РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юлія Новік
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Павел Вайніцкі: «Скульптура – гэта ўсё трохмернае»
 
Інтэрв’ю з арганізатарам выставы скульптур “Бранзаслоўе” – Паўлам Вайніцкім
        Выстава бронзавых скульптурных работ “Бранзаслоўе”, якая прайшла ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры з з 10 па 26 чэрвеня, – куратарскі праект Паўла Вайніцкага, скульптара, кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта на архітэктурным факультэце БНТУ.
        Свае творы прадставілі скульптары Сяргей АГАНАЎ, Юрый АНУШКА, Андрэй АСТАШОЎ, Сяргей БІЛЬДЗЮК, Валянцін БОРЗДЫЙ, Аляксандр БАТВІНЁНАК, Галіна ГАРАВАЯ, Мікалай ДРОБЫШ, Валерый КАЛЯСІНСКІ, Юрый КАНДРАШОЎ, Яўген КОЛЧАЎ, Анатоль КУЗНЯЦОЎ, Віктар МІНЬКО, Аляксей САРОКІН, Аляксандр СУРКОЎ, Андрэй ХАЦЯНОЎСКІ, Аляксандр ЧЫГРЫН, Аляксандр ШОМАЎ.
        

        
        – Раскажыце, калі ласка, як атрымалася літаральна за тры дні падрыхтаваць выставу, у якой удзельнічала 18 аўтараў? У чым яе асаблівасць?
        
        – Мне пашчасціла, што як скульптар я добра ведаю нашу скульптурную суполку. А як мастацтвазнаўца уважліва сачу за тым, што атрымліваецца ў майстэрнях маіх калег, асабліва што датычыцца станкавай скульптуры. Таму, калі Алена Хараберуш, старшыня скульптурнай секцыі Беларускага саюза мастакоў, прапанавала ў сціснуты тэрмін арганізаваць выставу ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, я амаль без ваганняў згадзіўся. Мне адразу падалася перспектыўнай сувязь паміж матэрыялам паэзіі і скульптуры, паміж бронзай і словам – адкуль і нарадзілася назва выставы. У бронзавых скульптурных работ і літаратурных твораў ёсць нешта агульнае: і бронзу, і слова трэба адточваць, паліраваць, шліфаваць. Наступным паслядоўным крокам па злучэнні скульптуры і літаратуры стала запрашэнне на адкрыццё выставы літаратараў – маіх сяброў Арцёма Кавалеўскага, Юрася Барысевіча, а таксама Іллі Сіна і суполкі “Літаратурнае прадмесце”. І вось гэтыя паўтарагадзінныя літаратурныя чытанні – своеасаблівая сустрэча дзвюх мастацкіх супольнасцей, якія амаль не судакранаюцца, – як мне падаецца, аказалася вельмі прадуктыўным і цікавым досведам для іх прадстаўнікоў.
        
        – Усе работы з бронзы, але выглядаюць зусім па-рознаму.
        
        – Бронзавае ліцце – традыцыйная тэхніка, якой вельмі шмат гадоў, нават тысячагоддзяў. З Бронзавага веку, часоў вынаходніцтва гэтай тэхнікі, было распрацавана шмат розных спосабы ўзаемадзеяння з паверхняй бронзы: яе чаканяць, травяць, паліруюць, патынуюць і гэтак далей. У першаю чаргу, з-за адрозненняў у апрацоўцы любы асобны твор не падобны да іншых. Кожная з прадстаўленых у экспазіцыі скульптур – унікальная гісторыя, адлітая ў метале, а затым даведзеная да адточанасці і сагрэтая цеплынёй рук аўтара. Рознастылёвасць выставы – прынцыповая. Мне здаецца, гэты ход канцэптуальна сябе апраўдаў. Кожны аўтар (не істотна, скульптар ці літаратар) мае сваю манеру і непаўторны аўтарскі свет. Гэта выдатна. Глядач (ці чытач) можа выбраць тое, што яму падабаецца.
        
        – Якая тэхніка характарызуе сучасную беларускую скульптуру?
        
        – Трэба ўлічваць, што бронза існуе ў беларускай скульптуры па пост-савецкай інэрцыі, як традыцыйны матэрыял помнікаў, усталяваных “на вякі”, – нешта такое звыштрывалае. Таму праца з бронзай лічыцца неад’емна скульптурнай рэччу – амаль кожны скульптар лічыць сваім абавязкам штосьці адліць ў бронзе, нягледзячы на працаёмкасць і нятаннасць гэтай тэхналогіі. Тым не менш, у параўнанні з гамагеннасцю беларускай савецкай скульптуры, сучасная беларуская пластыка больш разнастайная за кошт індывідуальнасці аўтарскіх падыходаў – гэта можна было прасачыць па нашай выставе. Што датычыцца тэхнікі у больш шырокім сэнсе, то беларускую скульптуру характарызуе ўвага да дэталяў, іх дасканалай распрацоўкі. І ў бронзе гэта таксама адлюстроўваецца.
        
