РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Маркоўны агонь
1
        
        У Ракiцкага рудыя, бы гнiлы яблык, валасы, маленькiя балоцiстыя вочы, а ў душы гарыць маркоўны агонь. Таму ён увесь наскрозь свецiцца, i нават, калi апранае чырвоны спартовы строй, усё роўна можна ўбачыць трапяткое полымя, што апанавала душу.
        Яго iмя – Расцiслаў. Нiякай вытанчанасцi нi ў iменi, нi ў прозвiшчы няма. Расцiслаў Ракiцкi. Хiба што ў суфiксе ёсць дробнае калiва каталiцкай шляхетнасцi. Тым больш няма дасцiпнасцi ў мянушцы Морква. Але ж за мянушкаю хаваецца яркi, як i любое здарэнне ў дзяцiнстве, факт.
        Выдатнiк чацвёртага класа Пружанскай школы-iнтэрната для дзяцей-сiрот выгадаваў на прышкольным гародзе самую вялiкую моркву ў СССР ураджаю 1961 года. Яна заважыла ажно 3 кiлаграмы 607 грамаў. Моркву вазiлi на Усесаюзную выставу дасягненняў народнай гаспадаркi ў Маскву.
        Толькi спачатку было свята ўраджаю ў Пружанах. Расцiслаў, тады яшчэ Слава, пашыў сабе строй морквы: памяранчыкавы балахон i зялёную шапачку. На свяце ён iшоў па цэнтральнай пружанскай вулiцы паперадзе калоны вучняў, што неслi транспаранты з лозунгамi: "Кожны год – ураджай большы!", "Кукуруза – гэта сала, кукуруза – гэта мяса, кукуруза – гэта малако", "Камунiзм пераможа па ўсёй зямлi!", "Добры вучань – добры памочнiк па гаспадарцы!"... Той, хто не меў транспаранта, нёс кашы ды скрынi з гароднiнаю цi садавiнаю, а таксама снапы жыта. Слава нёс моркву на выцягнутых руках. Папярэдне ён яе так вышараваў i вымыў, што морква зiхацела, як пластыкавая лялька. Па свяце хлопчык хацеў забраць з дырэктарскага кабiнета сваю ляльку i падарыць мацi, каб тая стушыла яе, але дырэктар паведамiў з самым сур’ёзным выглядам, што моркву давядзецца везцi на выставу ў Маскву i ён ганарыцца за Славу.
        У саюзнай сталiцы выдатнiк тры днi прасядзеў у гатэлi "Мiнск". Моркву забралi ў першы дзень. У гатэль наведаўся кiрпаты, цалкам лысы дзядзька, якi праз кожную хвiлiну выцiраў свой сыты спатнелы твар пакамечанай хустачкаю. Ён ухвалiў моркву, пацiснуў руку настаўнiку фiзкультуры, якi суправаджаў Славу, i забраў экспанат, так ён перахрысцiў морквiну. Другi i трэцi дзень вучань з настаўнiкам прачакалi немаведама чаго ў гатэльным пакойчыку, перанаселеным прусакамi.
        На памяць пра тое падарожжа ў Ракiцкага засталася мянушка Морква i ў дадатак яшчэ i грамата ўдзельнiка Выставы дасягненняў народнай гаспадаркi СССР. На чырвона-залатой грамаце стаяла шмат подпiсаў i ажно тры круглыя пячаткi з гербамi. Адна пячатка крыху размазалася, i гэта засмуцiла акурацiста i выдатнiка, якi пiсаў без выпраўленняў i памарак.
        А настаўнiк фiзкультуры па сакрэту ўсiм Пружанам распавядаў, што вялiзную моркву прымаў не хто iншы, як сам Мiкiта Сяргеевiч Хрушчоў. Нiхто ў Пружанах не мог аспрэчыць аповед настаўнiка, бо Слава з маленькiм чамаданам i вялiкiмi надзеямi з’ехаў вучыцца ў Мiнскую рэспублiканскую школу-iнтэрнат для адораных дзяцей па музыцы i выяўленчым мастацтве.
        Калi ўзнiкненне мянушкi Морква акрэслена дакладна, дык час з’яўлення агню ў Слававай душы невядомы. Пэўна, ён гарэў ад самага нараджэння i нават у самыя лютыя маразы праяўляўся густым рабацiннем на блакiтна-шархатай скуры.
        
        
        
2

        
        Пазнаёмiўся я з Ракiцкiм у iнстытуце, на факультатыўным семiнары па гiсторыi архiтэктурнай кампазiцыi.
        Прыходжу на семiнар, а ён сядзiць за выкладчыцкiм сталом i забаўляецца з навостраным алоўкам: пастуквае па сшытку не то тупым канцом, не то завостраным.
        Выкладчык, Алег Уладзiслававiч Хадыка, iнтэлiгент i фiлосаф, сказаў, што заняткi правядзе Расцiслаў Васiльевiч Ракiцкi, супрацоўнiк рэстаўрацыйных майстэрняў.
        Мы пачалi разбiраць кампазiцыю карцiны iтальянскага маньерыста Перуджына "Ператварэнне Саўла ў Паўла", зробленую паводле бiблейскага сюжэта: Бог скiнуў з каня воiна Саўла, i той ператварыўся ў казаннiка апостала Паўла. Незаўважна з бiблейскiх цытатаў мы саслiзнулi на лiрыку. Маньерызм вельмi коўзкi – усё цячэ, усё мяняецца, саслiзгвае, скажаецца, выпадае з рук. Разбiраць кампазiцыi маньерыстаў ледзь не тое самае, што збiраць паасобку на паперку ртутныя шарыкi, выпушчаныя з градуснiка. Мы канчаткова заблыталiся ў пiшучай павуце недакладных цытатаў. Вось тады Ракiцкi i пажартаваў, прачытаў трохрадкоўе:
        
Няўжо вы, пташкi,
Зведалi адзiноту
Па-над зямлёю?!
        
