|
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Аляксей Арцёмаў: «Галоўны прынцып - быць вусьцішна беспрынцыповым»
|
Жыць класна! Хаця б таму, што жыцьцё не стамляецца зьдзіўляць. Радаваць. Адкрываць і дарыць новыя і новыя магчымасьці, зьявы, людзей… Адным з апошніх прыемных адкрыцьцяў для мяне стаў рускі васемнаццацігадовы хлапец. Жыве ён у Туле. Завуць яго Аляксей. Прозьвішча ягонае - Арцёмаў. Вучыцца ў тульскім дзяржаўным універсітэце на спецыяльнасьці "Сістэмы аўтаматызаванага праектаваньня". Піша вершы. Перакладае. Аўтар зборніка вершаў "Двойная звезда". Цікавіцца сучаснымі кампутарнымі тэхналогіямі… Нічога незвычайнага. Такой біяграфіяй можа пахваліцца, мабыць, любы трэці хлопец (тут вытыркаецца хіба што выдадзены зборнік вершаў). Але незвычайнае ёсьць! Аляксей піша вершы… па-беларуску! І перакладае на беларускю мову і з яе. Піша артыкулы для беларускай Вікіпедыі. Нядаўна стаў фіналістам конкурса імя Карласа Шэрмана, арганізаванага беларускім ПЭН-цэнтрам. Надрукаваў свае пераклады ў 41-ым нумары "Дзеяслова". Аляксей мае блог (http://alex-poetry.livejournal.com/), а таксама персанальны сайт (http://lex.na.by/). Я скантактавалася з Аляксеем і мы шчыра (амаль па-братэрску) пра ўсё-усё-усё пагаварылі. - Раскажы пра свае карані. Ці былі ў тваім родзе беларусы? - Наколькі я ведаю, беларусаў там не было. Родзічы па крыві ўсе рускія (мо, я чаго і ня ведаю, але за апошнія гадоў 100 - рускія дык дакладна). Па лініі мамы - мяшчане. Прадзед Васіль Іванавіч шліфаваў дэталі на заводзе, дзед Уладзімір Васільевіч з 14 гадоў таксама працаваў, потым стаў выбітным слесарам. Яму, дарэчы, зорку героя не далі таму, што беспартыйным быў. З боку бацькі - сялянскія карані. Карацей, усё звычайна. - Калі пачаў пісаць вершы? - У наступным годзе буду святкаваць 10-годдзе творчай дзейнасьці. Пачынаў, натуральна, з рускамоўных вершаў. - Калі пачаў перакладаць? - Пэўна, у сёмым ці восьмым класе, калі пачаў пакрысе вучыць ангельскую. У нас тады было заданьне паспрабаваць зрабіць пераклад Шэкспіра на рускую мову. Я выйграў адбор у школе, пайшоў з перакладам 50-га санэту на раённы конкурс, стаў другім па выніках - першаму вынік прыцягнулі за вушы, каб было лягчэй на філфак паступіць. Мне ж на філфак было ня трэба, дый да інстытута было яшчэ даволі шмат год. Вось і стаў другім. Ад агіды пачаў перакладаць больш інтэнсіўна (жартую). - З якіх і на якія мовы ты перакладаеш? - З беларускай, украінскай, ангельскай, рускай, рэдка з іспанскай і літоўскай (са слоўнікамі і падручнікамі) на беларускую і рускую мовы (праўда, з рускай на рускаю і з беларускай на беларускую яшчэ не спрабаваў). Калісь яшчэ на ангельскую намагаўся рабіць пераклады, потым зразумеў, што недахоп ведаў не дазваляе ствараць вартыя ўвагі рэчы і кінуў гэтую справу. - Ці ёсьць у цябе настаўнікі ў справе перакладу? - Мае настаўнікі - мазгі і моўная практыка. З апошнім настаўнікам цяжэй, бо прыходзіць рэдка. А калі сур’ёзна, то наўмысна мяне ніхто ня вучыць. Проста я, калі ёсьць вольны час, чытаю кнігі для перакладчыкаў і працую над тэкстамі. Таксама завочна вучуся ў беларускіх перакладчыкаў - Сёмухі, Барадуліна і г.