РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юлія Новік
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вера Анціпава: «Кароткаметражныя фільмы – гэта як уздых»
 
Гутарка зь Верай Анціпавай – перакладчыкам, арт-дырэктарам фэстывалю кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile
        Вера Анціпава – перакладчык па адукацыі, арт-дырэктар фестывалю кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile, які аб’яднаў 35 краін свету вакол тэмы вечнага рухавіка, і стаў сапраўднай падзеяй у беларускай культурнай прасторы, распавядае пра сваё захапленне кінематографам і ўражанні ад працы на творчай пляцоўцы.
        

        
        – Перш за ўсё, скажы, з чаго пачалося тваё захапленне кінематографам? Як гэта праяўляецца зараз?
        
        – Я з дзяцінства была ў творчасці, працавала ў тэатры (дакладней, у музычнай студыі пры оперным тэатры), прымала ўдзел у спектаклях і ў выніку зразумела, што мастацтва – гэта тая галіна, у якой я адчуваю сябе найбольш камфортна ў плане самарэалізацыі. А да кінематографа прыйшла пазней і, калі можна так сказаць, адразу да практычнага аспекту. Зусім выпадкова сустрэла такіх жа апантаных людзей, якія шукалі выхад для творчай энергіі ў сферы кіно, – Мінскі кінаклуб і Кінакааператыў. Гэтыя маладыя людзі, вочы якіх гарэлі ад любві да кіно, мяне захапілі, неверагодна натхнілі, і я пайшла за імі, як загіпнатызаваная. Як цяпер бачу – пайшла ў правільным кірунку.
        Мне адразу захацелася рабіць нейкія практычныя рэчы – здымаць, здымацца, арганізоўваць. Былі аматарскія здымкі, вучоба на акцёрскім курсе ў кінашколе і праца над некалькімі праектамі, супрадзюсіраванне незалежнага кіналэйбла Byzond Pictures разам з Аляксеем ДэБронхе. Шмат часу прысвячала менавіта фестывальнай прамоцыі, і лагічным працягам гэтага стаў мой удзел у падрыхтоўцы фестывалю Cinema Perpetuum Mobile.
        
        – Які твой любімы кінажанр? Што асабіста для сябе знаходзіш у кароткаметражных фільмах? Якое ў іх будучае, на твой погляд?
        
        – Пытанне пра любімы жанр кіно для мяне нагадвае пытанне пра тое, каго больш любіш, – маму ці тату. Цікавасць да таго ці іншага фільма нараджаецца не праз жанр, а праз тое, чым рэжысёр напаўняе сваю працу. І пасля прагляду экшн-фільма можна сядзець некалькі дзён запар, утаропіўшыся ў сцяну ў пошуках адказаў на пытанні, якія нечакана паставіў перад табой аўтар. А можна выйсці ў поўным здзіўленні пасля прагляду высока ацэненага крытыкамі арт-хаўса. Тут усё яшчэ паўстае пытанне суб’ектыўнага успрыняцця твора мастацтва.
        Кароткаметражныя фільмы – гэта як уздых. Глядач падчас поўнаметражнага метру ўдыхае, выдыхае – дынаміка адчуванняў і думак больш працяглая. А ў кароткаметражным кіно ў аўтара зусім мала часу для ўздзеяння. Гэта і лягчэй, і складаней адначасова. Але хутчэй за ўсё гэта выклік – здольнасць прымусіць чалавека адчуваць і думаць пры дапамозе малой формы. Ёсць кароткаметражныя фільмы, якія не адпускаюць мяне нашмат даўжэй, чым поўны метр.
        
        – Наколькі табе асабіста блізкая тэма вечнага рухавіка, ключавой ідэі фестывалю Cinema Perpetuum mobile?
        
        – Для мяне гэта сапраўды вельмі асабістая тэма. Я імкнуся жыць у пастаянным развіцці – інтэлектуальным, духоўным, фізічным, эмацыянальным. Па сутнасці, усё вакол знаходзіцца ў руху, увесь акаляючы нас свет, і, магчыма, у гэтым сутнасць таго, што мы часта шукаем.
        