        Ён запэўнiў, што гэта верш японскага паэта Мацуа Басё. XVII стагоддзе, удакладнiў Расцiслаў Васiльевiч. Мы паверылi, XVII стагоддзе – гучыць вельмi пераканаўча i свежа, асаблiва ў iмперыi, дзе на працягу дзесяцiгоддзяў навязваўся расейскi культ XIX стагоддзя з ягонымi фiласофiямi, лiтаратурай i мастацтвам... Але вернемся на семiнар. Калi Пiранезi ды Пiзанела мы ўжо адрознiвалi, дык уся японская класiка вершаскладання ад Басё да Іса выглядала аднолькава: што Ранран, што Бусон. I ўсё ж, нягледзячы на гэткi адукацыйны прагал, мы з гонарам выйшлi з крывых лабiрынтаў маньерызму i адкрылi для сябе выгнутае люстэрка iх рафiнаваных кампазiцый.
        А тое, што Расцiслаў Васiльевiч пажартаваў, высветлiлася толькi праз год.
        Мой аднакурснiк, меланхалiчны Хведар Лось, якi таксама меў гонар наведваць факультатыў, зрабiў шрыфтавы плакат, дзе напiсаў працытаванае трохрадкоўе. Я да таго часу паспеў даведацца, што Басё стварыў – i сапраўды ў XVII стагоддзi – школу хайку, але каму належаў верш, прачытаны Ракiцкiм, заставалася таямнiцаю. Ажно пакуль сам Расцiслаў Васiльевiч, стоячы каля Хведаравага плаката, не сказаў, што трохрадкоўе пра пташак уласна ягонае.
        Ракiцкаму не адмовiш у пачуццi гумару, калi яно ёсць, дык ёсць, нават такое гiпертрафаванае – жарт доўжыцца год. Зрэшты, у яго ўсё не зусiм нармалёвае.
        "Нармальная ненармальнасць", – казаў Морква пра iншых, а пра сябе разважаў: "Ну скажыце, цi ёсць больш абсурдны занятак за прафесiю рэстаўратара? Зноў донкiхоцтва, зноў беспаспяховае змаганне з ветракамi. Штодзённае пераконванне сябе i ўсiх, што i пасля смерцi будзе доўжыцца тваё жыццё, толькi ўжо ў рэчах, у адрапараванай матэрыi. I адпаведна працягласць жыцця будзе залежаць ад майстэрства рапарацыi. О, гэтая вечная эксгумацыя ды латанне дзiрак. Фастрыгаванне жывога з нежывым, мiнулага з сучасным. Казка пра жывую i мёртвую ваду, перанесеная ў рэальнасць. Культ шва. Вось што такое рэстаўрацыя. I цi не смешнае ўсё гэта сiзiфава намаганне? Цi нармальнае яно?"
        Але Ракiцкi не толькi любiць свой малапачэсны, хай i модны сягоння ды патрэбны ўчора, занятак рэстаўратара, ён аддадзены яму цалкам, да апошняга свайго масянжовага воласа. У марыве заўсёды гарыць усёпаглынальны агонь рэвалюцыi – нас чакаюць вялiкiя справы. I разам з тым творчы напал Расцiслава Васiльевiча заўсёды змяшчаецца ў непахiсную раму канфармiзму. Верш Басё, нават фальшывы, для Ракiцкага можа быць пазначаны толькi XVII стагоддзем.
        