        
        
Выстава скульптур "Бранзаслоўе". 10-26 чэрвеня 2010. Фота Юліі Новік.

        
        – Ці можна сказаць, што прадстаўленыя работы сучаснага тыпу, асабліва калі параўноваць з аналагічнымі замежнымі творамі?
        
        – Сучасны свет вельмі дэмакратычны. У ім ёсць месца і гіпертрадыцыйным з’явам, такім як бронзавая скульптура, і найноўшым – інсталяцыі, медыяарту, хэпенінгу, перфомансу і г.д. Дарэчы, з пункту гледжання тэорыі, усё гэта можна назваць рознымі праявамі сучаснай скульптуры. Увогуле, я не падзяляю мастацтва на актуальнае і неактуальнае. Усё, што адбываецца ў нашай краіне, нейкім чынам сінхранізавана з тым, што адбываецца за межамі краіны.
        
        – Хто з аўтараў скульптурных работ “Бранзаслоўя” Вам асабліва блізкі?
        
        – Не магу выдзяляць кагосьці асабіста. Я вельмі ўдзячны калегам за тое, што яны мне даверыліся і аддалі работы для выставы. І я ганаруся сваімі сяброўскімі адносінамі з ўсімі імі.
        
        – Ці ёсць попыт беларускага гледача на скульптуру?
        
        – Скульптура – рэч вельмі спецыфічная. Апошнія інтэрнацыянальныя тэнедэнцыі ў мастацкіх праектах адлюстроўваюць той факт, што глядачу ужо не дастаткова звычайных карцін на сценах ці аб’ектаў на подыумах. На сучасных выставах гаворка ідзе пра прастору. Арганізаваць прастору, зрабіць нешта ў 3D-вымярэнні, “зкаммунікаваць” з трохпамерным целам глядача – найпершыя экспазіцыйныя задачы. Гэтым тлумачыцца сучасны уздым аб’емных медыа. У прыватнасці, скульптура з яе апрыорнымі трыма вымярэннямі больш падыходзіць для вырашэння названых патрабаванняў.
        Што да лакальных попытаў, то, несумненна, ёсць попыт на скульптурнае аздабленне інтэр’ераў – найчасцей прыватных. Як, зрэшты, і на манументы ці скульптуру для публічных прастораў – гэта замовы горада ці нават краіны.
        
        – Якія Вашыя работы можна пабачыць на вуліцах горада?
        
        – Так, я не толькі куратар і тэарэтык, але і практык. У Мінску не шмат маіх аб’ектаў – лепшыя з іх знаходзяцца не тут. А, напрыклад, у Полацку, дзе каля Дзіцячага музея жыве мой бронзавы “Шкаляр” – сярэдневечны хлопчык з гадзіннікам. Ці ў Екацерынбургу – на радзіме Уладіміра Мулявіна – памятны барэльеф “самага галоўнага песняра”, які мы з архітэктарам Валерыем Івановым зрабілі, выйграўшы рэспубліканскі конкурс. Спадзяюся, што ўсё яшчэ наперадзе – зараз я працую над іншымі праектамі.
        
        
        
Выстава скульптур "Бранзаслоўе". 10-26 чэрвеня 2010. Фота Юліі Новік.

        
        – Калі б усё атрымлівалася, як задумалася, што хацелі б зрабіць для горада?
        
        – Нешта карыснае гораду і, калі дакладней, месцу, у якім гіпатэтычны твор знаходзіцца. Аб’ект, які б дакладна адказваў на пытанне “навошта гэта тут?”. Рэч ці прастору, якая б ўзаемадзейнічала з гледачом, уключала яго ў сваё поле прыцягнення, нешта азначала для яго.
        
        – Раскажыце пра Ваш досвед замежных вандровак.
        
        – Я удзельнічаў у шэрагу міжнародных выстаў і канферэнцый як у Еўропе, так і за акіянам, і нават ў Афрыцы – гэта было Міжнароднае біенале ў Каіры. Але ўсё гэта хутчэй праца, чым вандраванні. З апошняга замежнага досведу – навучанне у аспірантуры універсітэтаў Йорк і Канкордзія ў канадскіх Таронта і Манрэале. Было вельмі цікава, атрыманы там пласт інфармацыі неацэнны. Але неўзабаве я вярнуўся дадому і магу сказаць, што толькі тут адчуваю сябе на сваім месцы, магчыма, найперш з-за уласнай стоадсоткавай сацыяльнай ўключанасці.
        
        – Колькі слоў пра выкладчыцкую дзейнасць?
        
        – На кафедры Дызайну архітэктурнага асяроддзя чытаю лекцыі пра сучасную скульптуру ў гарадской прасторы. Для сваіх студэнтаў я напісаў уласную праграму па скульптуры, якая ўключае семінарскія заняткі, абмеркаванне тэарэтычных тэмаў, а не проста імітаванне гатовых экзэмпляраў – як гэта было раней. Нядаўна мяне запрашалі з лекцыяй ў Маскву, ў Цэнтральны дом архітэктара. Там уважліва слухалі і актыўна задавалі пытанні… Проста капіць веды – гэта няправільны прынцып. Абавязкова патрэбна дзяліцца.
        
