РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іна Севярын
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ганна Новік: «Ад настаўніцкай паэзіі да журналісцкай прозы»
 
Інтэрв’ю з паэткай Ганнай Новік
        Першая кніга паэткі, мастачкі ды музыкі Ганны Новік пабачыла свет напачатку года.
        Ганна, акрамя паэтычнай дзейнасці, з’яўляецца навучэнкай ГДУ імя Скарыны, актыўнай ўдзельніцай Гомельскай філіі ТБМ, сурэдактарам самвыдатаўскай газеты “Толькі разам”. Пра ўласна кнігу, захапленні і літаратурнае жыццё ў размове з паэткай.
        

        
        – Распавядзіце, калі ласка, пра ўласна кніжку “Сумёты агню”.
        
        – "Па сутнасці ўвесь зборнік уяўляе сабой завершанае іншаказанне. Аб надыходзе халадоў і непазбежным па гэтай прычыне спліне, фінальнасці любога пачуцця – ад прыхільнасці да кахання, адзіноты чалавека ў працэсе пазнання сусвету" (М. Аммон).
        У зборніку закранаецца шэраг тэматык – каханне, пачуцці, патрыятызм, іншыя рэаліі сучаснага жыцця – аб’яднаных лейтматывам восені. Кніга аздоблена графічнымі малюнкамі Людмілы Бойка. Некаторыя вершы маюць гумарыстычную афарбоўку.
        
        – Як доўга кніжка чакала свайго выхаду?
        
        – Шчыра кажучы, ідэя выдання “Сумётаў…” узнікла спантанна і не ў мяне. Ёю падзялілася вядомая гомельская паэтка Ніна Шклярава, і праз 2 месяцы пры падтрымцы сяброў кніга пабачыла свет у Менску. У красавіку 2011 года адбыліся прэзентацыі.
        
        – Калі вы пачалі пісаць вершы і які верш быў першым?
        
        – Як і пераважная большасць паэтаў – у дзяцінстве. Першы верш уяўляў сабой двухрадкоўе:
        
Сінічкі дзынкаюць, пяюць
І нават сала не клююць.
        
        – Героі вашых вершаў, хто яны? Якім чынам паўстае той, ці іншы вобраз?
        
        – Героі маіх вершаў – рэальна існуючыя людзі. Прасякаешся энергетыкай той ці іншай асобы і пішаш нібыта яе думкамі. Можна было б і падпісаць, які верш каму прысвечаны, але каму трэба – здагадаецца. Рэчы ўяўляюцца пераважна статычнымі (“Ліхтар”, “Лясное люстэрка”).
        
        – У якім стане пішуцца вершы і адкуль крыніца натхнення?
        
        – Крыніца – сама спантаннасць жыцця і ўсяго астатняга. Таму збольшага вершы пачынаюць пісацца ў самы непадыходзячы момант – падчас іспытаў, вельмі важнай сустрэчы ці імпрэзы, у гадзіну пік… Зменшага – ад суму і расчаравання.
        

        
        – Калі і як пачалося ваша творчае жыццё? У чым яно заключаецца на дадзены момант?
        
        – Маё творчае жыццё пачалося з маленства. Кожны чалавек з маленства творца ў той ці іншай ступені, але не ўсе ў гэтым прызнаюцца.
        На дадзены момант актыўна ўдзельнічаю ў дзейнасці мясцовай філіі ТБМ (і ўсіх запрашаю наведаць сайт http://kli4nik.info :)!!!!) і літаратурным жыцці Гомельшчыны, з’яўляюся сурэдактарам самвыдатаўскай газеты “Толькі разам”. У вольны час займаюся жывапісам, батыкам і рознага кшталту хэндмэйдам. Ну і вершы крышачку пішу.
        
        – Ваш асабісты погляд на сучасную паэзію?
        
        – Часам не магу ўстрымацца ад цытаты, а ад такой слушнай – тым больш:
        
Не адзін зменлівы адказ
быў дадзены на гэтае пытанне.
А я не ведаю і не ведаю, і трымаюся гэтага,
як выратавальнай парэнчы.
В. Шымборска
        
        Гэта чарговы -ізм з прываблівай істай.
        
        – Ці магчыма ў сучасным грамадстве зарабляць толькі паэзіяй?
        
        – Наўрад ці. І прозай таксама, асабліва добрай.
        
        – Чаму?
        
        – Увага масавай чытацкай аўдыторыі скіраваная больш на расейскамоўную белетрыстыку. Да таго ж не кожны сёння мае патрэбу хоць у якім-кольвек чытанні.
        
        – Якім чынам вы выбіралі прафесію і чаму такі выбар?
        
        – Паводле прафесіі я філолаг з нявызначаным накірункам дзейнасці – ад журналістыкі да настаўніцтва. Філолаг, вельмі абураны зневажальным стаўленнем сваіх суграмадзян да роднай мовы. Таму накірунак дзейнасці пасля сканчэння ВНУ відавочны: абскурантызму бой!
        
        – Зараз займаецеся таксама журналістыкай. Што вам бліжэй: паэзія, настаўніцтва ці журналісцкая дзейнасць?
        
        – Паэзія настаўніцтва і проза журналістыкі. :)
        
        – На ваш погляд, ці з’яўляецца школьная праграма па беларускай літаратуры дасканалай? На каго з сучасных паэтаў і празаікаў вы б больш звярнулі ўвагу?
        
        – На жаль, мастацтва ў нашай краіне непарыўна звязана з ідэалогіяй, што пацвярджаецца і пераглядам школьнай праграмы па беларускай літаратуры, здзейсненым у 2007 годзе. Выток дасканаласці – пазнанне… Лічу, што шкаляры павінны ведаць як В. Быкава і Р. Барадуліна (без абмежавання 1-2 творамі), так і А. Сыса, і У. Някляева, і іншых.
        
        – Паэтаў шмат, але не ўсіх можна назваць паэтам. На вашу думку, паэт – гэта...
        
        – "...той, каго зразумеюць потым." (В. Кустава)
        
        – Чыёй творчасцю больш захапляецеся?
        
        – А. Сыса, Ю. Станкевіча, С. Балахонава, В. Акудовіча, І. Бабкова, У. Някляева, А. Бахарэвіча, А. Зэкава, Р. Сітніцы... Цяжка пералічыць.
        
        – Дзякуй за гутарку.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.