РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юлія Новік
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Міхась Бараноўскі: «Творчасьць – гэта размова са стыхіяй, якая жыве ўнутры»
 
Інтэрв’ю з бардам Міхасём Бараноўскім
        Супрацоўнік музея Максіма Багдановіча, выпускнік БДПУ імя М.Танка-2007, Міхась Бараноўскі за пару гадоў згуртаваў вакол гэтай пляцоўкі моладзь: музыкі і паэты, перформеры і майстры хэнд мэйду рэгулярна ўдзельнічаюць у сяброўскіх культурных сустрэчах, прычым многія знаходзяць інфармацыю ў адной з сацыяльных сетак. Імпрэзы такой творчай суполкі, якая невыпадкова называецца “Вежа міру”, жывыя і непасрэдныя, праходзяць у форме дыялогу выступоўцаў з публікай (могуць удзельнічаць і пачынаючыя творцы), на беларускай і рускай мовах. Але гэта далёка не ўсё, на што Міхасю Бараноўскаму хапае энергіі. Ён сам піша вершы, музыку, малюе, займаецца спортам, а таксама стварыў гурт аднадумцаў-маладзёнаў “Нельга забыць”, прэзентацыя якога нядаўна прайшла ў музеі Багдановіча. Гурт прадставіў унікальную праграму на вершы з аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Свой вопыт у арганізацыі культурных імпрэзаў Міша нядаўна абагуліў для шырокай публікі ў сваім жывым журнале, у артыкуле “Новыя падыходы ў арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў”.
        Да Мішы – некалькі пытанняў.
        

        
        – Тваё творчае жыццё, як і калі яно пачалося? Што ў яго ўваходзіць?
        
        – Дзесьці ў 9-м класе ў мяне з’явілася гітара, на якой я граў песенькі сябрам, у тым ліку і каля вогнішча, падчас вандровак. Лес, ноч і дзікунскія песні… Нешта ў гэтым ёсць… спяваць песні агню… Свабода, ці што… Зараз спяваю ўсе больш у памяшканнях, але тое пачуцце засталося. Творчасць для мяне – гэта размова са стыхіяй, якая жыве ўнутры.
        Вершы з’явіліся крыху пазней. Спачатку я нават і не думаў, што іх можна спяваць. Не згадаю зараз, у які дакладна момант у галаве загучала музыка. Але памятаю, што ператварэнне верша ў песню вельмі ўразіла.
        
        – Раскажы пра сваё захапленне музыкай і пра групу, якую ты стварыў.
        
        – Мяне заўседы захаплялі песні з добрымі тэкстамі. Таму ў прайгравальніку заўсёды гучалі Высоцкі, ДДТ, БГ, Башлачоў, НРМ. Вельмі люблю музыку джазавых выканаўцаў.
        Ідэя стварыць гурт з’явілася амаль адразу, як пачаў пісаць песні, але так атрымалася, што аднадумцаў я знайшоў значна пазней. Гурт — гэта нешта большае, чым музыкі, якія граюць разам. Гэта ўдзельнічаць у СУ-стварэнні. Сапраўдны цуд… І я ўдзячны лёсу, што пазнаёміўся з такімі цікавымі асобамі (Надзея Процька – скрыпка, Віталь Мурзіч – гітара, Воля Куваева – перкусія, Уладзімір Пыльчанка – акардэон).
        Гурт назвалі “Нельга забыць”. Нядаўна мы прэзентавалі аднайменную праграму на вершы У.Караткевіча, а потым займёмся электрычнай музыкай.
        Прэзентацыя гурта “Нельга забыць” (прайшла 18 снежня 2010 года ў музеі М. Багдановіча).
        
        – Калі быў закладзены першы камень “Вежы міру”, як з’явілася сама ідэя і хто дойліды праекту?
        
        – Праз некалькі месяцаў пасля таго, як пачаў працаваць у музеі Багдановіча, я прапанаваў кіраўніцтву распачаць праект на базе музея, у якім асноўнымі фігурантамі будуць пачынаючыя творцы.
        Ната Пушкарова, Віктар Лупасін, Юля Мацук, Марыся Казакевіч, Уладзь Лянкевіч, Вольга Злотнікава дапамаглі арганізаваць першую вечарыну, якая прайшла 27-га лістапада 2008 года. А потым паехала…
        
        – Якія віды і жанры мастацтва былі прадстаўленыя на вашым праекце? Якія цікавыя формы?
        
