзе!
Стаю й дрыжу.
                                А зблізку голас дзікі:
– Маланка цемру расьсячэ й народзіць
цудоўны дзень,
                                  дзівосны дзень,
                                                                    вялікі...
 
І навальніца йшла,
                                        йшла зь пярунамі ў далі,
вятры зьбіваліся, здалося, з тропу.
– Хто спыніць іх?
                                      О, хто?
                                                      Хто цемру разгайдае
і спыніць буру весьнюю?
                                                        Адчуй мой, Неба, клопат!..
 
 
 
 
Маем сілу і край свой
Праўду кажуць: «Жывем...»
Жыць ня хочам так далей мы.
Хіба-ж лёгка
да сьмерці
быць ліху падлеглымі?
Маем сілу
і Край свой
з блакітнымі далямі,
дык ці варта,
скажэце,
быць белымі нэграмі?
Не...
Зямля – у ярме,
самі – скуты і змораны.
У вязьніцах –
з маленства.
Ні слова ні права нам.
Ўсюды,
вокам ні кінь дзе, –
на сьцежках,
на ворыве
пазяхаюць
у сутаргах
раны крывавыя...
Гэта-ж цела братоў
і сясьцёр
пакалечана
на шляхох крыжавых
нечуванаю вушчуняй...
Што-ж маўчыш,
скажы,
годнасьць мая чалавечая,
калі вецер
зьнішчальны
шалее над пушчамі?
Хіба-ж рук мы ня маем,
вачэй сваіх,
розуму?
Ці мо’ сонца
на небе
ніколі ня бачылі?
О, пара ўжо разьбіць
сілу
сілаю
грознаю,
няхай кат-далакоп
сьлёзы нашы адплача нам.
Права жыць і тварыць
нам гісторыя выдала.
І цяпер,
як ніколі, –
змаганьне упартае.
Мы пазналі цану
маляванага ідала
і чаго
абяцанкі ягоныя вартыя.
Нельга далей скарацца,
ўпівацца прынесеным
і клясьціся
да стомы
чужому у шчырасьці.
Гляньце:
Край наш цудоўны расьпялі
й павесілі
на крыжы апляваным...
Як зьдзек такі вынесьці?
Чую голас братоў:
«Жыць ня хочам так далей мы.
Хіба-ж лёгка
да сьмерці
быць ліху падлеглымі?
Маем сілу
і Край свой
з блакітнымі далямі,
дык ці варта,
скажэце,
быць белымі нэграмі?»
 
 
 
 
На парозе пары
Не багацьце і слава, а гонар душы
і цяпер, як калісьці, вядзе.
Чым-жа, дайце параду, ільга ўзварушыць
сэрцы чэрствыя прагных людзей?
 
Я сягоньня стаю, як і шмат хто із нас,
на парозе пары і скупой і калючай...
Ужо восень прыйшла, а гавораць – вясна...
Каму люба даймаць мяне словам балючым?
 
Няўжо посьніца духу мілей шчырых слоў
і мінуўшчына краю ня тчэ успамінаў?
Няўжо так, як сягоньня, раней ня было
ні уцехі, ні сьмеху, шчасьлівай часіны?
 
«Эх, дзівак-чалавек, –
                                                гавару сам сабе, –
хіба сумам ты камень падточыш?
Хочаш жыць – памаўчы,
                                                    бо няцяжка згібець,
калі юда-прадаўца рагоча...»
 
Стрэлы чорныя цела зямлі працялі,
распаўзаюцца,
                                глянь і паслухай.
Зноў пытаюся шчыра:
                                                «Скажэце, калі
бачыў край такі гнеў завірухі?»
 
Не, ня бачыў і чуць ’шчэ ня чуў
неўлагоджанай, дзіўнае рэчы...
Можа праўда, мо’ не –
                                                  лепш вазьму памаўчу:
словам раны душы не залечыш
 
і ня выпечаш кропляй гарачай крыві
ані кроплі спагады, ні ласкі...
 
Не...
          Ня буду ніколі душою крывіць
і ад хмелю чужога далонямі пляскаць!
 
Няхай той, чыё сэрца, як мур камяніц,
увіхаецца хітрай лісіцай;
гэты здольны заблытаць шляхі і скрывіць
і сьлязьмі, калі трэба, па вушы абліцца.
 
Хай...
            Ня слава й багацьце, а гонар душы,
як і ўчора, сягоньня мяне павядзе.
Чым-жа толькі, скажэце, ільга ўзварушыць
сэрцы чэрствыя прагных людзей?
 
 
 
 
Па-над кручай
Стаю па-над кручай. Сівыя гарбы,
нязломнае сілы грамады,
грукочуць і крышаць скал чорных ілбы –
астоі чужацкага ладу...
 
Сягоньня разгон хай няпоўны яшчэ,
ён заўтра патроіцца, потым...
ушчэнт чужаніцы ярмо расьпячэ,
муры, зьнітаваныя потам.
 
І песьні нялюбае голас чужы
мінуўшчынай стане заклятай,
адно застануцца нам сьведкай крыжы –
ліхая за шчырасьць адплата.
 
Іх ладзілі ў шале найміты-майстры,
выносячы сьвету на сорам.
Пад сьцягам варожым чужыя вятры
падменьваюць радасьцю гора.
 
Сьцякаюць крывёю зямныя пласты
у лёхах няўмольных усходу,
і сэрца сьцінае няўмольная стынь
братом майго любага роду.
 
Зрываюцца буры з надломаных скал,
каб яркнулі зоры над пусткай,
каб сьлед недаверка навек спаласкаць
рукамі сыноў беларускіх.
 
Зірнеце пад кручы: сівыя гарбы,
магутнае сілы грамады,
няшчадна зьнішчаюць скляпеньняў ілбы –
астоі чужацкага ладу...
 
 
 
 
Жыву і ня жыву
Чым акрылю і ўсьцешу чым душу?
Якою песьняй абнадзею думы?
З маленства на гарбе сваім нашу
пакунак немалы людскога глуму.
 
’Шчэ на раду урок мне век Гармей,
каб не скрануў мой дух жывога духу.
Усё,
          чым жыў,
                                і край што меў на ўме,
расьпяла на слупох распусты скруха.
 
Вось так жыву і ня жыву...
Пяю,
пяю ня новую –
                                  старую песьню:
«Аддайце радасьць звонкую маю,
што моліцца ля родных весьніц.
 
Пабачыць хочацца –
                                            ды як яшчэ –
у цьвеце золата сваю уцеху,
а потым –
                      вяне хай пагляд вачэй
прад зьдзеклівым, хіжацкім сьмехам».
 
Менск, люты 1933
 
 
 
 
Каб хоць раз усьміхнулася шчасьце
Каб ня рукі, а крылы магутныя меў,
узмахнуў-бы я крыламі... Вышай,
у надзем’е крутое, як сэрца на ўме,
дзе блакіт неба зорамі вышыт,
узьляцеў-бы і гора тугое зямлі
у бяздоньне, раскрытае насьцеж,
паміж хмараў набраклых у песьнях разьліў,
каб хоць раз усьміхнулася шчасьце;
каб у грудзі – да сэрца – з павевам вясны
уліліся гарачыя радасьці хвалі,
каб мае расьцьвілі ўсе найлепшыя сны,
што, прысьніўшыся, сьпяць, як і спалі...
Ды ня крылы, а цела нямыя кускі –
рукі – цяжка узьняць і пакратаць,
і ня цьветам, а пылам зялезнай лускі
асыпаюць душу Марыінскія краты...
 
Турма ў горадзе Марыінску (Сібір)
 
 
 
 
*  *  *
Ня першы раз і не апошні, мусіць,
баліць душа, і рады не дасі.
Сьніцёся мне вы, рэкі Беларусі,
і ты, журботная вазёраў сінь.
 
Туманы вільгаці балотнай, дзе вы?
І рунь мурожная аселіц дзе?
Сатлеў пад стрэхамі ўчарашні невад,
і човен гойдаецца на вадзе...
 
А з хаты прышлыя укралі восьці.
Да сьлёз расчулены з такой бяды,
мой кот, прывучаны да рыбы, посьціць
і часта нюхае мае сьляды.
 
Зьбівае першыя да сонца росы,
йдучы да рыбнага калісь карча...
Яму, дачуўся я, сягоньня млосна,
і ён чамусьці перастаў мурчаць.
 
Ля вербаў моліцца мая уцеха
і плача, стомленая, ля ракі.
Няўжо бязвусае юнацтва сьмеху
ня ўсьпеніць вёсламі і хваль пругкіх?
 
Хіба ўпадзе яно у хвалі віру,
і захлынецца непаўторны цьвет?..
Сьціскае грудзі мне бязбожны вырак,
і мой хістаецца, бы цень, шкілет.

Ня першы раз і не апошні, мусіць,
баліць душа, і рады не дасі.
Сьніцёся мне вы, рэкі Беларусі,
і ты, журботная вазёраў сінь.
 
1933
 
 
 
 
Ні маністаў, ні зораў
1
Я адзін ля вакна у суворай сяджу камяніцы,
а гадзіна-другая начы – ані шуму, ні шэлесту
                                        лісьця...
Толькі месяц, свавольнік, каб сіні нябеснай
                                        напіцца,
із-за хмаркі, вандроўніцы сьвету, імкнуўся
                              употайкі выйсьці.
 
Я адзін ля вакна. Каля сьценаў зыбнуліся цені –
адзіноты і суму пакутнага звыклыя, блізкія
                                        госьці, –
расплыліся і зьніклі у пругкім зялёным мігценьні,
і ў нямой цішыні нятрывалыя нейчыя хруснулі
                                          косьці...
 
                      2   
Я-ж адзін ля вакна... Скамянелі у позяху
                                        сківіц –
сутарэньняў – набраклыя жаху сьмяротнага
                                  чорныя мязі...
«Да сустрэчы... Бывай... На зьнішчальныя
                                душы людскія...
І ніколі й нідзе голас нашай крыві не памрэ
                                й не завязьне».
 
Я-ж адзін... Каля крат патанулі у мляўкасьці
                                          стомы
нятрывалыя думак пякучых пярэстыя тонкія
                                          ніці...
І грымелі, як звон, у мурох словы дзіўныя:
                                «Хто мы?»...
Ды маўчалі муры, быццам гром той у сэрца іх
                                стрэламі выцяў.
 

                      3                 
...Расьцьвіталі сады. Вецер пошчакам скроні
                                        пакратаў;
на чаўнох залатых выплывалі асілкі з-за хваляў
                                      агністых...
Частавалі і рукі сьціскалі, бы роднаму брату,
і да ног дыямантаў, цудоўных, як сонца,
                            складалі маністы...
 
На далонях зазьзяў нявыказны, як сполах зарніцы,
цудадзейны вагонь, потым полымем стаўся адразу
                                        гарачым...
На калені упаў, каб той сіле хоць раз памаліцца,
але хорам хрустальны паўстаў і раптоўна
                              жаданьні зьіначыў...
 
               
                      4
За бяседным сталом заліваліся песьнямі гусьлі,
не змаўкалі ад хмелю далёкіх заморскіх краінаў
                                          музыкі.
А як роскат прыціх і у хораме змрокі вячэрнія
                                        згусьлі,
адплывалі чаўны, асыпаючы зорамі сьлед свой
                                          вялікі...
 
«Дзе-ж вы, сёстры, браты, засмучоная бедная
                                          маці?...
Я-ж з маленства такі з вамі шчыры і сэрцам вам
                                заўжды адданы...
Хіба-ж мелі калі мо’ такое багацьце у хаце,
якім сяньня найменшы гасьцямі нязнанымі
                              шчодра убраны?»...
 
*
 
...Зазьвінелі замкі. Ні маністаў, ні зораў...
                            Прысуд і кайданы...
 
1933
 
 
 
 
*  *  *
У жаўталістую, рудую восень
пакінуў дом свой
і пакінуў Менск.
Пласьмя на мур упала,
засталося
юнацтва,
выпітае у турме.
 
1933
 
 
 
 
Жывой крыві жывыя цельцы
Гулі вятры... Тае пары
балюча вытканыя мроі
мурамі глум людскі скарыў,
мячамі радасьць перакроіў.
 
Трымцелі цяжка на мячах
жывой крыві жывыя цельцы...
І жах начы на тварах чах,
і мы – вязьніц глухіх асельцы.
 
Маўчалі сьцены камяніц,
бы скамянелы жоўты прывід.
На зябкім полымі брусьніц
туга сукала думак грывы...
 
* * *

Каму паскардзішся, каму?
Каму жывое скажаш слова?
Вазьму лепш плач я перайму
вятроў і звон лістоў кляновых.
 
Трывожны звон і цяжкі плач,
і вечару суценак руды
на зломе спадаў і няўдач
жыцьця цалуюць сьцежак груды...
 
1933-1934
 
 
 
 
*  *  *
Мая родная, любая, кволая...
Іншых слоў для цябе ня маю.
І цяпер між вагнём і полымем
доля цела тваё трымае.
 
І ты плачаш сьлязьмі гарачымі,
сьлёзы буйныя, як брусьніцы,
ды крывёю – здалёку бачу я –
абмываеш муры вязьніцы.
 
Ці таму, што пяшчотнай, шчыраю
і гасьціннай такой была ты, 
на журботным узьлёце выраю
прыкунежылі сэрца краты?
 
Расказалі мне хмаркі лёгкія
(падружыліся думкі зь імі),
што упалі на сьцежкі вогкія
майго шляху сьлязьмі тваімі.
 
Знаю: раны тугой ня выгаю,
большым болем спаўюцца грудзі.
Над сьвятою начамі кнігаю
за цябе я маліцца буду.
 
Ня журыся! Як месяц выпяты
абдымае чужыя сьцягі, –
тройчы сьлёз сваіх горкіх выпі ты,
каб ня ўпасьці пласьмя ад смагі.
 
1933-1934
 
 
 
 
*  *  *
На небе – зоры й месяц. За вакном –
пажар рабінавы... І мне здаецца,
што, чэшучы ручайкі валакна,
у сенцах маці неўзабаве азавецца.
«...Ці мала працы ўсякай на таку,
а ты штодня на гэтыя вячоркі...»
Як запаведзь, на зломаным вяку
трымаю ў сэрцы матчыну гаворку.
 
1933-1934
 
 
 
 
Зь першых вершаў

#1
Каму-ж паскарджуся і напішу,
як не табе і не сабе самому?
Пра ўсё: чым жыў, жыву і што нашу
па сьвежых сьцежках пералому –
раскажа верш праўдзівы мой. Душу
раскрыў яму на зайздрасьць часу злому:
мой супакой часовы у бядзе,
мо’ ён да ладу думкі давядзе.

