РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юлія Новік
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Юрась Габрусь: «Галоўнае ў музычным навучаньні — воля да музыкі»
 
Інтэрв’ю з арганістам Юрасем Габрусем
        Юра Габрусь нарадзіўся ў 1981 годзе ў Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, хімічны факультэт, па спецыяльнасці арганічная хімія. Зараз навучаецца арганнаму выкананню і царкоўнай музыцы ў Швецыі, у Гётэборгскім універсітэце, у Акадэміі музыкі і драмы, на аддзяленні царкоўнай музыкі, па бакалаўрскай праграме. У адзін з рэдкіх прыездаў у Беларусь ён распавёў пра галоўнае захапленне свайго жыцця.
        

        
        – Як ты патрапіў у Швецыю і дзе навучаўся арганнаму выкананню?
        
        – Маючы жаданне і волю, я вучыўся збольшага сам, на працягу апошніх шасці-сямі гадоў. Ёсць школьная музычная адукацыя, але яна не звязаная з арганамі . Увогуле, вывучаць інструмент і граць на ім — гэта два розныя прамежкі часу. Вывучаць я пачаў яшчэ ў школе, слухаючы музыку і наведваючы канцэрты, набываючы кружэлкі. У мяне іх даволі шмат, напэўна, гэта найбуйнейшая калекцыя арганнай музыкі ў Беларусі: 150 вінілавых дыскаў, каля 50 плёначных касет, каля 400 дыскаў і запісы на юцюбе. Веданне pэпертуарy багатae, таму зайздросцяць нават у Швецыі. Падчас навучання ў аспірантуры пасля універсітэта пачаў граць на арганах. Першы мой арган — касцёл Святога Роха, куды я быў запрошаны арганісткай Святленай Немагай і дзе граў на працягу двух гадоў. Гэта было трошкі авантурна з майго боку — адразу сесці за арганы, але вельмі хацелася. На той час я не меў ніякай базы педальнай тэхнікі, пачаў граць сам і працягваў вучыцца. Доступ у Швецыю атрымаў дзякуючы сябру-піяністу Ўладзіміру Масько, які раней трапіў у той жа Гётэборгскі універсітэт — усё пачалося з паездак на майстар-класы пры Акадэміі музыкі і драмы, арганізаваныя Гётэборгскім арганным цэнтрам. Пасля працягваў саманавучанне, таму што галоўнае ў музычным навучанні — воля да музыкі.
        
        – Як можна навучыцца граць на аргане, не маючы яго дома?
        
        – Калі ў цябе добрая фартэпіянная падрыхтоўка, можна займацца часткова на фартэпіяна, а пасля давучваць партыю для рук і для ног. Але я так не рабіў, мне пашанцавала практыкавацца цягам двух гадоў у касцёле Святога Роха і шасці на электронным аргане ў Мінскай Новаапостальскай царкве на Шаранговіча, дзе я абавязковa выконваў невялікую праграму раз на тыдзень, а ў вольны час займаўся — вялікі дзякуй царкве за такую унікальную магчымасць. За гэтыя гады склаўся багаты рэпертуар.
        
        – На якіх яшчэ музычных інструментах граеш?
        
