 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Марыя Барысенка: «Галерэя джаза»
Гутарка з мастачкай Марыяй Барысенка.
|
Пытанне: – Што яднае бландынку і джаз? Адказ: – Чорныя карані...
| 17 верасня ў галерэі “Універсітэт Культуры”, што знаходзіцца ў Палацы Рэспублікі адкрылася выстава пад лаканічнай назвай “Jazz”. Сапраўды, там увесь час гучаць вельмі добрыя джазавыя творы. Адмысловую музычную атмасферу ў выставачнай залі кожны дзень стварае віноўніца падзеі – мастачка Марыя Барысенка. Аўтар прац пад назвамі: “Джазавая скрыпка”, “Сэрца кантрабаса”, “Імправізацыя”, “Акорд”. Яе працы – гэта габелены. І ўражанне ад іх неперадавальнае. Шукаць аналогіі, параўноўваць з нечым няма сэнсу – выстава настолькі арыгінальная і самадастатковая, што застаецца толькі прысутнічаць сам-насам з сапраўдным мастацтвам і слухаць джаз. Нават тады, калі ў залі абсалютная цішыня. На габелене пад назвай “У джаз-клубе” выява самой мастачкі. Яна ў джазе, джаз у ёй...
 | Марыя Барысенка на адкрыцці персанальнай выставы | – Маша, якія ўласныя ўражанні ад першых дзён выставы? – Сёння быў трэці дзень, і я зноў ехала да дому з тортам. Адчуванне свята захоўваецца! – Ведаю, што ты сталая наведвальніца ўсіх джазавых і блюзавых тусовак. Але, раскажы, калі ласка, для чытачоў – адкуль джаз у тваім жыцці, у тваёй творчасці? – Джаз са мной сапраўды па жыцці, нават цяжка ўзгадаць, з якіх часоў. А ў творчасці першая мая грунтоўная праца на гэту тэму, дыпломная праца, якая так і называецца – “Джаз”. – І наколькі доўгі быў шлях ад першай працы да персанальнай выставы? – На працягу васьмі гадоў збіраліся эскізы, накіды, узнікалі думкі на зададзеную тэму, адбывалася пераасэнсаванне падзей. Матэрыял складаўся ў тэчку. І вось у гэтым годзе ўсё і адбылося. Акрамя самай першай працы, усе астатнія былі зроблены ў 2010 годзе.
 | Габелен “Сэрца кантрабаса” | – Можна сказаць, што ўсе тыя джазавыя канцэрты, на якіх ты пабывала раней, у рэшце рэшт натхнілі цябе на стварэнне ўсёй гэтай неверагоднай прыгажосці. А скажы, ці валодаеш ты музычнымі інструментамі? – Сем год займалася ў музычнай школе на фартэпіана, потым яшчэ тры гады дадаткова, для сябе. Але заўсёды ведала, што музыка не стане маёй прафесіяй. Не ведаю чаму, з дзяцінства была ўпэўнена, што стану мастачкай. – Можа быць гэта вынік сямейных адносінаў? Ці ёсць у вас мастацкія традыцыі? – У мамы добрыя здольнасці да малявання. Але ў нас у сям’і бабуля і яе сястра былі архітэктарамі, мае дзядзі ў спадчыну атрымалі спецыяльнасці, звязаныя з архітэктурай. Тата таксама блізка да гэтай тэмы – ён інжэнер-будаўнік. Дарэчы, і мама працуе ў будаўнічым інстытуце.