 

#2
Цяпер і я пазнаў сваю віну:
стаіць перад вачыма чорнай плямай...
Ня выкуплю, напэўна, ня міну
учынку грэшнага...
                                          Да сьмерці самай
на грудзі ўпаў цяжар такі... Крану –
тужэй сьціскаецца: на моцны клямар
прымкнула дні праклятая віна,
і цяжка выбрацца душы на шлях відна.

 
1933-1934
 
 
 
 
Маўклівасьць дум
Песьні выгнаньня
Бывае так, што думаеш адно,
на справе – іншае і не такое
насустрач вынікне, і так яно
душу і сэрца непакоіць.
 
Стаіш на ростані –
маўклівасьць дум,
і песьні прарастаюць плачам;
няўжо спачыну, ласкі не знайду
і сэрца блізкага і любага ня ўбачу?
 
О, не, ня верыцца...
Навошта сум?
Я крокі новага выразна чую,
убачу край і родную красу,
і стрэча гэтая да сьлёз расчуліць.
 
І зноў я буду там,
дзе медзі бродзіць шум
абветранага восеньскага лісьця,
аддам сябе і кволую душу,
як не даваў раней яе, калісьці.
 
Сібір, 1934
 
 
 
 
Гады крылатыя
Гады крылатыя, юнацкія гады,
як зыбкі цень, мільгнулі, і ня стала...
Гавораць мне, што я немалады,
што ўжо даўно сустрэла мяне сталасьць;
што скроні бель абходзіць, серабрыць
смоль валасоў няпрошаная госьця,
што і каханьне ў сэрцы не гарыць,
калі няма у сэрцы маладосьці;
што стар мой твар, і страчанай красы
не аднавіць, ня стрэць яе вачыма;
што дзесьці ёсьць на сьвеце нейкі сын
і што кахаю... сотую дзяўчыну...
Няхай сабе.
                        Я-ж ведаю, сябры,
што ёсьць мана і праўда ёсьць на сьвеце,
і калі тлее іскра, не гарыць, 
гатоў яе разьдзьмухаць злосьнік-вецер...
Гады крылатыя, юнацкія гады,
як зыбкі цень, мільгнулі, і ня стала.
... Ў жыцьці ня суджана быць двойчы маладым,
калі ўжо вандруе дзесьці старасьць.
 
1937
 
 
 
 
На папялішчы руж
450
С. А-ку

 
Пачаў ды хутка змоўк.
І сэрцу прыкра гэтак.
Палескіх песьняў шоўк –
пялёсткі першых кветак –
крывёю тлум затоўк,
і песьня не дапета...
     
На папялішчы руж
расьце чырвоны вехаць...
Адважся і паруш,
крані знарок ці нехаць:
зірне пярэсты вуж –
ні думак і ні сьмеху...
         
Куды пайсьці? І як
ушчунуць гора роскат?
Сьцігуе сьлед хіжак
на могільніку костак...
Халодны бляск нажа
сьвіціцца ў зрадзе лёстак...
         
Зіхцяць «Смарагды кроз»
на сьцежках долі карнай.
І сум бэнгальскіх рос
над вуліцай Гарбарнай
п’е чару горкіх сьлёз
із поўсьці ночы хмарнай...
 
1937
 
 
 
 
*  *  *
Красою майскаю сады
прайшлі прад намі цёплай ласкай,
і недзе ў далях шызы дым
упаў на чэрвеньскія краскі...
Праходзіш сьцежкаю – шумяць
лісты  зялёныя, густыя
і дрэўца кожнага імя
гавораць поціху. Вось тыя,
што ўвесну хораша цьвілі,
гадуюць яблыкі і грушы.
А гэтай нешта ўсё баліць,
вяршыню сонца надта сушыць...
 
Менск, 1939
 
 
 
 
Шлях зусім вузкі
Пасьля лета
гаспадарыць восень,
а па восені
у пене завірух
акалелы месяц
спорна косіць
трапяткую
палахлівых зор ікру.
 
Сыплюцца кавалачкі
вышыняў –
непамерлыя зародкі
хараства...
І скрыпяць
дарогаў хрыплых шыі,
і шчыміць
зямлі настылы твар.
 
А далёка –
там,
за сінім морам,
расьпякаюцца,
плывуць,
зьвіняць пяскі.
Эўкаліпты
з хвалямі гавораць,
а мы ім –
ні слова:
шлях зусім вузкі...
 
Менск, 1941
 
 
 
 
Маладзіца
Як каралі і калечылі,
не галасіла,
толькі тварам
сінім
прыпадала да зямліцы.
Гэтакую,
як той камень крамяністы,
сілу
мела
шчуплацелая
у целе
маладзіца.
 
Словам не азвалася
да ворагаў
ні разу
і павекаў не расплюшчыла.
Каму?..
Навошта?..
Заплаціла маладзіца
катам
за абразу
ня чым-небудзь,
а жыцьцём –
найдаражэйшым коштам.
 
Галасілі не равесьніцы –
бацькі, сястрыцы...
Покатам кацілася
над полем
галашэньне.
Ля вазёраў нашых
сініх,
паміж лозаў ніцых,
унураўся
неўтрапёны пошчак
у імшэньнік.
А лясы,
бары сунічныя,
на хіб зялёны
падымалі
і вышэй яго шпурлялі –
ўгору,
каб пачулі не адны мы –
цэлы сьвет...
мільёны...
пра вялікае
пад Менскам Беларускім
гора...
 
1941
 
 
 
 
Кідаў я сеці ў глыб рачную
За хваляй хваля ўсё шпарчэй
хінецца, горнецца суладна,
і рэчка, Пціч мая, цячэ,
паволі коціцца да спаду.
 
Абапал вольхі. Медзь ракіт
шуміць у звоне лозаў ніцых,
і вербы гольлем да ракі
зьвісаюць хваль тугіх напіцца.
 
Няраз праз гэтыя гарбы
кідаў я сеці ў глыб рачную,
ды заўжды ўлоў мой бедным быў,
бо й рыба, кажуць, стала чулай...
 
Няхай сабе жывець яна,
тлусьцее, корміцца у Пцічы:
на сьвеце-ж рэчка не адна,
іх вельмі шмат – не пералічыш.
 
О, хвалі срэбныя, шпарчэй
плывеце, любыя, рачныя!
Ня спыніць вас, не урачэ
ніхто ніякімі вачыма.
 
Дудзічы, ліпень 1941
 
 
 
 
Напярэймы жаданьням
Што-ж, снуюцца няхай сьмерці чорныя здані,
супыняцца прад імі ня трэба – ня варта;
трэба йсьці, як ішлі, напярэймы жаданьням
сьмела, мужна – ступою напорна-упартай.
 
Рана струны душы лашчыць музыкай часу,
песьняй дзікаю зброі сталёвай,
і пад радасьць чужую далонямі пляскаць,
калі б’ецца жывое праўдзівае слова.
 
Волю слову й душы даць павінны, няйначай,
песьню іншую прышласьці выкаваць трэба,
каб грымела яна па-над енкам і плачам
ад гразкіх каляін у блакітнае неба! 
 
Стрэнуць людзі тады песьню тую, бы дзіва,
возьмуць прагна, зь вялікай уцехай,
каб у краі жылі і спакой, і праўдзівасьць,
каб жыцьцё ацьвярозіць сярэбраным сьмехам.
 
А пакуль –
                        хай снуюць сьмерці чорныя здані,
супыняцца прад імі  ня трэба – ня варта;
трэба йсьці, як ішлі, напярэймы жаданьням
сьмела, мужна – хадою упартай!
 
1942
 
 
 
 
Балючым накіпам свае крыві
Адчуў на скрыўджаным парой пагосьце
балючым накіпам свае крыві,
што зноў зайшлася да мяне у госьці
рудая, чорная...
                                Прыйшла – жыві...
Мне ў хаце бацькаўскай ані ня цесна,
пакуль 
          падсуседкай пабудзь зіму.
Мой сум павесіцца на даўняй песьні –
рукамі моцнымі яго вазьму,
шпурну,
каб сэрца не тачыў начамі,
у глыб бяздонную сівых вазёр;
душа усьцешыцца: канцы адчаю...
Увесну восені спадзе рызьзё
на попел захаду, бы дзень аджыты,
скажу:
      цяпло нас не зраклося, не!..
Я дні лічыў, схіліўшыся на пліты,
і пліты цалаваў,
                і верыў: не кране
вясны
    скупая, злая восень-госьця,
рудая, чорная...
                Вясна, жыві!
Адчуў твой пульс на скрыўджаным пагосьце
балючым накіпам свае крыві.
 
Лагойск, студзень 1943
 
 
 
 
Не прадам я ніколі вясны
Неяк рана прыйшла вясна,
усьміхнулася мне у вочы,
хай нясмела, аднак – яна,
і зямлю ўжо расьліны точаць.
 
Сырадоем сівой начы
умываецца спуджаны ранак.
Кропляй першай расы лячыць
я прабую старыя раны...
 
Зіхацяць на далонях рук,
углядаюся: што за цуды!..
Хіба праўда, што я памру,
калі ўгледзеў крупінку бруду?
 
Бяру іншую – дзьве і тры...
І дзівоснае шкло вадзіцы
дыямэнтам ужо гарыць,
можа, гэта ўваччу дваіцца?
 
У вадну я згартаю ўсе,
можа блага, а можа й добра;
зноў праява: ў жывой расе
пазнаецца знаёмы вобраз...
 
Устрасаю далоні:
                Згінь,
чараўніца мая ліхая!
Мусіць, маеш язык даўгі...
Як адвагі адно хапае?
 
Не памру я!
            Сама згібей
каля праслаў збуцьвелых плоту.
Наканоўвае шлях табе
балацянай іржою лотаць.
 
Хай і раны шчымяць –
                      дарма:
маю лепшыя ў часе лекі...
Знаю:
      сорам зямлі трымаць
на грудзёх сівых здань калекі.
 
Не такому цяпер – о, не! –
расчыняюцца дзьверы даляў.
Вясна пройдзе і не кране,
вецер струшчыць і разгайдае.
 
Слаўлю далі і думы!
                    Сны
чараўніцы
          зьняверыць сонца.
Не прадам я ніколі вясны
ні за якія ў сьвеце чырвонцы.
 
Барысаў, красавік 1943
 
 
 
 
Не шкадую яго і ня плачу
1
Лета выскубла жмук асакі
і ў палёх на спачын прысела.
Усплывае, зыбаецца шэлест ракіт
над пакошай кужэльнай аселіц.
 
За гумном ня сьціхае, ідзе
неўлагоджаны скрып панараду.
Ў даль рудую праз восеньскі дзень
ідзе нехаця жніўная радасьць.
 
Здаганяю і клічу:
– Пажджы!
Безь цябе мне і восень ня міла...
– Супыніся...
Зямлю сьцеражы,
пакуль сам не пазбыўся ’шчэ сілы.
 
Дык бывай...
Няхай восень сабе
гаспадарыць і цешыцца ў хаце.
Зразумеў я, што трэба глыбей
любіць край свой і родную маці.
 
Няхай вяне той жмук асакі,
не шкадую яго і ня плачу:
можна ў шэлесьце кволым ракіт
днямі восені радасьць пабачыць.
 
              2
Дагарэла сонечнае лета,
адцьвіло –
і сьлед яго прастыў...
На красу апаленую кветак
квола палі жоўтыя лісты.
 
У пакоі стала неяк пуста,
ня узрушыць словам цішыні...
І на верш кладзецца суму згустак,
нечаканага зусім, ані.
 
Прэч, няпрошаны, нялюбы госьцю!
Клікаць я цябе ня клікаў, не...
Вызнаў шмат такога ў маладосьці –
рытму вершу яд твой не кране.
 
Няхай тлее жоўты ліст на доле,
лета зноў я стрэну, не бяда...
Зашуміць калосьсем сьпелым поле –
яму песьні дум сваіх аддам.
 
1943
 
 
 
 
Пела мне маці
Помню, у час вечаровы
пела мне маці калісьці...
Песьняў тых дзіўныя словы
чутны у шэлесьце лісьця.
 
Пела мне маці калісьці
песьні пра шчасьце і волю,
песьні пра іхняе прыйсьце
ў гомане чутны кляновым.
 
Песьні пра шчасьце і волю
ў подыху чутны прастораў.
Сьпевам жытнёвага поля
край мой цудоўны гаворыць.
 
Помню, у час вечаровы
пела мне маці калісьці
песьні пра сьветлы і новы
Дзень найвялікшага Прыйсьця.
 
Красавік 1943
 
 
 
 
Хутчэй, хутчэй...
З-пад сьнегу першы ’шчэ храсток
пабачыў першы раз я ўчора.
Хутчэй, хутчэй, о хараство,
пратні кару дарогаў чорных!
 
Зірні, ўжо шэры красавік
ідзе, набракшы сокам глебы.
Навошта-ж сэрцам мне крывіць,
вясна, як хлеб, народу трэба.
 
Таму й хвалюе так храсток,
з-пад сьнегу ўбачыў што учора.
Хутчэй, хутчэй, о хараство,
пратні кару дарогаў чорных!
 
Красавік 1943
 
 
 
 
Не зракуся
Хіба шмат такіх вось нашых раніц
ёсьць дзе-небудзь у якой краіне?
І раса сьлязою ногі раніць,
і сады цьвітуць пад небам сінім.
 
У гаі альховым, каля млыну,
улагодзіўшы ўчарашні клопат,
дзіўны россып песьняў салаўіных
абуджае соннае балота.
 
Прачынаюцца двары і хаты,
і ўжо дзесьці каля вёскі нейкай
хтосьці першы раз яшчэ пакратаў
струны пастуховае жалейкі.
 
Ветрык спуджаны з кустоў вільготных
выбег –
      лісьцем зашасьцеў нясьмела.
Бабы б’юць кужэльныя палотны
на мурожным беразе аселіц.
 
Не, ніколі ні ў ваднэй краіне
не знайсьці такіх цудоўных раніц!
Не зракуся іх і не пакіну,
хоць і сэрца моцна хто параніць.
 
1943
 
 
 
 
І думы, і словы, і сны
Былі яны, словы і думы,
і думы, і словы, і сны...
Усё, не дабітае глумам,
прачнулася ў шуме лясным:
і думы, і словы, і сны.
 
І шум узьвіваецца ўгору...
Луска цьмяна-шэрай кары
ля пнёў старажытнага бору
смуглее на сонцы, гарыць
луска цьмяна-шэрай кары.
 
Ня сокам – апаленай медзьдзю
сплываюць з галінаў лісты.
На змроку адчуў я, угледзеў
іх боль і асеньнюю стынь –
сплываюць з галінаў лісты.
 
А словы сьвятыя і думы,
і думы, і словы, і сны –
усё, не дабітае глумам,
прачнулася ў шуме лясным:
і думы, і словы, і сны.
 
