Андрэй Хадановіч: «Хачу зрабіць чытаньне модным»
Гутарка з паэтам Андрэем Хадановічам
|
Сам сябе ён называе “хуліганам”. Чытачы, пазнаёміўшыся з яго вершамі, з гэтым ахвотна пагаджаюцца. Многія называюць яго бардам. З гэтым ён не пагаджаецца. Ахвотна. І спрабуе ўпэніць ўсіх астатніх. Зусім нядаўна выйшаў яго дыск “Абменьнік”, які мусіць пераконаць-такі нас у гэтым, бо вершы не спяваюцца, а чытаюцца. Пад музыку. Андрэй Хадановіч не толькі паэт, перакладчык, выкладчык, але і рэдактар некалькіх зборнікаў маладой беларускай паэзіі. Паўгады таму выйшла анталогія “Пуп неба”, а нядаўна свет пабачылі новыя кнігі “Групавы партрэт з Бабай Броняй” ды “In Вільня veritas”. Пра гэтыя зборнікі і не толькі мы і пагаварылі за кубачкам гарбаты. – У прадмове да анталогіі маладой беларускай паэзіі “Пуп неба” вы шмат пісалі пра гандлёўцаў паветрам… – Метафара – такая штука… Калі б я на той момант ухапіўся за іншую, я б з роўным поспехам даказаў, што стыхія зямлі, вады, ці агню аднолькава пасуе паэзіі. Але падчас складання гэтай кнігі мяне больш цікавіла манавіта паветраная метафара. Тады на беларускіх літаратараў пасыпаліся забароны, абмежаванні, стала складана друкавацца ў пэўных месцах - вырасла значнасць вусных кантактаў. А гэта ўжо камунікацыя ў паветры. Кнігі, якія павінны былі б набывацца ў кнігарнях, у большасці сваёй разыходзяцца на паэтычных сустрэчах, прэзентацыях. Часам усё цяжэй знайсці залу, і атрымліваецца зусім адкрытае паветра, пленэр. Прамоўленае ў паветры слова вельмі значнае, але яно вымагае і крыху іншай паэтыкі. Груба кажучы, крышачку меншага снабізму ў дачыненні да сваёй публікі. Калі ты хочаш быць пачутым, то мусіш зрабіць пэўныя рэчы для гэтага. Дзесьці сказаць штось гучней, штосьці падкрэсліць… Можа быць, таму беларуская паэзія, у тым ліку маладая, больш рыфмаваная, чым верлібрычная, у адрозненне ад астатняга свету. Пісьменнік павінен быць не вельмі лянівым, адрываць сваё працоўнае месца ад крэсла перад кампутарам і хадзіць на паэтычныя сустрэчы па першым запрашэнні. Я стараюся па меры сціплых сілаў карыстацца любой такой, пераважна паветранай, трыбунай, бо іх становіцца штораз меней. – Што вам бліжэй: пісаць уласныя вершы ці перакладаць чужыя? – Часам я адмыслова раблю акцэнт на пераклады. Перакладчык чамусьці несправядліва лічыцца фігурай другога плану, а паэт – першага. Таму ўласная паэтычная дзейнасць у нас традыцыйна шануецца болей. І тут няма мяжы майму абурэнню, бо паэтычны пераклад як мінімум не прасцейшы, а, на мой погляд, нашмат складанейшы і няўдзячнейшы. А калі так, то чаму б не звярнуць увагу на самаахвярную працу таго ж Васіля Сёмухі, альбо Змітра Коласа, альбо Лявона Баршчэўскага і іншых маіх калег? Мне проста хацелася, каб эпастась перакладчыка не гублялася за ўласнай літаратурнай творчасцю. Хаця апошнія гады сваіх тэкстаў у мяне пішацца болей. Таму, відаць, усё ж такі спачатку паэт, а пасля перакладчык. – У прадмове да зборніка “Іn Вільня veritas” Ганна Кісліцына піша, што неабходна выдаць кнігу пра выхаванне. А на ваш погляд, якую кнігу сёння неабходна выдаць? – Я цалкам з Ганнаю згодны. Выхаванне, калі гаварыць пра паводзіны, мяне цікавіць пастолькі-паколькі. Няхай чалавек блытае тыя чатыры відэльцы, што перад ім за дыпламатычным сталом, але тое, што ў чалавека ў сярэдзіне, для мяне важней. Мяне вельмі турбуе апошніх гадоў дзесяць імклівая дэгуманізацыя таго, што было гуманітарным раней. Я выкладаю ў розных месцах, у тым ліку ў ліцэістаў 14-15 год, таму ведаю, што няўхільна змяншаецца месца чытання ў жыцці сучаснага чалавека. Мне хацелася б нейкім чынам зрабіць чытанне