        – Што ўваходзіла ў твае абавязкі як арт-дырэктара фестывалю Cinema Perpetuum mobile? Паколькі гэта міжнародны фестываль, тут не магло не спатрэбіцца тваё веданне замежных моваў? А як наконт прыдатнасці адукацыі ў сферы міжкультурных камунікацый?
        
        – Для мяне праца над фестывалем як раз і пачалася з наладжвання міжнародных кантактаў і сувязяў – з іншымі фестывалямі, рознымі асацыяцыямі і арганізацыямі, а затым – з прафесіяналамі ў галіне кінематографу, якіх мы запрашалі ў якасці членаў журы. Замежныя мовы ў такой дзейнасці – гэта само сабой, пра што нават не вядзецца гаворка. Па змоўчанні ўся перапіска ідзе як мінімум на англійскай мове, і гэта выдатна, што людзі з розных кантынентаў, аб’яднаныя адным захапленнем, ідэяй і мэтай, маюць агульны сродак камунікацыі, які спрошчвае ўзаемадзеянне.
        Адукацыя ў сферы міжкультурных камунікацый і камунікацый у прыватнасці дапамагае не толькі ў працы з партнёрамі з-за мяжы, але і ў штодзённай дзейнасці. Уменне эфектыўна камуніцыраваць, асабліва калі ты па роду заняткаў увесь час кантактуеш з людзьмі, – такая ж умова па змоўчанні, як і замежная мова. Усё вельмі проста – у цябе ёсць мэта, дасягненне якой значна спрошчваеццца, калі ты размаўляеш на адной мове з іншымі – літаральна і фігуральна.
        

        
        – Прыняўшы актыўны ўдзел у міжнародным мерапрыемстве, ці можаш падсумаваць, наколькі мова мастацтва і культуры залежыць ад нацыянальных і этнічных асаблівасцяў? Ці ёсць цікавыя факты і выпадкі, звязаныя з асобнай краінай, удзельніцай фестывалю? Ці былі складанасці ў разуменні задач фестывалю, бо яго ідэя, над раскрыццём якой працавалі 35 краін, нарадзілася ў Беларусі, хаця і актуальная для заходняй культуры?
        
        – Магчыма, гэта абумоўлена маёй адукацыяй і адкрытасцю да інтэрнацыянальных рэчаў і праектаў, але мне падалося, што фестываль прадэманстраваў выключнае міжкультурнае ўзаемаразуменне і агульнасць мовы. Здавалася б, цяжкасцю павінна было стаць тэматычнае абмежаванне работ, бо агульная тэматыка фестывалю – “вечны рухавік” і дадатковыя “вечныя намінацыі”. Але аўтары з самых розных краін свету – ад Аўстраліі да Канады – знайшлі нешта агульнае ў інтэрпрэтацыі, правільна ўспрынялі наш заклік, незалежна ад іх роднай мовы і культуралагічных асаблівасцяў. Напэўна, гэта сведчыць пра тое, што “вечны рух” авалодаў ўсім светам, што гэта адзін з канцэптаў, здольных натхняць і аб’ядноўваць думкі і душы па ўсім свеце.
        
        – Наколькі беларускія ўдзельнікі фестывалю ўпісаліся ў міжнародны кантэкст? У чым сакрэт поспеху беларускай работы Арцёма Лобача “Змярканне”?
        