 | Габелен “У джаз-клубе” | – Маша, ты выпускніца кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Як аднесліся да факту правядзення тваёй выставы сябры-калегі па універсітэту? – Вельмі добра – шмат тэлефанавалі, цікавіліся, прыходзілі на адкрыццё. – Яшчэ б! Такая нязвыклая, нечаканая тэма. Скажы, адкуль гэта прыйшло? Ці былі нейкія ўплывы, узоры? – У часы, калі я працавала над дыпломам, я вельмі захаплялася, так званым рускім авангардам пачатку дваццатага стагоддзя. Хаця такая назва вельмі ўмоўная. Адным з асноўных месцаў узнікнення гэтага накірунку выяўленчага мастацтва з’яўляецца Віцебск. Але аб гэтым за мяжой мала хто ўзгадвае. Далей я распрацоўвала свой самастойны стыль. Тут я хачу ўзгадаць імя Рудольфа Хеймранда, прыбалтыйскага мастака, які лічыўся прызнаным майстрам савецкага габелена. Для мяне былі цікавыя не столькі яго выявы, не столькі сюжэты, колькі яго тэхніка. У ёй была апрабавана вялікая колькасць нязвыклых прыёмаў ткацтва. У сваёй аўтарскай тэхніцы я выкарыстоўваю не толькі пражу, але і абрэзкі тканіны, кавалкі футра ды іншыя матэрыялы. – Ствараць такія рэчы – увогуле вельмі спецыфічны працэс. Неабходна абсталяванне, прылады, падрыхтаванае памяшканне, матэрыялы. Як гэта ўсё адбываецца ў цябе? Як ты наладжваеш сваю працу? – У мяне ўсё вельмі проста. Усе габелены для выставы былі створаны ў хатніх умовах. Выглядае гэта так: амаль усю прастору пярэдняга пакою нашай невялікай кватэры займае станок для габеленаў. Больш ніякіх прыладаў, акрамя адмысловага малаточка, які больш нагадвае грэбень, не існуе. Уся праца робіцца рукамі. – Ведаю, што аднойчы ты стала стыпендыянтам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Ці ставілася мэта дабіцца такога прызнання? – Усё адбывалася ў звычайным творчым і працоўным парадку. Я удзельнічала ў наступнай, з вялікай колькасці, выставаў. Гэта было ў 2002 годзе ¬ выстава для маладых мастакоў, якая ладзіцца кожныя два гады. Перамога мая адбылася ўсё з той жа працай пад назвай “Джаз”. Для мяне вельмі важная гэта перамога. А тое, што тэма джаза мне дапамагла, гэта ўжо лёс.
 | Імправізацыя | – Можаш распавесці пра сваіх улюбёных джазавых выканаўцаў? – Вельмі складана, таму што джаз – сапраўдны асобны сусьвет. І дыяпазон маіх джазавых захапленняў працягваецца ад Луі Армстранга да Аркадзія Эскіна. Я не выпадкова ўзгадваю імя гэтага музыканта. Мне пашчасціла пабываць на ягоных канцэртах, і я лічу, што Эскін сапраўная велічыня сусветнага ўзроўню. Дарэчы, у межах выставы экспануецца адна асобная праца, так званы арт-аб’ект. Які, з’яўляецца, як раз, прысвячэннем таленавітым музыкантам і аматарам джаза, тым, каго з намі ўжо няма. – Сапраўды, у залі з тваімі габеленамі адразу ж прыцягвае ўвагу саксафон, аздоблены празрыстай тканінай. Гэта асобная задумка, ці сапраўдны джазавы экспромт? – Справа ў тым, што не так даўно не стала блізкага сябры нашай сям’і Ігара Сцяпанавіча. З гэтым чалавекам нас шмат што звязвала, у тым ліку і любоў да джазавай музыкі. Разам мы пабывалі на вялікай колькасці джазавых мерапрыемстваў, абмяркоўвалі, слухалі новыя выданні і архіўныя запісы, дзяліліся ўражаннямі. Пасля такой сумнай падзеі я набыла стары сакс, і вось так, нечакана, на выставе з’явілася яшчэ адна праца. Ігар Сцяпанавіч ведаў пра маю ідэю джазавай выставы, чакаў і хацеў пабываць на ёй. Але ўсё адбылося па-іншаму. Спадзяюся, што джаз працягваецца, а мая праца з саксафонам звязвае мяне з людзьмі, якія не толькі выдатна выконвалі джаз, але і ўмелі ацаніць добрае выкананне.
 | Аўтар артыкула і гаспадыня выставы побач з габеленам “Джаз” | – Тое праўда, што мастацтва адлюстроўвае ўсе аспекты нашага жыцця. А што ўдзячным гледачам, мастацтвазнаўцам, аматарам добрай музыкі і тваім прыхільнікам чакаць ад цябе ў бліжэйшай будучыні? Я ведаю, напрыклад, што ты вельмі любіш блюз. Гэта можа стаць асобнай тэмай у тваёй творчасці? – Усё магчыма, але загадваць не будзем. Думаю, што я проста буду працаваць, а з часам з’явяцца нейкія іншыя перспектывы. Можа быць гэта і будзе яшчэ адзін нечаканы музычны ракурс... P.S. Шчыра прызнаюся, што першапачаткова я самааддана стараўся засяродзіцца на музычных хвалях джаза і нюансах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і, як толькі мог, пазбягаў тэмы бландынак. Але ў апошні момант, калі інтэрв’ю было ўжо падрыхтавана, Маша распавяла мне пра чорныя карані. З яе дазволу гэты забаўны дыялог стаў эпіграфам, і ніякага іншага кантэксту, акрамя жарту, што падкрэслівае пачуццё гумару гераіні матэрыяла, у сабе не нясе.
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|