        – На фартэпіяна і, у прынцыпе, на ўсіх клавішных. Мой шведскі выкладчык Джоэл Сперстра зараз вельмі хоча таксама яшчэ скіраваць мяне да ігры на фіcгармоніі. Фіcгармонія, або гармоніум, гэта прататып аргана, які па гуку трошкі нагадвае акардэоны. Але гэта клавішнa-духавы інструмент, таксама з галасамі, а паветра ў яго мяхі напампоўваецца непасрэдна нагамі выканаўцы. Фіcгармонія была вельмі распаўсюджанaя як замяшчальнік арганаў у невялікіх цэркваў у перыяд ад другой паловы 19-га стагоддзя да першай паловы 20-га стагоддзя. Шматлікія п’есы ў французскім арганным рэпертуары таго часу напісаны для арганаў або фіcгармоніі. Я цікаўлюся французскім арганным рэпертуарам, а ў рамантычным рэпертуары асноўнае патрабаванне — экспрэсіўнасць. Таму мець базу ігры на фіcгармоніі даволі карысна, таму што гэты інструмент, у адрозненне ад аргана, мае экспрэсіўны гук: за кошт інтэнсіўнасці напампоўвання паветра можна граць грамчэй ці цішэй. У арганах гэта таксама магчыма, але з дапамогай іншых сродкаў. Для Беларусі фіcгармонія — даволі экзатычны інструмент і нідзе не выкарыстоўваецца, хаця яе можна пабачыць у старых касцёлах. Фіcгармонія — вельмі стабільны інструмент, яго цяжка зламаць, толькі трэба мяхі берагчы ад мышэй. Гэта быў бы для мяне цікавы вопыт. Але, з іншага боку, я не хацеў бы адхіляцца ў спецыялізацыi, бо галоўная зацікаўленасць — арган. Мне даспадобы яшчэ клавесін і клавікорд, асабліва педальны клавікорд. Гэта інструмент, на якім у барокавы перыяд займаліся арганісты, бо раней не было электрычнага напампоўвання аргана і прыходзілася б пастаянна плаціць спецыяльным людзям, каб тыя раздзьмувалі мяхі. Інтарэсы майго выкладчыка ідуць у бок барока, я мая ж зараз цікавасць скіраваная да вывучэння музыкі рамантычнай эпохі. У Гётэборгу усе ўмовы для ігры ў рамантычным стылі: ёсць копіі гістарычных інструментаў, а таксама адмысловыя рамантычныя інструменты ў французскім i нямецкім стылі. Праўда, там яны называюцца шведскім стылем, але я лічу, што зьява нейкага асаблівага шведскага стылю даволі спрэчная. Традыцыя шведзкага арганабудаваньня хутчэй сінтэтычная школа, што знаходзілася пад уплывам французскіх або нямецкіх школ, якія неслі наватарства. Найбольш наватарскай была французская школа, за ёй, то са спазненнем, то пераганяючы, ішла нямецкая школа, і астраўная велікабрытанская школа, якая распаўсюдзіла свой уплыў на Амерыку.
        
        – Якая сітуацыя з арганнай музыкай у Беларусі? Ці іграў ты на арганах па-за Мінскам?
        
        – Я не шмат граў на арганах Беларусі, але меў досвед ігры на арганах Пінскай катэдры. Там знаходзіцца вельмі якасны інструмент рамантычнага тыпу, самы вялікі ў Беларусі, — арган Вацлава Бернадскага, пабудаваны, здаецца, у першай палове 20-га стагоддзя, але часткова з выкарыстаннем матэрыялу труб больш старога інструмента — пачатку 19-га стагоддзя. Пасля я граў на новапрывезеным б/у інструменце ў касцёле Святога Андрэя Баболі ў Полацку, а таксама ў Полацкім Сафійскім саборы. Але гэтыя два інструменты, як і інструмент у касцёле Святога Роха не адпавядаюць, у прынцыпе, беларускай традыцыі. Гэта арганы сучаснага тыпу. Калі казаць пра арганы Беларусі, у нас няма неперарыўнай традыцыі. Да першай паловы 20-га стагоддзя ў нас існавала больш старадаўняя арганная школа польскага арганабудавання, — якая распаўсюдзілася таксама на Літву. Польская школа, у сваю чаргу, знаходзілася пад уплывам нямецкай. Інструменты ў Беларусі не надта вялікія, большасць з іх належыць да арганна-рамантычнага тыпу. Нават самы вялікі рамантычны арган ў Пінскай катэдры мае ўсяго каля 36 галасоў. Але галоўнае — не колькасць галасоў, а іх баланс. У Пінскай катэдры ён вельмі якасны і граматны. Здаецца, яго зараз збіраюцца перабудоўваць або рэстаўрыраваць, каб вярнуць барокавы прататып. Але, на жаль, дакладна невядома, як гэты самы прататып выглядаў. Таму ёсць небяспека, што зменіцца тэхнічны склад і ў выніку гук. Хацелася б высветліць, якая там зараз сітуацыя. Ёсць у Беларусі яшчэ адзін вядомы інструмент, таксама Вацлава Бернадскага — у Гродзенскай катэдры. Ён трошкі меншы, але дагэтуль выкарыстоўваецца яшчэ ў канцэртных мэтах. Спробы вяртаньня арганаў да барокавага гучаньня былi вельмі папулярна ў сярэдзіне 20-га стагоддзя. Усе рамантычныя інструменты, пабудаваныя ў 19-м стагоддзі дзеячамі арганнай культуры Заходняй Еўропы, абвяшчаліся па-за законам, таму што “не адпавядалі гучанню твораў Іаганна Себасцьяна Баха”. Іх перараблялі да непазнавальнасці, на барокавы лад. На самой справе яны не былі барокавымі, бо адсутнічаў шэраг характэрных дэталяў. Гучанне нават новапабудаваных інструментаў значна адрознівалася ад старадаўніх барокавых варыянтаў. Зараз гэтая тэндэнцыя знікла ў Заходняй Еўропе, інструменты рэстаўруюць згодна з першапачатковай танальнай характарыстыкай і эстэтыкай.
        
