РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Перад канцом
        У нейкай даўгой, аднапавярховай, купецкага выгляду будыніне з паўкруглымі прыступкамі на ганку, дзе разьмяшчалася ЧК, паручніка Глушкевіча добра абшманалі, адабралі дакумэнты, дзягу, гадзіньнік, туалетныя прычындалы ў рэчмяшку зь небагатым запасам пайковага харчу, зрэзалі з шыняля гузікі і хлясьцік і змусілі зьдзець боты. Боты ён сьпярша пашкадаваў нават, апынуўшыся басанож на бруднай, сьцюдзёнай, запляванай падлозе, але тут жа сьцяміў, што, мабыць, цяпер не да ботаў. Ці ня прыйдзецца хутка пашкадаваць галавы. Праўда, здаецца, пакуль што павялі не расстрэльваць, а кудысь у склеп з даўгім калідорам, дзе было цёмна, і толькі недзе ў канцы падзямельля цьмяна сьвяціў закапцелы ліхтар. Нязвыкла ступаючы босымі нагамі па зямельнай падлозе, ён ішоў наперадзе канваіра з настаўленым у сьпіну джалам штыха. Паручнік быў прыгаломшаны і раззлаваны найперш на сябе самога: ну, да якога д’ябла было яму класьці ў рэчмяшок той браўнінг? Яшчэ, памятае, зьбіраючыся ў гэтую дарогу, пакруціў яго ў руках, шчоўкнуўшы стопарам, выняў магазін, праз круглыя дзірачкі якога выглядвалі жоўтыя бачкі патронаў, і загарнуў у вафэльны ручнік. Усё ўладкаваў на самым сподзе рэчмяшка – пад бялізнай, падумаўшы: можа, спатрэбіцца. А можа, пашкадаваў кідаць здатную вайсковую рэч, якая дасталася яму ад забітага аўстрыйскага ўлана, што тады ўніз галавой ляжаў на размоклым ад восеньскіх дажджоў бруствэры. З новенькай жоўтай кабуры забітага ён выняў гэты браўнінг і сунуў сабе ў кішэню. Полк атакаваў аўстрыякаў, паручнік бег за ротай, ня ведаў, ці доўга так будзе бегчы, пад апантаным агнём, а браўнінг узяў – так, без асаблівае мэты, каб не прападала дабро. Ды во гэтыя ўгледзелі.
        I як угледзелі – тое было трохі дзіўна: як сярод стракатага вакзальнага люду выбралі менавіта яго? Пагоны ён спароў яшчэ ўзімку пасьля аднаго мітынгу, нядаўна памяняў афіцэрскую фуражку на аўчыную салдацкую папаху. Праўда, гузікі на шынялі выдавалі яе афіцэрскае паходжаньне, але ў такіх шынялях цяпер хадзілі, хто хочаш: і былыя афіцэры, і шарагоўцы, і нават цывільныя. Можа, дарма перад тым пагаліўся ў вакзальнай прыбіральні і выглядаў ня надта зьверавата, нават даволі прыстойна па цяперашнім часе. Ён ціха сядзеў сабе на дубовай лаве – сярод тлуму, гаманы і куродыму прасторнай вакзальнай залі, чакаў свайго цягніка, які павінны быў прыйсьці позна ўначы, і яму неяк трэба было забавіць гадзіны чатыры часу. I тут яны падышлі. Ён убачыў іх яшчэ здаля, гэтых патрульных у расхрыстаных шынялях з чырвонымі шкуматамі на рукавах – яны трэсьлі нейкую крыклівую кабеціну каля ўваходу, і ён падумаў тады: можа, выйсьці куды – у прыбіральню ці на пэрон? Але ягоны выхад у такі момант падобны быў на ўцёкі, і ён застаўся там, дзе сядзеў, нават прыплюшчыў вочы – бы дрэмле. Ды марна. Яны таксама згледзелі яго ці не ад парога, паволі, ленай хадой між клумкаў і валізаў падышлі менавіта да яго, і чарнавусы патрульны з вырачанымі вачыма тузануў яго за рукаво: “Эй, грамадзянін, дакумэнты!” Ён знарок замаруджана, бы са сну, расшпіліў шынэлак, дастаў з гімнасьцёркі вайсковы білет, вядома ж, чужы, на імя старшага унтэр-афіцэра Сяркова, які, аднак, ня дужа зацікавіў патрульных, і тыя нават не разгарнулі яго. “Ахвіцэр?” – зласьліва запытаўся лупавокі. “Унтэр-афіцэр, там жа напісана”, – кіўнуў на дакумэнт паручнік. “Ды ахвіцэр, па мордзе відаць”, – сказаў другі, маладзейшы, з уважлівым выразам тонкага, бадай, інтэлігентнага твару. “А дзе чамайдан?” – “Які чамайдан?” – спытаў паручнік. “А то што?” – паказаў лупавокі на рэчмяшок, што ляжаў побач на лаве, і тут жа падхапіў яго. Яны ўмомант разьвязалі лямкі, лупавокі спрытна запусьціў у рэчмяшок нямытую, з жоўтымі пазногцямі руку. Яго праставаты твар раптам насьцярожыўся, вочы яшчэ больш вырачыліся, і рука спаважна выцягнула з рэчмяшка знаёмы пакунак. “Ага, аружыя! Во контра!” Учуўшы тое, паручнік зразумеў, што ягонае падарожжа прыпыненае, як бы не прыпынілася і жыцьцё.
        Праўда, у ЧК яго ня білі і нават не дапытвалі, толькі запісалі ў тоўстую рэгістрацыйную кнігу і, пасьля вобыску, павялі ў склеп. Змрочны сьмярдзючы калідор у тым склепе паварочваў кудысьці ўбок, дзе іх сустрэў новы канваір зь вінтоўкай, які ціха буркнуў: “Куды гэтага?”, і той, што ішоў ззаду, адказаў: “У сёмую, сказалі”. “У сёмую, дык у сёмую”, – адказаў сустрэчны, і яны ўтрох пайшлі ў самы канец калідора. Аднекуль чулася прыцішаная гамана людзей, паасобныя словы. Відаць па ўсім, людзей тут сядзела нямала, і ў гэты час, мусіць, яшчэ ня спалі. Ці, можа, яшчэ не дазвалялася спаць.
        Як толькі расчыніліся дзьверы тае сёмае камэры, паручніка дужа штурханулі ззаду, і, спатыкнуўшыся, ён паваліўся на нечыя целы. Той, каго ён найбольш патрывожыў, злосна, па-блатняцку, вылаяўся, паручнік выціснуў “прабачце”, якое, аднак, засталося без адказу. Ён неяк узгрэбся на босыя ногі, ня ведаючы, куды ступіць ад дзьвярэй, пастаяў у маўклівым зьняменьні. Ля яго ног варушыўся патрывожаны ім чалавек, нешта бурчэў, іншыя маўчалі. Здаецца, народу тут было поўна, у застаялым паветры сьмярдзела потам чалавечых целаў, прэлай вопраткай і мачой, – то быў знаёмы для кожнага акопніка салдацкі смурод. Счакаўшы хвіліну, ня ў стане асвойтацца ў цемрадзі, ён сказаў, каб не маўчаць:
        – Нічарта ня бачу...
        – I ня ўбачыш да заўтра. Мы тут, бы краты, – адказаў яму нехта, дужа шапялявячы.