        
3
        
        У Расцiслава ёсць патаемная мара – пабудаваць уласны дом. I дзе ён нi бывае, у якi далёкi цi блiзкi свет нi выбiраецца, заўсёды ўважлiва агледзiць краявiд i пачынае разважаць. "Вось тут, – вялiкая далонь па-iмператарску акрэслiвае месца, – мог бы стаяць мой дом. Вялiкi, з прасторнымi пакоямi, двухпавярховы, пад спiчастым дахам, крытым чырвонаю дахоўкаю. На другiм паверсе – майстэрня, абавязкова на тры акны, не менш. Чырвоная дахоўка i зелянiна саду – класiка. Тут можна пасадзiць сад. Я люблю грушы. А там, за домам, дзе болей сонца, – гарод..." Вечнае бадзянне па iнтэрнатах, казармах, гатэлях дае ўрадлiвую глебу пад архiтэктурныя фантазii. А калi забегчы наперад, то трэба сказаць, што Ракiцкi i зараз жыве ў невялiчкiм пакойчыку ў iнтэрнаце, што належыць Мiнiстэрству культуры.
        Верагодна, што там, дзе-небудзь у стале цi шафе, i хаваецца дзённiк, якi я аднойчы пачытаў без дазволу. Але ж з дазволу дзённiкi чытаюць толькi пасля смерцi, i гэта сумна. Я ж апраўдваў свой учынак прагаю помсты. Толькi, мiж намi, якое гэта апраўданне, так – самападман.
        Напярэдаднi Ракiцкi забiў цвiк у маё палатно. Мастакi адразу зразумеюць, што гэта такое. Я напiсаў вялiзную, тры на тры метры, копiю з фрэскi "Жабрак i дзяўчына з сабакам". Мы ладзiлi справаздачную выставу, i копiю трэба было павесiць. Сцены ў саборы, дзе мы працавалi, былi няроўныя, i адзiн рог палатна недарэчна завiсаў у паветры. Ракiцкi працяў палатно i падрамнiк даўжэзным цвiком i ўсё ж прыцягнуў копiю да сцяны. "Дзеля вялiкага i агульнага трэба ахвяраваць дробным i нязначным", – так вытлумачыў Расцiслаў свой учынак. "Усё можна зразумець, але не ўсё можна дараваць", – я зацяўся. Ягонае вялiкае не супала з маiм. А тут якраз сшытак на засланым па-салдацку ложку.
        "Прыехалi iнстытуцкiя выкладчыкi. Нават у Мсцiславе, за 300 кiламетраў ад сваiх кватэр i пасад, яны адчуваюць сябе гаспадарамi свету. Сыплюць парадамi, пажаданнямi i адзнакамi, нiбыта шпурляюць манеты жабракам на цвiнтары. (А мне за копiю "Жабрак i дзяўчына з сабакам" паставiлi выдатна. Гэта мiж iншым, цi, як казаў купалаўскi Мiкiта Зносак, "меджду протчым".) Няўжо яны нiколi не зразумеюць, што можна працаваць i не дзеля адзнак, пасад, кватэр?.."
        Далей iшла персанiфiкацыя i больш жорсткая крытыка, называлiся прозвiшчы Анiкейчыка, Вашчанкi, Роя, Стальмашонка. Цытавалiся рэплiкi: "Анёл у натуральную велiчыню", "Фiгурii ў паўтары натурii", "Левая кiстня рукi анёла"...
        Я спынiў чытанне, было крыўдна за сябе i за Расцiслава, бо я спадзяваўся знайсцi ў дзённiку тэалагiчныя развагi, а не крытычныя побытавыя нататкi пра кватэры i шматлiкiя апiсаннi мясцiн, дзе мог бы стаяць уласны дом пана Ракiцкага. Я тады яшчэ быў перакананы, што, каб рэстаўраваць сабор, трэба быць не толькi мастаком, але i вернiкам. Я памылiўся, бо не разумеў, што мастацтва i рэлiгiя розныя рэчы. Яны могуць судатыкацца, але там, дзе пачынаецца рэлiгiя, канчаецца мастацтва i наадварот. Гэта, як дом i сабор. I па-вялiкаму – дома не варта малiцца.
        
        
4
        
        Рабiць крытычныя заўвагi для Расцiслава рэч натуральная. Вось вам i прыклад...
        Бяру дубец i пачынаю секчы крапiву, што разраслася каля саборнай сцяны. Мне дык у радасць тугi поўны свiст дубца; падабаецца, як падаюць нiц сiнявата-шарыя вершалiны крапiўных стамбуроў i разлятаюцца ў бакi кавалкi шурпатых зубчастых лiстоў.
        Звычайна па такой вось касьбе i кажуць – адвёў душу.
        Махаю дубцом, а з-за рага з’яўляецца Ракiцкi ў чырвоным спартовым строi. Ён уздымае ўгору указальны палец i махае iм: "Нельга так распускацца, трэба трымаць сябе ў руках".
        Настаўнiцкi тон заўвагi, палец, узняты над маiм дзеяннем, i не скажаш – адвёў душу.
        "Калi так хочаш, вазьмi касу ў вартаўнiка i павыкошвай траву".
        I без Ракiцкага ясна, што касою цi сярпом зручней выкошваць траву-крапiву, але тады не будзе спантаннасцi i душу не адвядзеш.
        
        
5
        
        Свой педагагiчны ўказальны палец Расцiслаў аднойчы зламаў. I зрабiў гэта недарэчна, маю на ўвазе, што патрэбы ламаць яго не было анiякай. Бывае ж i такое, што не да пальцаў – дзяцей баронiш, за жанчыну ўступiўся цi Радзiму ахоўваеш, зрэшты. А тут... Ішоў, за купiну зачапiўся, раўнавагу згубiў, на руку ўпаў, нават i не пакацiўся, а ўжо выпрастаўся i адчуў, што палец балiць.
        У лякарнi на апухлы i пасiнелы палец наклалi бялюткi гiпс. Але i дня не прайшло, як той гiпс, што кавалак лёду, бялеў на сметнiку за саборам.
        "Адчуў, што мне няправiльна паклалi гiпс. I вось бачыш, зрабiў дзве дошчачкi, зацiснуў памiж iмi палец, i цяпер у гэтай жорсткай няхiсткай канструкцыi ён зрасцецца роўна, а не крыва. Мне патрэбны палец роўны, а не крывы".
        Лекар страшэнна абурыўся, калi пабачыў дошчачкi, i нават палохаў, што не выдасць даведкi. Тады Расцiслаў паабяцаў, што зробiць у лякарню iнфармацыйны стэнд бясплатна. Стэнд рабiў я, бо скажыце, як можна намаляваць дый наогул нешта тонкае рабiць, калi ў цябе зламаны ўказальны палец на правай руцэ? Але ж я бачыў, як Ракiцкi пiсаў свой дзённiк левай рукою, – надзiва хутка i роўна, ну проста Леанарда да Вiнчы з тэлевiзiйнага серыяла.
        Палец зросся роўна i хутка.
        I цяпер Расцiслаў зноў можа размахваць указальным пальцам – "ну-ну-ну", калi якi-небудзь небарака захоча адвесцi душу.
        
