РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Дудзіцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Тайніцы Сьляпянскага лесу
         За Менскам, на шостай вярсьце ад Парку Культуры й Адпачынку, у лесе Малой Сьляпянкі, пахаваны вялікія тайніцы жыцьця. Сьляды страшэннага злачынства пазарасталі даўно мохам і травою, але памяць часам ня сплямілася.
         Я хачу расказаць пра тое, што бачыў на собскія вочы, і тое, што гаварылі мне жывыя сьведкі ды апавядальнікі чутага ад іншых. Ня ведаю, дзе цяпер гэтыя людзі. Бальшыня зь іх, напэўна, загінула ў канцэнтрацыйных лягерах Сібіру, а косьці іншых, магчыма, буцьвеюць у тым самым Сьляпянскім лесе... Пра гэтую праўду не напіша ніколі ні маскоўская «Праўда», ні менская «Зьвязда».
         1932 год. Студэнты Менскага Пэдагагічнага Тэхнікуму імя Ўсевалада Ігнатоўскага адбывалі на Дасьледчай Станцыі ў Малой Сьляпянцы сваю месячную сельскагаспадарчую практыку. Дырэктар станцыі папярэдзіў: «За дзьвесьце мэтраў ад баракаў пачынаецца ваенная зона, хадзіць туды забараняецца!»
         Аднаго дня наказалі мне, што бацькоў выгналі з калгасу, а старэйшага брата пасадзілі ў турму. Хацелася йсьці на край сьвету. Надвечар я паклікаў блізкага сябра Сяргея Русаковіча, маладога беларускага пісьменьніка, і мы, нікому нічога ня кажучы, падаліся ў лес. «Стары Барыс, што корміць канадыйскіх карпаў у сажалках, кажнага досьвітку бачыць «чорнага ворана», а тая ў лесе камяніца, кажа ён, ня дом адпачынку, а нейкая катавальня...» – гаворыць Сяргей. «А Рачыцкая, дачка камісара, гаворыць, што там поўна хворых», – заўважыў я. Розныя ходзяць чуткі... Каля забалаці, улева ад чыгункі Менск-Масква, мы прачыталі напісанае чырвонымі літарамі: «Конскі могільнік. Небясьпечна!» Мноства засыпаных і незасыпаных ямаў. Кавалкі гліняных трубаў, кучы хваёвых слупоў і скруткі калючага дроту. «Гэта, гаворыць сябра, для адводу вачэй... Барыс ведае ўсё чыста, папытайся толькі яго»...
         Лес гусьцеў і рабіўся цямнейшы перад заходам сонца. У подыху вільгаці пахла трупной гнілотай. І вельмі блізка... Пачалі шукаць. «Бачыш?» – з жахам зьвярнуўся я да Сяргея. Дагэтуль не даваў веры, што можа ледзянець цела й заміраць сэрца. На плашчыні нейкіх трох гэктараў, паміж радамі пасаджаных у 1925 годзе хвоек, жаўцелі, размытыя пазаўчарашнім дажджом, маленькія курганкі і велікаватыя насыпы. Было іх нешта каля шасьцідзесяці на першым пляне, а далей – яшчэ... і яшчэ... Шмат якія былі заваленыя ламаччам.
         Весткі з дому і пах магільнай, чалавечай гнілі адурманілі галаву. Я адарваў вокладку Марксавага «Капіталу» і напісаў: «Пад якімі-ж курганамі буцьвянеюць косьці маіх братоў: Якава, Уладзімера, Андрэя і Вінцэся?» Вокладку насадзіў на сук галіны, што абдымалася з аброслым травою курганам. «Ты звар’яцеў, ці што?» – з трывогаю крыкнуў Сяргей Русаковіч. Мне таксама хацелася крычаць і клікаць людзей шукаць родных і блізкіх. Пакідаючы месца вялікага бойнішча, гэткія словы вырваліся з маіх грудзей: «Пачакайце, бальшавіцкія далакопы»...
         На скрыжаваньні лясных сьцежак убачылі мы некалькі мужчынаў з рыдлёўкамі ў руках, абкружаных чырвонагаловымі энкавэдыстымі з сабакамі. Нельга было ўцякаць: перад намі стаяў ужо чалавек з аўтаматам. У вобразе гэтага двухногага зьвера я пазнаў рабатварага Васіля, Гіцля Бессардэчнага, як празвалі яго людзі маіх родных Дудзічаў. «Нешта вельмі шмат коней здыхае ў вас...» – сказаў я не вітаючыся. «Глядзі, разумнік, каб замест каня твая галава ня трапіла ў яму... Ідзі, каб і духу твайго ня было тут... Пагаворым пазьней», – аўтарытэтна выказаў Гіцаль Бессардэчны.
         Каля Дасьледчай Станцыі сустрэлі нас сябры: Сяргей Астрэйка, аўтар ненадрукаванай выдатнай «Бэнгаліі», Сяргей Гайка, Касянкоў, брат Міхася Зарэцкага, і студэнт Адам, пляменьнік Адама Бабарэкі. Апошні, моцна ўсхваляваны, паведаміў: «Дзядзька Барыс і студэнт Ахрэмчык – арыштаваныя. Дырэктар пытаўся пра вас...»
         Ноч была няпрыемнай і вельмі трывожнай. Усе драбніцы, як жывыя, стаяць перад маімі вачыма. Мне здаецца, што й цяпер яшчэ чую дзікі крык ратунку, які даносіўся тае начы да нашага слыху з-пад таямнічае жоўтае камяніцы Сьляпянскага лесу.
         28-га лютага 1933 году вокладка Марксавага «Капіталу» зь імёнамі маіх братоў ляжала на стале сьледчага ў мурох Менскага НКВД. Сухатварая Навіцкая, што часта наведвала рэдакцыю газэты «Савецкая Беларусь», а пазьней і Малую Сьляпянку, гаварыла магільным голасам: «Вось мы й спаткаліся... Спадзяюся, што спаткаешся і з братамі...»
         Увесну 1935-га году ў чырвоных мурох Марыінскае турмы, у Сібіры пазнаёміўся я зь Вячаславам Ануфрыевым, былым малодшым лейтэнантам Менскага НКВД. Аднавокі сухотнік часта паўтараў мне: «Моцна пакараў мяне Бог за сьляпянскія душы... Ляжыць там ня менш дзесяці тысячаў».

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.