        – Перш за ўсё адзначу, што беларускіх удзельнікаў нам заўсёды мала, хочацца, каб Беларусь была лідэрам па колькасці пададзеных заявак, але ў гэтым годзе Расія нас апярэдзіла. Фестываль жа робіцца ў першую чаргу для нашых фільммэйкераў, мы сталі пасярэднікамі паміж аўтарамі і гледачамі, знайшлі добрыя і незвычайныя пляцоўкі, якія дазваляюць маладым аўтарам паказаць свае работы на вялікім экране, убачыць рэакцыю гледачоў, пачуць водгукі і атрымаць далейшую прамоцыю сваіх работ. У нас, канешне, пакуль неідэальная сістэма ўзаемадзеяння з патэнцыйнымі ўдзельнікамі, але мы працуем над гэтым, чым жа самі і сцвярджаем свой прынцып вечнага руху і ў дадзеным выпадку развіцця.
        Работа Арцёма Лобача атрымала высокія адзнакі міжнароднага журы. Я магу судзіць і аналізаваць гэты поспех толькі як глядач і думаю, што гэта связана з непаўторным мастацкім бачаннем аўтара, якое дзівосным чынам спалучаецца з сэнсавай глыбінёй, парадаксальна лёгкай для ўспрыняцця. І, вядома, асаблівым “паслясмакам”, які застаецца пасля прагляду.
        

        
        – Як беларускі глядач успрымаў работы фестывалю? І ці можна намаляваць яго абагульнены партрэт? Наколькі актыўна наведваліся мерапрыемствы? Водгукі гледачоў?
        
        – Публіка была вельмі адкрытай, з задавальненнем дзялілася ўражаннямі і, па шчырасці, мы нават не чакалі такой цікавасці – нават дадатковы паказ лепшых работ прайшоў з аншлагам. Канешне, трэба рэальна глядзець на рэчы – аўтарскае кароткаметражнае кіно не будзе збіраць стадыёны і вялікія канцэртныя палацы, але на дадзеным этапе мы засталіся задаволеныя вынікам.
        
        – Тваё ўражанне ад сваёй працы (калі гэта можна так назваць) на фестывалі і што ўразіла (здзівіла, абрадавала) больш за ўсё?
        
        – Галоўны плюс і задавальненне ад працы над фестывалем – гэта каманда, якая яго рабіла. Больш за 30 чалавек, так ці інакш задзейнічаных у развіцці праекта, апантаных валанцёраў, гатовых звярнуць горы за ідэю, цягам паўгода знаходзілі ўзаемаразуменне і адзінадушша ў вырашэнні ўсіх пытанняў. На мой погляд, гэта абсалютна ўнікальная сітуацыя, якая натхняе на нешта яшчэ больш грандыёзнае. Яшчэ адзін зусім фантастычны момант – тое, як шмат людзей з розных кропак зямнога шару паверылі ў нас і даверылі нам свае работы. Канешне, гэта ўсё не звалілася з неба, гэта справа нашых цудоўных валанцёраў, інтэрнэт-каардынатараў, але сам факт таго, што заяўкі з 35 краін зляцеліся ў Беларусь на малады фестыываль, які толькі-толькі становіцца на ногі, – гэта ўражвае і дазваляе паверыць у тое, што наш фестываль патрэбны тут і зараз, і мы павінны ісці далей.
        
        – Ці дастатковым было асвятленне падзеі ў прэсе да, падчас і пасля фестывалю?
        
        – Асвятленне ў прэсе ніколі не бывае лішнім, колькі б яго не было. Калі ты робіш мерапрыемства, накіраванае на дапамогу маладым талентам і на развіццё, хочацца, каб розгалас быў максімальным і дасягнуў нават тых, хто, можа быць, сам не шукае, але чакае, калі яго паклічуць. Мы адчулі вялікую цікавасць да нас з боку тэлебачання, правялі гадзіну ў прамым эфіры на інтэрнэт-тэлеканале, чыталі рэпартажы пра сябе на розных рэсурсах. Але зноў-такі, нам ёсць, над чым працаваць, і хацелася б з часам чытаць дайджэсты пра фестываль не толькі ў беларускіх, але і ў замежных СМІ. Гэта магло б стаць яшчэ адным стымулам для пачынаючых рэжысёраў і добрай магчымасцю для ўстанаўлення новых партнёрскіх сувязяў.
        
        – Ці ёсць у цябе, акрамя кіно, іншыя творчыя захапленні?
        
        – Я даўно і без памяці люблю балет як сістэму, якая дорыць свабоду, і думаю, што з часам знайду цікавую форму для сумяшчэння танцаў і візуальнага мастацтва.
        
        – Дзякуй і поспехаў вам!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.