д. Добра, што яны пра гэта ня ведаюць :) - Чаму ты вырашыў вывучыць беларускую мову? Калі ты прыняў такое рашэньне? - Цікава проста было, што гэта за мова. Калісьці даўно я езьдзіў адпачываць у Крым, там чуў тэлеперадачы па-ўкраінску. Калі ўпершыню сутыкнуўся з электронным падручнікам па беларускай мове, захацелася зразумець, чым яна ад украінскай адрозьніваецца. Было гэта ня так даўно, калі я вучыўся ў 10 класе. - А ўкраінскую мову ты ведаеш? - Пасіўна: разумею і чытаю вольна, пішу так сабе. - Як вучыў беларускую мову? - Спачатку чытаў рускамоўны падручнік, потым словы вучыў. А калі пачаў разумець 60% тэкстаў бяз кніжак, стаў чытаць перыёдыку, слухаць радыё праз Інтэрнэт і г.д. - Якія беларускамоўныя выданьні чытаеш? - НН, навіны "Будзьмы", "Дзеяслоў". - Як ты падтрымліваеш сваю беларускую мову? У цябе ж няма ў асяродку беларускамоўных… Ці ёсьць? - У асноўным па Інтэрнэце. А наогул у Туле ёсць беларускамоўныя (адна сям’я дакладна). Я, праўда, з імі знаёмы завочна, ізноў жа, дзякуючы WWW. - Што для цябе беларуская мова? - Інструмент для ажыцьцяўленьня творчых (і ня толькі) планаў. Кожная мова, перш за ўсё, інструмент. - "Ня толькі творчыя планы" - гэта якія?.. - Сакрэт! Мо, я збіраюся таемна перасекчы мяжу, пражыць у Беларусі 7 гадоў (у бліндажы, па-партызанску), а потым прэтэндаваць на пашпарт? А жыць з пашпартам, але без мовы сорамна. - Як ставяцца бацькі і сябры да таго, што ты пішаш вершы па-беларуску? - Бацькі ставяцца нармальна, бабуля дык наогул фанатка маёй творчасці :) Сяброў у мяне няшмат (многа быць і не павінна), яны наогул пра маю творчасьць ведаюць мала - я ўтойлівы. - Твае сябры, якія ведаюць пра тое, што ты ведаеш беларускую мову, прасілі цябе калі-небудзь сказаць што-небудзь па-беларуску? - Пра сяброў ня памятаю, а бацька прасіў. Што я сказаў, таксама не ўспомню дакладна, па-мойму, проста пералічыў назвы прадметаў на кухні. - З якой мэтай ты завёў блог (ЖЖ)? - Ня памятаю. Завёў яго больш за год таму і кінуў пустым. Пазьней мне прыйшла ў галаву ідэя публікаваць там вершы і нататкі. Вось і пішу пакуль. - Нядаўна запрацаваў твой персанальны сайт. Ці не зарана ты яго стварыў: табе толькі 18… - Хм, ну, у Інтэрнэце сайты толькі абібокі ня робяць - і старыя, і малыя. Усе штосьці пра сябе пішуць. Дый гэта ня першы мой сайт, першы я стварыў гадоў у 12 на HTML. - Ты называеш сябе паэтам, паракладчыкам. У 18 год пра сябе так сказаць можа толькі вельмі амбітны чалавек… - Не, я не амбітны. Я ж не гавару, што я прафесіянал. Гэта ўсё ж маё хобі - я паэт-аматар і перакладчык-аматар. А наогул тлумачальны слоўнік распавядае, што паэт - гэта чалавек, які піша вершы, а перакладчык - той, хто перакладае тэксты, валодае мовамі. Нічога сакральнага ў гэтых словах няма. - Ці ёсьць у цябе хобі? Якія? - HTML, СКБД, САПР (хаця ў апошнім я пакуль "чайнік", але вучуся), Delphi, CMS... А яшчэ футбол-хакей па ТБ глядзець :) - Патлумач усё, акрамя HTML... - Сістэмы кіраваньня базамі дадзены, сістэмы аўтаматызаванага праектаваньня (гэта хобі на будучыню), праграмаванне на мове Delphi (не люблю, але трэба вучыцца, таму скажам, што гэта такое хобі), сістэмы кіраваньня зьместам WWW. Ну, пра футбол-хакей ты ведаеш - безьліч потных мужыкоў бегаюць па палёх ці па коўзанках :). - Якія ў цябе жыцьцёвыя прынцыпы? - Галоўны прынцып - быць вусьцішна беспрынцыповым! - А негалоўныя? - Жыць, нягледзячы ані на якія цяжкасьці. - Раскажы пра свой удзел у конкурсе імя Карласа Шэрмана. - У НН (газеце "Наша ніва" - А.