        – Во як! Вайскоўцы ёсьць?
        – Наўрад. Будзеш першы.
        – I, можа, апошні, – буркнуў той, з-пад ягоных ног.
        – Хай так, – больш бадзёра сказаў паручнік і апусьціўся там, дзе стаяў – плячамі да самых дзьвярэй. Здаецца, першае знаёмства адбылося. Хаця наўрад ці яго цікавіла цяпер якое знаёмства, у ягоным становішчы дапякаў адзін клопат – што далей? Але адказ на яго, мабыць, не залежаў ад гэтых людзей. Ягонае ж тут зьяўленьне, відаць, кагось зацікавіла.
        – Адкуль будзеце? – зважліва папытаўся, мяркуючы па ціхім голасе, немалады чалавек, што мясьціўся недзе ў куце.
        – З вакзала, – проста адказаў паручнік.
        – Го, з вакзала! – нядобразычліва азваўся бойкі сусед ля ног. – На вакзале яны й бяруць.
        – Чакаў цягніка...
        – Ну й дурань! Чакаць на вакзале... Ля сэмафору трэба чакаць і на хаду садзіцца. Цяпер так робяць.
        – Наўрад ці ў іх ёсьць якая заканамернасьць – яны ўсюды бяруць. Мяне вось, напрыклад, узялі дома. З пасьцелі паднялі, – расказваў старэйшы з кутка.
        – Яны і з магілы паднімуць, – прашапялявіў той, зь сярэдзіны камэры. – Чэка!
        – ЧК, ага. Гэта табе ня царская паліцыя. Што спала на хаду, – сказаў самы блізкі ў доле, і ў ягоным тоне разам з боязьзю чулася і затоеная павага менавіта да ЧК.
        – Не заўжды спала. Бывала, давала і яна дыхту. Асабліва турэмшчыкі.
        – Ну, хіба турэмшчыкі. Але пры цары не сядзеў, ня ведаю.
        – Такога яшчэ не было ў гісторыі Расеі, – пакутна загаварыў у куце стары. – Былі смутныя часы, разладзьдзе. Але такога павальнага ачмурэньня не было. Бедная, няшчасная Расея...
        – Рэвалюцыя, што ж вы хочаце, – даволі бадзёра, аднак, шапялявіў іншы. – Рэвалюцыя без ахвяраў не бывае.
        – Ат, пайшла яна на хер, твая рэвалюцыя! – рэзка кінуў у адказ сусед. – Ад яе адзін сіфіліс, ад твае рэвалюцыі.
        – Не скажы. Калі ёю правільна кіраваць...
        – А хто, хто кіруе? Троцкі? Ленін? Ды яны Расею разам з рэвалюцыяй Нямеччыне прадалі.
        У іх ішла нейкая свая спрэчка, мабыць, не цяпер пачатая. Паручнік ня ўмешваўся – моўчкі слухаў, спрабуючы вызначыць, хто гэтыя людзі. Ягоны сусед надта выяўляў у рэпліках і асабліва ў зласьлівым тоне блатняцкі, люмпэнскі характар, і паручнік пайменаваў яго ў думках Блатняком. Той стары з кутка, падобна, належаў да якой правінцыйнай інтэлігенцыі; клясавую ці якую прыналежнасьць шапялявага ён вызначыць ня мог. Іншыя, што патроху вырушыліся ў цемры, пакуль што маўчалі, але наўрад ці хто спаў, і паручнік папытаўся:
        – Даўно вы тут?
        – Як хто, – адказаў Стары. – Я чацьверты дзень. Ён во два, іншыя – хто колькі.
        – Тут доўга ня дзержаць, – са значэньнем сказаў сусед – Блатняк. – Дзён пару і – на выхад!
        – А куды?
        – Гэ, куды! Ведама куды. У Гунькін роў.
        Які гэта быў роў, паручнік ня ведаў, але ня цяжка было здагадацца. Значыць, сапраўды ён папаўся. Толькі ж, мабыць, павінны хоць дапытаць, вынесьці нейкі, хай сабе фармальны прысуд. Хаця цяпер маглі і без прысуду. Застрэлілі ж у іхным палку штабс-капітана Магілянцава – адразу пасьля мітынгу, ля канавязі, бяз допыту і прысуду. А калі за яго заступіўся прапаршчык з узвода пешай разьведкі, застрэлілі і прапаршчыка. У імя рэвалюцыі. Менавіта тады паручнік Глушкевіч зразумеў: вайсковая служба для яго скончаная. У такім войску служыць немагчыма. Не зважаючы на прысягу, на абавязак перад імпэрыяй, на загады новай, рэвалюцыйнай улады, трэба скідваць пагоны і дабірацца дадому, у родны край, дзе яшчэ жыла маці, апошні ліст ад якой ён меў паўгода таму. I вось прыехаў. Да ягонай станцыі заставалася шэсьцьдзесят вёрст.
        Пасьля нядоўгага маўчаньня кароткую спрэчку нібы падагульніў шапялявы голас:
        – А што ж вы хацелі, грамадзяне? Пралетарыят абараняе сваю ўладу. Бо кожная ўлада павінна ўмець сябе абараніць.
        – Яно, можа, і так, – мякка запярэчыў Стары. – Тое вядома з часоў францускай рэвалюцыі. Толькі вы мне скажыце, чаму гэткая шалёная абарона? Напрыклад, я не выступаў супраць іхнай улады. Я нэўтральны чалавек, абываталь.
        – Вы не абываталь! – аб’явіў шапялявы. – Вы прадстаўнік чужое варожае клясы. Во ў чым прычына.
        – Ну, добра, я – чужая кляса, – пасьля паўзы памяркоўна сказаў Стары. – Ну, а вось вы, напрыклад. Вы ж, пэўна, не чужой клясы? Вы за пралетарыят?
        – Так. Але я чужой партыі.
        – Дык жа таксама сацыялісты?
        – Сацыяліст-рэвалюцыянэр. Заўважце розьніцу.
        – Невялікая, аднак, розьніца, як я разумею. I тыя, і другія супраць манархіі.
        – Гэта калі ў тэарэтычным разрэзе. Але ў тактычным мы разыходзімся. Мы варагуем з бальшавікамі.
        – Даволі сумніцельна...
        – Не сумнявайцеся. Тут ужо ці мы іх, ці яны нас.
        Спакваля паручніку што-нішто рабілася зразумела. Той стары інтэлігент у куце быў быццам знаёмы яму яшчэ з даваеннага часу – такіх ён чуў, назіраў у вайсковых гарнізонах – усіх гэтых земскіх дактароў і начальнікаў, настаўнікаў ды паштавікоў. Збольшага ён адчуваў лёгіку іхнага мысьленьня, заснаванага на дылетанцкім разуменьні палітыкі, хрысьціянскай маралі, памятаў іхныя гутаркі дзе-небудзь на дачнай вэрандзе пасьля вячэрняй гарбаты, пасядзелкі за круглым сталом пад лямпай з модным матавым абажурам. Яны былі людзі ня злосныя, часам і недурныя, ахвотнікі ў меру выпіць ды пагуляць у карты. У іх выхоўваліся неблагія дзяўчаты, патэнцыйныя жонкі гарнізонных падпаручнікаў, адна зь якіх некалі ледзьве ня стала жонкаю Глушкевіча. Ды ня даў Бог. Ці вайна... Эсэраў ён збольшага пазнаў пасьля рэвалюцыі, у войску, калі яны раптам павылазілі аднекуль, пераважна з унтэр-афіцэрскіх ці прапаршчыцкіх пасадаў і кінуліся выступаць на мітынгах. Яны мала чым адрозьніваліся ад бальшавікоў, і таму сустрэць у гэтым сутарэньні ЧК арыштаванага эсэра было для яго трохі дзіўнавата.
