РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іна Севярын-Шота
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ганна Аўчыньнікава: «Пішу і на палітычныя, і на лірычныя тэмы, і пра каханьне...»
 
Інтэрв’ю з паэткай Ганнай Аўчыньнікавай
        "Літаратурнай гасцёўняй" на "Тваім Стылі" мы распачынаем знаёмства з гарадзенскімі сучаснымі літаратарамі. Абяцаем добрыя вершы і цікавыя размову пра літаратуру і жыццё. Першай мы запрасілі маладую паэтку Ганну Аўчыннікаву.
        Дзяўчына чакае выхаду свайго перашага зборніка "Ад зачыненай брамы", а дагэтуль ужо паспела атрымаць прэмію "Дэбют" часопіса "Дзеяслоў".
        Калі і пра што пішацца Ганне? Адкуль прыходзіць натхненне? Ці пагаджаецца Ганна з азначэннем сваёй творчасці як дэкаданцкай? Ці можа яна зарабляць на жыццё літаратурай?
        

        
        – Прывітанне, з вамі праграма “Літаратурная гасцёўня”, і я яе вядучая, Іна Севярын.
        У гэтай праграме прапануем знаёміць слухачоў “Твайго Стылю” з сучаснымі гарадзенскімі літаратарамі. Абяцаем добрыя вершы і размовы з цікавымі людзьмі пра літаратуру і жыццё.
        Шчыра запрашаем!

        
        – Гарадзень, гарадзіць, агароджа,
        Агароджаны...
        Сіні туман.
        Засынае на варце Каложа,
        Склаўшы крылы на росны дырван.
        Нібы птушка, узнеслася рэха
        І звалілася. Зоры прайшлі.
        Асыпаюцца зоры на стрэхі
        І на грудзі Крывіцкай Зямлі.
        Па Гародні блукае змярканне,
        Як мінулага велічны цень,
        І на варце да самага рання
        Агароджа, мяжа, Гарадзень.
        
        – Сёння ў літаратурную гасцёўню завітала маладая паэтка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, аспірантка купалаўскага ўніверсітэта – Ганна Аўчыннікава.
        Дзяўчына пачала рыфмаваць вершы адразу як толькі навучылася пісаць у дзяцінстве. Сёння да сваіх ранніх твораў паэтка ставіцца крытычна. На яе погляд больш вартасныя вершы пачалі прыходзіць у старэйшых класах.
        Але ўласнага зборніку вершаў Ганна чакала доўга. Нарэшце кніжка мусіць хутка выйсці. Паэтычны зборнік “Ад зачыненай брамы” складаецца з двух раздзелаў і змяшчае вершы розных гадоў.

        
        – Першы ўключае вершы рознага характару, рознай тэматыкі, палітычны такі, нейкія лірычныя вершы. Другі – гэта толькі вершы пра каханне і ўсё, што з гэтым звязана.
        
        – Аўтарам прадмовы выступіў гарадзенскі паэт і выкладчык Анатоль Брусевіч. Паэзію паэткі ён акрэслівае як паэзію Дэкадансу.
        
        – Першым вершам для будучага зборніка стаў верш “Імжа”. Спачатку Ганна хацела гэтак жа назваць і свой зборнік, але пасля вырашыла, што назва “Ад зачыненай брамы” больш дарэчы.
        
        – Гэта радок з майго верша, гэты верш для мяне вельмі важны, ён пісаўся ў такі, не тое што важны момант жыцця, але на вялікім, скажам, эмацыйным уздыме і ён нейкі такі для мяне знакавы. Гэта па-першае. А па-другое, мне падалося, што сама гэтая вось тэма: нешта зачыненая прастора, зачыненая нейкая царква, замак неяк прасочваецца на працягу ўсяго зборніка, і мне падумалася што вось якраз такая назва вельмі пасуе.
        
        – Напачатку свае вершы Ганна пісала на дзвюх мовах – расейскай і беларускай.
        
        – Пачынаючы якраз з таго часу калі я лічу, што я пішу больш-менш прыстойныя вершы, я пішу толькі па-беларуску. Таму што я зразумела, што па-руску атрымліваецца не натуральна і не так прагожа як мне б хацелася. Я не адчуваю проста, скажам так, мелодыкі рускай мовы, не атрымліваецца. Гэта адно. А другое, я прынцыпова таксама не пішу па-руску, бо ўсё ж тут такі момант прысутнічае нацыянальнага самапачуцця.
        
        – Зарабляць літаратурай на жыццё можна. Тут шмат залежыць ад самога літаратара, ягонай здольнасці, як цяпер кажуць, выгодна прэзентаваць свой мастацкі прадукт. Праўда, па словах Артура Клінава, аўтара нашумелага раману “Шалом”, надзвычай актыўная піяр-кампанія “Шалом у кожны дом” усё роўна не акупляе выдаткаваныя сродкі. Ці бачыць для сябе магчымасці зарабіць на творчасці Ганна?
        
        – Што тычыцца мяне, то гэта немагчыма проста з-за майго характара і з-за майго стаўлення да паэзіі, таму, што я пішу толькі па натхненні, а калі янго прыйдзе гэта ад мяне не залежыць. Я не кантралюю гэты працэс. Ёсць – дык ёсць, не – дык не.
        
        – Свае вершы паэтка піша серыямі. Вельмі доўгі час можа нічога не напісацца, а бывае за адзін дзень адразу некалькі вершаў. Крыніцы натхнення чэрпаюцца ад усяго: уражанні ад мясцін, асобаў, падзеяў.
        
        – Пад флейту ветранага рання
        Спявае рэквіем трысцё.
        Пілі мы ўчора за каханне,
        А сёння п’ем за забыццё.
        Для песень ветранага ранку
        Любоў, знявага – ўсё адно.
        Зеленавокая каханка
        З атрутай змешвае віно.
        Трысцё схіляецца да долу,
        Паветрам поўніцца прасцяг...
        Паволі абыходзіць кола
        Гаркота ў Келіху Жыцця.
        
        – На гэтым я з вамі развітваюся, да новых сустрэч у літаратурнай гасцёўні “Твайго стылю”. Напрыканцы, прапаную слухачам яшчэ адзін верш Ганны Аўчыннікавай "З Глыбіні". У якасці музычнага афармлення выкарыстоўваўся твор гурта "Манетны двор".
        
        – Даспявай маю песню на золку,
        Калі зоры схаваюцца спаць
        У расе, на сцяблінках, на зёлках.
        Даспявай маю песню на золку,
        Як не здолею я даспяваць.
        І ні флейты, ні скрыпкі не будзе,
        Бо жылі яны толькі што ў сне,
        А на золку трывога разбудзіць,
        Бо ні флейты, ні скрыпкі не будзе
        І, напэўна, не будзе мяне.
        Ад жалезнай зачыненай брамы
        Да святла – лабірынты дарог,
        І адна стане шчыраю самай.
        Ля жалезнай зачыненай брамы
        Толькі я, адзінота і Бог.
        І струменіць у чыстыя вочы
        Бляск жаданых і родных вяршынь.
        Па дарозе ад брамы я крочу,
        І да болю мне ў чыстыя вочы
        Льецца хваляй нябёсная сінь.
        І брыльянтамі свеціцца неба,
        І ніхто іх не думае браць...
        Не спявай маю песню, не трэба.
        Дзе яднаюцца сэрца і Неба,
        Я павінна сама даспяваць.
        
        
        Паводле аўдыёзапісу "Гарадзенскія гісторыі" з сайта

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.