Травень 1943
 
 
 
 
Упаў блакіт
З настрояў ля Нёману
Упаў блакіт
на шкло ракі,
і сонца зь ім упала...
Празь цень густы
глядзяць лісты,
як сонца твар купае.
 
Ляжыць блакіт
на шкле ракі,
плынь зыбкая гайдае.
Рачное дно
мне ўсё відно,
краса і неба краю...
 
Дрыжыць блакіт
на тле ракі,
хмурынкі –
далей,
              далей...
Сачу іх сьлед
на срэбным тле
і раптам –
хвалі,
            хвалі...
 
Упаў блакіт
у глыб ракі,
рака-ж такая злая...
Не, не адна
у нас яна,
што скарб вякоў хавае.
 
Беражна, ліпень 1943
 
 
 
 
П’ю сок вясны

З нагоды Першага Мая прысьвячаю
сваім прыяцелям і  радні,
блізкай і далёкай.


 
Мой родны брат, сястрыца мая, маці,
о, колькі дум, слоў колькі сяньня маю... 
Як люба мне, што ў роднай з вамі хаце
п’ю сок вясны у дзень сьвяточны Мая.
 
Празь цьвіль смугі ўсьміхаецца травіца,
і рукі дрэў – у новай апранасе...
Вясна з прыполу мне дае напіцца
пітва інакшага на новым, сьвежым квасе...
 
Зірнеце: вуліцы усе, завулкі
ад хмелю гэтага кіпяць у русе.
Ніхто й ніколі песьняў звонкіх, гулкіх
ня спыніць і скаваць ня змусіць.
 
Над горадам, на сьцёртых сьпінах плошчаў
ад раньня – маладжавага – да змроку
цалуюць сьцягі нашыя, палошчуць
вятры, наровячы ў блакіт высокі.
 
Там зоры зайздрасьцю гараць, іскрацца,
мільгаюць, любыя, над шэрым грудам.
І лучнасьць нашая тужае ў працы,
каб мець жніво на папялішчы рудым.
 
Мой родны брат, сястрыца мая, маці,
ад сэрца шчырага пішу адгэтуль:
дай, Божа, ўсім у роднай сваёй хаце,
як гэты Май, правесьці зь песьняй лета.
 
Ліпень 1943
 
 
 
 
Беларускай моладзі
Дарма, што сьплямлены наш сад,
крывёй абліт журботны жнівень,
шуміць пад зорамі краса
на сакавітай роднай ніве.
 
Дарма, што водбліскі крыві
крывавяць край блакітны неба,
працуй, змагайся і жыві:
змаганьне пільна сяньня трэба.
 
Адзін на жвір грудзьмі падзе –
другі народзіцца і стане;
і сьлед прыцішаных падзей
сьвятлом зары асьвеціць раньне.
 
Насустрач разам выйдзем мы
і першай сонечнай усьмешкай
спалошчам спадчыну чумы
і друз аджытага на сьцежках.
 
І расшуміцца сьпелы сад
і золатам спавіты жнівень.
Расьці, юнацкая краса,
на сакавітай роднай ніве!
 
Жнівень 1943
 
 
 
 
Верш
Падышла і сказала: «Ларыса»...
Прывіталіся. Слоў ня было.
На попеле захаду прысак
сонца сьлязьмі разьліло.
 
Часіны трывогі; і ростань
узрушыла сэрца, душу.
«Бывай! – сказаў шчыра і проста.–
Прыходзь, мая радасьць, прашу.»
 
Верасень 1943
 
 
 
 
Ізноў я тут
Ізноў я тут, каля цябе,
мой родны, любы, срэбны Нёман.
Скажы мне, колькі на гарбе
сваім дабра ты выцяг з дому?
    Якія думы думаў ты,
    калі твае сівыя грудзі
    мільён разоў гнялі плыты
    і нець, як змораныя людзі?
Якія песьні пелі тут
улетку хлопцы і дзяўчаты?
Хто суцяшаў у золь, слату
душу пакрыўджаную брата?
    А колькі поту асначы
    ўлілі у глыб тваю, у хвалі?
    Скажы, скажы, чаго маўчыш,
    мо’ хвалі мову пахавалі?
О, не! Я ведаю: жыве.
Памерці хто такую змусіць?
На ўсе вякі, а ні на век
усім нам дадзена – клянуся. 
    Прызнайся, дружа мой, прашу:
    як сам ты, знаць усё хачу я.
    Ня бойся: чуеш, які шум? –
    ніхто нас трэці не пачуе.
Прыйшоў сюды я з-пад Дзьвіны,
з-пад Віцьбы нашае, з-пад Случы,
прыйшоў, каб цешыцца, ня ныць,
каб больш ня мець з табой разлучын.
    Зірні, прыслухайся – гудуць
    бары самотныя і пушчы.
    Не, сорам класьці на ваду
    дабро і цела дрэва трушчыць.
Даруй, што ўзрушаным такім
прыйшоў сюды... Я шчыра раю:
як мову нашу, – на вякі
пакінь і скарбы свайго Краю.
 
1943
 
 
 
 
Я зь песьняй упоруч пайду
Прамчаўся працяты маланкаю час
на крылах апаленых сьвету,
у далі сьсінелыя ўрэзаўся, згас,
і песьня яго, кажуць, сьпета...
 
Другі, працінаючы шэрасьць імжы,
выходзіць на ласае ўзвышша...
Шчапаецца пошчакам голас, дрыжыць,
у сполаху струны калыша.
 
Што дзіўнага ў гэтым?
У ходзе падзей
уцехі ёсьць кропля і болю.
І нават імкненьне адно –
маладзець –
парою істоту ўсю коле.
 
Ў часіну такую няцяжка зрадніць
удачы свае і няўдачы,
адно ня так лёгка адолець агні
і ветру кірункі зьіначыць...
 
О любыя думкі,
скажэце, на што
імчацца наўсуперак буры?
Мо’ лепей паволі прайсьці пехатой,
каб вецер убок не адшпурыў?
 
Адна прамінае, другая вярста...
На вотшыбе,
ў восеньскім садзе,
былое прабую навотлег лістаць,
каб з думкаю новай паладзіць...
 
Лістаюцца дні, а за імі гады
раджаюцца ў муках і стынуць.
З руінаў сплывае, кудзеліцца дым,
імкненьні ружовыя сініць.
Прастора зыбаецца, зябне бы здань,
і смуткам агорнуты месяц
ня ў стане над краем жуду разгайдаць,
што золак наровіць павесіць...
 
Нічога...
Я зь песьняй упоруч пайду,
хоць шлях будзе йсьці і над пусткай.
Ня зьдзівяць,
ня ўзрушаць наструненых дум
на друзе крывавыя згусткі!
 
Над пушчай сівою,
у шуме лясным,
над стомай рабінавай ночы
ужо праразаецца воблік вясны,
што цемры скарыцца ня хоча.
 
Адна праімчалася, згасла пара,
прамчыцца у грукаце й гэта...
У небе займаюцца зоры, гараць,
вяшчуюць нам новае лета.
 
1943
 
 
 
 
Насустрач будучыні нашай
Я ўспамінаю дні «вясны» –
яны ані мяне ня дзівяць.
Былыя крыўды і «праўдзівасьць»,
як гук наструнены, 
лясны,
як ночы казачныя сны,
мінулі, канулі і спрахлі.
 
Гляджу, прызнацца, не бяз страху
на воблік сяньняшняга дню...
Паверце шчыра:
не маню;
і словы гэтыя мае,
я спадзяюся, пазнае,
хто хоча бачыць сьвет інакшым.
 
Яны –
    ня купленыя,
                  нашы.
І я адно хачу яшчэ –
каб дні у даль ішлі шпарчэй –
сказаць:
– Зямля ад вас ня просіць
ярма на горб свой моцны...
Досыць!
 
Згібей, наш лёс!
Жыцьцё, жыві!
Ушчэнт цаной свае крыві
мы расьпячэм усе нягоды.
Для прыйсьця сьветлага народу
пад сьцягам бел-чырвона-белым
шляхі крутыя пройдзем сьмела
насустрач будучыні нашай.
 
1943
 
 
 
 
Была восень
Бяз прычын ня бывае гора,
ані суму, ні сьлёз пякучых...
Прыгадаў я сягоньня мора
і знаёмага берагу кручы.
 
Была восень.
            Вятры шумелі.
Хвалі пену вады пляскалі.
Вастракрылыя чайкі зь мелі
узьляталі на грані скалаў.
 
І здалося,
          прызнацца шчыра,
мора любым такім і блізкім.
І нібыта зь сівога віру
твар калолі салёныя пырскі.
 
Але не... Мне у сьне здалося:
я ляжаў на вяршыні кручы.
Скалануўся –
            душа галосіць,
выпіваючы боль разлучын.
 
Дома маці адну пакінуў
і яе, радасьць сэрца, – Асю...
Вецер кідаў у вочы кпіны:
«Ня журыся – даўно зраклася...»
 
Вось таму і згадаў я гора,
кроплі буйныя сьлёз пякучых,
цьмяна-сінія хвалі мора
і знаёмага берагу кручы...
 
1943
 
 
 
 
Блакіт вачэй
Усьмешкай сэрца мне параніў
блакіт вачэй, вачэй дзявочых.
Навошта сэрцу, скажы, раны,
каханьнем жыць якое хоча?
 
Блакіт вачэй тваіх дзявочых
сустрэў з трымценьнем струнаў сэрца;
з тае пары і ўдзень, і ўночы
яно к грудзям тваім ірвецца,
 
ірвецца, мкнецца да спагады,
цяпла, зьнябытае дагэтуль,
каб вечна дружба была й радасьць
сардэчнай шчырасьцю сагрэта.
 
Таму і сэрца мне параніў
блакіт вачэй, вачэй дзявочых.
Загояць веру, сэрца раны
каханьне моцнае і вочы?
 
1943
 
 
 
 
Жыві...
Час кароткі мне векам здаўся,
і табе – ня жыцьцё, а мукі.
Дык жыві, як калісьці, слаўся...
Я ад сэрца пацісну рукі.
 
1943
 
 
 
 
Хай пеніцца віно
Стаіць пітва нявыпітага кубак,
сам брагу п’ю...
                                Хай пеніцца віно!
Ня трапіць больш на высахлыя губы,
скажу: «Другімі выпіта яно...»
 
Мне кроплі сьлёз халоднае крыніцы
жывільнай стравай будуць напару...
Прыйду,
                  укленчу долу,
                                              каб напіцца,
каб смага не змагла ні дум, ні рук.
 
1943
 
 
 
 
Блізкі і такі знаёмы
Часта чую сьлёзна-шчыры, любы
голас,
      блізкі і такі знаёмы:
птушка шэрая свайго Якуба
кліча ў хату родную – дадому.
Ку-ку,
      ку-ку,
            яснавокі сокал,
ку-ку,
      ку-ку,
            прыляці,
                    прыйдзі!
Ведаю,
      сказалі мне,
                  ў глыбокім
моры нейкім ты жывеш адзін.
Кінь шукаці на чужыне шчасьця.
Ку-ку,
      ку-ку,
            кінь чужыну,
                        кінь!
Стрэну госьця,
              расчыніўшы насьцеж,
шыр блакітную,
                вазёраў сінь...
Крыўдзіць –
            не пакрыўджу, дружа,
чуеш шэлесты садоў, ракіт?
Хорам бацькаўскі зь пялёстак ружаў
журыцца каля ракі...         
 
Ку-ку,
      ку-ку!..
            Дарагі Якубе,
вербы гнуткія ў тузе, палі,
зжалься,
        зжалься, калі шчыра любіш, –
о, як сэрцайка маё баліць...
Часта чую гэты голас любы
птушкі шэрае ў зялёным садзе:
кліча, бедная, свайго Якуба,
шчыра кліча страчаную радасьць.
 
1943
 
 
 
 
Былое трупам мусіць пасьці
Я дружбы з радасьцяй ня меў:
туга была заўсёды госьцяй.
І голас звонкі мой нямеў,
бы думы сьцятай маладосьці.
 
І маладосьці ня было,
не давялося ў горы высьпець;
яна сівым упала тлом
пад енк вятроў на дзікай высьпе...
 
На высьпе цела маё тнуў
імжою золкай час дрыготкі.
Успамінаў я даўніну,
жыцьцё бацькоў і думы продкаў.
 
Шчымела сэрца. І штодня,
каб гора крыўдай перагрызьці,
імкнуўся боль душы уняць
красою восеньскага лісьця.
 
Інакшых лекаў анідзе
знайсьці ні я ня мог, ні маці,
і гурт радні мае радзеў,
і чэзла спадчына – багацьце.
 
Няраз братоў сваіх, сясьцёр
на раду ў хату, помню, клікаў,
ды ня прыйшлі: іх сьлед расьцёр
варожы лад хадою шпікаў.
 
І сьлёзы буйныя плылі
і срэбрам падалі на рукі.
Калі, пытаўся я, калі
цярпеў хто дзе такія мукі?
 
Навокал – сьціша. Ні душы.
І толькі дзесьці ля дарогі
глухую цемру варушыў
вар’яцтвам выкліканы рогат...
 
Хто сам такога не адчуў,
ня вызнаў смаку сьлёз пякучых,
заўсёды будзе у ваччу
яго салодкім боль разлучын.
 
І сяньня ён у цёплы кут
паўзе ня першы раз, ня пяты,
каб не павіснуць на суку
ад чорных рук займанца, ката.
 
Мне сьцежкі ў цяжкай барацьбе
расчыніць лучнасьць наша насьцеж.
Былое, больш каб ня гібець,
кажу я, трупам мусіць пасьці.
 
1943
 
 
 
 
Плача кроплямі золата дзень

Сінь дзівосная неба, рассып
срэбра зораў на травы ў поўні:
сонца выпіла кроплі расы
прагавітымі вуснамі поўдню.
 
Вяне, валіцца куст асакі,
млеюць нема садоў маіх ліпы,
іхны шэлест у пале такім
вецер подыхам высьмяглым выпіў.
 
І ня радуюць сьцежкі вачэй,
і ня цешаць, і дум не вяселяць.
Сумам русыя косы пячэ
кашміровая засень аселіц.
 
Сьлед на жорасьце чэрствых сьцяжын
абвуглелаю выдаўся плямай.
Неўтаймованы б’ецца, дрыжыць
у палёх гневам здушаны лямант.
 
              2
Плача кроплямі золата дзень –
хараство абняслаўленай сіні...
Мне здалося: шукаць нас вядзе
лёс ратунку на горкай асіне.
 
Маці родная, сёстры, браты,
не змаўкае наструнены голас:
пераймаю і лямант, і плач залаты
на абтоку сьцьвярдзеласьці голай...
 

Боль нясьцерпны працяў да касьцей
маё цела на змроку употай;
мае песьні на першай вярсьце
сівер раніць калючкамі дроту...
 