П. ) прачытаў пра конкурс. Напісаў Андрэю Хадановічу, каб праверыць, ці ня "качка" гэта. Даслаў некалькі вершаў і нізку перакладаў. Пачакаў на вынікі. Атрымаў прыз ад ПЭНу, потым вершы апублікаваў "Дзеяслоў". Абяцалі ў Менск запрасіць на прэзентацыю кнігі фіналістаў. Чакаю. Уласна кажучы, ўсё. - Ці быў ты калі-небудзь у Беларусі? - Не. Шчыра, ніколі. Але хачу, вядома. - Ці чытаеш ты сучасную беларускую літаратуру? - Я ўжо падумаў, што ты не спытаеш :. Так, чытаю. З сучасных празаікаў падабаецца Уладзімер Арлоў. - А з паэтаў? - Цяжка сказаць, бо я не фанат постмадэрнізму, а сучасная паэзія (што ў Расіі, што ў Беларусі) ухіляецца ў гэты бок. Але магу сказаць, што дадатна стаўлюся да творчасьці Ірыны Барысевіч, Рагнеда Малахоўскага, Андрэя Хадановіча і некаторых іншых. - Дадатна - гэта як? - Дадатна - гэта з павагаю і разуменьнем. То бок, я магу зразумець, навошта яны пішуць і што жадаюць сказаць. Гэта ўжо нямала. - А дзе ты такое слова адкапаў?.. Я асабіста яго ня ведаю... - А-а-а! Вось чаму такое пытаньне. Я ж падумаў, што гэта з намёкам. Літаральна "дадатна" - гэта тое жа, што і "станоўча". Адкапаў ці то ў Янкі Брыля ці то ў Уладзіміра Караткевіча. - Якім ты быў у дзяцінстве? - Маленькім. Я і зараз даволі кампактны. - Хто такі Аляксей Арцёмаў? Ахарактарызуй гэтага хлопца трыма эпітэтамі.. - Таленавіты, разумны і неверагодна сціплы :) - Падзяліся з намі самым забаўным выпадкам свайго жыцьця. - Тады распавяду пра дзяцінства і маю вусьцішную беспрынцыповасьць. Раней (калі я яшчэ і ў школу не хадзіў), мы езьдзілі адпачываваць у Крым. Адзін раз жылі ў гаспадыні. Нармальна жылі, калі б не адна акалічнасьць. У гаспадыні быў кот. Я да жывёлаў заўжды ставіўся добра, але гэты кот мне адразу не спадабаўся. Чаму? Загадка. Відаць, я яму таксама не падабаўся, бо ён заўсёды праходзіў міма мяне занадта павольна (марудзіў наўмысна, бо калі яму што было трэба, бегаў як Усэйн Болт) і з пагардлівай пысай. І вось аднойчы ён учыніў фатальную памылку (амаль Fatal Error): лёг у фатэль, у якім я звычайна сядзеў, чытаючы кніжкі. Праганяў, як мог - усё дарма. І тады я прыдумаў жудасную помсту: узяў бутэльку сітро і выліў на фатэль побач з жывёлай. А потым пайшоў да гаспадыні і сказаў ёй: "Ваш кот лужыну нарабіў - глядзіце, увесь фатэль мокры". Пасля гэтага кот адчуў сябе пілотам - гаспадыня ўзяла яго за хвост і так выкінула, што ён ляцеў метраў пяць. Гэта быў мой першы зьдзек з жывёлы і, безумоўна, апошні. - Якія дзяўчыны табе падабаюцца? - Разумныя бландынкі. Паколькі я такіх яшчэ не сустракаў, то напішы, што ўсе падабаюцца :) - Як ты ставісься да людзей нетрадыцыйнай арыентацыі? - Да мяне не чапляюцца і добра. Хай жывуць як хочуць, толькі не прапагандуюць і не афішуюць свае адносіны. - Якія ў цябе адносіны са спортам? - Калісьці я быў даволі някепскім спартсменам, нават нейкія лакальныя поспехі былі. Але цяпер у Расіі покер прыбралі з рэестру відаў спорту, таму адносіны раптоўна спыніліся :) - Літаратура - гэта… - Спосаб мысьленьня. Бадай, найпрыгажэйшы з існуючых.
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|