РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Крутагорскія казкі
 
Неверагодныя гiсторыi са сталiчнага i местачковага жыцця
 
(бяз назвы)
Казка пра Члiпеня i Злiпеня
        
        Аўторак. Ты выходзiш на вулiцу, каб iсцi на працу, i раптам бачыш натоўпы i сцягi. Тутака ты i даведваешся, што ёсць такi Злiпень. Аказваецца, яго ўсе любяць i шануюць. Куды не кiнеш вокам – паўсюль плакаты пра Злiпеня. А калi ў цябе кепска са зрокам, тады табе праз гучнагаварыльнiкi распавядуць пра Злiпеня. Ты зразумееш, што нiчога не зразумеў. Але ты паверыш, што ў Злiпеня можна верыць, бо тысячы i тысячы людзей будуць iсцi са сцягамi i шарыкамi. І ксяндзы ў пурпуровых шапачках будуць iсцi, i амерыканскi амбасадар будзе ехаць у чорнай машыне, i генералы будуць пазвоньваць залатымi ордэнамi, i дзецi будуць памахваць кветкамi, i прэзiдэнт будзе ўсмiхацца тым дзецям. І ты захочаш быць разам з усiмi, i нават паспрабуеш сказаць добрыя словы пра Злiпеня. Толькi язык твой – вораг твой. Замест «злi-пень» ён скажа «злы-пень». І ты прыкусiш язык свой, i цiха пойдзеш на працу. Там ты сядзеш на канапу i прыдумаеш сабе свята Члiпеня, ты прызначыш сабе iндывiдуальнае свята. І ты падрыхтуешся, i адсвяткуеш яго ў сераду.
        
        
Казка пра Чарнату i Бiблiятэку
        
        «Гульнi з вечнасцю скончылiся…» – так падумала сама сабе Бiблiятэка. Яна састарэла. Пыл накрыў яе кнiгi. Папера зжоўкла. Бiблiятэкары пасыходзiлi на пенсiю. Памяшканне зачынiлася. Бiблiятэка засталася ў самоце. Яна спрабавала нешта-нейкае чакаць, але нiчога не праглядалася нi ў блiзкай, нi ў аддаленай перспектыве. У будучынi бачылася адна Чарната. Раней Бiблiятэка любiла Чарнату, калi тая цiшком прыходзiла ўначы. Цяпер, калi Чарнаты стала шмат, Бiблiятэка ставiлася да яе з насцярогаю i недаверам. Толькi, акрамя Чарнаты, у Бiблiятэкi нiкога не засталося. Таму i размовы даводзiлася весцi з Чарнатою, каб хоць словы не пазабывацца. «Спiш?» – спытала Чарната. «А што рабiць?» – «Несцi святло. Ты мусiш несцi асвету! Наканаванасць твая такая…» – «Як i каму я павiнна несцi святло, калi нiхто не разгортвае маiх кнiжак?» – «Ты павiнна гарэць i ззяць!» За такую жорсткую прапанову Бiблiятэка пакрыўдзiлася на Чарнату. Крыўдавала яна доўга, але нарэшце пагадзiлася з Чарнатою. Бiблiятэка гарэла цяжка i доўга. Яна гiнула ў зыркiм полымi. Яна пакутавала, знiкала i радавалася свайму светладайнаму знiкненню. Бiблiятэка згарэла, i Чарната яе шчыра аплакала i ў тым плачы сказала: «Гульнi з вечнасцю твае толькi пачалiся, мая ты Бiблiятэка…»
        
        

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.