Мо’ скарыцца? Замоўкнуць мо’?
              Не!
Не замоўкне душы мае песьня:
узьляціць у блакіт, няжывога скране
і заплача ля бацькаўскіх весьніц.
 
Прытулюся і я ля разбураных сьцен,
ля курганаў укленчу, схілюся
і мацней запяю,
каб на кожнай вярсьце
чутны голас быў мой Беларусі.
 
Жнівень 1943
 
 
 
 
Над сьлядамі шляхоў аджытых
Рассыпайся драбнюткім макам,
ды ня высячэш з муру сьлязы ты...
Золак кроплямі золата плакаў
над сьлядамі шляхоў аджытых.
 
І як сонца вільготнае потым
усьміхнулася раніцы млява,
акрапіўся халодным потам
неба сьцежак пясок смуглявы.
 
Пасінелі іскрыстыя росы
у валозе ад церпкай смагі,
нібы поглядам кінуў косым
невядомы дагэтуль магік
 
ды спыніўся на пляцы места,
як рамізьнік шыракаскулы,
каб ніякіх ад бацькі вестак
не пачулі сіроты вулак.
 
Завіваўся гарачы накіп
на журботным палёў паркалі...
Золак кроплямі золата плакаў,
а мы вёсны дзядоў гукалі.
 
1943
 
 
 
 
Дваццаць пяты
400
Раскажа сьпеў, што Беларусь жыве,
непераможная ў працы сьціплай.
Што долю гадавала на жарсьцьве
ня горш каралавых паліпаў.
#Уладзімер Дубоўка                         

 
Ні сіла наймітаў, ні блуд, ні звады змоў
ня зганьбяць славы колішняй у час дрыготкі:
ўпісаная яна у схоў тугіх тамоў
гісторыі крывёй гарачай продкаў.
 
Гартаем сяньня ўсё мы сівізну балон –
адвагі, мужнасьці гады пакут ня засьцяць;
таго, здабыта што, ня звабіць у палон
на’т сіла найвялікшае напасьці.
 
У громе сяньняшнім зноў пошчак даўніны
стралой імчыцца, не шчапаецца, тужае.
Гудуць над краем змораным званы,
гудуць над усясьветным полымем пажару...
 
І згадкі з пошчакам імчаць мяне туды
(віецца мройны тор гадоў пражытых),
дзе тхнелі роднаю крывёй дзядоў сьляды,
дзе межы родныя сьлязьмі бацькоў абліты.
 
Да скібаў, да ральлі зямлі рудой прыляж,
услухайся ў таемны ейны плач, гаворку –
дрыжыць усланая касьцьмі братоў зямля,
у дыме захлынаючыся горкім.
 
Яна – усчатая цяпер хада падзей –
вядзе ахвярна гнеў наш да адплаты:
і гэта Ён – той векапомны Дзень –
дзень Прыйсьця – Дваццаць пяты.
 
Ускрэсла Бацькаўшчына ў сьветлы Дзень сьвяты,
і волі сьцяг узьняты быў над родным Краем,
каб ліхадзей – злы дух, вятры і золь слаты –
душы і сэрцаў нашых не каралі.
 
О векапомны Дзень! З магіл, із курганоў
сівых ірвецца стогн ахвяраў часу злога...
І сяньня, як калісь, калянае радно
калышуць хвалі над расьпятым логам...
 
Сацьмее у разьні, спрахнее наша сьмерць,
і сьцішаць грэшніцкія горды крокі.
Ня кроў – зямля апаленую медзь
зальле пітвом Сакавіковых сокаў.
 
Ні сіла наймітаў, ні блуд, ні звады змоў
ня зганьбяць славы колішняй у час дрыготкі:
ўпісаная яна у схоў тугіх тамоў
гісторыі крывёй гарачай продкаў.
 
1943
 
 
 
 
Да зброі, да чыну
Прыслухайся:
              зноў,
                  як калісьці,
                              нас кліча
часіна цяжкая
              да зброі,
                      да чыну.
Ля Сожу,
          Дняпра
                і ля Прыпяці,
                              Пцічы
калоціцца
        цела
            сьвятое Айчыны.
Хто
    цела Краіны
                імкнецца расьцерці?
Скарыцца
        і пасьці
                ніхто нас ня змусіць!
О, колькі стаяла
                прад воблікам сьмерці
здабытая слава
              мае
                  Беларусі.
Яе у мінуўшчыне
                слаўнай Пагоні
жаўнеры крывёю абмылі
                        на ветры.
Ніколі ўжо
          духу –
                  клянёмся сягоньня –
ніякія сілы
          часоў
                не расьпетраць!
 
Няхай сабе
          вораг
                з далёкага ўсходу
імкнецца
        наш гонар крывіцкі
                          адолець,
уласнай крывёю
                ўзвар’ёваны скогат
зальецца
        на сьцежках
                    да нашае волі.
Зірнеце:
      ірвецца на родныя гоні,
здань чорная
            сьмерці
                  дзе стыне,
адвага нашчадкаў Крывіцкай Пагоні,
прысягаючы
          друзу сьвятыняў.
Ніколі й нідзе
            Беларусь
                    не загіне,
ніколі
    ў палон
            не аддасца нікому!
Агністыя зоры нябеснае сіні
ня згаснуць
          у грукаце вызнаным грому.
Насуперак буры,
                насуперак лёсу
шляхамі крутымі
                вялікую мэту 
да сонца
        народ беларускі
                        узносіць,
каб слава
        Крывіччыны
                    яркла над сьветам.
 

Прыслухайся:
            зноў,
                як калісьці,
                            нас кліча
часіна цяжкая
              да зброі,
                      да чыну.
Ля Сожу,
        Дняпра
              і ля Прыпяці,
                            Пцічы
калоціцца
        цела
            сьвятое Айчыны.
 
Сакавік 1944
 
 
 
 
Крывёю купленае права
Сягоньня бачыўся у сьне
зь дзівоснай нейкаю праявай:
стаіць, здаецца, пры Вясьне
крывёю купленае права.
 
Вясна – такой я не страчаў –
Багіняй выдалася нейкай
і праву – права мастака
перадала на пэндзлі клейкім:
 
– Ніхто ня зганьбіць, не кране
за ролю майстра немалую.
Скажы – усьцешаны ці не?
Ці фарбы вобраз намалююць?
 
Багіню выслухаў маляр,
прамовіў нехаця, праўдзіва:
– Даруй, прыгожая... Мая
уцеха сэрца не задзівіць...
 
Сама ты гэта замалюй
і згоду зор у небе сінім.
Цябе інакш я ухвалю,
каб ты мяне і не прасіла.
 
Бацькі сказалі нараду:
пад сонцам шчасьце не загіне...
Інакшай, ведаю, знайду,
цябе, нябесная Багіня.
 
Жыві, Вясна, вякі усе!
Мастак нязнаны на мальбэрце
стварае вобраз пакрысе,
якога й грэшнік ня усьмерціць.
 
Сягоньня ўбачыў я у сьне
крывёю купленае права.
Малюся Сонцу і Вясьне,
табе – мой Першы новы Травень.
 
1944
 
 
 
 
Вільні
Упяршыню сустрэў твае муры,
крутыя вулкі, вуліцы, сьвятыні...
Ў душы ня стлее ўцеха, не згарыць –
абудзіцца мацней і сьлед пакіне. 
 
З драбніцай кажнаю ураньні, уначы
маліўся срэбру зорнаму і небу.
І гэта быў душы мае спачын,
спачын душы, пітво і солад хлеба.
 
І ціш сівое Вільні і вятры,
густыя, кволыя заўжды такія,
усьцешаць прышласьць іншае пары
і сьлед у сэрцы, у душы пакінуць.
 
Вільня, травень 1944
 
 
 
 
Нечакана зусім і проста

Прысьвячаецца Веры Стосуй

 
Нечакана зусім і проста
напаткала такая сустрэча...
І здалося, да зор выростаў
смуглатвары глыбоцкі вечар.
 
Сінь вазёраў срабрыстай лускай
узьбягала здаля на мелі.
Словы ціхія любых вуснаў
маё сэрца краналі хмелем.
 
І ці мог хто калі паверыць,
што бывае туга і ростань?..
Нечаканы пачатак, Вера,
нечаканы такі і просты.
 
Глыбокае, чырвень 1944
 
 
 
 
*  *  *

Веры Стосуй

 
Пачатак быў толькі такі.
– Прашу пазнаёміцца...
– Вера...
Чамусьці я пальцы рукі
балюча паціснуў, няўмеру.
А потым ня так, як раней,
у вочы глядзеў я нясьмела:
баяўся, што сэрца кране
агнём не кранутая сьпеласьць.
Пачатак быў толькі такі –
прыемны і любы надзіва.
Крануліся вусны рукі:
– З прыемнасьцю, Вера, –
Ўладзімер.
 
Глыбокае, чырвень 1944
 
 
 
 
Замест разьвітаньня
Нашу радасьць –  буйное калосьсе –
прывязьлі на захад цягнікі...
Разьвітацца нават ня прыйшлося,
цёплай не падаць рукі.
Думаецца, восень залатая
сёлета прыйшла зусім няўчас.
Мы бяз вас самотна адцьвітаем,
адцьвітаеце і вы бяз нас.
Разьвітацца ня прыйшлося... Болей
скошанай траве ў лугох ня ўстаць.
Горш яшчэ, калі ў жыцьці ніколі
немагчыма будзе прывітаць.
 
Бэрлін, верасень 1944
 
 
 
 
Ля роднай бацькаўскай мяжы
Ля роднай бацькаўскай мяжы
мне доля жыць прываражыла,
надзейна там я палажыў
учора сноп сваіх зажынак.
 
Ягоны стан перавязаў
удубальт моцным перавяслам.
З вачэй гарачая сьляза
на сноп упала – не пагасла...
 
Сьцябло сатлее – будуць жыць
зярняты – буйныя крышталі,
ля роднай бацькаўскай мяжы
мяне калосьсем прывітаюць.
 
Бэрлін, верасень 1944
 
 
 
 
Нараджаецца сьвет неапеты
Словы думак ня зловяць ніяк –
нараджаюцца, мкнуцца, зьнікаюць...
Дзе, скажэце мне, радасьць мая
і якімі шляхамі блукае?
 
На усход ці на захад ідзе,
песьні жалю сьпявае ці плача?
Можа моцна бярэмя надзей
да грудзей прыціскае гарачых?
 
Можа прагна далонямі рук
на паўмежку аплаканым поля
пераймае сьвятую зару,
каб суняць раны сьвежага болю?
 
А мо’ слава ужо на крыжы
ўкрыжавана чужынцамі, скута?
Нешта цела зямное дрыжыць,
і трывожны выростае грукат.
 
Шалясьцяць у трывозе лісты,
прачуваючы клопат і небыт...
Абвуглелыя далі і стынь
прыпадаюць да ворыва глебы.
 
Сяньня сам да абветраных скіб
перад сонцам схіляюся ніцма.
Мне адкажуць сухія пяскі
мовай струшчаных сьценаў сталіцы:
 
– Камяністай дарогай ідзе
непазнаная радасьць паэты.
Не зракуцца і думы: у гневе падзей
нараджаецца сьвет неапеты.
 
Бэрлін, верасень 1944
 
 
 
 
Надпіс да фотаздымку

Прысьвячаю Веры Стосуй

 
Зірні, мая радасьць, на гэту
галінку дзівосную мая.
Мне хочацца соладу кветак
напіцца, а права ня маю...
 
Я вычуў у шэлесьце лісьця
пяшчотную музыку мая...
Было яно, помню, калісьці...
Цяпер ані кроплі ня маю.
 
Бэрлін, кастрычнік 1944
 
 
 
 
*  *  *
Шкада, гавораць, працы нашай, поту,
жыцьця каштоўнага – цана адна.
Дарэмна поўзалі мы поўзма, кротам,
каб трапіць вобмацкам на сьлед відна.
 
І сам, бывае, у сябе пытаю,
а словы гэтыя – калючы боль:
збавеньня сяньня я зусім ня маю,
калі гандлююць ’шчэ маім гарбом.
 
Цяпер спытаецца ізноў хто-небудзь:
«Дзе шчырасьць гэтага паэты, дзе?»
Я тройчы ў доказ пакланюся небу
і прысягну яшчэ сьвятой вадзе.
 
Няхай вішэньнік у садку калышуць,
асіну горкую грызуць вятры,
а сонцам сьцежку я наважыў вышыць,
пакуль над сьцежкамі сьвятло гарыць.
 
1944
 
 
 
 
*  *  *
На схіле гор стаіць мой новы дом...
Ня мой ён, не, – чужы і на чужыне;
ні скалаў, гор, ні сьцен гаспадаром
мяне мой лёс ніколі не пакіне.
 
У іншы край, ня ведамы яшчэ,
пагоніць, пэўна, час мае згіноты,
а мо’ й падун сівы у бездань звалачэ
і прыме ў схоў глухі мой дзённы клопат.
 
1944
 
 
 
 
Птушка
Слова – птушка, любая, павер мне,
зь лёгкіх вуснаў – у блакіт і сінь.
І ніхто да сэрца не паверне,
як ні плач і сэрца ні прасі.
 
1944
 
 
 
 
Просьба
490
В.С.

 
Я стаміўся ідучы,
і стасункі нашы квіты.
Адзінотаю лячы
прымхаў мякіш сакавіты...
 
Вабіць кубак недапіты –
пі ды іншага вучы...
І пра век мой, горам біты,
ня турбуйся – памаўчы.
 
1944
 
 
 
 
З паэмы «Цені сьмерці»
Ты наровіш, пазнаў я, употай паўзьці
за плячыма, туляцца і стынуць,
упівацца у цела маё да касьці,
ценем чорным схіляцца ля тыну.
 
На паўкроку цікуеш пры сонцы хаду,
а па сонцы – даўкімі рукамі
у касьцістай істоце спустошаных дум
точыш, лашчыш абветраны камень...
 
Выгінаешся, кленчыш прад воблікам дзён,
перад першай выгоднай ахвярай...
Ненасытны пагляд твой, згібеньне, відзён
пры сьвятле і у збоішчы хмараў.
 
Адступіся, касьцісты, жахлівы прывід –
цень сьмяротны сьмяротнага духу!
Не скарыцца жывое на сьцежках крыві
перад сілаю грэшніцкай скрухі.
 
Ты наровіш, пазнаў я, употай паўзьці,
ценем чорным схіляешся коса.
Бой крыві ў маіх жылах ня счах і ня сьціх,
голас песьні расьце да нябёсаў.
 
1944
 
 
 
 
Клятва духу
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Віюцца чорныя дарог брыжы
...І дзе ні стань,
ні йдзі куды,
ні глянь ты,
віюцца чорныя дарог брыжы;
усьцяж іх,
сьцятая жалобным бантам,
нядоля выгінаецца;
дрыжыць
усьмешка,
выпітая часам едкім;
бы цень,
хістаецца жывы касьцяк;
і мой шкілет –
жывая долі сьведка, –
відаць,
зьлічае дні свайго жыцьця.
 