        – У асноўным гэта вечарыны, на якіх прадстаўленыя паэзія і спевы, але былі і выставы, і мастар-класы, і мульт-паказ… Вучыліся складаць арыгамі. Забаўляліся мнематэхнічнымі фокусамі, і гэтую практыку хачу распрацаваць больш сур’ёзна на пачатку наступнага года.
        
        – Раскажы пра самыя цікавыя і арыгінальныя вашы імпрэзы.
        
        – Падчас аднога з мерапрыемстваў мы правялі гарадскія спаборніцтвы па гульні ў “Камень, нажніцы, папера…”. Было весела. Спадзяюся, гэта не апошнія пацешныя спаборніцтвы і хто-небудзь прапануе ідэю іншых забавак.
        
        – Як часта вы ладзіце імпрэзы?
        
        – Стараемся праводзіць 1-2 сустрэчы на месяц. Усё залежыць ад вольнага часу і жадання ўдзельнікаў.
        
        – Хто твае пастаянныя наведвальнікі (узрост, прафесія, захапленні)?
        
        – Асноўная аудыторыя – гэта студэнты і моладзь да 30 год, але думаю, што нашыя імпрэзы былі б цікавыя як для людзей больш сталага веку, так і для школьнікаў. Іншая справа, што не хапае інфармацыйных сродкаў, каб прыцягнуць іх увагу.
        
        – Чаму ты навучыўся з “Вежай міру”?
        
        – Імправізіраваць. Не баяцца аніякіх форс-мажораў. Пастаянныя нашы наведвальнікі “сюрпрызы” ўжо ўспрымае як неад’емную частку шоу. Яшчэ “Вежа” – гэта сапраўдная тэрыторыя міру. Бабілонская вежа творчасці, дзе можна пабачыць якія заўгодна “мовы”. Яна вучыць слухаць “іншых”, не такіх, як ты і сябры-аднадумцы. Гэта спрыяе развіццю арс-прасторы, надае ёй больш фарбаў.
        
        – Што такое, на твой погляд, культурны менеджмент у беларускай прасторы?
        
        – Я буду адказваць на пытанне “Ці можна прадаць беларускую культуру?”.
        Для таго каб рэалізаваць паслугу, патрэбны спажывец, мэтавая аудыторыя. Калі яе няма, трэба яе сфарміраваць. Калі жадаеш яе ўтрымаць, трэба рабіць нешта больш якасна, чым астатнія, а ў нашых умовах нават больш. Бо чалавек ідзе па шляху найменшага супраціўлення. Паколькі паўсюль засілле рускамоўнай культуры і сучасныя праекты ў асноўным рускамоўныя, спажывец з большай верагоднасцю пойдзе туды, дзе яму больш звыкла, дзе ад яго не будуць патрабаваць прыкладваць нейкія намаганні.
        З асноўных праблем арганізацыі і рэалізацыі культурных праектаў я б назваў архаічнасць мыслення (у думках і выражэнні ідэй), адсутнасць фінансавання, пэўная моўная ізаляванасць беларускай інтэлігенцыі. Пакуль будуць думаць “ай ну что я там буду делать… там все разговаривают на белорусском и мне будет неловко”, такія праекты не будуць мець вялікага поспеху.
        
        – Як змянілася “Вежа міру” за ўвесь час існавання? Куды плануеце развівацца?
        
        – Спадзяюся, самае галоўнае ў імпрэзах “Вежы” засталося нязменным. Гэта атмасфера творчасці і сяброўства. Увогуле, адным з самых вялікіх дасягненняў я лічу тое, што шмат людзей пазнаёміліся паміж сабой і ладзяць зараз нешта сваё, паралельна з намі.
        З набыццём абсталявання з’явілася магчымасць ладзіць паўнавартасныя канцэрты, бо пляцовак для пачынаючых музыкаў у Мінску не так шмат.
        Наконт развіцця… Думаю, добрым варыянтам было б існаванне камерцыйнага адгалінавання праекту, якое дало б магчымасць творцам атрымліваць ганарары за выступы. Але гэта ўжо зусім іншая праца. Будзем развівацца, як і зараз, паступова. Усяму свой час.
        
        – Як музей Багдановіча спраўляецца з такім наплывам наведвальнікаў?
        
        – Колькасць людзей розная на кожнай імпрэзе. Звычайна прыходзіць чалавек 40-50, плюс/мінус 10. Пляцоўка прыкладна на столькі і разлічана. Месца хопіць.
        

