РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юлія Новік
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Юлія Патоцкая: «Супярэчнасць – праекцыя разумення і адчування Сусвету»
 
Гутарка з удзельніцай “Выстаўкі маладых мастакоў Санкт-Пецярбурга”
        Юлія Патоцкая – удзельніца “Выстаўкі маладых мастакоў Санкт-Пецярбурга”, якая пройдзе з 12-га па 24-га снежня. Мэта выставы – прадставіць творчыя працы людзей, якія не займаюцца мастацтвам прафесійна, іх падштурхоўвае да творчасці ідэя, шчырае і непасрэднае ўспрыняцце навакольнага свету. Такі творца насычае праект сваімі думкамі, ідэямі, у выніку маем нешта накшталт “дзённіка настрою”. Юлія апавядае пра настрой, з якім ствараліся работы, і пра свой шлях да мастацтва.
        
        – Раскажы, з чаго пачаўся шлях да мастацтва?
        
        – Складана сказаць, калі і чаму я пачала маляваць. Апошнім часам адчула, што малюю таму, то не магу гэтага не рабіць. Некалькі гадоў наведвала мастацкую студыю, скончыла курсы пры Беларускай Дзяржаўнай Акадэміі Мастацтваў, але маё навучанне мела больш за ўсё нефармальны характар. Па адукацыі я спецыяліст у галіне прыкладной матэматыкі і інфарматыкі (Беларускі Дзяржаўны Універсітэт, 2009 год).
        
        – Чым натхняешся?
        
        – Зараз імкнуся больш вандраваць, для мяне гэта самы даступны спосаб стаць мудрэйшай, захаваць здольнасць крытычна і цэласна ўспрымаць новае і ў той жа час захоўваць яснасць думкі.
        
        – Як ставішся да гледача?
        
        – У сваіх працах імкнуся не навязваць пэўныя вобразы, бо хачу абудзіць у чалавеку яго ўласныя супярэчлівыя, неадназначныя думкі і пачуцці. Я не навязваю ідэі – а толькі падказваю магчымасці ўспрыняцця.
        
        – Якія ў асноўным твае вобразы?
        
        – Выяўляю толькі тое, што мне даступнае ў эмацыйных вобразах, тое, што адчуваю, але не магу зразумець і пра што цяжка сказаць словамі. Пры гэтым імкнуся не пераследаваць гледача навязлівымі вобразамі і прапаноўваю паглыбіцца ў перажыванні, блізкія маім, якія ўзніклі пад уражаннем ад маіх прац, але застаюцца яго ўласнымі перажываннямі. У маіх працах вы можаце адчуць Супярэчнасць – ідуць поруч агрэсія і супакоенасць, іронія і сляпая, чуллівая пасіянарнасць, недарэчная прастата, але бясконцасць вашых думак, якую я хачу зрабіць магчымай, адмаўляючыся ад маралізатарства ў сваіх працах.
        
        – Атрымліваецца, твае вобразы пабудаваныя на супярэчнасці, але гэта толькі ўяўнасць?
        
        – Так, персанажы напружаныя да глыбіні, здаецца, канфліктуюць з цеплынёй фарбаў і мяккасцю форм, крыважэрныя вобразы расплываюцца ў гладкую, медытатыўную лінію далягляду, жарсць імкне да сырой прахалоды. Гэтая Супярэчнасць – адзін з ідэйных складнікаў кожнай маёй працы, нібыта праекцыя маёго разумення і адчування Сусвету – няма нічога адназначнага і ўсё складаецца з бясконцых супрацьлегласцей, якія змагаюцца супраць адна адной, але ў той жа час дапаўняюць і кампенсуюць адна адну.
        
        – Цяпер час разгледзець колькі тваіх работ і твае каментары да іх.
        

        
        – Восень. Руды сон захутвае з замілаваннем ва ўспаміны, не дае існаваць пярэчанням. Узрушана агортвае рудым сном.
        

        

        
        – Гэта праца пра дарагіх мне людзей, якія сыходзяць з майго жыцця. Яны ўсё адно застаюцца дасяжнымі, нават праз перашкоду абставін. Такі сыход падаецца вельмі недарэчным і няўчасным. Але ж, магчыма, недарэчна шкадаваць пра гэтае знікненне, бо гэта ўсяго толькі пераўтварэнне вечнай плыні жыцця, што паглыбляецца ў недасягальнае. Нам не судакрануцца да звычайнага ўвасаблення гэтай плыні і не запаволіць рытм яго змянення, таму яно падобнае на захад сонца – такое ж каштоўнае, яркае і непазбежнае.
        

        
        – Палкасць прыцягнення супрацьлегласцяў.
        

        
        – Шлях сэрца праходзіць праз каменныя рэбры маралі, выхавання, звычкі, чый бастыён лядашчы і ўмоўны, месцамі архаічны. За ім- бясконцая невядомасць, цьмяная і прыцягальная.
        

        
        – Цемра як нагода для сцішанасці і першапачатак ўнутранага святла.
        

        
        – Вечнасць існавання часовага.
        

        
        – Адзінота ў гістэрыі заўсёды перанаселеных гарадоў.
        
        – Дзякуй! І чакаем навінаў з Пецярбурга!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.