Сакавік 1945
 
 
 
 
На станцыі начы
Зь дзёньніка
Куды імчыш мяне, цягнік?
Спыніся, ня імчы!
Гусьцеюць жоўтыя агні
на станцыі начы...
 
Гавораць: «Побыту, пакуль,
няма табе нідзе»...
Адзін, як зерне на таку,
і я ў такой бядзе...
 
Назад – няўсьцешны паварот,
наперад – боль і сум...
Відаць, да д’ябальскіх варот
вятры душу нясуць...
 
Спыніся! Зыбісты міраж –
уяў шалёны скрут.
Апошніх высілкаў віраж
да шыбеніц прыгнут...
 
Адзін, як прывід уначы,
стаю на станцыі начы.
Навокал – сьцены і мячы
пасталі цемру сьцерагчы;
 
блізютка, вусьціш жуючы,
снуюць скуластыя сычы...
Грымяць магутныя ключы
ля брамаў станцыі начы.
 
*

Згібей, спрахней ты, доля злая,
цярпець цябе ня маю змогі!
Няхай на суд сабе валае
за крык ратунку зьвер двухногі...
 
Прага, красавік 1945
 
 
 
 
*  *  *
Матуля любая, даруй,
што не пісаў: ліхія хвалі
юнацтва кволага зару
на ўзьлёце першым пахавалі.
 
Жыву, як зерне на таку...
Але-ж ня ведаеш таго ты,
як сына меншага пякуць
жыцьця суровага клапоты.
Чаму? Пытаешся, чаму...
 
І ня пытай: карысьці мала...
Мінуў усходнюю чуму –
на сьцежках захадняя стала
і сушыць косьці ног і рук.
 
1945
 
 
 
 
*  *  *
Да вас, суродзічы, да блізкіх і далёкіх,
праз ночы цёмныя, вятры, слату і стынь
здаля, з-пад гор – з-пад Альпаў крутабокіх,
зноў пішу і шлю свае лісты.
 
Вятры калышуць гукі вальсаў вечных,
а ў сэрцы б’юцца рытмы скрытных дум,
і мне здаецца, што ад сьценаў менскіх
я з вамі, любыя, на бляск зары іду.
 
1945
 
 
 
 
Ліст да маці
Ліст гэты, матуля, ад меншага сына,
што лечыць тугу сваю золатам лісьця...
Цяпер ані цешыць, ня вабіць чужына,
як вабіла, помню, калісьці.
 
Яе уяўляў я, бы нешта сьвятое,
і заўжды паклон слаў з пустэльных аддаляў.
Цяпер тую веру, што сэрца мо’ й тоіць,
аўстрыйскія ветры, відаць, разгайдалі.
 
Жыву між чужых я, і голас вятраны
мне штосьці гаворыць, а што – невядома...
Напэўна, пра тое, што край мой забраны,
што радасьць расьпята ля роднага дому.
 
Скажы мне, матуля, ці праўда ўсё гэта?
Дайсьці аніяк не магу я да ладу.
Ці праўда, што восень зьняважыла лета,
што песьні украдзены з нашага саду?
 
О, чуў я, матуля, што ўчора ураньні
сяброў ахрысьцілі на вечны спачынак,
што хворага брата на голым майдане
крывая асіна зь сям’ёй разлучыла.
 
Сказалі вятры мне, што ліха ўсіх лашчыць –
братоў і сясьцёр, і сяброў-аднагодак;
што усе аж да поўначы ходзіце нашча
ля рэчак крывёю апырсканых водаў.
 
Адведаць Цябе не магу я сягоньня,
а слову, якім-бы яно ні было там,
нялёгка дайсьці да спустошаных гоняў
і ўняць іхны плач і штодзённы твой клопат.
 
Ня плач, ня журыся! Даруй свайму сыну,
што лечыць тугу пакуль золатам лісьця.
Цяпер ані цешыць, ні вабіць чужына,
як вабіла, помню, калісьці.
 
Зальцбург, кастрычнік 1945
 
 
 
 
*  *  *
Перада мной – прастор нябёс,
чужы, халодны і нялюбы.
Які-ж вар’ят сюды прынёс
мяне на зьдзек людскі, на згубу?
 
І сам ня ведаю таго,
зь якой удачы ці няўдачы
пакінуў пах сваіх лугоў
і сьлёзы матчынага плачу.
 
Адно цяпер – пад шум і сьвіст,
калі цягнік імчыць кудысьці,
прашапацеў пажоўклы ліст
сакрэт няспраўджанага выйсьця...
         
*

Мінуў аўстрыйскі далягляд
і неба шэрага аблокі...
Я чую: сьвежая ральля
мне беларускім пахне сокам.
 
Зальцбург, кастрычнік 1945
 
 
 
 
*  *  *
Пяскі дарог, і лісьцяў медзь,
дарог лукатыя аборкі...
Я прыплаціў-бы, каб ня мець
іх на віду і ў думах горкіх.
 
Сумуюць родныя палі,
ідуць, як шлях ідзе малочны.
Усьмешкай восеньскіх калін
глядзяць братоў сівыя вочы...
 
Палі, вазёры і лясы –
на сотні сотняў кілямэтраў.
З чужой зямлі бяздомны сын
паклон ім шле на крылах ветру.
 
Да іх, туды – за небасхіл,
дзе нарадзіўся, рос і вырас,
я панясу свае грахі
і сьпеласьць дум, і сьпевы ліры.
 
Зальцбург, кастрычнік 1945
 
 
 
 
Жалобная струна
Нялёгка сяньня пішуцца лісты,
і словы глейкім сумам наліліся.
Упаў на грудзі зломаны кастыль
і рану цяжкую у сэрцы высек...
 
Глыбокая і прыкрая яна,
няўгойная, як модна ні залечвай...
Дрыжыць лістоў журботная струна
па ростані і няблізюткай стрэчы.
 
І ростані, здаецца, ня было,
ня бачыліся з роднымі у хатах.
На вотшыбе, за спаленым сялом,
разьвітваліся з шумам хвой кашлатых.
 
І кленчылі, падходзячы да меж,
перад апошнім – блізкім – кілямэтрам.
Пахрышчаныя бурамі, суцьмеж
хрысьціліся і кланяліся ветру.

Пакінутае – курчыцца у сьне,
спатканае -¬ наровіцца ад сыці...
У прадзіве па страчанай вясьне
навошчаныя гневам звоняць ніці.
 
Прыслухаешся – сочыва крыві,
пругкія хвалі і жывыя пульсы.
Ды чым і як жывульку ні жыві,
выпростваюцца мінусы і плюсы...
 
1945
 
 
 
 
Ліст да сястры
Сястрыца родная, паклон ад брата.
Я вельмі ўсьцешаны, што ты жывеш...
Прыклей на браме каля нашай хаты
крывёй напісаны мой сьціплы верш.
 
Няма ў ім радасьці, няма і жарту –
такім мне выдаўся сягоньня сьвет...
Найлепш ягоную узважыць вартасьць
вам крытык ведамых табе газэт.
 
Ён першым лекарам быў песьняў-думаў
і знаўцам вывіхаў мае касьці...
Такога іншага у справе глуму
з табой ня здолеем нідзе знайсьці.
 
Стаю вось тут я каля сьценаў замку,
у нас – асеньняя цяпер пара...
Трымайся, любая, мацней за клямку,
каб злодзей вынесьці ня змог дабра.
 
Прымі вось гэтую маю параду,
кажу ад шчырае табе душы.
Калі-ж душу тваю суседзі ўкрадуць,
ў лісьце адказным мне хутчэй пішы.
 
Вярнуся, любая, да вас ня госьцем,
пад неба роднае вярнуся жыць.
Павесім раніцаю на пагосьце
ручнік скрываўлены твой на крыжы.
 
На папялішчы мы зьбярэмся дзікім,
чужыя зводнікі дзе ладзілі таргі.
Браты і сёстры у той дзень вялікі
зьбяруцца ўсе у дом свой дарагі.
 
На стол кляновага паставім соку,
пакроім радасьцяй тугу і сум.
Сьмяяцца будзе вечар сінявокі,
зарой цалуючы палёў красу.
 
Такой ня ведала бяседы ў хаце,
такога сьветлага ня знала дня
ні наша бедная калісьці маці,
ні наша блізкая крыві радня.
 
Пакуль-жа, родная, паклон ад брата!
Я вельмі ўсьцешаны, што ты жывеш...
Прыклей на лішцьве каля нашай хаты
крывёй напісаны мой сьціплы верш.
 
1945
 
 
 
 
О родны край
Са мною ты на яву і у сьне,
мой родны край, блізкі і блізка...
Табой жыву. Малюся, як вясьне.
Ты – песьняў-дум найлепшая калыска.
 
Нідзе, я ведаю, сябры, нідзе
ня знойдуць лепшага у сьвеце вочы.
О родны край! Куды мой шлях вядзе –
у бок паўдзённы ці паўночны?
 
Ўпаду ад сьпёкі я, ўпаду, памру,
мароз душу маю ад цела прыме.
Не прывядуць шляхі к дабру,
калі сустрэнуцца у Рыме.
 
Кірунак захадні – зусім чужы,
усходні гэтакі ж. Усе чужыя.
Над першым навальніца ўсё дрыжыць,
па-над другім зьвяр’ё начамі вые.
 
О родны край! Цяпер мая рука
навотлег адшпурне чужую вушчунь.
Са мною ты, і шлях на твой наказ
паволі ўжо ідзе да родных пушчаў.
 
Зальцбург, лістапад 1945
 
 
 
 
Апошняя малітва
Яшчэ раз кленчу я ля сьценаў Храма:
– О Божа, Валадар зямлі, скажы Ты,
чаму ізноў каля Сьвятое Брамы
жывое цела бачым на крыжы тым?..
 
На пліты мармуровыя сьцякае
кроў сьвежая із ран балючых...
Пустэльнік помсьлівы – раскольнік-Каін –
чало сьціскае ўжо вянком калючым.
 
Па-над бажніцамі, над купаламі
у стоме чорныя стварэньні кружаць.
Няверцы прышлыя у грэшнай краме
ля ног згінаюцца халодным вужам...
 
Нялюдскі танец свой згібеньне грае
на струнах д’ябальскіх да сьлёз, да ўмору...
Хіба ўжо гэтакая доля Краю,
табой ахрышчаная ў момант створу?
 
Ўпаду лепш сам я каля сьценаў Храма,
і там апошняя малітва будзе:
«Браты і сёстры, пад Сьвятою Брамай
зямлёю роднаю прыкрыйце грудзі!»
 
Лістапад 1945
 
 
 
 
*  *  *
Адцьвіла маіх надзеяў ружа
і, напэўна, больш не зацьвіце.
Выгінаецца халодным вужам
зманлівасьць былых уцех...
 
На шляху няспраўджанае дзеі
прыпынілі дні маю хаду.
Дзе-ж вы, дзе, квяцістыя надзеі –
солад хмеліва юнацкіх дум?
 
Не спаткаю вас і не адчую,
хоць і часта сьніцца маладосьць.
Ні душы, ні цела не расчуліць
выпадковы у пакоі госьць...
 
1945
 
 
 
 
Вялікія шэльмы

Станіславу Станкевічу

 
У маленстве чужыя казалі,
і яно не забудзецца, мусіць,
што экзотыка нейкай Казані
прыгажэй ад лясоў Беларусі.
 
Я ня ведаю, можа, здалося,
што душа абліваецца воцтам,
але помню: у жоўтую восень
маё сэрца сьціскалася моцна.
 
І ружовае сталася чорным,
няпрыемным і прыкрасным вельмі.
Я-ж ня думаў, што ў краі вазёрным
ёсьць такія вялікія шэльмы...
 
Нямеччына, 1945
 
 
 
 
*  *  *
Веру я ў сілу сілаў,
веру самому сабе.
Веру, што ты расьціла
шчасьце у барацьбе...
 
Веру: яно ня выйшла.
Кажуць: яго няма...
Грэшнік цяпер калыша
шчасьце і наша імя.
 
Веру, што дзень кароткі,
веру, што ноч ня дзень.
Ведаю: нашы продкі
верылі веры надзей.
 
Веру, што верым, верым,
верым у веру вер.
Нам расчыняюцца дзьверы,
хцівы двухногі зьвер!
 
1945
 
 
 
 
Зьвер двухногі
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Маіх уяў ружовых ранак
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Каля вакна равесьнік-клён
глыбокую задумаў думу.
Я ведаю: пакуль і ён
ня выплакаў лістамі суму.
А выплача – прыгне свой стан
і моцна зашуміць ля вуліц.
Я выйду зь ім упоруч стаць,
і ён гаротнага мяне прытуліць.
 
1946
 
 
 
 
Зь дзёньніка ДП’і...1
... І дзень ня спляміцца «заветны»,
і дні, пражытыя ў бараках,
як давялося йсьці на сьметнік
і дзень цалюткі поўзаць ракам.
 
А сьметнік – сьметнікам: ня сад той
і не праспэкт, ня водар парку!
І ня дзівіся, дружа, надта,
што я мазоль нацёр на карку
 
вугальлем, выграбеным з кучы,
і змуляў ног сваіх калені.
І трасцы рад будзеш сьмярдзючай,
як месяц цэлы пакалееш.
 
Вось так жыву я і блукаю,
бы здань начы, каля дарогі,
пакуль на суд не пагукае
за крык душы мае двухногі...
 
*

 
Замоўклі ўсе, нібы сьвятыя...
Ня згасьлі сьвечы і агні...
Паклон табе, дэмакратыя,
і вам, вызвольнікі і дні!..
 
*

 
Навяз на зубы тэрмін «вываз»,
і думы сушыць і скрабе:
мо’ морскіх хваль сівыя грывы
нас прыгалубяць да сябе?..
 
Вязеце-ж, фурманы, край сьвету,
куды вядзе малочны шлях,
пакуль ’шчэ песенька ня сьпета
і конік ваш у аглаблях...
         
              Сон...
Сабраўся, сеў я і паплыў,
а сьледам – чорных дум наплыў:
– Куды, паэце мой, браток?
Які спадобаўся куток?
– Плывем па моры па глыбокім
у край нязнаны і далёкі...
Прыплыў, падняўся і стаю
і думу думаю сваю...
А думы чорныя яшчэ:
– Ну як, браток, табе лягчэй?
– Сказаў-бы, думанькі, вам нешта,
але і сорамна, і сьмешна...
– Кажы, паэце, не маўчы!
Відаць, надумаўся ўцячы?
– Нікуды, думкі, не ўцяку я:
і тут, як там, мяне цікуюць...
– Хіба ты шэльма ці круцель,
што голаў страх тваю гняце?
– Ды не, ні шэльма, ні круцель я,
а сьвет, чамусьці, вар’яцее...
Шукаю, думанькі, я волі,
а воля тая – у няволі...
Крануўся, йду сабе і йду,
а сьледам – згусткі чорных дум...
 