        – А за што вас, прабачце, сюды? – стрымана запытаўся ён нябачнага ў цемры шапялявага Эсэра.
        – А нізашто. Непаразуменьне выйшла.
        – У іх непаразуменьня не бывае! – нэрвова заварушыўся побач Блатняк. – Ім трэба каго-небудзь шлёпнуць. I цябе першага.
        – Шлёпнуць, канечне. Калі так доўга ня кормяць, – шапялява пагадзіўся Эсэр.
        – Ня кормяць і не страляюць, – сказаў Блатняк.
        – Можа, чакаюць, калі самі ногі працягнем? Каб на патроны не расходавацца.
        – Не, царскія сатрапы такога не дапускалі, – сказаў Эсэр. – У турме ўсё ж кармілі. Кепска, праўда, але кармілі.
        – У іх там няўпраўка выйшла – аўтамабіль сапсаваўся, – зазначыў Блатняк.
        – Думаеш, адрамантуюць і прывязуць прысмакі?
        – Не. Адрамантуюць, і нас – у Гунькін роў.
        Паручнік прыслухоўваўся да іх невясёлай размовы і разумеў, што ягоных суседзяў трывожыў той жа клопат пра ўласнае жыцьцё, які назаляў і яму. Зрэшты, што ж, усё натуральна, што яшчэ магло трывожыць людзей у гэтым чэкісцкім склепе? I спадзяванкі на жыцьцё былі ў іх гэткія ж хліпкія, як і ў яго.
        Недзе ў калідоры непадалёк пачуліся галасы, грубыя, патрабавальныя крыкі: “Выходзь! Быстра, тваю маць...”, брыдкая салдацкая лаянка. Падобна, там усчалася тузаніна ці нават бойка, чуўся тупат шматлікіх ног, нешта моцна выцяла ў сьцяну – аж здрыгануліся прыхінутыя да дзьвярэй паручнікавы плечы. Агідны ветрык небясьпекі дзьмухнуў у цемрадзі сьмярдзючай камэры, усе насьцярожана прымоўклі, чакалі, што вось-вось адчыняцца і іхныя дзьверы. Але дзьверы пакуль не расчыняліся, а тупат і тузаніна сталі аддаляцца, мабыць, там кіравалі на выхад.
        – Цяпер ці ня наша чарга? – паныла ўздыхнуў Эсэр.
        Яму ніхто не адказаў, усе маўчалі, і пасьля маркотнае паўзы першы раздумна загаманіў Блатняк:
        – А я якраз перад тым, як сцапалі... гуляш не даеў. Такі быў смачны гуляш. Каб ведаў...
        – За жыцьцё не наеўся, перад сьмерцю не наліжасься, – сказаў Стары.
        – Што праўда, то праўда! – падхапіў Эсэр. –Як помню сябе, усё есьці хацеў. I на волі, і ў турмах.
        – А што, многа сядзеў? – пацікавіўся Блатняк.
        – Хапала!
        – Я ж казаў: трэба даваць дзёру! – нэрвова зашапатаў Блатняк. – А то давядуць, што ног не пацягнеш. Калі да таго ня стрэльнуць.
        – Я ня супраць, – ціха адгукнуўся Эсэр. I з кутка разважна азваўся Стары:
        – Вы думаеце, гэта магчыма? Гэта ж вельмі рызыкова, мабыць?
        – А кулю ў лоб атрымаць не рызыкова?
        Размова прыпынілася, і паручнік падумаў, што, відаць, іншага не застаецца. Ужо яго ЧК не памілуе, расквітаецца за ўсё. I за дваранскае паходжаньне, і за афіцэрства, і за рэвальвэр у рэчмяшку. Але гінуць у гэтым сьмярдзючым сутарэньні ці ў Гунькіным рове было пагана і страшна. Такога сабе канца паручнік ужо не чакаў. Ды яшчэ ў гэткай кампаніі. Усе ягоныя продкі ляжалі пад якімі-ніякімі помнікамі на старых сельскіх могілках ля невялічкай праваслаўнай царкоўкі, усе памерлі сваёю сьмерцю, у сваіх пасьцелях. А дзе давядзецца легчы яму?
        – А і праўда, – зашапялявіў Эсэр. – Як адчыняцца дзьверы, калі каго прывядуць... Кінуцца і – за вінтоўку.
        – Хто кінецца? – сказаў Стары. – Я пажылы. Ды хворыя суставы: раматус...
        – Я б кінуўся, – працягваў Эсэр. – Ды ў мяне рука вывіхнутая. Як вялі, білі. Сапсулі руку.
        Паручнік маўчаў, ён думаў. Трэба было штосьці ўзгадніць у душы, усё ж тая думка ўзьнікла для яго нечакана. Канечне, рукі ў яго не былі вывіхнутыя, пакуль што ад голаду ён не зьнясілеў. Але яму трэба было хоць бы адчуць нейкі давер гэтых людзей, каб нешта браць на сябе.
        – Дык вось жа ў нас вайсковец, – падказаў Блатняк, – ты ж вайсковец, ага? – зьвярнуўся ён да паручніка.
        – Вайсковец.
        – Можа яшчэ ахвіцэр?
        – Афіцэр.
        – Дык каго чакаць? Самы раз будзе. Ён кідаецца першы, я – у помач.
        – Ага. Тут важна, каб усім разам, – прашамкаў Эсэр. – Ламануць – і ў калідор, а там – як пашанцуе.
        – Толькі б не спазьніцца. А то могуць на золку вывесьці. Яны на золку возяць, – паведаміў Блатняк. Ну, вядома ж, на золку, пра тое паручнік ведаў, ужо недзе чуў ці чытаў, як возяць на кару злачынцаў. А цяпер вось тое загадкава-страшнае падышло да яго. Значыцца, каб не загінуць па-дурному, безабароннай авечкай, трэба скарыстаць хоць бы й невялікі шанец. Гэтыя людзі паспадзяваліся на яго, і ён павінны. Хоць бы, як больш дужы. I, можа, як больш здатны. Урэшце, як афіцэр. Ці ня ў тым цяпер ягоная місія – маленькая, амаль мікраскапічная місія ў вялізарным віры людзкіх нягодаў. Ён павінны пайсьці наперадзе і зьдзейсьніць самае, можа, рызыковае. Так трэба. А як яно выйдзе – тое залежыць ня толькі ад яго. Тут ужо – як будзе заўгодна госпаду Богу.
        – Я зразумеў. Але ці ўсе згодныя? – запытаўся ён.
        – Я згодны, – лёгка сказаў ягоны сусед.
        – Я тожа, – пацьвердзіў Эсэр. У куце, чутна было, трохі паварушыўся, паўздыхаў Стары, мабыць, ягонае рашэньне давалася яму трудней, чым іншым. Але і ён згадзіўся:
        – Што ж, калі ўсе мірам рашылі, дык... Адмаўляцца не па-хрысьціянску будзе. Ужо як-небудзь...