        
6
        
        Праца ў рэстаўрацыйных майстэрнях скончылася для мяне даволi сумна – выгналi. А зрабiў гэта Расцiслаў Васiльевiч Ракiцкi.
        Наш канфлiкт пачаўся на семiнары па гiсторыi архiтэктурнай кампазiцыi. Працавалi мы над тэмаю Страшнага суда. Семiнарысты лёгка пагадзiлiся, што мускулiстыя роспiсы Мiкеланджэла вельмi далёкiя ад iдэалу. I што слушная заява Эль Грэка, якi прапаноўваў ссекчы мiкеланджэлаўскiя фрэскi i распiсаць наноў сабор святога Пятра i святога Паўла, што ў Рыме. Але далей праца спынiлася, бо i Эль Грэка самае страшнае, што прыдумаў, дык партрэт вялiкага iнквiзiтара ў палымянай пурпуровай мантыi, круглых ленанаўскiх, як сказаў бы бiтламан, акулярах "ровар" ды з сiвой казлiнай бародкаю iспаньёлкай. Праўда, Iспанiя, што дала прытулак Эль Грэка i стала ягонай духоўнай Радзiмай, значна блiжэй да Страшнага суда, чымсьцi Італiя. Ёсць беларускiя бульба ды абыякавасць, ёсць расейскiя маразы ды п’янства, нямецкiя пунктуальнасць з салдафонствам, iтальянскiя неба i нястрыманасць, а ёсць iспанская iнквiзiцыя i яе сiмвал – iспанскi бот. Па-сапраўднаму жахлiвы твор чалавечых рук. Толькi экзальтаванага майстра Эль Грэка мала палохала iнквiзiцыя, ён колькi разоў нават судзiўся з царквою за грошы. I, думаю, мастак не меў непасрэднага дачынення да вынаходнiкаў i рамеснiкаў катавання i, адпаведна, жахаў. Ад выставы катавальнага рыштунку, якiм iнквiзiцыя змагалася з вядзьмарствам, у мяне схаладзела сэрца, калi стаяў у сутарэннях Казанскага сабора, што ў Ленiнградзе... Ну а як не меў Эль Грэка да гэтага нават дачынення, дык якi Страшны суд, выбачайце?!
        I тут я ўбачыў наступны ход, так мне здавалася. Прапанаваў разглядаць паводзiны лiтоўскага студэнта, якi спалiў сябе на пляцы ў знак пратэсту супраць акупацыi Лiтвы i каланiяльнай палiтыкi СССР. Што самаспальванне жахлiвая рэч – гэта адно, а што ў СССР на той час, у 1979 годзе, нават размовы пра нацыянальна-вызваленчы рух было страшна весцi, гэтага таксама не адкiнеш, бо на варце стаялi камiтэты, пракуратуры i нават лекары-псiхiятры.
        Але мы пачалi разбiраць, праўда, чыста кампазiцыйна, паводзiны лiтоўца i адкiнулi як мага далей тагачасную палiтычную сiтуацыю ў iмперыi.
        На пляцы, калi хлопец аблiваў сябе бензiнам i падпальваў, вакол стаялi замкнёным колам i трымалiся пад рукi ягоныя аднадумцы. I яны нiкога не падпусцiлi да ахвяры. Лiтовец згарэў. У Коўна, дзе ўсё гэта адбывалася, два днi працягвалiся народныя хваляваннi, цi рэвалюцыйныя падзеi, гэта ўжо каму як падабаецца. Пазней па Лiтве пракацiлася хваля рэпрэсiй, студэнтаў, што бралi ўдзел у ковенскiх падзеях, павыключалi з навучальных устаноў. Праз год-два большасць аднавiлi. Але кампазiцыйна iншае больш iстотна за рэпрэсii i рэабiлiтацыi – гэта жывы ахоўны ланцуг вакол героя, яго прысутнасць азначае, што акцыя падрыхтавана. Ахвяра ведала свой лёс i свядома iшла на такi страшны жэст.
        Вось дагэтуль мае погляды супадалi з меркаваннямi Ракiцкага, а далей кардынальна разыходзiлiся.
        Расцiслаў сцвярджаў, што напачатку была створана арганiзацыя, сябры якой дамовiлiся пра неабходнасць правядзення самаспальвання. Усе сябры той тэрарыстычнай у пэўнай ступенi арганiзацыi пагадзiлiся з тым, што любы з iх згодны быць ахвярай i адпаведна, як кампенсацыя за пакуты, нацыянальным героем. Займеўшы згоду кожнага, усе пацягнулi жэрабя. Той студэнт, што самаспалiўся, выцягнуў адзiную пазначаную паперку.
        Яшчэ Ракiцкi настойваў на тым, што ў арганiзацыi павiнна была быць пэўная дамоўленасць на выпадак, калi абраннiк адмовiцца выканаць абумоўленыя абавязкi. На думку Расцiслава, тады абраннiка павiнны былi забiць. Такiм чынам шлях назад адсякаўся, кола замыкалася, наперадзе ў маладога лiтоўца была толькi смерць, у адным выпадку геройская, у другiм – сабачая: кананне баязлiўца i здраднiка.
        Паводле Ракiцкага аснову кампазiцыi складала кола, арганiзацыя, жывы замкнёны ланцуг людзей, што ўзялiся пад локцi, i любы з гэтага ланцуга мог патрапiць у вогненны цэнтр круга.
        Цяпер, калi на паверхню выйшлi лiтоўскiя дзяржаўныя структуры i маладыя хлопцы прысягаюць у сваёй адданасцi Лiтве ды ўступаюць у нацыянальнае войска, цяжка не пагадзiцца з версiяй Расцiслава Васiльевiча. А тады я кiнуўся ў спрэчку пад штандарам бунтарскага анархаiндывiдуалiзму. Я адмаўляў наяўнасць тэрарыстычнай арганiзацыi. Мне бачыўся ў лiтоўскiм студэнце самотны анархiст, якi сам асудзiў сябе на вогнiшча i пакуты. На маё разуменне, ахоўнае кола ўтварылася па асабiстай просьбе студэнта. Напэўна, на маю трактоўку кампазiцыi, звядзенне яе да цэнтра, пупа, кропкi, паўплываў эгаiзм i маладосць, канечне. Я бiў на тое, што хлопец быў мастаком, а не рабочым цi вайскоўцам, што, па чутках, ён жыў у чорным пакоi з вокнамi, забiтымi дошкамi крыж-накрыж, i што самазабойства ў даным выпадку – акт творчасцi, а не тэрарыстычная акцыя. Галоўнае, на чым я настойваў, – чалавек мае права асудзiць на смерць толькi самога сябе, а забойства – з’ява амаральная ў любых праявах, незалежна ад абставiн i матывацый. Я памылкова праводзiў чырвоную рысу памiж забойствам i самазабойствам. I мой рамантызм быў, у рэшце рэшт, разбiты жорсткай логiкаю семiнарыстаў.