Зальцбург – Лексэнфэльд, люты 1947
 
 
 
 
Адменная ода
Твая слава ня мной расьпечана,
хоць сама ты мяне й пякла...
Пакідаю цябе, Нямеччына,
спапялеўшая ўся датла.
 
Не сьмяюся над горкай чашаю
і ня плачу – прабач...
Скажы,
хто учора за сьпінай нашаю
нашай сьмерці каваў нажы?
 
Лашчыў сэрцы сьмяротным прысакам
на узьвівах свае вясны,
каб ня сьмелі узьняцца высака
залатыя у песьнях сны?
 
І пад сонцам,
дзе мройна сьпелі ’шчэ
наліўныя садоў дары,
пакалечыў так зманнай веліччу
сьвежы полыск людской зары?
 
І надзеі у грудзях матчыных
хто зьняважыў – на глум атрос?..
Навет мора такое спадчыны
ня прыймае ў сваё нутро.
 
І цяпер, як апошнім дотыкам
вычуваю твой боль і сум,
над шпілямі халоднай готыкі
вусны гнеў мой табе нясуць.
 
Дзе нядоля мая прытуліцца,
ня пытайся пакуль – маўчы,
да палацаў на родных вуліцах
ты спаліла мае ключы...
 
Брэмэнгафэн, верасень 1947
 
 
 
 
Пякельны дар
У новы край, далёкі і нязнаны,
з пакункам дум – тугой набраклых мар –
нясу гадоў ліхіх пякельны дар –
скамененую горам немач раны.
 
Няўцешныя пэйзажы і экраны –
змардованы зямлі пакутны твар.
На тло крыжоў – глыбокі сьлед ахвяр –
мятуць віхры жарствы пясок каляны.
 
Губляецца ружовы небасхіл,
і пляміцца нябёс блакітны полаг.
У зьвівах хмар, над сумнішчам магіл,
калышацца агнёў трывожны сполах...
 
Нялёгкі шлях ізь пекла па касьці,
а мне-ж ісьці... Далёка ’шчэ ісьці...
 
1947
 
 
 
 
Сьвітанак
Сьвяжуткі зары сьвітанак,
купаючыся ў расе,
зь месячыкам на ганак
хацінкі мае прысеў.
 
Палашчыў ваконцаў шкельцы –
сінюткае срэбра рос,
а потым чысьцюткім цельцам
да пёрка майго прырос...
 
Сяброўства трыўкога почуў
з шырокіх сьвятліц душы
выносіў на сонечны вочап
сьпялюткія думак каўшы.
 
Важкія, адменнай масьці,
з тугою лясных смужын,
ня ўмелі ні ткаць, ні прасьці
у праслах вузкіх, ні жыць...
 
У замуце днёў сьвітанак,
памыўшыся у расе,
пакінуў мой сьціплы ганак
і ў зацішку моўчкі сеў...
 
Ля берагоў Гішпаніі (на вадаплаве)
 
 
 
 
*  *  *
...Цяпер усё. Уласнымі вачыма
пабачыў сьвет. І прыкрасьці дарог
адчуў, як клунак гора за плячыма,
крывёй параненых жарствою ног.
 
Да сьмерці ўсё у памяці зьбяры:
тугу тайгі і прыгажосьці Крыма,
пакутны крык у сутарэньнях Рыма
і водгульле няўцешных перамог...
 
Між жоўтых скал паўдзённае сьпякоты
у пошчаку шчапаецца мой плач,
і плодзяцца штодзённыя турботы
на пераломе спадаў і няўдач.
 
1947
 
 
 
 
*  *  *

#1
Дарма, што на чужой зямлі жыву,
не валацуга я і не бяз хаты: 
удзень і уначы браты завуць
мяне на полудзень у край багаты,
дзе шэлест траў, вішнёвыя сады
і песьні-думы вырасьцілі верш мой,
дзе выпіў я у веку маладым
кілішак гора свайго першы
і мудрасьць даўнюю пазнаў яшчэ,
і шум дажджоў, і звон лістоў кляновых,
усьмешку васільковую вачэй,
і любай цёплае і ласкавае слова...

 

#2
Дарма, што на чужой зямлі жыву,
не валацуга я. Трывалы вязень злому,
як весьні гром, на грані пералому
рашчу спадзеўнасьць спору наяву.
А ўспоруч зь ёй заслону дзён прарву –
да рунных ніў. На зайздрасьць часу злому.
Ля родных стрэх – ахвяраў крыгалому –
схілю сваю пакорна галаву.
Крыштальных сьлёз, што лягуць на далонь,
нап’ецца сум, і сьцісьне боль тугі
мне горам пасярэбраныя скроні.
З далёкіх гораў, краю дарагі,
імкліва мчацца думак мурагі –
прысяга коньніка Крывіцкае Пагоні.

 
1947
 
 
 
 
Ня сыходзяцца горы з горамі
Ня сыходзяцца горы з горамі,
ня збліжаюцца і узвышшы.
Навет думкам, цяжкім і змораным,
на спатканьне ніхто ня выйшаў.
 
Адзінокія, блудзяць сьцежкамі
спадзяваньні пад млосным небам.
І ня хочуць цьвісьці усьмешкаю
рытмы вуснаў на чэрствай глебе,
 
зь весялосьцю чужой ня мірацца,
ня ступаюць сумесна кроку,
на журботнай у песьнях лірыцы
пакідаюць свой сьлед глыбокі.
 
Як упартасьць такую выраку
за мара́мі – на жоўтай высьпе?
Кажуць, голас ліхога выраку
над маёй галавою высьпеў...
 
Бо ня сходзяцца горы з горамі,
ня збліжаюцца і узвышшы...
Навет думкам, цяжкім і змораным,
на спатканьне ніхто ня выйшаў.
 
Амэрыка, сьнежань 1947
 
 
 
 
Сьцені
Лера-аэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Ня было і няма...
Ня было і няма
весялосьці.
І ня будзе.
І песьня памрэ.
Сяньня стогне,
як звон,
на памосьце,
заўтра змоўкне
пад хвалямі рэк...
 
Не прачнецца.
Рабінавым сокам
пахварбуюцца
віру кругі...
На каменьнях
у моры глыбокім
рытмы сьціснуцца
сумам тугім...
 
Каракас, 1948
 
 
 
 
*  *  *
Усё ня так, як думаеш... Жывеш –
і моўчкі мара твая кане...
Гарыш, як росы у траве,
і раптам – кропля ў акіяне.
 
Вятры усьпеняць воды і імчаць,
куды – і сам ня ведаеш нічога.
Умееш гнуцца, плакаць і маўчаць –
умей чакаць і выраку ліхога...
 
Адно із двух: загінеш або не...
Мо’ усплывеш на хвалях, а мо’ канеш.
І як-ніяк... успомні аба мне,
хоць я – і кропля ў акіяне...
 
Каракас, красавік 1948
 
 
 
 
Зрада
Сярод чужых палёў расьціў свой агародчык...
Ён рос і росамі пад зорамі іскрыўся,
ды неяк раз, пасьля дажджоў цяплюткіх ночы,
на кусьціках расьлінаў кветкі расьцьвілі ўсе.
 
Яны і тоны іхных колераў прыгожых
на тле дрымотных гор, як вечар цені зьвесіць,
прыгадвалі сады і шэлест траў ля Сожу
і мройны супакой далёкага Палесься.
 
Так, песьцячы ў душы плён першай сьціплай працы,
адчуў, здалося мне, цяпло чужога лета,
але ня мог назваць уласьніку плянтацый
нязвыклага імя адной з найлепшых кветак.
 
І проста адказаў, у твар зірнуўшы тлусты,
цікаўцу сьпешчанаму – зманлівай спакусе:
«Такія, мой спадар, – вам, пэўна-ж, не да густу? –
растуць і плодзяцца пад сонцам Беларусі...
 
І ўпяршыню яшчэ вось тут, за морам сінім,
краса паўночная палоніць гэтак вока...
Начамі цёмнымі, каб зноў не галасіла
душа мая, сьцішае боль тугі глыбокай».
 
Із вуснаў сьмехам скрыўленай, халоднай міны
пачуўся неўзабаве двухсэнсоўны выснаў:
«Да незнаёмае заморскае расьліны
прыгледзецца бліжэй цікава і карысна»...
 
Нядоўга ў снох маіх той кусьцік цьвіў і рос так,
а першай адцьвіла й завяла ў сэрцы радасьць:
згадаў ураньні ля скамечаных пялёстак
нямудрае імя вазёрнай кветкі – зрада...
 
Вэнэцуэля, чырвень 1948
 
 
 
 
Прыйдзі
Санэт
З блакітнай вышыні прыйдзі, малю, хутчэй
на землі нашыя, збаўленьня дух раскуты,
здымі з грудзей людскіх скрыжованыя путы,
спакой вярні душы і бляск былы вачэй.
 
Мы-ж толькі ў цяжкім сьне – у цішыні начэй –
п’ем сінь нябёс Тваіх – ня хмель зямной атруты...
І разгінаецца касьцяк сьпіны прыгнуты,
і песьні сочацца выразьней і званчэй...
 
Ды сон – плыўкі міраж, нязьдзейсны плод вязьніцы,
мігне, бы стрэл пругкі агністай бліскавіцы,
і ў мур глухі спадзе каля зялезных крат.
 
Зьнікае ўпоруч з ім спадзеў цьмяны збаўленьня:
красу вясны жывой настойліва на спад
вядзе няўмольная, жывая сіла тленьня.
 
1949
 
 
 
 
Восень
Хто сказаў, што цяпер нявесела?
Эх, якая цудоўная восень!...
Расьцьвіла і пад сонцам зьвесіла
галавы залатое валосьсе.
 
Спавіваецца цела мораку
хмелем шоўкавых кос... Дзівіся,
пакуль роскат грымот на золаку
пярунамі тугі ня высек.
 
Ня прыспаны на крылах казкавых
на узьвівах дзівацкі вырай;
цяжка скутае лета ляскае
кайданамі па струнах ліры.
 
Пошчак льне, дзе моўчкі павесіла
галаву залатая восень...
Мо’ таму і душы нявесела,
што сівее зямлі валосьсе?
 
Сакавік 1950
 
 
 
 
Залатая зямлі мяцеліца
Хто сказаў, што цяпер нявесела?
Эх, якая цудоўная восень!...
Расьцьвіла і пад сонцам зьвесіла
галавы залатое валосьсе.
 
Спавівае танюткімі ніцямі,
хмелем шоўкавых кос імшары,
занізала у рудым прыцеме
веснавы неспакой абшару...
 
Пасьмялела. Пад жоўтым месяцам
патушыла агні бліскавіцаў,
каб далёка, дзе зоры месяцца,
не пасьмелі шляхі дзівіцца.
 
Ахмялела... І мулка сьцелецца...
На сьпічастым дарог абрусе
залатая зямлі мяцеліца
закалыхвае сны Беларусі.
 
Пошчак льне, дзе моўчкі павесіла
галаву залатая восень...
Мо’ таму і душы нявесела,
што сівее зямлі валосьсе?
 
Сакавік 1950
 
 
 
 
*  *  *
Найпрасьцей яно – зусім папросту:
падысьці, прыблізіцца да цела,
каб спадзея розьвітку і росту
у грудзёх жарствою не асела.
І рукамі – смугласьцю калянай,
гартаванаю у працы цяжкай –
прыкунежыць шчыра і заглянуць
у журботны твар свае манашкі...
Ціхі роздум шчырасьці няварты,
лепш імкліва пасьці і разьбіцца...
У калоду згорнутыя карты
не адкрыюць сэрца варажбітцы.
І яно – ад посьніцы і посту –
неяк глуха стукае у скроні.
Найпрасьцей яно – зусім папросту:
думкі й сэрца цела – на далоні.
 
Каракас, травень 1950
 
 
 
 
*  *  *
Я шукаў цябе – не знайшоў.
На дарогах сьляды прастылі.
Расплыліся, бы косаў шоўк,
перажытыя з болем былі.
 
І апошняе, чым жыву,
найдарожшы, гавораць, скарб той –
неразумную галаву –
палажыў я на чорную карту.
 
Верасень 1952
 
 
 
 
Даты і іксы
480
Юрку Віцьбічу

 
Пакідаючы попел, узялі адно:
лусту хлеба і пляшку кляновага соку.
І як змрокі палёў засланілі відно,
прыкацілася песьня з дарогаў далёкіх...
 
Галасіла, расла, калаціла абшар
і стагнала ад крыўды над шчасьцем разьбітым...
Гэтак стогне, гавораць, зямная душа,
як плянэты, бывае, зьлятаюць з арбітаў
 
і шчапаюцца напал, імчацца на згін
у халодным сусьвету бяскрайнім разьміне...
Дзе-ж рунеюць шуканьняў людскіх берагі?
Дзе шукальнікаў доля скупая пакіне?
 
На акрайцах зямель негасьцінных, а мо’...
пазяхаючых лавай дзікунскіх абтоках,
каб прыцьміла суровасьць ганебным кляймом
лусту хлеба і пляшку кляновага соку?..
 
І прыспалі у процьмах жахлівых гарбы
вастрасьпінных абвалаў, маўклівых, бы сьфінксы,
жаўтатварыя цені рабоў і рабынь,
пакідаючы на́шчадкам даты і іксы?..
 
Не гавораць вятры плачу тускнай зары,
што скрывавіла сэрца аб гострыя дзіды,
дзе спыняюцца сны: ля каралявых рыф
ці на грудзях шчасьлівай у снох Атлянтыды...
 
Вэнэцуэля, сьнежань 1952
 
 
 
 
Спрытныя жарты
Сонца, важкое і вельмі чырвонае, вечарам
смутак зямлі пакідала зь нежаданьнем упартым,
нібы крывёй аблілі белы твар чалавечаю,
кажучы:
                  «Гляньце на нашыя спрытныя жарты –
квецікі сьціплыя... Ягадкі, моцна налітыя
сокам ружовым, зблізяцца... Зьнішчацца формы
                                                                                                        і масьці»...
Неба чарнела. І хмары дзіравымі сітамі
зоры расьсейвалі, з громам самім каб ня ўпасьці.
Нам-жа нялёгка было на душы: нябывалая
зьява благое нешта сьвету й людству варажыла...
Ейная сіла – магутная – гнула і звала нас
стацца бясстрашнымі... Скоўвала сочыва жылаў.
Потым...
                    з крывёю і потам хвалі прынесенай
полымя прагнае хлынула ў цёплыя покуці
хатаў... Ружовыя квецікі страшнага месіва –
ягадкі – моўчкі глядзелі на сонца упокаце...
 