        – Во і добра. А ты, маўчун, што? – зьвярнуўся да кагось нябачнага ў цемры Эсэр. – Ці ўсё сьпіш?
        – Я ня сплю, – прагучаў зь цемры новы басавіты голас.
        – Дык ты чуў? Ты згодны?
        – Ды я вось... бегчы не магу, во якое дзела...
        – Тады што ж, застанесься?
        – Мабыць, застануся.
        “Во, пачынаецца, – зь непрыемнасьцю падумаў паручнік. – Адзін стары, другі з вывіхнутай рукой, гэты бегчы ня можа. Што ж тады яны – удвох? Ці ўтрох? Але ці справяцца ўтрох? А калі тых будзе болей?” Была вялікая няпэўнасьць, занадта шмат што залежала ад выпадку, але што ж тады?.. Адмаўляцца, калі ўжо пагадзіўся, было нягожа, ён мусіў трымаць слова. Тым больш, калі на яго паспадзяваліся.
        Ноч тым часам, мабыць, пераваліла за поўнач, у сутарэньні памалу рабілася цішэй. Галасы ў калідоры і за сьцяной патроху глухлі. Нехта пагаманіў яшчэ – мабыць, канваіры ў канцы калідора, пасьля стала ціха. Падобна было, падземная турма спакваля засынала. У гэтай жа камэры, аднак, ня спалі – цяжар нялёгкага клопату аблёг на ўстрывожаныя душы арыштантаў, прымусіў жывей забіцца іх спакутаваныя сэрцы.
        – Галоўнае, ня кормяць, – сказаў Эсэр. – Значыць, штосьці ўдумалі.
        – А што – тут і аслу вядома, – пагадзіўся Блатняк.
        – А калі ў іх усё ж які іншы плян, – усьміхнуўся Стары. – Калі, напрыклад, сапсуўся аўтамабіль, дык, мабыць жа, праблема з падвозам.
        – Праблему з падвозам можна вырашыць шляхам падносу. Хоць бы ў мяшках. Хлеба ці бульбы. А калі чатыры дні не нясуць, значыць, ня варта, – прашапялявіў Эсэр.
        – Значыць, Гунькін роў! – у каторы раз напомніў сваё Блатняк.
        Той яго напамін пачынаў ужо раздражняць паручніка, але ён устрымліваўся, думаючы цяпер пра іншае. Калі пашэнціць выбрацца з ЧК, дык куды бегчы далей? Ён тут даўно ня быў, знаёмых ня меў, шлях да маці даўгаваты, а лавіць, мусіць жа, будуць зацята. Зноў жа – як бегчы босаму па золкай веснавой гразі? Той яго клопат, аднак, быццам учуў Блатняк, які, чуваць было, штурхануў у бок Маўчуна.
        – Ты, калі не пабяжыш, аддай боты ахвіцэру. Ён босы.
        – Дык бярыце, – проста пагадзіўся Маўчун. Трохі пасопшы, ён зьдзёр з ног боты, і Блатняк перадаў іх у цемры паручніку.
        – Абувайце.
        Боты былі вялікія, добра растаптаныя, паручнік лёгка насунуў іх на свае босыя ногі.
        – Такое дзела, – разважна казаў у куце Стары. – Можа, каму й пашанцуе, дык... Каб ведалі. Я вучыцель са Старыцы, Сергіеня маё прозьвішча. У мяне сын на румынскім фронце быў, цяпер ня знаю... другі паў пад Смаргонямі. А я вось...
        – А цябе ў ЧК шлёпнуць. Калі не драпанеш, – груба зазначыў Блатняк, і тое не спадабалася Эсэру.
        – Ну ты, далікатней! Нельга ж так: шлёпнуць, шлёпнуць.
        – Ды не, яго пашкадуюць. Гэта мяне шлёпнуць. Дык што ж, я плакаць буду? Хай па мне плачуць. У Воршы абальецца сьлязьмі Любка, у Суражы Анастасься, а ў Піцеры Волечка. Волечка асабліва сардэчная была, любіла ў любоў гуляць.
        – Мабыць, адлюбілася...
        – А гэта яшчэ пабачым, – падбадзёрваў сябе Блатняк. – Я хлапец спрытны. Не глядзі, што мізэрны.
        – А родам адкуль?
        – Ды тутэйшы. Прыехаў на пару дзён і засыпаўся.
        – I я недалёка адсюль. Горад Горкі, чулі? На каморніка вучыўся. Да катаргі.
        – Катаржнік?
        – А як жа! Паліткатаржанін. Шэсьць гадоў адтрубіў у Забайкальлі. Калі б не рэвалюцыя, яшчэ чатыры гады трубіць.
        – Хар-рошая рэвалюцыя! – зьедліва зазначыў Блатняк, і з кута загаварыў Стары.
        – Рэвалюцыя вас вызваліла, але ж рэвалюцыя вас і зноў пасадзіла. Як жа гэта атрымліваецца, таварыш сацыяліст?
        – Вельмі проста, вучыцель. I рэвалюцыя павінна чымсь харчавацца. Дужа пражорлівая жывёліна, чым болей жарэ, тым болей хочацца, – прашамкаў Эсэр.
        – Во дзіва! – раздумна сказаў Блатняк. – А казалі: свобода, свабода...
        – Тут во якое дзела, – пачаў ахвотна тлумачыць стары. – Свабода гэта сымбаль, філязофская катэгорыя. Свабода наогул. Народу яна без патрэбы, народ і ня ведае, што зь ёй рабіць. Бо ён ніколі зь ёй ня меў справы. Народу патрэбна, каб над ім гаспадарылі, гэта ў ягонай крыві. Найлепш – чужаземцы. Прыйдзіце і валадарце намі, бо зямля наша вялікая, а парадку ў ёй няма.
        – Гэта вы памыляецеся, – сказаў Эсэр. – Ёсьць свабода! За тую свабоду наша партыя эсэраў на катарзе гніла.
        – Не супярэчу, можа, і гніла. Але за якую свабоду? За свабоду для сябе, а не для народа. Народу не свабода, а бізун добры самы раз будзе.
        – Ну, тады вы рэакцыянэр! I манархіст, мабыць?
        – Хай сабе і манархіст, – не пярэчыў Стары. – Але вы азірніцеся, што вырабляе той ваш народ на свабодзе. Вунь у нас, у мястэчку. Жыў такі пан Красоўскі, небагаты, шляхетнага роду. Палац каменны тры стагодзьдзі прастаяў ля ракі. Дык гэтыя местачкоўцы, свае ж сяляне, прыйшлі, пачалі цягнуць, рабаваць. Віна знайшлі, напіліся, падпалілі стайню. Стары пан кажа: “Што ж вы робіце, як вам ня сорамна?” А яны: “Дык ці ж гэта мы пачалі? Такія парадкі, закон у Піцеры выйшаў – свабода! Расея гіне, трэба хапаць, каб не прапала. Пакуль свабода”. I разрабавалі, і папалілі – і палац, і службы. А старога Красоўскага сьвятар ледзьве ўратаваў ад п’яных. А вы кажаце – свабода! Паглядзіце, хто нас сюды папрыводзіў, хто страляць будзе. Хіба тыя людзі не з народа? А тыя, што ў ЧК сядзяць, хіба не за народ? Хоць бы на словах.