        
        – Калі ты сам пачаў працаваць у музеі і якія ў цябе абавязкі?
        
        – Уладкаваўся восенню 2008-га навуковым супрацоўнікам. У асноўным займаюся тым, што праводжу экскурсіі, лекцыі і арганізую вечарыны, калі застаецца час, пішу артыкулы.
        
        – Якія яшчэ сцэны і платформы ты плануеш ахапіць?
        
        – У наступным годзе ёсць задумы правесці колькі клубных мерапрыемстваў “Вежы” і невялікі оўпен-эйр каля музея.
        
        – Якія рысы характару, на твой погляд, дапамагаюць у арганізацыі культурных мерапрыемстваў?
        
        – Упэўненасць у сваіх сілах, пэўная доля кампрамісу ў зносінах з людзьмі, камунікабельнасць, стрэсаўстойлівасць, крэатыўнасць, мажлівасць хутка прымаць рашэнні, дасвечанасць у абранай галіне і жаданне вучыцца таму, што пакуль не ўмееш. Умець знаходзіць у сабе сілы рушыць далей, калі нешта не атрымліваецца.
        
        – Ці лёгка табе кантактаваць з такой вялікай колькасцю людзей, асабліва творчых?
        
        – Спачатку я крыху нерваваўся, асабліва калі нехта з удзельнікаў не прыходзіў ці спазняўся. Зараз з гэтым крыху прасцей, бо заўседы ёсць каму падстрахаваць. Насамрэч, большасць з творчых людзей даволі камунікабельныя. Занудаў і цяжкіх людзей я і не запрашаю, бо непасрэдны кантакт з глядачом – гэта зусім іншае, чым дзяліцца думкамі праз тэкст ці кружэлкі.
        
        – Можаш узгадаць які-небудзь цікавы і арыгінальны выпадак з вашых імпрэзаў або твайго творчага жыцця?
        
        – Неяк мне патэлефанавалі людзі і сказалі, што стаяць пад музеем і чакаюць імпрэзы, а нікога няма. Аказалася, што ў інтэрнеце яны знайшлі абвестку пра мерапрыемтва, але не глянулі на год. І прыйшлі ў пазначаны час і дзень, але на год пазней. Спадзяюся, аднойчы яны да нас усё ж завітаюць.
        
        – Акрамя музыкі, паэзіі, “Вежы міру”, у тваім жыцці ёсць…
        
        – Родныя. Сябры… А калі казаць пра захапленні, то гэта кнігі, псіхалогія, спорт.
        
        – Раскажы пра твайго Караткевіча.
        
        – Я пазнаеміўся з ім у 2009 годзе. Не ведаю, чаму раней нашыя шляхі не перасякаліся. Можа, як часта бывае, сярод мноства кніжак я да яго не прыглядзеўся, так, каб удумліва пасядзець і паразмаўляць.
        У школе я захапляўся рускамоўнай прозай, таму пра беларускую літаратуру меў вельмі дрэннае ўяўленне (зараз паціху выпраўляюся).
        Як гэта ні дзіўна, спачатку мне трапілі на вочы вершы Караткевіча, цудоўны зборнік паэзіі “Быў. Ёсць. Буду.” А калі я дагартаў да паэм “Плошча Маякоўскага” і “Грубае і ласкавае”, то нібы токам шыбанула.
        Такія вершы на беларускай мове мне раней не трапляліся. Амаль адразу напісаліся песні на некалькі частак адной з паэмаў.
        Толькі потым я ўзяўся за яго аповесці і раманы.
        Мой Караткевіч складаны і супярэчлівы. Чалавек, які робіць шмат памылак у жыцці. Ён не анёл і не святы, але імкнецца да святла і разам з тым хоча паспрабаваць быць лепшым. Развівацца і расці. Мой Караткевіч авантурыст і выпівоха. З жывым сэрцам, якое баліць і шукае адказаў. Мне хацелася б быць сябрам такога чалавека…
        
        – Некалькі парадаў пачынаючым творцам і арганізатарам імпрэзаў.
        
        – Арганізатарам:
         - Пачынаць з простага.
         - Не баяцца перашкодаў.
         - Выбіраць лепшае з таго, што ёсць.
         - Знаходзіць сваё адметнае.
        А творцам… каб мне хто параіў. Калі нічога не рабіць – нічога не будзе…
        
        – Дзякуй!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.