Вэнэцуэля, сьнежань 1952
 
 
 
 
Жалоба
Было ды з вадою сплыло,
лістамі лілей спавілося...
Па згубе маё сяло
жалобу вялікую носіць.
 
У чорным. І крыж ля ракі.
Таполяў вільготныя бровы
калышуць у вецьці мяккім
утраты і сподзіву словы:
 
«Было ды з вадою сплыло,
лістамі лілей спавілося»...
Над тым, што пад сонцам цьвіло,
і молімся і галосім.
 
Ня вернецца – вечны спакой,
акажацца – выжывем неяк...
Паклонімся хвалі плыўкой
за літасьць і белым лілеям
 
і скажам: было й ня было,
бялюткі... Акрэп і вырас...
Маліся, маліся, маё сяло,
за сьветлы зваротнага выраз.
 
Вэнэцуэля, травень 1954
 
 
 
 
Жылачка
Пад кашуляй зь беларускага радна,
што пашылі на дарогу у нястачы,
вельмі моцна б’ецца жылачка адна,
і здаецца яна гэтакай гарачай,
 
што раптоўна загарыцца й расьпячэ
і нічога не пакіне у бедным целе...
Абясьсілены шкілет маіх плячэй
падпіраецца ўначы гарбатым ценем.
 
І ніякіх прасьвятленьняў. Лекары...
Хіба-ж мне што скажа лекар ці знахар той?
Каб жывога зь нежывымі прымірыць,
і хадзіць да «інжынераў душ» няварта.
 
Пашчапаны землятрусам, белы сьвет
у душы пачуцьцяў сьветлых не замуляў,
спавяшчаюць мне, што жылачкі сакрэт –
у раднянай на плячах маіх кашулі...
 
Далікатных, каб прынесьлі мяккасьць сну,
ня прыму і не надзену – не спакусяць.
Не сябрую з думкай: «Лягу і засну,
і ніколі – бесклапотны – не прачнуся»...
 
Пацярплю. Тканінаю калянага радна
нецярплівасьці пякучасьць заспакою,
каб пад сэрцам гэта жылачка адна
не давала мне ніколі супакою.
 
Вэнэцуэля, студзень 1955
 
 
 
 
Я ня ведаю, дзе ты...
Я ня ведаю, дзе ты,
далёка ад дому ці блізка, –
не гаворыць ніхто.
І калі я такое пачую?
На дарогах,
наваскованых сонцам
і вельмі сьлізкіх,
толькі месяц смутны,
як і лёс мой,
зы мною начуе...
Прыглядаецца,
лушчыць
іскрыстыя зораў зьнічы
і плыве,
і малюе ля пальмаў
і сьцені, і плямы...
Я сьцішаю хаду,
я прыгадваю моцна
тваё аблічча
і вачэй глыбіню,
на сівы апушчаюся камень.
 
Да зялёных вазёр,
дзе пакінуў цябе я калісьці,
прылятаю на крылах балючых
змардованых мрояў.
Вось і дом...
І крывая рабіна ў жалобе –
бязь лісьця,
і чырвонае сонца
у хмарах над Лысай гарою...
Я маўчу.
Я да клямкі дзьвярэй
дакрануцца баюся
і паклікаць...
Каго?
 
Цішыня –
ні бацькоў і ні любай...
Вецер прысак гумна разьдзімае
і попел цярушыць
па-над сьценем маім
ля апошняга ў вёсцы зруба...
Прад вачыма
на месіве глеістым
вуліцаў гразкіх –
мерцьвякі...
Пазіраюць у неба вачэй арбіты...
А цябе –
непаўторнай,
сінявокай мае беларускі,
не знайшоў...
І жыву,
як той колас, вятрамі падбіты,
бо ня ведаю, дзе ты,
далёка ад дому ці блізка, –
не гаворыць ніхто.
І калі-ж я такое пачую?
На дарогах,
наваскованых сонцам
і вельмі сьлізкіх,
толькі месяц смутны,
як і лёс мой,
зы мною начуе...
 
Вэнэцуэля, люты 1955
 
 
 
 
Чорная карта

Самому сабе

 
Як той колас у полі, адзін...
Падстаўляючы сонцу грудзі,
гавару сам сабе я: ідзі,
куды сэрца вядзе, – ня зблудзіш.
 
Пратаптаў-жа ці мала ужо
і дарогаў, і розных сьцежак...
І хоць твар паблажэў і пажоўк,
але-ж дышыш паветрам сьвежым...
 
Ня цурайся. У маршы узваж
таямніцы і маршаў сакрэты...
І як кінуць у вочы: «Ня наш», –
значыць, сьлед твой ля сьветлай мэты.
 
Нятрывалых мінуўшы, прастуй
супраць лютасьці. Літасьці досыць!
Няхай сіла крывую вярсту
разгінае на чэрапе лёсу...
 
Калі зьдзейсьняцца мроі і сны,
раскажы, няслухмяны, упарты,
як марудна з зубоў сатаны
вырывалася чорная карта...
 
Вэнэцуэля, люты 1955
 
 
 
 
Лісты
               
#1
Ня крыўдуй, дарагая Мама,
наяву і у сьне жывеш ты.
Цяплынёю да сьмерці самай
зьнітавала гадоў маіх рэшту.
 
Шмат разоў пасылаў лісты я,
але з хаты – ніякіх вестак;
толькі хмары плывуць густыя,
быццам зьлепленыя ізь цеста...
 
І даносіцца потых га́ры.
Не фабрычнай – лясной, аўсянай.
Не патухлі хіба пажары?
Ці гараць, што пачалі сяньня?
 
Напішы, напішы мне... Проста
раскажы, як казала казкі...
пра ваўка... пра гузы-наросты...
пра дубы каля вуліц гразкіх...
 
Не забудзься пра гоман пушчаў...
пра апошні знаёмы вырай...
Ці-ж няпраўда, што ўжо расплюшчыў
старац вочы свае над лірай?..
 
І яшчэ: накажы на хутар –
сваякам ля зялёных межаў,
каб млынар галавы ня хутаў
ды завозу у сьне ня прылежаў...
 
Пра самога-ж такое ведай,
вось каб толькі-б дайшла дэпеша:
як той камень, – удаўся ў дзеда,
адно сушаць туга і вершы.
 
Ня журыся. На целе, кажуць,
ня сьціраецца знак радзімы...
Хоць і ўпокат дзе-небудзь ляжам,
але зблізімся...
                          Сын Уладзімер.

 

#2
Ці мала мелюць чутак-баек,
ізь белі тчэцца вытвар чорны.
Пра Тамашкрыба Сапсудзея
забыўся папытацца ўчора.
 
Гавораць, быццам гэты выжал
ачнуўся ў дамавіне цесьця...
Брыдзе-ж і ведзьма раны ліжа,
як гіцлі вылушчаць із шэрсьці...
 
Сялу – бяда, а прышлым – сьвята:
душу пякуць салёным варам...
Заўсёды ўецца дым кашлаты
з бліскучых тульскіх самавараў...
 
Гатуйце зёлкі у гарнушку,
замоўце пацерамі, словам...
Каб быў твой сын крылатай птушкай,
прымчаў-бы лекаў адмысловых...
 
Дастанеш... Мама, раю шчыра:
каб больш ня стукаліся ў дзьверы,
скажы асоцкаму Няміру
пра сэнс лістоў і Тамашкрыба...

 

#3
Радасьць якая, мой любы сыне:
вестка як зь неба звалілася. Бачыш,
Бог сьцеражэ і нідзе не пакіне,
і мама ад шчасьця хоць раз паплача...
 
Ведала: ты не маленькі і дужы,
але ці доўга шэльме жыцьцё ўкрасьці?
Я-ж і дагэтуль хаваю кужаль,
хочацца ’шчэ на кашулю напрасьці. 
 
Думала: ён-жа паўсьвету выжнаў,
пекла тайгі перажыў і выжыў.
Як ня прыедзе, дык слова нізам
зь ветрам прыкоціцца і з-пад Парыжу...
 
Нялёгкія цяпер у нас часы,
з чаго пачаць, ня ведаю сама я.
Хачу пісаць і не магу, мой сын,
бы нехта за язык мяне трымае.
 
А неспакой расьце ўсё і расьце,
і за вакном скрыпіць і плача ліпа.
І мне здаецца, любы, што ля сьцен
вушамі шпіка цень прыліпла.
 
Асадка часта падае із рук,
ня літары, а нейкія крывулі.
Напэўна, родны, я ўжо і памру,
не галава – разьбіты трухлы вулей.

 
Паўднёвая Амэрыка, кастрычнік 1955
 
 
 
 
Да пары, да часу...
Пад Менскам,
              на могільніку,
                            дзе буры
скалечылі
        помнікі даўнасьці і крыжы,
схіліўся,
        як старац,
                  на жораст буры
абломак каменны
                із словам
                        «...жыць...».
Каму
    прыціскаў
            гэты камень грудзі,
ніхто не адкажа:
                ні я,
                    ні мы...
Спалоханыя
          разбурэньнем
                      людзі
чыталі,
      укленчыўшы,
                    надпіс нямы...
...Тутэйшы
          ці блізкі...
                    чужынец адкуль мо’?
А можа й далёкі
                ды родны такі
з-пад Каракасу,
              Токіё
                    ці із-пад Ульму
крывёю
      урэзаўся ў нашы вякі...
А можа...
          Было-ж і такое...
О,то-та-ж...
            Даўніну,
                    памяць думак жывых крані!               
Чарнаскуры,
            із роду жывых гатэнтотаў,
мог імчацца 
          ў пагоню
                  на белым кані...
І вось я,
        перакроены
                  часам і векам,
тым,
    што ціснуць
              у пух камяні,
гавару:
      заслугоўвае імя чалавека
той,
  жыцьцё што любіў,
                      як сын
любіць маці
          ў жыцьці
                    й па сьмерці,
разумеючы
          вартасьць жыцьця і крыві.
І ніхто не пасьмее
                  ні сьпляміць,
                              ні сьцерці
імя добрага.
            Скажуць – жыві!
І прысыпаны
            жорастам
                    стоптаны насып,
абломак
        каменны
                із словам «...жыць...»
разгадаюць;
          з парой,
                  з часам,
імя вырубцуюць
                на крыжы...
 
1955
 
 
 
 
Кавалачак неба
Да плямкі шкляной – вакна –
кавалачак сіні неба
прыліп і гаворыць: «На,
вазьмі, калі вельмі трэба»...
 
Ня веру сабе. Маўчу.
Ня чуў ад людзей ніколі,
каб нейкі калі хлапчук
сьвятое дастаў рукою...
 
Ад дзіва у шпік касьці
уклініўся раптам верад.
Памкнуўся было ісьці –
ня дзьверы – каменны невад...
 
Кавалачак той, яшчэ
шчырэй каб яму аддацца,
у бляску маіх вачэй
трывогу душы намацаў...
 
«Я-ж ведаю, хто і чый, –
ні заваду злосьці дзіка.
Вазьмі-ж мае, вязень, мячы
ды з Богам! Удачы вялікай»...
 
Паўдзённая Амэрыка, кастрычнік 1955
 
 
 
 
Шчасьце
У далоні меў тваю далонь –
цяплыню і вусны каля вуснаў...
Але шчасьце лёсам не далося
цярплівосьці маёй. Спакусных
 
спадзяваньняў прадзіва імкне,
каля сэрца мосьціцца глыбока.
І шчымяць, здаецца часта мне,
у душы глухія шчасьця крокі.
 
Я-ж цярплю. Пазнаў грахі віны
і пакінуў думак бераг плыткі...
Каб спаткацца і ніколі больш ня ныць,
я-б навоі песьняў табе выткаў.
 
Але-ж ты, чароўнасьць сноў і дум,
угібаная у хлуд хаўрусны...
Мне хварбуеш, дзе й куды ні йду,
і штодня брусьнічным сумам вусны.
 
Кастрычнік 1955
 
 
 
 
Грахі
Разышліся, як дарогі ў полі,
супраць ветраў і вятром наўсьціг.
Не сьпяшаліся, ішлі паволі –
вельмі-ж не хацелася ісьці.
 
Адплывалі хутары і вёскі
за прыцьмелы дымам далягляд...
Распластаная, пчаліным воскам
пахла беларуская зямля.
 
Сухатвары белы сьвет, няблізкі,
навашчыўшы поўсьці жоўтай хіб,
сустракаў нас жованым агрызкам
невідзі за нашыя грахі...
 
Кастрычнік 1955
 
 
 
 
Пракалоліся вочы жалю
Я нічога зь сябе ня выжаў,
а суседзі даўно зажалі...
На іржэўніку іхным – рыжым –
пракалоліся вочы жалю.
 
Не хварэю. Ці шмат, ці мала –
не свае-ж, а чужыя копы.
Вось яны і пад сонцам вялым
пакаціліся-б жоўтым снопам.
 
Не змаўчаў-бы. «Прыемна, выжал,
што ня маю да трупа жалю?
Не прапаў я, – бяз хлеба выжыў,
а вы – самі сябе зажалі...»
 
Лістапад 1955
 
 
 
 
Шлях
Ня ўлукаткі, а проста – напрасткі,
адмерваючы вёрсты крокам спорным,
кладзецца шлях на жорасьце хрусткім
перад вачыма зайздрасьці супорнай...
 
Настойліва імкнуцца урачы,
а ён, каб з прытаптаным не спаткацца,
у сховінах рабінавай начы
глянцуе спрыт, што ў даўнасьці намацаў.
 
Паўдзённая Амэрыка, кастрычнік 1955
 
 
 
 
Вусны і песьні
Прачніцеся, вусны і песьні,
каб думак у сэрцы ня сплесьніць,
 
каб подых вятроў і рэклямаў
дарожкі вузюткай ня спляміў,
 
ня гэтай, што топчам і полем,
тае, што шлюбуецца з болем,
 
няходжанай, з пахам чабору,
дзе вербы з жытамі гавораць,
 
дзе сочыцца ў мякішы ночы
халодны рабінавы почат
 
і плачуць па восені руннай
завеяў журботныя струны...
 
Прачніцеся, вусны і песьні,
каб думак у сэрцы ня сплесьніць.
 
Вэнэцуэля, кастрычнік 1949
 
 
 
 
Неспадзявана
Неспадзявана сьцішылі хаду.
Спыніліся. Ля вогнішчаў гарачых
варушыць ноч ня першую жуду
над чарапамі жоўтымі няўдачы.
 
Тугой брыняюць снасьці і чаўны...
Шчапаюцца раздвоеныя маршы,
і водгалас у пошчаку лясным
губляецца на ганьбу плыні нашай...
         
            _____
 
Мінаюцца кварталы і слупы,
паўторваюцца фарбы і рэклямы...
У роспачы ад вымыслаў скупых
малярскі квач палотнішчы папляміў...
 