        – Во, менавіта на словах, – падхапіў Эсэр. – А па сутнасьці гэта шкурнікі. Прыстасаванцы да сьвятой сацыялістычнай ідэі ўсе гэтыя бальшавікі, чэкісты...
        – Якая ідэя, такія да яе й прыстасаванцы, – упарта пярэчыў Стары. – Калі ідэя гэтак абрастае прыстасаванцамі, значыць, благая ідэя.
        – Ну, пра ідэю так не кажыце. Ідэя роўнасьці і брацтва – найлепшая з ідэяў. Ад часу францускай рэвалюцыі...
        – Роўнасьці, кажаце, брацтва? Колькі за тое крыві пралілося, а дзе тое брацтва? Усё шалёная барацьба, брат на брата, кляса на клясу. Столькі стагодзьдзяў мінула, а нічога не мяняецца.
        – Зьменіцца. Рэвалюцыя толькі пачатак.
        – Які пачатак, такі, мусіць, і працяг будзе.
        – Не, будзе лепшы. Залаты век наперадзе.
        – Дай-та Бог... Ды дужа сумнеўна.
        Паручнік маўчаў і слухаў. Увогуле іхныя довады былі збольшага яму знаёмыя, гэткага і да таго падобнага ён нямала ўжо наслухаўся, асабліва за час рэвалюцыі. Скептычныя погляды старога настаўніка былі бліжэй да ягонай сьвядомасьці, чым бадзёрыя запэўненьні Эсэра. Ня мог ён прыняць самаўпэўненую балбатню людзей, якіх не паважаў менавіта за іх крыклівую настырнасьць у справе свабоды. Гэта не пачуцьцё, гэта спрэс словы. Сапраўднае пачуцьцё маўклівае, яно выказваецца болей справай, ды не траскучымі словамі. Лёгка было крычаць аб свабодзе народа, калі гэта ні да чога не абавязвала, трудней было для яго нешта зрабіць. I нават не для народа, а для групы людзей, для некалькіх чалавек. Як толькі зьяўлялася такая неабходнасьць, тады ўся рэвалюцыйная пыха з гэтых людзей зьлятала, і яны рабіліся, бы пухіры, зь якіх выпусьцілі паветра. Зрабіць што-небудзь для бліжніх яны ня ўмелі. Лацьвей было для народа. Але ў разуменьні паручніка народ здаваўся разумовай абстракцыяй, канкрэтна ён яго ўявіць ня мог, як ня мог уявіць сутнасьці сьмерці або бясконцасьць сусьвету. Мусіць, тое было за межамі ягонага досьведу і здольнасьцяў да ўяўленьня.
        Затое ён няблага навучыўся бачыць і разумець асобнага чалавека, хоць бы й гэтых розных, выпадкова сабраных у купецкім сутарэньні людзей. I ён мог прыкладна вызначыць, што ў кожнага за душой, і на што кожны зь іх здольны. Ён думаў, што перад пагрозай пагібелі кожны зь іх пашчыруе ў змаганьні за жыцьцё; усё ж яны разумелі, што літасьці ад ЧК ня будзе. Некаторае падазрэньне ў яго выклікаў хіба што Маўчун, які аддаў яму боты, – надта лёгка аддаў, без шкадаваньня. Яго зацятая маўклівасьць таксама магла значыць рознае. Блатняк хоць і не выклікаў асаблівых сымпатыяў, але да справы, якую яны задумалі, здаецца, мог прычыніцца няблага. Эсэр, мабыць, быў хітрэйшы, чым выяўляў сябе ў гэтай камэры. Ну, але што рабіць, выбар у паручніка быў невялікі.
        – А вы, афіцэр, адкуль родам? – запытаўся Эсэр. – Са сталіц, мабыць?
        – Не, не са сталіц. З-пад Полацка.
        – А, мабыць, з фальваркоўцаў?
        – Вы ўгадалі, – згодна адказаў паручнік і болей пра сябе не сказаў нічога. I ад таго, што паведаміў, стала няёмка, нібы чымсь пахваліўся. Мусіць, было б лепш, калі б ён назваўся сацыялістам ці простым рабочым, блатняком нават. Але іграць чужыя ролі паручнік ня ўмеў, адчуваў да таго ледзьве не фізычную гідоту, хоць і праўду пра сябе казаў каму-небудзь рэдка, у скрайнім выпадку. Як тут вось. Сказаў, бы распрануўся перад людзьмі ў гэтай сьмярдзючай цемры. Усё ж вялікая справа ананімнасьць, якая цяпер рэдка здараецца на людзях (хіба што ў дарозе), калі ні да цябе, ні ў цябе няма ніякае справы да іншых. Тут вось такая справа знайшлася.
        – Ну, фальваркоўцы, як і дваране, розныя бываюць, – памяркоўна сказаў Блатняк. – Каторыя і нішто.
        – Яны, можа, і нішто, – шапялявячы, запярэчыў Эсэр. – Але як кляса – ворагі рэвалюцыі. Контра!
        У куце, чуваць было, заварушыўся стары настаўнік.
        – Вось, пан эсэр, вы ўсё вялікімі катэгорыямі: кляса, народ. Але хто калі з вас меў справу цалкам з клясай або народам? Усё, ведаеце, болей з суседам, гандляром ці прыказчыкам. З кожным упаасобку. А прывыклі абагульняць.
        Мабыць, так, схаластыка, – падумаў паручнік. Але кепска нават ня тое, што ў некаторых галовах укаранілася тая схаластыка, горай, што схаластыка стала дзяржаўнай дактрынай, ад якой так ці інакш залежаць лёсы тысячаў, калі не мільёнаў людзей.
        – Ня клясавы ў вас падыход, – бяз злосьці, аднак, мовіў Эсэр.
        – Ня клясавы, праўда. Боскі. Усё ж Бог стварыў чалавека, а ня клясы, партыі. Клясы і партыі – гэта, мабыць, справа нячысьціка. На пакуту людзям.
        – Каб адно адным паганялі, – як заўжды зьедліва ўставіў Блатняк і запытаўся з выклікам: – Праўда, Маўчун?
        – Можа, і праўда, – не адразу, спаважна адазвалася зь цемры. Блатняк пачакаў, мабыць, думаў учуць і яшчэ што, але далей было маўчаньне.
        – А цябе завошта сюды, калі не сакрэт?
        – За цара, – не адразу, з натугай адказаў Маўчун.
        – Ты што – радня яму?
        – Не, не радня.
        – Дык пры чым тут цар?
        – Вартаўнік я. Ва ўправе служыў. А яны прыйшлі партрэт скідваць...
        – Хто яны?
        – Ды гэтыя... Чэкісты. Дык я... Узяў тапор і...
        – I пасек іх? – зь цікавасьцю дапытваўся Блатняк.
        – Не-а. Аднаго толькі. Галоўнага.
        – Да-а, – сказаў эсэр. – Кепскія твае справы.
        – Ну, – проста пагадзіўся Маўчун.