        – Сярод удзельнікаў выставы–толькі адна жанчына, выдатны скульптар, магістр французскага ордэна ў сферы мастацтва Галіна Гаравая.
        
        – Мужчынская перавага – рэха мінулага. Сапраўды, традыцыйная скульптурная – са стагоддзя ў стагоддзе – праца, напрыклад, сам-насам з каменем, пры пасрэдніцтве толькі малатка і разца, – наўрад ці жаночая справа. Але з дапамогай сучаснай тэхнікі ўсе змяняецца – хрупкая дзяўчына атрымлівае магчымасць самастойна стварыць велізарны гранітны твор – сам бачыў шмат такіх прыкладаў. Нягледзячы на тое, што папулярнае ўспрыняцце ўсё яшчэ маркіруе скульптуру як выключна мужчынскі занятак, зараз усё больш жанчын выбірае скульптурны шлях у мастацтве. Напрыклад, на кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў – адзінай у Беларусі адукацыйнай установе, якая рыхтуе прафесійных скульптураў, існуе пэўная раўнавага паміж юнакамі і дзяўчатамі. І гэта нармальная тэндэнцыя. Відавочна, у недалёкай будучыні прапорцыя будзе нармалізаваная, скульптараў мужчын і жанчын будзе прыкладна пароўну. А Галіна Гаравая – сапраўды выключны чалавек, які здолеў дасягнуць выдатных поспехаў у прафесіі нягледзячы на тагачасную “маскулінную дамінацыю”.
        
        
        
Выстава скульптур "Бранзаслоўе". 10-26 чэрвеня 2010. Фота Юліі Новік.

        
        – Здаецца, бронзавая работа–нешта вельмі грунтоўнае, патрабуе шмат часу...
        
        – Эцьен Фальканэ 10 гадоў ляпіў і адліваў знакамітага Меднага конніка – але ў сучасным імклівым свеце магчымасць столькі часу прысвяціць адной рэчы – гэта, хутчэй, раскоша. Якасць бронзавых работ, якія зробленыя занадта паспешліва, відавочна меншая. Таму, па маім меркаванні, калі маеш справу з бронзай, пажадана больш часу аддаваць працы. Дадам, што акрамя бронзавага ліцця ёсць тэхнікі, напрыклад, ассамбляж, інсталяцыя, якія дазваляюць ствараць работы за кароткі тэрмін.
        
        – Дзе можна пачаць навучанне скульптурай?
        
        – Першапачатковыя веды і практычныя навыкі ў скульптуры можна атрымаць у звычайнай мастацкай школе. Аддзяленні скульптуры ёсць ў мастацкай вучэльні імя Глебава, а таксама ў мінскай Гімназіі-калледжу імя Ахрэмчыка, гэта ужо іншы узровень. Вышэйшую скульптурную адукацыю дае кафедра скульптуры Акадэміі мастацтваў. Атрымліваецца такая своеасаблівая пірамідка. Але каб паспяхова займацца скульптурай, неабавязкова ўскараскацца на самую вяршыню. Можна спыніцца і на стадыі вучэльні. А можна паспрабаваць і адысці, заняцца іншым відам мастацтва. У творчасці важна заўважаць, што адбываецца вакол, і рабіць тое, што падабаецца, а не тое, што лічыцца правільным і традыцыйным.
        
        – Выстава “Бранзаслоўе” аб’яднала скульптуру і літаратуру. З якім іншым відам мастацтва Вы хацелі б аб’яднаць скульптурныя работы?
        
        – Паняцце скульптуры вельмі шырокае. Насамрэч скульптура ужо аб’яднана са столькімі рэчамі, што ўжо няясна, што можна назваць скульптурай, а што не. Акрамя таго, што яна сама па сабе ўзаемадзейнічае з многімі відамі мастацтва, напрыклад, з музыкай, дызайнам, жывапісам (скульптура можа быць расфарбаванай), у сучасную скульптуру можна проста ўвайсці, нават зрабіцца яе часткай, што адлюстроўвае скрыжаванне інтарэсаў скульптуры і архітэктуры. Перфоманс таксама можна лічыць скульптурай, бо яго матэрыял – трохмернае цела аўтара, значыць, скульптура яднаецца з тэатрам, танцам і гэтак далей. Упэўненасць ёсць толькі ў адным: скульптура – гэта трохмерны від мастацтва. А калі ісці крыху далей, мне б хацелася, у якасці эксперыменту, звесці скульптуру з нечым зусім уж нясумяшчальным. Так бы мовіць, выпрабаваць яе на трываласць. З кулінарыяй, палітыкай, каханнем – чым бы яшчэ?
        
        
        Фотаэкскурсія на выставу скульптур «Бранзаслоўе»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.