Хвалююцца сябры. А гледачы
падлічваюць нячуваныя кошты...
Вазьму, бадай, я брамы на ключы,
каб ня дзівіліся
і ня пыталіся – навошта...
 
            _____
 
Хацеў пісаць ня вершы, а лісты,
ды словы глейкім сумам наліліся.
Упаў з-пад рук пазычаны кастыль
і рану цяжкую у грудзях высек.
 
Упартая ад болесьці, яна
ня лечыцца, як модна ні залечвай, –
шчыміць. Дрыжыць напятая струна
па ростані і няблізюткай стрэчы.
 
Брэмэнгафэн, верасень 1947
 
 
 
 
Далей і далей
Хвалі ад берагу – далей і далей...
Чым іх усьцешаць туманныя далі?
Спыняць, расьціснуць на сьпінах наплываў
дугаў тугія зялёныя грывы,
пенаю жоўтай на мелях затокаў
вецер прыгорне у краі далёкім,
буры сівыя глыбінь безьязыкіх
век закалышуць на поўначы дзікай...
Лепей употай на пальмавай высьпе
пэрлавай занізьзю рос было высьпець,
кроплямі цёплымі – дожджыкам чыстым –
спорна разьліцца над краем вячыстым,
краем, што стогне і б’ецца у русе...
Гора-ж і ім і маёй Беларусі...
 
Карыбскае мора, ліпень 1950
 
 
 
 
На ганьбішчы славы
Прыляж да зямлі і паслухай, як кліча
апошняя змрочная часу гадзіна...
Ля Сожу, Дняпра, каля Сьвіслачы, Пцічы
калоцяцца грудзі падбітай Радзімы;
 
і стогне, як гораў цяжкія абвалы,
як бура, як роскат магутны улевы,
ад гора, ад крыўды на ганьбішчы славы
гарачае цела, налітае гневам.
 
Рубцуе, бы вогненны выліў вулькану,
зьнішчэньне свой поступ на твары
                              стагодзьдзя.
Хто-ж выйдзе, каб боль наш у вечнасьці
                              кануў,
і скажа апошняе: «Досыць-жа! Годзе!»?
 
Крывёю жаўнеры Крывіцкай Пагоні
шляхі паласкалі на бітнішчах пушчаў,
каб жоўтыя горды на руністых гонях
ня сьмелі спакою нашчадкаў разлушчыць,
 
кранацца вазёрнага звонкага плоду,
пясчынкі адзінай, пылінкі ад спору,
каб рэчак блакітных жывільныя воды
ім сталіся пострахам скрутнага мору,
 
каб вобразы волатаў – продкаў – паўсталі
з байніцаў Нямігі, з Высокага места,
каб голас мячоў зь беларускае сталі
азваўся на покліч нярадасных вестак.
 
Пачуў я, як моцна, упарта нас кліча
апошняя змрочная часу гадзіна...
Ля Сожу, Дняпра, каля Сьвіслачы, Пцічы
калоцяцца грудзі падбітай Радзімы.
 
Вэнэцуэля, ліпень 1952
 
 
 
 
Жыцьцё
Шанаваў я цябе, кунежыў,
захапленьне ня мела меж,
а ты сьціснула злосна межы,
каб маліліся д’яблу веж...
Не скарыўся. Ураньні – нашча –
прысягнуў шчыра Сіле сіл:
«Лепш прапасьці ці быць прапашчым,
як пад сэрцам вужа насіць».
За упартасьць маю, няпослух,
за свае – не мае – грахі
звахтавала ў затоках вёслы
і шпурнула на грозны хіб
акіяну: «Плыві і кайся,
прыліпай да чужых зямель –
у Пэру, ля канадскіх пасек,
і такое трымай на ўме:
за упартасьць тваю, няпослух,
за падняты угору сьцяг
не прачнуцца у песьнях вёсны
на абломках скупых жыцьця...»
І як вырак, сухі і згуслы,
непапраўны – із вуснаў зьбег, –
скамянеў, не крануўшы вуснаў,
пераняты у горле сьмех.
 
Вэнэцуэля, чырвень 1954
 
 
 
 
Няпослуху дзівацкага сакрэт
Патоляй сьвет ня лашчыў нас ніколі,
і прыкрым быў чужы ля хаты сьлед.
«Ля родных стрэх шукайце, дзеці, волі», –
пакінуты вучыў нас запавет.
 
А мы пайшлі-такі у белы сьвет
пад націскам нясьцерпнай гідкай голі...
Як гнеў раба, сьціскаецца ад болю
няпослуху дзівацкага сакрэт.
 
І ганьбіцца зямлі ружовы цьвет,
зьнішчаецца на зыбкіх плынях золі...
Які-ж пакінем дзецям запавет,
пакутнікі зьнявераныя долі?
 
Паўторым нешанованы, а мо’...
... Сьмяротнае зямлі чужой ярмо.
 
Вэнэцуэля, сакавік 1954
 
 
 
 
Ля берагоў крывіцкае Нямігі
Уецца шлях гразкою каляінай,
а часам камяністасьцю ўстае.
Сьціскаецца, суродзічы мае,
ад гневу голас песьні сакалінай.
 
Бы грэшнік той, прад чорнаю гадзінай
малюся сонцу. Вельмі-ж не стае
журботнае, вазёрнае мае,
далёкае і блізкае – адзінай...
 
Калі-ж, калі зьнітуюцца з Радзімай
пад сонцам дум сьпялюткіх невады?
Заплодненыя сподзевам, сады
ўсупор зышліся з постыняй азімай...
 
І крышацца ільдоў грымотных крыгі
ля берагоў крывіцкае Нямігі...
 
Вэнэцуэля, сакавік 1954
 
 
 
 
Сябром
Мякка сьцелюць, ды мулка спаць,
і ніяк мне цяпер ня сьпіцца,
калі зноў, каб душу расьпяць,
калупаюцца ў сэрцы сьпіцай.
 
Не засну – пастаю пакуль,
абапруся на кій вішнёвы,
каб, зірнуўшы на цені куль,
сьцерагліся начныя совы...
 
Калі-ж часам нясьцерпны змор
пераможа мяне, скажыце,
што упала з плячэй ярмо,
калі сэрца сьмяротна выцяў...
 
Вэнэцуэля, сьнежань 1954
 
 
 
 
Вузкі стрыб дугі
Сонца плавіцца, а я, дзівак, бажуся,
што сьвет плыняю ільдзянаю ацёк,
што нязручна чалавеку у кажусе
разьмінацца з пакалечаным жыцьцём.
 
Прыдзівіцеся, як корчыцца між вулак,
нібы старац... На далонях жоўтых рук
перад кажнаю пад поўсьцю тлустай мулай
падымае растаптаную зару,
 
на кавалкі пашматкованую ўчора...
У правалінах вачэй – вагонь і плач.
Мы, спыніўшыся, стаім на пляцы чорным
ля патухшага даўным-даўно цяпла
 
або спорым у бязладнасьці таропкай
каля прасел збуцьвянелых верад жыл,
падстаўляючы пытальнікі пад кропкі,
а над клічнікамі – кропкі і крыжы...
 
Сонца-ж плавіцца... Вялікі почуў сілы
у крыві гарачай. Думак бег – тугі...
Падпаўзаем, як вужы, пад камень сівы
з прыладованай на вузкі стрыб дугі...
 
Вэнэцуэля, студзень 1955
 
 
 
 
Не прабуджанае сонцам раньне
Не хвалю нічога
і ня ганю,
яно ўсё мінулася,
але
водгульле
расьцёртага змаганьня,
попел сноў,
вясны
і лёс калек,
помнікі
і слова –
чалавек,
вобразы
на сплямленым экране –
ўсе яны
сьцігуюць,
часта сьняцца,
пераймаюць
на жалобным пляцы
і выразна кажуць мне:
«У вочы
раніцы
пільней
вазьмі зірні!..
Калі сум
сьлязьмі
іх надта точыць,
сам звуглее
ў заўтрашнім вагні,
ледзьве
іскрай прысаку
крані
волю моцную
на спадзе ночы»...
Гавару усім ім:
«Не баюся
пазіраць у вочы
Беларусі»...
На зямлі
я тое толькі ганю,
што іржою ганьбы
заплыло...
Мужнаму –
сьпяваю гімн змаганьня,
прад памерлымі –
зямлі чалом...
Муляецца
камяным вузлом
не прабуджанае
сонцам раньне...
І чаму-ж
ахвяры цяжкіх мук
не падняць
сваіх мільённых рук?
Не сказаць:
«Шпарчэй!
Мацней!
Мужней!» –
ня ськіпець каб сяньня
на ражне?
 
Мюнхэн, ліпень 1956
 
 
 
 
Сіла рэчы
Учора цяжка зробленая рэч
на ўсіх жывых глядзіць, нібы на рэчы.
І як ты формы ейнай ні калеч,
яна прыймае вобраз чалавечы...
 
На ёй відны і пот, і пальцы рук
майстроў мастацтва, творчыя удачы
душы, цярпеньня, высілкаў і мук,
і сэрца трапяткога пульс гарачы.
 
Нямая – рэч і сноў і насалод –
трымае, сьцяўшы, сілу чалавека...
І ён, хаваючы у мроях сум згрызот,
маўчыць, як крыўдай выцяты калека.
 
Мюнхэн, студзень 1958
 
 
 
 
Помнікі і абэліскі
На плошчы – помнікі і абэліскі
вялікім сьвету й богу Сонца-міту.
Схіляюся, паклон усім шлю нізкі –
халоднай броньзе, мармуру й граніту.
 
А ў думках паўстае маіх: каторы
зь іх край вось гэты мілаваў бясконца?
І вецер з гор данёс: «Канкістадоры,
прыкрыўшыся сьцягамі бога Сонца,
 
ня мелі ў сэрцы любасьці. На балі
агню й мячоў паклалі ў дамавіны
усё, што мы цаной крыві прыдбалі,
пакінуўшы гранітныя ўспаміны»...
 
Мюнхэн, студзень 1958
 
 
 
 
*  *  *
Слухаць мову тваю, Радзіма,
у маленсьцьве сваім прывык.
Ты сказала мне:
зь цемры зімаў
25-ты прыйшоў Сакавік!
 
Над вазёрамі,
над берагамі
плынных рэчак
жыло цяпло...
У суцэльнай
узьнёслай гаме
памірала чужое тло.
Сокі глебы паілі травы.
Сокі веры расьлі ў душы.
Дзень няўмерлай крывіцкай славы
сьлёзы долі людской сушыў.
Ды ня высушыў.
Здань Дракона
патушыла жыцьця прамень.
Ля Марыі – сьвятой іконы –
жыў у сэрцы Хрыста той дзень
вызваленьня і сымбаль Веры –
несьмяротны прамень жыцьця,
каб, як продкі нашчадкам, верыць
у абмыты крывёю сьцяг
Перамогі...
Дракон драпежны,
прагавіты мае крыві,
зруйнаваў майго краю межы,
каб упадак жыцьця жывіць.
 
Не памёр Сакавік –
жыве ён!
У маленсьцьве да волі прывык.
Хай-жа цемру і боль разьвее
41-шы наш Сакавік!
 
1959
 
 
 
 
Роднае слова
Я ня жыў безь цябе.
Шанаваў і сьцярог,
лашчыў ласкай
і казкай лясною,
каб ня ўмерла,
крый Божа,
ля чорных дарог
Беларускае роднае слова.
 
Ня згінайся, малю я,
расьці і жыві.
Будзь і сокам,
і звонам вясновым,
але ў сэрцы маім,
у іскрыстай крыві –
Беларускае роднае слова!
 
Кожным гукам зьвіні,
пладзі песьню-красу.
Ты –
жыцьця майго
скарб і аснова!
Як малітву, цябе
у сусьвет панясу –
Беларускае роднае слова!
 
Сьнежань 1962
 
 
 
 
*  *  *
Хоць у сьне ты мне, вазёрная, прысьніся...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Там, на Радзіме, ля Пцічы-ракі...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Перада мною новыя лісты...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
З табою, родны, блізкі і далёкі блакітны край...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Скажыце, дзе вы бачылі такое...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Вось і вуліца тая і ліпа...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Ад маленства і жыў і рос там...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Дзьверы насьцеж...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
За горадам, як выдзьмуты пухір...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
На зялёныя лісткі...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
...І давядзецца мо’ калі...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Як ласку матчыну...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Пра што-ж я раскажу табе...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Ля сініх вазёраў спаткаліся мы...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Цішыню парушылі вятры...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Гаварыла і "так" і "але"...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Я ведаю, ты не са мной...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Месяц ліпень і места Глыбокае...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Ня спляміцца і не заліпне...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Вечарэла, стомлены, ля ганку...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Стомлены цяжкімі думамі...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
З-пад стэпаў-пустак прытаўкліся...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Нарадзіліся марудна і дасьпелі...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Заставацца – небясьпечна...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Праз горы, праз мора, праз акіян...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Яшчэ адзін паставіў крок ты...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Ад Каракасу да Маракаі...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Ісьці ці застацца?..
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Адкрываць ня ўмею ніякіх Амэрык я...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Ці варта караць за нямудрае...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Ня мёд п’юць, а чэмер упалыя грудзі...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Калісь такім маленькім быў...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Злыя хмары плылі з усходу...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
За днямі дні і месяцы за імі...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Чужое гора вымераць нялёгка...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Часам голаў ускружыць такое...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Маўклівы і такі сівы...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
З расколін чэрвеньскага землятрусу...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
У цішыні трывожны шум...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
На няпростай, крутой дарозе...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Гавораць, што ўсё ня гнуся я...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
І вузей ’шчэ прыжмурыў вочы...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Думкі – пыл ліпкое мелі...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Ня сплямілася, не заліпла...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
На пераломе спады і няўдачы...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
На пераломе спадаў і няўдач...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Пасьля адліву спадаў і няўдач...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Душылі іх майстры адметнай пробы...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Тасуюцца і плямяцца тузы...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Апошні ліст календара...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Запавет (*** Як памру я, пахавайце...)
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Ня грэе сонца на чужыне (*** Ня грэе сонца на чужыне...)
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Думы мае, думы мае (*** Думы мае, думы мае, цяжанька мне з вамі!..)
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Мінаюць дні, мінаюць ночы (*** Мінаюць дні, мінаюць ночы...)
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
На вечную памяць Катлярэўскаму (*** ...Праўдзівы мой дружа!..)
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Каўказ. Урыўкі з паэмы (*** За горамі горы, хмарамі спавіты...)
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
«Даруй, што я плачу...»
Замест успамінаў
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Тайніцы Сьляпянскага лесу
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Успаміны
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Апавяданьне
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Абразок
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Перад бурай
Урывак з аповесьці «Голас крыві»
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
У палоне думак
Урывак з аповесьці «Голас крыві»
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.