        Я прайграў, але не здаўся.
        Мне давялося адкiнуць кволага анархiста i ўхапiцца за жэрабя, за лёс i наканаванасць.
        Семiнар лёгка абмiнуў мае амбiцыi i займаўся iншымi тэмамi, больш архiтэктурнымi i менш палiтычнымi, а мне не даваў спаць Страшны суд.
        Наступны крок я зрабiў нечакана для сябе ў кнiгарнi "Дружба". Гартаў польскiя кнiжкi, i ў рукi трапiўся тоненькi атлас "Рак скуры". Кнiжачка ў гарчычнай вокладцы i надрукаваная на газетнай паперы ўразiла мяне. З мутных няякасных здымкаў на мяне пазiралi ахвяры невылечнай хваробы. Рак раз’еў, скарабацiў, знявечыў твары. Хiрургiчнае ўмяшанне прыбiрала пухлiны, але яшчэ больш дэфармавала чалавечае аблiчча.
        Да аперацыi. Пасля аперацыi.
        Язвы на тварах нагадвалi мне страты на фрэсках.
        Час няўмольна павялiчвае страты. Рэстаўрацыя бессэнсоўная. Хiрургiя бездапаможная супраць рака.
        Страшны суд. Вось ён, сляпы i жахлiвы. Сляпы, бо хвароба абiрае ахвяры па невядомай нам сiстэме. I цi ёсць тая сiстэма, тая кампазiцыя? Мы бачым фрагмент i не можам убачыць цэлага, не можам ахапiць i зразумець.
        Абпаленыя р"кавым ракавІм агнём твары глядзяць з-за смерцi. Іх даўно няма, год выдання атласа 1966-ты. Людзi памерлi. I ёсць толькi цьмяны адбiтак Страшнага суда. I нiшто не спынiць яго – нi ўзрост, нi пол, нi нацыянальнасць, нi раса, нi дзяржава... Нiшто!
        Дзiця з пухлiнаю над брывом застыла ў вечным плачы. Нiшто. Наперадзе вечнае нiшто.
        Як назваць сiлу, што зрабiла з чалавека абраннiка i пазначыла яго язвамi? Прырода? Космас? Бог?
        Што застаецца яму? Малiцца? Спадзявацца на лiтасць прыроды? Класцiся спаць пад нож? Самаспалiцца?
        Наперадзе пакута, смерць i нiшто, а ў рэальнасцi Страшны суд.
        Рабiць пано "Страшны суд" разам са мною ўгаварыў сяброў Хведара Лася i Уладзiмiра Сцяпана. Мы замовiлi падрамнiкi 50?70 сантыметраў. На такiх палотнах зазвычай з’яўляюцца кабiнетныя партрэты правадыроў, але нас спакусiла залатое сячэнне. Мы разам выбралi дванаццаць самых выразных у графiчных адносiнах здымкаў i разыгралi, каму якi маляваць. Зноў злашчаснае жэрабя. Працаваць вырашылi ў стылi пап-арт, як мага больш стрымана i скрупулёзна перавесцi здымкi ў алейны жывапiс.
        Памiж сабою мы называлi пано не "Страшны суд", а "Галовы". Свае чатыры партрэты я назваў так: "Усмешка Вальтэра", "Лацiнаамерыканскi дыктатар", "Дзiця" i "Наш сучаснiк".
        Працавалi мы ўтрох рэстаўратарамi ў былым Кармелiцкiм саборы, а жылi ў iнтэрнаце для дзяцей са слабым слыхам, што месцiўся ў былым езуiцкiм кляштары. Рамантыка пад мiстычна-рэлiгiйнымi ветразямi каталiцызму. Езуiты, кармелiты, iнквiзiцыя, сутарэннi... Пад майстэрню мы выбралi вялiкi клас з паўцылiндрычнай столлю.
        Праца рухалася павольна, марудна...
        Хведар пачаў нудзiцца i пасварыўся з Уладзiмiрам, нiбыта з-за шахматаў. Лось выйграваў у Сцяпана, калi "на проста так", а як толькi яны сядалi гуляць "на iнтарэс", дык перамагаў Сцяпан. А занудзiўся Хведар, як сам пазней прызнаўся, з-за Голасу.
        "Увечары я цалкам перакананы, што трэба рабiць пано. А ўраннi, як бяжым на рэчку, дык каля старой вярбы я чую Голас: "Не малюй рак. Не малюй Галовы..." I я пачынаю баяцца, мяне ахоплiвае страх, цэлы дзень я змагаюся з iм i пад вечар перамагаю. А ранiцай не паспею дабегчы да Вiхры, як зноўку чую Голас. Напэўна, я не змагу пiсаць Галовы. Мне страшна".
        Хведар Лось не змог. А мы з Уладзiмiрам Сцяпанам працягвалi капiраваць фотаздымкi. Расцiслаў Васiльевiч папрасiў растлумачыць, нашто мы робiм такi жывапiс. I тут я павёў сябе неразумна, бо сказаў, што яго, Ракiцкага, тое не датычыцца, што ў Кармелiцкiм саборы ён кiруе, а ўвечары ды па суботах з нядзелямi час належыць толькi нам, i таму, што пажадаем, тое i будзем рабiць. Зрэшты, памылка была адносная, бо калi б я нават i пачаў тлумачыць сваю задуму стварыць пано "Страшны суд", дык наўрад цi Ракiцкi мяне зразумеў бы. Я не быў падрыхтаваны тлумачыць. Я меў настрой рабiць.
        I ён нас выгнаў. Ранiцаю мы прыйшлi ў касцёл, пераапранулiся ў рабочае адзенне. Ракiцкi ўсiх сабраў i сказаў сакраментальны сказ, якi дагэтуль сядзiць у памяцi: "Сягоння Валодзя i Валодзя возьмуць бiлеты на аўтобус да сталiцы нашае Радзiмы – горада-героя Мiнска i пакiнуць нас". Аспрэчваць загад не было сэнсу, бо ў саборы працавала не брыгада халтуршчыкаў, а брацтва, цэх, акадэмiя мастакоў, i яны ўсе былi супраць мяне i Уладзiмiра. Яны не зразумелi маю трактоўку "Страшнага суда" i словамi Ракiцкага абвясцiлi прысуд.
        Палотны засталiся няскончаныя, але я перамог у спрэчцы з Расцiславам Ракiцкiм i адначасова зноў прайграў.
        
