 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Алена Руцкая: «Калі ўсё ў жыцці было б цудоўна, то ў ім не было б нічога цудоўнага»
Інтэрв’ю з паэткай Аленай Руцкай
|
Прывітанне, з вамі праграма “Літаратурная гасцёўня”, і я яе вядучая, Іна Севярын. У гэтай праграме працягваем знаёміць слухачоў “Твайго Стылю” з сучаснымі гарадзенскімі літаратарамі. Добрыя вершы і размовы з цікавымі людзьмі пра літаратуру і жыццё. Шчыра запрашаем!  – Не лёс як шырма для слабых Нібы пілюлі для спакою Што парыванняў кволы ўдых Заглушаць марнасці напоем. Ні хваляванняў, ні турбот Паплач як над ліхім здарэннем Бо словы гэтыя – што плот Між барацьбой і прымірэннем. ”Не лёс” – я думаю сказаў той першы Хто ў цяжкой знямозе Да кроплі сілы ўсе аддаў Крутой пакутлівай дарозе. ”Не лёс” – скажы калі жыццё Замрэ ва ўласным адчуванні Калі ідзеш у небыццё З апошняй хвіляю змагання. – У якасці госця “Літаратурнай гасцёўні” мы запрасілі літаратуразнаўцу, метадыста, гарадзенскую паэтку і заслужаную настаўніцу Беларусі – Алену Руцкую. Па словах сп Алены, выбар будучай прафесіі быў невыпадковым. З аднаго боку - гэта працяг дынастыі: дзядуля па бацькоўскай лініі працаваў загадчыкам дзіцячага дома. Па – другое, маці настаўніца. Вучоба Алены у БДУ прыпала на той час, калі там выкладалі такія майстры слова як прафесар Ларчанка, Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, Алег Лойка, Вячаслаў Рагойша і шмат іншых выбітных асобаў. У гэты час ва універсітэце дзейнічала літаратурнае аб’яднанне “Узлёт”, якое аб’ядноўвала як крытыкаў, так і літаратараў. – Яно было цікавае тым, што было вельмі рознабаковым. Мы не проста там чыталі і абмяркоўвалі свае вершы. Гэта была асноўная, можна сказаць, праца, але было многа яшчэ такой кантэкставай, як зараз скажуць, працы. І заўсёды, але грунтоўна менш, запрашалі да нас нейкіх цікавых асобаў. У прыватнасці, адзін з першых хто быў запрошаны – быў Уладзімір Караткевіч – тады яшчэ малады зусім, але ўжо прызнаны, вядомы. Ён нас усіх, канешне, захапіў сваімі вершамі і цікавымі аповядамі. А затым, фактычна, амаль усе такія выбітныя постаці былі ў нас на пасяджэннях. – У Саюзе пісьменнікаў “узлётаўцы” наведвалі імпрэзы і творчыя вечарыны, пасля якіх адбывалася абмеркаванне пачутага. Акрамя гэтага, была магчымасць выступаць з уласнымі творамі перад навучэнцамі школ, працоўнымі. Пра адметнасць аўдыторыі ў тыя часы і сёння, сп Алена распавядае наступнае: – Я павінна сказаць вось што: тыя школьнікі былі цішэйшыя. Цішэйшыя ў тым плане, што яны былі крышку заарганізаваны. Цяпер мне падабаецца аўдыторыя тым, што яна такая жывая, раскаваная, і патрабуе такога жывога кантакту з сабой. Гэта адно. Другое – гэта, я шчыра скажу, калі гаварыць менавіта пра тыя “узлётаўскія часы”, быў вельмі строгі партыйны кантроль, і тое што мы збіраліся чытаць – гэта абавязкова павінна было быць прадстаўлена, яго праглядалі і рэкамендавалі, што трэба прачытаць. – Алена навучылася чытаць ужо ў пяцігадовым узросце. Відаць таму і першыя вершы пачалі з’яўляцца так рана. Свой першы верш паэтка ўзгадвае з самотай. – Я памятаю што нікога не было, я сядзела пры акне, выглядвала хто ж з яго з’явіцца першым. Вось. І як бы перад гэтым толькі прачытаўшы для дзяцей кніжачку Максіма Танка, якую мне бацька падарыў, я раптам стала ўглядацца ў гэтае ваконне і такі вершык нарадзіўся: Ноч ахутала лес і ўзлесак, Цёмнай коўдрай укутала сад, Не відаць і агеньчыкаў з хат Людзі спяць, птушкі спяць, Толькі совы лятаюць, крычаць. – Сп. Алена мае некалькі ўласных паэтычных зборнікаў, таксама друкавалася ў шматлікіх калектыўных выданнях. Зараз паэтка збірае матэрыялы для сатырычнага зборніка і рыхтуе зборнік вершаваных загадак. На думку аўтаркі, загадкі вельмі патрэбныя ў дашкольным выхаванні і пачатковых класах. Паралельна Алена рэдагуе падручнікі для беларускамоўных класаў Польшчы. Адначасова з паэтычнай творчасцю аўтарка выкладае ва ўніверсітэце. Навуковай дзейнасцю зацікавілася падчас працы у школе. Алена з’яўляецца адным з вядучых спецыялістаў у галіне выкладання беларускай літаратуты і рыторыкі. Яшчэ адной часткай дзейнасці Алены з’яўляюцца пераклады. Чаму яна вырашыла гэтым займацца? – Я не так многа, канешне, займаюся перакладамі, але вось скажу, што штуршком да перакладчыцкай дзейнасці быў фестываль. Гэты фестываль маладых літаратараў праводзіўся ў Ерыване. Гэта было ўжо даўно – у 1971 годзе, так бачыцца. І там было вельмі многа ўдзельнікаў гэтага фестывалю з розных куткоў тады яшчэ Савецкага Саюза, і мы асабліва цесна так пасябравалі з украінцамі, таму што суседзі, з расіянамі. І мы паабяцалі, што пастараемся матэрыялы гэтага фестывалю разрэкламаваць. З тымі з кім пасябравалі там на фестывалі – мы пастараемся пра іх расказаць. І, сапраўды, вярнуўшыся дадому, я стала пераглядаць усё што ў мяне было і пакрысе перакладаць і друкаваць прадстаўляючы тую маладую літаратуру. – На гэтым я з вамі развітваюся, а вашай увазе прапаную верш Алены Руцкай “Выратавальныя сінонімы”. Да новых сустрэч у літаратурнай гасцёўні “Твайго стылю”. У якасці музычнага афармлення выкарыстаны музычны твор гурта “Манетны двор”. – Сямёнавіч карпеў над справаздачай, Пакутаваў над ёй каторы дзень: Паказчык нізкі, як сказаць іначай, Каб не такі быў сорам ад людзей. А тут яшчэ дачка ўслых далдоніць, У суладдзе думкі не звядзеш ніяк, Да слоў шукае нейкі там сінонім, Чакай і мільгануў здагадкі знак. Паказчык нізкі – невысокі значыць, Зусім другі малюнак паўстае. І рушыла наперад справаздача – Багацце мовы вывезла яе. Паводле аўдыёзапісу "Гарадзенскія гісторыі" з сайта: http://t-styl.info/by/108/lifestyle/6772/Алена-Руцкая-ў-Літаратурнай-гасцёўні.htm
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|