модным, бо інакш да яго цяжка прыцягнуць. – Якім чынам сёння чытанне можна зрабіць модным? – Можна прапаноўваць варыянты, якія існуюць у свеце. У краінах Балтыі, напрыклад, якія зацікаўленыя ў развіцці сваёй нацыянальнай культуры, моду на чытанне фармуюць медыі. За дзяржаўныя грошы ствараюцца якасныя перадачы, прысвечаныя літаратуры, якія раскручваюць кнігі сучасных аўтараў. Гэта, відаць, наймацнейшы ўплыў. Але, маючы, скажам, элітарную кнігу, шырэй пэўных межаў яе не раскруціш. Будуць чытаць хутчэй папсу, а не паэзію, якая па азначэнні “не для ўсіх”. Для пашырэння такой літаратуры існуе цэлая сетка паэтычных фестываляў, на якія прыязджаюць людзі з розных краінаў, сутыкаюцца з такімі самымі дзівакамі, як яны самі, кантактуюць, абменьваюцца досведам. Магчыма, купіўшыся на адно сімпатычнае для сябе імя, дзяўчына прыйдзе на вечарыну і адкрые для сябе яшчэ дваццаць, а гэта, пагадзіцеся, ужо геаметрычная прагрэсія, бо яна падзеліцца яшчэ з дваццаццю сяброўкамі і гэта, як лісты шчасця, будзе множыцца. Яшчэ… У іншых краінах шырока практыкуюцца літаратурныя кавярні. Прычым, абедзе часткі словазлучэння значныя. (Вельмі прыблізная менская аналогія – “Лондан”, дзе мы з вамі сядзім цяпер.) Тут можна прынамсі знайсці паліцу з кніжкамі, любую з іх узяць і сумяшчаць дэгустацыю кавы з дэгустацыяй цікавай літаратуры. У нас такіх месцаў, на жаль, мала. А ў прынцыпе ў такіх кавярнях рэгулярна адбываюцца цікавыя прэзентацыі, вечарыны. Хадзіць на іх становіцца модным… Памятаеце, у Жванецкага: “А, можа, у Кансерваторыі нешта памяняць?” Штосьці няправільнае закладзена, мне здаецца, у сённяшняй гуманітарнай адукацыі. Яўны перакос ідзе на дзень учарашні. Што граху таіць, людзі звычайна любяць памерлых: яны бяскрыўдныя, не запярэчаць табе. Класіка менш спрэчная, больш стопудовая, там цяжка памыліцца, праявіць сваю некампетэнтнасць. Вось і атрымліваецца парадокс: любы класік для свайго часу быў актуальны: Сафокл – для грэцкага тэатру V ст. да н.э., Вэргілій – для рымскага грамадства… А мы сёння вывучаем творы, актуальныя для іншых эпох. Гэта форма літаратурнай археалогіі: мы мусім дакопвацца да жывога нерва… Тады як сённяшнія творы, дзе гэтыя нервы гудуць на поўніцу, лічацца даследчыкамі літаратуры чымсьці несур’ёзным. Цікавасць да сучаснай і актуальнай літаратуры патрабуе густу. Вяўляецца, што можна займацца класікай, не маючы літаратурнага густу, бо і так зразумела, што добрае, а што дрэннае: імя аўтара знаёмае, назва твору знаёмая – яго і даследуюць. Незнаёмыя – значыць, дрэнна. Актуальнай літаратурай можна займацца толькі на свой страх і рызыку, бо лёгка можна памыліцца, падарвацца на міне, не расчытаўшы таго ці іншага. Зразумела, што мала людзей за гэта бярэцца. Можна згадаць Ганну Кісліцыну, якая працуе ў акадэмічным Інстытуце літаратуры, але займаецца актуальнай літаратурай; Данілу Жукоўскага, які не мае філалагічнай адукацыі, але ў вольны час піша цікавыя, на мой погляд, агляды і рэцэнзіі; паэтку, празаіка і крытыка Людмілу Рублеўскую, якая працуе ў досыць падазроным, як на мяне, выданні, але піша для яго матэрыялы, за якія не сорамна; альбо палітыка і прафесійнага філолага-русіста Аляксандра Фядуту, якога нечакана занесла на тэрыторыю сучаснай беларускай паэзіі, ад чаго выйграў і ён, і, магчыма, сучасная беларуская паэзія… Але гэтага вельмі мала для ўплыву на сённяшнюю сітуацыю. – Творчасць якіх пісьменнікаў вы б уключылі ў праграму філалагічных факультэтаў ВНУ пры вывучэнні сучаснага перыяду ў беларускай літаратуры? – У нас вельмі дзіўнае разуменне таго, што сабой уяўляе маладая літаратура. Да 50 гадоў