        
7
        
        Пано "Страшны суд" адзiнаццаць гадоў прастаяла ў сутарэннях, дзе я захоўваю рэшткi свайго мастацкага рыштунку.
        А гэтай вясною я шпацыраваў па праспекце са знаёмцам Сяргеем Дубаўцом, якi распавядаў пра свой намер выдаваць беларускую незалежную газету "Свабода". У Дубаўца неставала вiзуальнага матэрыялу. "Трэба, каб чалавек разгарнуў газету i яму зрабiлася страшна..."
        Фотарэпрадукцыi чатырох фрагментаў пано Сяргей змясцiў на цэнтральным развароце пад загалоўкам, у якiм ззяла слова "Чарнобыль".
        Знiтаванне пано "Страшны суд" з выбухам на Чарнобыльскай АЭС – чыста газетны мантаж, i рэдактар дасягнуў свайго, ён прадаў наклад у 30 тысяч асобнiкаў.
        Сцяпан казаў, што бачыў вялiкi стэнд, зроблены з газетных лiстоў "Свабоды", каля стэнда стаяў натоўп i глядзеў на наш "Страшны суд".
        Пасля выхаду газеты да мяне звярнулiся немцы з ФРГ, тады яшчэ не было аб’яднанай Германii, i прапанавалi наладзiць выставу ў Гамбургу. Спачатку я ўзрадаваўся, а пазней перадумаў. У кожнай справе ёсць рыса, праз якую можна пераступiць толькi праз адзiнаццаць гадоў.
        Адзiн рэстаўратар, якi працуе разам з Расцiславам Васiльевiчам Ракiцкiм, казаў, што ў таго ёсць першы нумар "Свабоды" са "Страшным судом".
        
        
8
        
        Робiцца невыносна. Кладуся на спiну, згадваю...
        Мсцiслаў. Кармелiцкi сабор. Езуiцкi кляштар. Ранiца. Яшчэ сонны апранаю спартыўны строй. Бягу на рэчку, крынiчную Вiхру. Побач лёгка бяжыць Ракiцкi ў сваёй чырвонай майцы, бяжыць Лось, бяжыць Сцяпан... Вада сцюдзёная. Змываецца тлум, вяртаюцца пругкасць i ўпэўненасць. Вада апякае скуру i гасiць душэўны агонь. Можна жыць.
        