        Няпэўная начная ціша ў сутарэньні зноў парушылася нейкімі невыразнымі галасамі ў тым канцы калідора, прагучала лаянка, падобна, там некага білі, – прывялі ці, можа, зноў выводзілі на расстрэл ці на допыт. У камэры прыціхлі, услухоўваючыся, са страхам чакаючы кепскага. Паручнік пасунуўся ад дзьвярэй у кут, так было зручней, калі што, кінуцца ў дзьверы. Кепска, думаў ён, што скрозь было цёмна, у цемры можна было памыліцца. Затое, можа, лепш будзе ўцякаць. Хоць як там ужо выйдзе. Цяпер ня шмат прадугледзіш.
        – Значыць, так, – ціха сказаў ён. – Расчыняць, і я кідаюся. За мной – вы, – ён дакрануўся да выцягненай нагі Блатняка. – Зараз жа астатнія.
        – Тады трэба перасесьці, – сказаў Блатняк. – Маўчун ня пойдзе, дык ён каб у канцы. Хай перасядзе з вучыцелем.
        – Хай перасядуць, – пагадзіўся паручнік.
        Трошкі стогнучы, Маўчун падняўся са свайго наляжанага месца і палез у кут да Старога. Той таксама нешта мармытаў сабе, незадаволены чымсь. Аднак паручнік ня надта іх слухаў – ён стараўся не прамінуць які рух у калідоры, каб ня даць застаць іх зьнянацку. Рух там, аднак, заглух, мабыць, каго было трэба, вывелі, і ў сутарэньні зрабілася па-начному ціха.
        – Аднак аташчалі мы, чорт пабяры, – сказаў Блатняк. – У мяне ўжо кішкі да хрыбта прысохлі ад голаду.
        – Хаця б далі вады, – паскардзіўся Стары. – Без вады арганізму ніяк: абязводжваньне тканак.
        – Цікава, а колькі можна бязь ежы? – запытаўся Блатняк.
        – Бязь ежы пацягнем, – адказаў Эсэр, як самы ў тым дасьведчаны. – Можна тыдзень і два. А без вады кранты.
        Пакуль што паручнік не адчуваў ні смагі, ні асаблівага голаду, усё ж учора ён піў на станцыі гарбату, і цяпер напружана думаў, як лепей учыніць гэтыя ўцёкі. Роля першага, пачынальніка, несла як пэўную небясьпеку, так давала і пэўныя перавагі; ад ягонага спрыту і ўмельства залежала ўсё астатняе. Калі ён адолее канваіра ды завалодае зброяй, дык, можа, яны й вырвуцца.
        Ён намагаўся слухаць, каб адразу злавіць які важны гук з калідора, і баяўся заснуць. Дрымота, між тым, агортвала яго ўсё болей, і тады ён, страпянуўшыся, ціха гукаў іншым: “Ня спаць”. Яны не маглі дазволіць сабе заснуць, кожную хвіліну трэба было быць гатовымі кінуцца ў дзьверы, як толькі тыя расчыняцца. Як за кім прыйдуць ці каго прывядуць. У кутку ля дзьвярэй паручнік выбраў сабе найбольш зручную позу.
        Аднак мінаў час, а дзьверы камэры заставаліся нязрушныя, бы замураваныя. З таго боку, здаецца, ніхто каля іх і не пратупаў ні разу. Спакваля зноў усталявалася трывожная начная ціша. Дужа цягнула на сон, і трэба было немалое намаганьне, каб адолець дрымоту. Паручніку, мабыць, не заўжды тое ўдавалася, і тады ў яго паўсоннай сьвядомасьці пачыналі мільгаць нейкія абліччы, нібы чуліся фразы, урыўкі падзеяў зь яго нядаўняга франтавога мінулага, даўнейшай службы і нават штосьці зь дзяцінства... Чамусь зьявілася перад зрокам разьбітая фура на гразкай вуліцы галіцыйскага мястэчка, забіты конь з разьдзьмутым, як бочка, брухам, і – бяз пэўнай з папярэднімі падзеямі сувязі – маці. Старая, заплаканая, з маўкліваю тугой у вачах, – мусіць, такая, якой ён бачыў яе апошні раз, ад’яжджаючы на фронт у пятнаццатым. “Застанецца адна”, – падумаў паручнік, і гэтая недарэчная думка аж скаланула яго сваёй нечаканасьцю, адразу прагнаўшы сон. Маці ўжо страціла амаль усіх – дзяцей, мужа, пляменьнікаў, брата. Хто памёр, не стрываўшы такога жыцьця, хто прапаў на вайне ці апынуўся на захадзе, як сястра Тацяна, што з мужам-дыпляматам выехала ў Фінляндыю. Адзін іхны брат не вярнуўся з палону, другі быў забіты ў першых баях ва Ўсходняй Прусіі. Ён застаўся апошні і, мусіць, з такой няўрымсьлівасьцю памкнуўся да маці, нібы адчуўшы яе далёкі жальлівы покліч з паўзабытай ім Полаччыны. Ледзьве ня ўсе свае маладыя гады, гады вайсковае службы і пасьля ён таптаў чужую зямлю, жыў сярод чужой прыроды, у незнаёмых раней гарадах, сярод чужых, іншамоўных людзей. Да іх прывыкаў, звычаіўся зь іхным бытам, мала і рэдка ўспамінаючы, адкуль ён і дзе ягоныя вытокі жыцьця. Можа б, жыў так і далей, калі б не вайна, ня гэтая рэвалюцыя, калі ўсё ранейшае паляцела ў тартарары. За кароткі час ён ня толькі страціў чын, пасаду, сякія-такія набыткі, але й звыклыя маральныя апірышчы, калі ўвачавідкі мяняліся вакол людзі і ягоныя да іх адносіны. I тады неўпрыцям і настойліва паўставалі ў памяці вобразы іншага, ранейшага, паўзабытага ім жыцьця. Здавалася, людзі ў тым жыцьці былі зусім не такія, як гэтыя, – нязьменныя, з дабрынёй і Богам у душы, прыязнай прыветнасьцю на тварах, якімі ён памятаў іх зь дзяцінства. Бадай, у роспачным адчаі, як да паратунку, ён памкнуўся да іх, да роднае стараны, дзе мінула яго дзяцінства, застаўся вялікі драўляны дом з адкрытай вэрандай пад стромкімі вязамі з бусьлянкай, у якой кожнае лета ладзілі сваё жытло пара буслоў, ляскалі доўгімі дзюбамі – выводзілі бусьлянят. Пад імі ўнізе туліўся нешырокі ўтульны падворак малазаможнай шляхецкай сядзібы з квяцістаю клюмбай перад шырокімі прыступкамі ганка. Побач мясьціліся старасьвецкія драўляныя службы зь летняю кухняй, клецямі, стайняй, у таямнічым паўзмроку якой бразгалі цуглямі два буланыя стаеньнікі; на аднаго зь іх, рахманага Сярка, некалі падсаджвалі белагаловага хлопчыка ў белай матросцы, і сэрца яго замірала ад страху і адвагі. Аднойчы ён упаў зь Сярка, дужа папэцкаў матроску, і яны дамовіліся з хурманам Дзянісам утаіць тое ад маці, схлусіць, што ён упаў у лужыну ля падворку. Назаўтра маці загадала Дзянісу засыпаць лужыну. Дзіва, што застаецца ў душы на сконе жыцьця... Зь незабыўных уражаньняў раньняга дзяцінства ўзнавілася ў памяці іх даўняя паездка ў недалёкі Полацак да мошчаў сьвятой Еўфрасіньні, – як яны ранічкай ехалі туды ў ландо з бацькам і маці, мінаючы азёры і прыазёрныя вёскі, і ўрэшце, як скончыўся лес, на даляглядзе па-над далёкімі прысадамі засьвяціліся стромкія купалы Сафійкі, ярка асьветленыя летнім ранішнім сонцам. Ці пабачыць ён калі іх – тыя сьвятыя купалы, што доўгія гады стаялі ў змроку ягонай памяці – сярод страшнай калатнечы, гразі, крыві, бязладзьдзя вайны? Так недалёка засталося да іх, і так трудна іх дасягнуць.