        – З такімі ведамі ці не хацеў бы ты быць выкладчыкам і чытаць лекцыі?
        
        – Мне проста не прапаноўвалі (смяецца). Выкладаць — мая мара. Выбар пасля атрымання арганнай спецыяльнасці — або выкладаць, або граць у Шведскай царкве. Канцэртаў там ладзіцца шмат, публіка насыцілася. А выкладаць — заўсёды творчая праца, узаемадзеянне, пошук.
        

        
        – Ці былі ў цябе сольныя канцэрты?
        
        – Так, у Швецыі, чатыры разы. Гэта былі розныя праграмы. Першы канцэрт мяне папрасілі граць на вельмі каштоўным інструменце англійскага тыпу пачатку 20-га стагоддзя, выкупленным з Велікабрытаніі. Яго ўсталявалі ў найбуйнейшым каталіцкім касьцёле Гётэборга (касьцёл Хрыста-Караля) — гэта найбуйнейшая каталіцкая парафія на заходнім пабярэжжы. Гэта вельмі добры інструмент. Я граў рамантычны рэпертуар — латышскі, нямецкі і французскі. На жаль, англійскіх твораў пакуль не граю, а было б дарэчы. Другі канцэрт адбыўся ў адной шведскай вёсцы, у прыгарадзе Гётэборга, праграма кампазітараў нямецкай “галантнай эпохі” — сыноў і вучняў Іагана Себасцьяна Баха, а таксама яго ўласныя творы і творы, якія яму прыпісаныя. Трэці канцэрт — у адной з цэнтральный цэркваў Гётэборга на гістарычных арганах першай паловы 19-га стагоддзя, творы Франца Ліста. Чацвёрты канцэрт мне замовілі для ансамбля студэнтаў-царкоўных музыкантаў. Гэта быў сучасны рэпертуар на аргане 70-х гадоў у неабарокавым стылі — творы прыбалтыйскія і французскія (Ж. Алэн, Р. Ермакс, А. Пярт). Дарэчы, я вялікі аматар прыбалтыйскай арганнай і ўвогуле прыбалтыйскай музыкі.
        
        – Як і калі адбылося, што ты захапіўся менавіта арганам?
        
        – Усё пачалося на пяцідзесяцігоддзе маёй маці: ёй падаравалі кружэлку арый эпохі барока, дастаткова вядомы запіс, дзе спявала знакамітая Ірына Архіпава, а ёй акампаніравалі на арганах. Гэта быў самы вядомы і адзін з самых вялікіх арганаў Савецкага Саюза — у Рыжскім Домскім саборы. Гук і камбінацыя з голасам мяне вельмі захапілі. Спярша я заслухоўваўся гэтай кружэлкай. Пасля мой сябар Васіль Дранько-Майсюк, які таксама зацікавіўся арганамі, пачаў набываць іншыя кружэлкі ў краме “Ноты”. Я пачаў слухаць гэтыя кружэлкі і так і застаўся ў арганнай музыцы.
        
        – Які твой любімы кампазітар і стыль?
        
        – Вельмі шмат… Вядома, у першую чаргу, гэта Бах. Мне падабаецца нямецкае барока, апошнім часам вельмі цікаўлюся познім нямецкім барокам, хаця самым “саспелым” лічыцца перадбахаўскі стыль, паўночна-нямецкая школа. Таксама захапляюся французскім сімфанічным стылем 2-й паловы 19-га стагоддзя — пачатку 20-га стагоддзя. Адзін з маіх улюбёных кампазітараў — Луі Вьерн. У гэты час у Германіі быў іншы значны кампазітар — Макс Рэгер. Музыка яго даволі цяжкая, гігантаманічная, з элементамі экспрэсіянізму, пераходы ад вельмі ціхага да вельмі гучнага, але адмысловая.
        
        – Ці пішаш ты сам музыку?
        
        – На жаль, не. Ёсць розныя віды музычных здольнасьцяў, напрыклад, выканальніцкi, слухацкi, кампазітарскі, я б дадаў яшчэ імправізатарскі. Мне належыць хутчэй слухацка-выканальніцкі, а магчыма таксама не хапае пакуль належнай тэарэтычнай базы, каб надаць сваім музычным ідэям канчатковую форму ў выглядзе кампазіцыі.
        
        – Акрамя музыкі, якія іншыя захапленні?
        
        – Чытаць, кантактаваць з людзьмі. Але музыка адымае ўвесь час, патрабуе ўсё больш і больш. Музыка — гэта пастаянная барацьба за посьпех у будучыні. Люблю пачытаць філасофскія творы, раней пісаў і драмы, і вершы, але гэта засталося ў маладосці.
        
        – Дзякуй за такую змястоўную гутарку!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.