        
9
        
        У рэстаўрацыйных майстэрнях праходзiў конкурс на фiрменную эмблему. Расцiслаў зрабiў харугву – кавалак, недзе з чвэрць крацястае коўдры, прапаленай прасам, а потым залапленай кавалкам з той жа самай коўдры. Толькi крацястасць не супадала, i на харугве вылучаўся вастраносы след ад праса. Эмблему адзначылi, бо ў ёй сапраўды ўвасобiўся кампазiцыйны прынцып, якi спавядалi мiнскiя рэстаўратары, але ж за ўзор выбралi прымiтыўны малюначак iанiчнай капiтэлi. Чаму iанiчнай, а не дарычнай цi карынфскай? Бог iх ведае. Вось i яшчэ адзiн прыклад, калi думка большасцi памылковая. Дык жа ж галасавалi...
        А залапленую коўдру Расцiславу дала ягоная мацi, вясковая настаўнiца. "Калi што будзеш прасаваць, дык вельмi зручна. Бяры". Ракiцкi прывёз коўдру ў Мiнск i прасаваў кашулi i нагавiцы, ажно пакуль не прызначылi конкурс. I ён убачыў у латцы, зробленай мацi, кампазiцыйны прынцып рэстаўрацыi – шво, якое выразна адсякае i разам з тым аб’ядноўвае мiнулы час з будучым.
        Да мацi Расцiслаў ставiўся паважна i ўзнёсла, як iнтэлiгент у знявераным грамадстве, дзе надзеi на Бога няма i даўно скончылася спадзяванне на камунiстычны лад. Рознае сектанцтва ды амбiцыi ўшчэнт струхнелых i пачварных царкоўных структур я ў разлiк не бяру. А бацька ў Ракiцкага памёр, калi той яшчэ ў школу не хадзiў.
        I таму магу сабе ўявiць, як ударыла, агаломшыла Расцiслава вестка пра смерць мацi. Яна згарэла ва ўласнай кухнi. Перавярнуўся керагаз, пыхнула газа, жанчыну не ўратавалi.
        Выпадкова, па нейкай зусiм нязначнай справе, здаецца, мне быў патрэбны клей, затэлефанаваў у рэстаўрацыйныя майстэрнi. Мне сказалi, што Морква на пахаваннi – у яго загiнула мацi, згарэла. А мне адразу згадаўся той агонь, што палае ў душы самога Ракiцкага – нязгасны, знiчны, усёпаглынальны. I не дай ты Бог вырвацца яму на волю. Нават водблiскi таго полымя, што асвятляюць Расцiслававы палотны i малюнкi, палохаюць мяне. А ў iншых, я ведаю, выклiкаюць захапленне. Іншых, як i заўсёды, большасць. I яны, не адчуваючы небяспекi, падкiдаюць на душэўнае вогнiшча сухiя трэскi ўхваленняў. Спачуваю.
        