        Мабыць, ён усё ж задрамаў трохі, на якіх пару хвілін, і аж скалануўся ад нечаканага крыку, што раздаўся па той бок дзьвярэй.
        – Па-ад’ём! Падгатовіцца – прыём пішчы!
        У камэры разам спалохана заварушыліся, падскочыў і сеў побач Блатняк, за ім санлява падняўся з долу Эсэр. У сьцяне насупраць ужо цьмяна азначалася невялічкае закратаванае акенца, сталі відаць плечы, галовы, шэрыя твары арыштантаў, і паручнік упершыню азірнуў людзей, зь якімі прабыў ноч. Крык у калідоры, які цяпер чуўся далей, чымсьці яго бянтэжыў, можа, тым, што на дварэ пэўна віднела, і ён сьцяміў, што з уцёкамі прыпазьніліся. Зноў жа ён ня ўбачыў на белабрысым, надта прышчавым твары памагатага Блатняка патрэбнай рашучасьці – там выразна мільганула зьбянтэжанасьць, што ўвачавідкі зьмянілася бадай што дзіцячай радасьцю, і Блатняк закрычаў:
        – Чуеце? Не, вы чуеце? Жраць дадуць, далібог!
        Эсэр, бачна было, з прагнаю ўвагай імкнуўся злавіць гукі з калідора, і яго запалыя, аброслыя блытанай шчэцьцю шчокі ды разяўлены ад увагі рот з выбітымі наперадзе зубамі выдавалі слабасільнага, нават змардаванага чалавека. Крыху далей у рэдзенькім сяйве сьвятла з акенца блішчэла лысая галава старога вучыцеля з зусім белым пушком – рэштаю валасоў над вушамі. Недзе ў густым ценю пад акенцам туліўся нябачны ад парога Маўчун. Здаецца, паведамленьне пра харч зьбівала іх з тропу, блытала намер; паручнік бачыў, як напружыліся іхныя твары – менавіта ад навіны пра харч. За дзьвярыма побач дужа бразнуў замок, і паручнік ускочыў на ногі. Ён чакаў, што дзьверы расчыняцца, а тыя толькі прачыніліся трохі, і цераз парог цяжкавата грукнула старое закапцелае вядзерца. У камэру шыбануў знаёмы з салдатчыны пах гарачай кашы-пярлоўкі.
        – Трымайце на пяцёх...
        – Вы бачылі? – зь ненатуральнай радасьцю закрычаў побач Блатняк. – Нас кормяць!..
        I не пасьпеў яшчэ паручнік штосьці падумаць, як Блатняк, спрытна шмыгануўся пад яго нагамі, ухапіў ад парога вядзерца і пачаў уладкоўваць яго сярод камэры. З таго боку да яго ўжо сунуўся змардаваны Эсэр, запаволена, бы нерашуча, мясьціўся стары вучыцель. За імі падняўся з свайго месца і Маўчун. Нібы апляваны, паручнік няўцямна стаяў пры дзьвярах. Здаецца, увесь яго выпакутаваны плян вылятаў насмарку, увагай гэтых людзей бяз рэшты завалодала ежа.
        – А як жа – бяз лыжак? – запытаўся Эсэр.
        – А ручкамі, ручкамі, пан сацыяліст. Во так! – па-блазенску выпінаўся Блатняк, тут жа зачэрпаўшы жменяй ня дужа густую кашу, пачаў вылізваць яе з далоні. За ім болей рашуча папнуліся да вядзерца і Стары з Эсэрам.
        – Ну, а вы што? Ахвіцэр! Запрашаць трэба?
        Стоячы на каленях, каля вядра, Блатняк на момант павярнуўся да паручніка, але той не скрануўся зь месца. Неяк ураз аслабелы, нібы пасьля цяжкай працы, паручнік ціха апусьціўся ў сваім кутку на шынэлак. Ён быў ашаломлены і спустошаны дарэшты. Варта было пакутаваць, перажываць, спадзявацца на Бога, аддаючы яму права распарадзіцца сваім лёсам. Аказалася, тым лёсам з большым посьпехам распарадзіўся прышчавы Блатняк. Ці гэтае праклятае паўвядра пярлоўкі.
        Маўкліва і хутка яны ўтрох апаражнілі вядзерца і з асалодаю сытых адваліліся да сьцяны. Падобна, пад’елі і паспакайнелі. Прынамсі, ранейшая трывога і напружаньне дарэшты пазьнікалі зь іхных галасоў і твараў, саступаючы месца санлівай ціхманасьці. Яны задаволіліся. Паручніку вельмі карцела вылаяцца ад злосьці, і ён ледзьве стрымліваўся, трошкі цешачы сябе думкай, што, можа, яшчэ ня ўсё страчана. Мабыць жа, яшчэ прыйдуць па тое вядро і расчыняць дзьверы. Ды тое, што ён неўзабаве ўчуў, прымусіла яго зьнерухомець у зьдзіўленьні. Зьвяртаючыся да Блатняка, Эсэр сказаў:
        – Ну, а ты палохаў: Гунькін роў, Гунькін роў. Аднак жа накармілі!
        – Знача, перадумалі, – сыта пярэчыў Блатняк, выцягнуўшы ў доле ногі. – Мабыць, яшчэ пачакаюць страляць.
        – А можа, яны й ня думалі нас страляць. Бальшавікі ж таксама розныя. Па тваёй жа тэорыі?
        – Ну, а ты, вучыцель, што думаеш? – Блатняк павярнуў прышчавы твар да сьвятла з акенца. Сюды-туды паводзячы лысаю галавой, стары вучыцель зручней уладкоўваўся на падлозе і маўчаў.
        – А я вам скажу, – раздумна зашамкаў Эсэр. – Ну і дурні ж мы былі ўначы: што ўдумалі. Тут хіба ўцячэш?
        – Хрэна ў іх уцячэш, – пагадзіўся Блатняк. – А так...
        – А так, можа, і абыдзецца, – падхапіў Эсэр. – Калі разабрацца, дык мяне і праўда нізашто ўзялі. Гэта мой кораш тую купчыху экспрапрыяваў, ды ня я. Але нязручна было выдаваць.
        – А мяне, пэўна, кораш прадаў, во скаціна! Але як дакажаш, што я чэсны пралетар? Ну, што спэкулянт трохі, дык за гэта страляць?
        Запытальным позіркам Блатняк абвёў арыштантаў у камэры, чакаючы падтрымкі, ды арыштанты маўчалі. Толькі спакваля азваўся Стары:
        – Цябе, можа, і не застрэляць. Але ж тут афіцэр...
        – Ну, і што?
        – А тое, што яго падманулі.