літаратар лічыцца маладым. Я б не заканчваў сучасную літаратуру Арловым і яго равеснікамі, а пачынаў бы з іх і заканчваў бы ледзь не тымі, хто сядзіць на старэйшых курсах філалагічных факультэтаў. Без сённяшніх хуліганаў-студэнтаў няма актуальнасці і ў класіцы, бо традыцыя рэалізоўваецца праз тых, хто тут і цяпер яе працягвае. Вось жа, хай бы ў праграму ўвайшло пакаленне “тутэйшых” з Анатолем Сысом, Адамам Глобусам, крыху старэйшым ад іх Алегам Мінкіным і крыху маладзейшым ад іх Ігарам Бабковым. Хай бы знайшлі сваё месца ў праграме і ўдзельнікі “Таварыства вольных літаратараў”: паэт, драматург, празаік Ігар Сідарук; празаік і эсэіст Вінцэсь Мудроў. Зразумела, правінцыйны самвыдавец-камікадзэ Алесь Аркуш, які рабіў на сваім ксэраксе беларускім свой “Ксеракс беларускі” і адыграў значную ролю ў літаратуры канца 90-х. Вялікія патрасальнікі тазікамі, малявальнікі індзейскіх татуіровак з “Бум-Бам-Літу”, безумоўна, раскатурхалі аўдыторыю ў познія 90-я. Сёння некаторыя з іх прадстаўляюць ужо зусім іншую літаратуру, яшчэ больш мне сімпатычную. Гэта найперш Вальжына Морт, але таксама і Альгерд Бахарэвіч, Юрась Барысевіч. Іх творчасць ужо сёння, па-мойму, можна ўключаць у праграмы. Іншае крыло былых бум-бам-літаўцаў, якія пішуць не толькі “болем”, але таксама радасцю і смехам, такія як Віктар Жыбуль альбо Джэці – чым вам не яскравы сродак прапаганды літаратуры? Думаю, што ў хуткім часе ў праграму можна было б уключыць і наступнае пакаленне літаратараў, якія прайшлі праз “пэнаўскія” літаратурныя конкурсы. Напрыклад, малады паэт Глеб Лабадзенка, з якога вырас аўтар не абы якой кнігі “Пагер-вершы”. Але таксама Марыйка Мартысевіч, Сяргей Прылуцкі, Віталь Рыжкоў, Андрэй Адамовіч, якія, спадзяюся, у хуткім часе выдадуць свае першыя кнігі. – Як нарадзілася ідэя стварэння серыі зборнікаў маладых беларускіх літаратараў? – Усё пачалося з таго, што пару маладых, асобаў былі прынятыя ў Беларускі ПЭН. Сярод іх Ганна Кісліцына, а таксама ваш пакорны слуга. У 2002 годзе мы вырашылі праводзіць конкурсы маладых літаратараў. Конкурсы павіны былі насіць імя значнага літаратара. Прычым незалежна ад таго, беларускі гэта класік, як Наталля Арсеннева ці Уладзімір Караткевіч, альбо не, як італьянец Франчэска Петрарка… У канкурсантаў няма ніякіх абмежаванняў, акрамя ўзросту: усё-ткі маладыя літаратары – гэта людзі, значна маладзейшыя за 50 год. З самага пачатку, акрамя беларускамоўнай большасці, у нас заўсёды была і рускамоўная меншасць. А зараз увогуле з’явіліся дзіўныя, але сімпатычныя аўтары, якія пішуць на дыялектах і трасянцы. Куды запісаць Бабу Броню, Сірошку Пістончыка з Уласікам Смаркачом ды іншыя паранармальныя літаратурныя з’явы, ніхто сёння не ведае. Але менавіта гэтыя з’явы выклікаюць найбольшы энтузіязм у публікі падчас сустрэч. На прэзентацыі зборнікаў у Магілёве найбольш ажывілі залу агучаныя тэксты Бабы Броні з адной кніжкі і Пістончыка са Смаркачом – з другой. Сур’ёзным вершам ужо цяжка вытрымліваць канкурэнцыю з такой выбухоўкай… – Чаму вы вырашылі спыніцца на цытаце з Віктара Жыбуля і назвалі анталогію маладой паэзіі “Пуп неба”? – Назва любой анталогіі – гэта заўсёды кампраміс паміж нейкім духоўным пасланнем, якое яна нясе, а таксама тым, што гэта яшчэ й прадукт, зроблены для кніжнага рынку. Назва мусіць адначасова ствараць нейкі глыбокі вобраз і чапляць за жывое патэнцыйнага пакупніка, тым больш калі кніга робіцца на экспарт. Тэкст Жыбуля прайшоў выпрабаванне часам: гэта адзін з найлепшых, як на мяне, тэкст з анталогіі “Верш на свабоду”. У вершы “Пуп неба” ёсць адначасова і цікавая форма, і сімпатычнае мне вальналюбства, і здаровыя амбіцыі. Быць пупом неба – гэта вам не абы-што. – Па якім прынцыпе вы адбіралі паэтаў, тэксты якіх увайшлі ў зборнік “Пуп неба”? – З аднаго боку, “Пуп неба” збіраўся мною, таму я мусіў уключыць туды сімпатычных асабіста мне аўтараў, інакш грош цана майму літаратурнаму густу. Гэта тыя аўтары, якіх я шчыра раю польскім чытачам, для якіх гэта перадусім рабілася. Але, з іншага боку, я ўсведамляю, што ёсць выдатныя тэксты беларускіх паэтаў, якіх не здолеюць ацаніць за мяжой. Па тэхнічных прычынах.