        
10
        
        Яшчэ адна рыса Расцiслава Васiльевiча, пра якую нельга не сказаць, – ён савецкi. Ракiцкi не сябра камунiстычнай партыi, не кар’ерыст, не прагматык. Расцiслаў якраз тое iснае, што ёсць у маiм разуменнi савецкасцi: ён – дзiця казармаў, лагераў, iнтэрнатаў, мог ён спаць у пакоi, дзе стаяць дваццаць ложкаў. А мара пра ўласны дом у яго была такая ж эфемерная i папяровая, як заўтрашнi камунiзм.
        Апiшу сварку Ракiцкага з экскурсаводам.
        Рэстаўратары замовiлi ў Бюро падарожжаў аўтобус, каб наведаць Мiрскi замак. Скажу, што як толькi стварылiся майстэрнi, адразу пачалася праца па аднаўленню замка, i, напэўна, колькi будуць iснаваць рэстаўрацыйныя майстэрнi, столькi будзе працягвацца тая праца. Іншыя аб’екты рапаруюцца больш цi менш хутка, а Мiрскi замак – асобная песня, у якой ёсць толькi пачатак.
        Аўтобус рэстаўратары атрымалi разам з экскурсаводам. Так раней кнiгi прадавалi з нагрузкаю, хочаш набыць "Ідыёта" Фёдара Дастаеўскага – бяры яшчэ i раман Уладзiмiра Карпава цi Алеся Савiцкага. Нагрузачны рахманы экскурсавод узяў траскучы мiкрафон i пачаў скажоным нечалавечым голасам распавядаць байкi для iдыётаў, вядома, не для такiх, як князь Мышкiн з вышэйзгаданага твора. Рэстаўратары трывалi моўчкi. Хто чытаў, хто сачыў краявiд, а Ракiцкi слухаў.
        "Праязджаем горад Стоўбцы. Зiрнiце ўлева. Шэрая каменная галава з барадою iспаньёлкаю – помнiк нашаму выдатнаму земляку, чэкiсту Фелiксу Эдмундавiчу Дзяржынскаму, жалезнаму Фелiксу, як яго называлi саратнiкi. Згадаем песню: "Чыстыя рукi, гарачае сэрца, халодная галава..." Гэта пра такiх, як Фелiкс Эдмундавiч. А параду Уладзiмiра Уладзiмiравiча Маякоўскага вы забылi! Нагадаю: "Калi не ведаеш, з каго зрабiць жыццё сваё, зрабi яго з Фелiкса Эдмундавiча Дзяржынскага!"
        Фелiкс Эдмундавiч быў адным з самых сцiплых i добрых людзей у першым савецкiм урадзе. Белагвардзейцы ды белапалякi абвiнавачвалi Дзяржынскага ў стварэннi крывавага тэрору, але гэта няпраўда. Чырвоны тэрор у адказ на белы тэрор распачалi Троцкi разам са Свярдловым, якi падпiсаў загад на расстрэл цара Мiкалая II i ягонай сям’i. А Фелiкс Эдмундавiч быў крыштальна чэсны чалавек. Нават па вопратцы, якую можна ўбачыць на фотадакументах, лёгка ўпэўнiцца ў сцiпласцi першага чэкiста. Доўгi салдацкi шынель, фуражка з чырвонай зоркаю, гiмнасцёрка, галiфэ i боты. Так мог апранацца толькi сумленны воiн Краiны Саветаў з добрым разумным тварам.
        Захавалiся ўспамiны сястры пра сцiпласць i дабрыню Фелiкса Эдмундавiча.
        "Зiма. І920 год. Масква. Холад. Разруха. Разгул контррэвалюцыi. Ноч.
        Фелiкс сядзеў за сталом i працаваў. Я зайшла ў кабiнет са сподам у руках. На сподзе ляжала пяць свежых пiрожных. Увечары чэкiсты арыштавалi кандытара, якi падпольна вёў антысавецкую прапаганду i быў сябрам тэрарыстычнай групоўкi маскоўскiх манархiстаў".
        Achtun, achtun! Тлумачу. Манархiсты – людзi, якiя не ўяўлялi сабе жыцця без цара i дамагалiся рэстаўрацыi ў Расейскай iмперыi прастола i манархii. Манарх – цар. Далей.
        "Кандытара застрэлiлi, бо ён спрабаваў уцячы. А тавары з крамы "Салодкiя пачастункi" былi падзеленыя сярод чэкiстаў. Я прынесла Фелiксу ягоную долю – пяць самых свежых пiрожных з жоўтым яечным крэмам.
        – Што гэта за пiрожныя? – спытаў у мяне брат.
        Я расказала пра смерць кандытара-манархiста. Фелiкс узяў спод, адкрыў фортачку i выкiнуў пiрожныя на вулiцу.
        – Я не магу есцi пiрожныя з крэмам, калi ў краiне разруха i дзецi галадаюць!
        Брат выпiў шклянку пустога кiпеню i сеў працаваць".
        Вось такi ўспамiн сястры Фелiкса Эдмундавiча гаворыць нам пра сумленнасць нашага земляка, першага чэкiста, жалезнага Фелiкса..."
        "Памаўчыце!" – Расцiслаў Васiльевiч спынiў несвядомую плынь чорнага гумару. "Не зразумеў. Я на працы. Я – экскурсавод. Вы замовiлi экскурсiю..." – "Прашу вас памаўчаць!" – "Не магу. Вы заплацiлi". – "Вашыя аповеды пра Дзяржынскага абразлiвыя!" – "Я адзiн з лепшых экскурсаводаў у Мiнску. Камiсiя прызнала..." Ракiцкi прымянiў забаронены прыём: "Вы здзекуецеся не толькi з нас, але i з Фелiкса Эдмундавiча. Тое, што вы расказалi, – антысаветчына. Калi вы не змоўкнеце, я буду змушаны напiсаць скаргу ў Бюро падарожжаў". Экскурсавод здаўся: "Добра, памаўчу. Толькi як усе будуць згодныя". – "Усе згодныя, каб спынiць экскурсiю?" – прабразгаў дынамiк. "Усе, усе..." – вяла азвалiся рэстаўратары.
        Каб падвесцi тлустую чырвоную рысу пад Расцiслававай савецкасцю, трэба сказаць, што ў ягонай майстэрнi на пачэсным месцы, па-над сталамi, на якiх раскладзены старажытныя беларускiя абразы, вiсiць партрэт Фелiкса Эдмундавiча Дзяржынскага, напiсаны тэмпераю. Партрэт зроблены тэмпераментна i нагадвае апошнiя эцюды Эль Грэка. Толькi той працаваў алейнымi фарбамi i ў халодных перлавых тонах, а Ракiцкi зрабiў у цёплых, гарачых, вогненных – полымя рэвалюцыi. Але сабор Пятра i Паўла Эль Грэка распiсваў бы, пэўна, тэмпераю, i "Страшны суд" быў бы вогненны, але гэта толькi гiпатэтычная рэтраспекцыя – о, каб жа ж, дык.
        
        
11
        
        Расцiслаў жыве адзiн i зрэдку, калi ўстановы грамадскага харчавання надакучаюць, ён звяртаецца ў сваёй творчасцi да кулiнарыi – мастацтва ўсiх мастацтваў. Гатуе Ракiцкi добра – калi з iм працаваў у саборы, дык пераконваўся ў гэтым шмат разоў.
        "Мне захацелася пражанага мяса, – расказваў Расцiслаў Васiльевiч. – Я пайшоў на Камароўскi кiрмаш i ўзяў кiлаграм свежыны. Пераплацiў , але ж адна мякаць без костак i сала. Я пражыў яе ў шкляной рандэлi з бульбаю, цыбуляй, морквай, чорным перцам i лаўровым лiстом. Ты не ўяўляеш, як прыгожа глядзеўся той нацюрморт на маленькiм агнi. А водар якi! Увесь iнтэрнат заглядаў на кухню i любаваўся сакаўною свежанiнаю, што калiхавала ў шкляной рандэлi. Нават Мулявiн заходзiў, я, дарэчы, нi разу не бачыў, каб ён нешта гатаваў, акрамя яечнi на сале. Гадзiну я любаваўся сваiм творам. I калi мяса згатавалася, я пагасiў полымя, узяў рандэлю за тоўстыя вушкi i... Бог мой! Рандэля так напалiлася, што я не змог яе ўтрымаць i ўпусцiў на падлогу. Выбух. Феерверк са шкла, мяса, бульбы, морквы... Я ледзь не заплакаў".
        А галоўнае, калi глядзiш на Расцiслава Васiльевiча, – узнiкае радасць. Радуешся i сам не ведаеш – чаму. Падобная радасць з’яўляецца, калi глядзiш, як у алюмiнiевай конаўцы гарыць спiрт.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.