        – А хто, хто яго падмануў? – загарачыўся Блатняк. – Мы самі падмануліся. Ну, ня кормяць, думалі – шлёпнуць. Аж, пэўна, не. Дык што ж нам цяпер – напралом? На злом галавы дзеля ахвіцэра? Не, тут кожны – сам за сябе.
        – Рызыка павінна быць апраўданай, – глыбакадумна прашамкаў Эсэр.
        Унутры ў паручніка штосьці пакутна напялася і разам аслабла, нешта ён ужо пачаў разумець. Ён слухаў іх моўчкі, адчуваючы, як ягоная разгубленасьць ператвараецца ў маўклівы нутраны гнеў. Ужо такога павароту ў іхным настроі ён не чакаў. Ці гэта ён прапанаваў ім тую рызыку? Ці ён угаворваў іх уцякаць? Ён толькі пагадзіўся, уступаючы іхнай волі, падмануўшыся на іхны давер. Яму тое ня танна далося, але ён перамог сябе, бо лічыў, што абавязаны. А яны наеліся і, нібы ракі, папаўзьлі назад. Але ён ня рак, ён гэтак хутка мяняць накірунак ня мог. Ён меў свае прынцыпы ў жыцьці, якія сёньня былі гэтак нахабна спляжаныя.
        У камэры раптам настала пакутная напружаная цішыня, у якой важка і нават злавесна раздалося з-пад вакна:
        – Скаты!
        – Што? – падняўся і сеў на доле Блатняк. – Хто скаты?
        – Вы! – кінуў забойца Маўчун.
        – Вы чулі? Чаму гэта мы скаты?
        – Трэба сьпярша падумаць, чым гаварыць, – пакрыўджана прашамкаў Эсэр.
        Але Маўчун толькі аднойчы няспрытна варухнуўся ў шэрым сьвятле з вакна сваёй крутаплечай паставай і зноў схаваўся ў ценю – павярнуўся на другі бок.
        – За ахвіцэра, ці што, заступаесься? – прыдзіраўся да яго Блатняк. – Дык ахвіцэр не крыўдуе. Праўда, ахвіцэр?
        Паручнік ва ўпор, не маргнуўшы, паўзіраўся ў ягоны нахабны твар, і той, мабыць, нешта адчуў.
        – Ахвіцэр ня згодны! – аб’явіў Блатняк. – Ён заадно з бандытам. Во дзьве контры!
        – Мала, што скаты! Дык яшчэ й падлюгі, – з раптоўнай рашучасьцю сказаў паручнік, адчуўшы, як нешта назаўжды адразае ў сваім жыцьці. Паправіць ці перайначыцць што ўжо ня будзе магчымасьці, і ён пайшоў напралом.
        – Ну во, я ж казаў! I гэты таксама – контра! А тыя сумняваюцца – гэтыя дурні з ЧК.
        – Ідзі, закладзі! – сказаў паручнік.
        – Ісьці нягожа, – зашмакаў Эсэр. – Але калі запытаюць, што ж... пакрываць ня трэба. Клясавы вораг! – пырскаючы сьлінкамі, крыкліва скончыў Эсэр. Перад ім спалохана ўскочыў на калені Стары.
        – Ціха, ды ціха вы! Учуюць жа... Яны ж усіх нас...
        Але ягоныя ўгаворы яшчэ болей злавалі разьюшанага Блатняка, які, ужо не стрымліваючыся, крычаў:
        – Што ціха! Гэта ён хай ціха! Ён змоўшчык! А той бандыт! Яны ворагі! Яны сабраліся канвой душыць...
        – Змоўкніце! Што ж вы робіце? Адумайцеся, – роспачна ўпрошваў Стары. Ды марна.
        – А, і ты? I ты тожа за іх! I ты контра, за Бога, проціў рэвалюцыі...
        I тады з-пад змрочнай сьцяны насупраць неяк марудна, бы перасільваючы сябе, падняўся Маўчун, босымі нагамі перажыргнуў выцягнутыя ў доле боты Эсэра. Ён яўна кіраваў кудысь–марудна, але з адчайнай рашучасьцю на чорным, аброслым шырокай барадой твары. I Блатняк, учуўшы нядобрае, віскліва закрычаў ля парога:
        – Не падхадзі! Не падхадзі... Не падхадзі...
        I задыхнуўся, захроп, як Маўчун вялізнаю рукой ушчаперыў яго за грудкі, згроб, пераламаў пасярэдзіне і паваліў пад сябе. Слабасільны Эсэр засьцярожліва адхіснуўся, стары вучыцель напружыўся ў нерашучасьці, і паручнік адчуў, што зараз здарыцца кепскае.
        – Стой! – загадаў ён строга, як прывык загадваць салдатам. – Стой! Адставіць...
        – Прыкончу, скаціна...
        – Ня трэба. Адпусьці!
        Іх крыкі і валтузьню ў камэры, мабыць, пачулі з калідора, там бразнуў замок, і рэзка расчыніліся дзьверы.
        – В чом дзела? Што такое?
        У дзьвярох стаялі двое чэкістаў, яны не пераступалі парог, але, мабыць, і без таго ўсё зразумелі.
        – Устаць! Всем устаць!
        Першы хуценька ўскочыў Эсэр, за ім з натугай падняўся Стары, падумаўшы, устаў паручнік. Маўчун у доле зь яўнай неахвотай выпусьціў з рук Блатняка і таксама, цяжка дыхаючы, узгрэбся на ногі. Блатняк застаўся ляжаць, змусіўшы астатніх падумаць, што канае. Але раптам ён залямантаваў, перабіраючы нагамі ў стаптаных, з глінай на сподзе, гамашах:
        – Ратуйце мяне ад яго, ратуйце! Ён бандыт, ён хацеў мяне задушыць. Каб я іх ня выдаў... Во бандыта і таго, ахвіцэра...
        Гэта было жахліва, але паручнік ня вымавіў і слова. Ды і што тут можна было сказаць, чым запярэчыць? Ён толькі адчуў злосны дакор сабе – каму ён даверыўся? Тады было цёмна, ён нікога ня бачыў. Але ж чуў! I ці ён ня ведаў гэтых і да іх падобных людзей – з войска, з вайны, хоць бы зь пяхотнай роты, якой камандаваў. I гэта – за паўвядра пярлоўкі.
        – Так, выхадзі! – коратка загадаў пярэдні чэкіст, плячысты чалавек у пакамечаным скураным картузе. З-за ягонай сьпіны выглядвалі двое, і паручнік зразумеў, што трэба ісьці.
        Забыўшыся на свой шынэлак у куце, ён выйшаў у калідор і спыніўся. Ззаду, мядзьведзявата ступаючы босымі нагамі, няўклюдна вылазіў з камэры забойца Маўчун, і ў паручніка мільганула думка: “Трэба аддаць боты”. Але ў той жа час яго штурханулі па калідоры, і ён нетаропка пайшоў наперадзе чэкістаў. Ззаду, з камэры, чуўся роспачны голас старога вучыцеля:
        – Людзі, што ж гэта робіце, людзі!..
        Стары і яшчэ нешта голасна гаманіў там, але паручнік ужо ня слухаў. Ён зь нясьцерпнаю горыччу думаў: трэба ж так памыліцца ў жыцьці! Вядома, ня першы раз. Ды, мабыць, апошні. Толькі гэта і суцяшала яго перад непазьбежным канцом.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.