Ёсць паэзія, якую вельмі цяжка, амаль немагчыма не сапсаваць у перакладзе. Прыклад са старэйшай літаратуры. Я скептычна стаўлюся да неаднаразовага вылучэння вялікага, безумоўна, паэта Рыгора Барадуліна, на Нобелеўскую прэмію. Цяжка сабе ўявіць больш нацыянальнага, больш прывязанага да беларускага слова паэта, чым Барадулін. Але - пры ўсёй самаахвярнасці ангельскіх, чэшскіх і іншых перакладчыкаў - вялікая паэзія ў гэтым выпадку з непазбежнасцю мусіць ператварыцца ў пасрэдную на гэтых мовах. А ёсць яшчэ традыцыя чытацкага ўспрымання паэзіі. Шмат хто за мяжою адчытае такі – шмат у чым наіўны спосаб пісьма – як графаманію. З іншага боку, мы чамусь не праяўляем энтузіязму, каб вылучыць на Нобель такога паэта, як Алесь Разанаў, які больш універсальны, больш сугучны кожнаму еўрапейцу, да таго ж і сапсаваць ягоныя, скажам, версэты, у перакладзе цяжэй. У выніку я стараўся выбіраць у анталогію “фарматных” для еўрапейскага чытача аўтараў. Але, на шчасце, у польскім выпадку я мог не абмяжоўвацца такім падыходам і некалькі разоў рызыкнуць, уставіўшы ў анталогію зусім іншую паэзію. Рэч у тым, што я блізка знаёмы з некалькімі проста выдатнымі польскімі перакладчыкамі. Напрыклад, з такім мэтрам, як Адам Паморскі, якога не палохае ні рыфма, ні іншыя праявы паэтычнай віртуознасці. Паэзію Вальжыны Морт альбо Марыйкі Мартысевіч абы-хто не перакладзе. Але Паморкі далёка не абы-хто. Таму рызыкнулі. Увайшлі ў анталогію і складаныя для перакладу тэксты Джэці. У выніку нават складаецца ўражанне, што перакладзеная жаночая паэзія прагучала ў зборніку найбольш моцна і выразна. Да таго ж, я думаў не толькі пра тое, як маладыя аўтары ўспрымаюцца паасобку, але і пра тое, яны будуць чытацца ў кнізе разам. – Як вы ставіцеся да выкарыстання пісьменнікамі нецэнзурных словаў у тэкстах? – Стаўлюся адначасова пазітыўна і негатыўна. Стараюся гэтага не ўжываць сам, але, разам з тым, нікога не абмяжоўваю як рэдактар і без купюраў перакладаю як перакладчык. Чаму пазітыўна? Беларусь неймаверна цнатлівая краіна. Якія даліканыя нашыя крытыкі, нашыя слухачы ва ўсёй сваёй белай і пушыстай недатыкальнасці. Часопіс “Дзеяслоў” надрукаваў апавяданне Вінцэся Мудрова, дзе ёсць непрыстойнае слова: першая літара і шматкроп’е. Відавочна, не за гэта, але з гэтай нагоды часопіс выкідваюць з кнігарні. А побач ляжыць Эдуард Лімонаў, Уладзімір Сарокін і іншыя аўтары, якія даўно не ставяць кропачак замест тых ці іншых словаў. Тое, што можна рускім па-руску, чамусьці нельга беларусам па-беларуску. Некалькі тыдняў таму ў Мінску адбыўся, як на мяне, досыць традыцыйны, неавангардны, нескандальны, а, наадварот, досыць герметычны фестываль “Парадак словаў”. Але некаторыя журналісты, якія пісалі пра фестываль, звярнулі ўвагу на некалькі выпадкаў (у рамах фестывалю яны былі хутчэй выключэннем) ужывання гэтай нецэнзурнай лексікі, і стварылі ўражанне, быццам бы там чыніўся нейкі бясконцы скандал. Дзякуючы такой ненармальнай рэакцыі, трэба быць да пэўнай ступені асцярожным. Ні ў якім разе я не прапаноўваю самацэнзуру, але прынамсі культурную прытомнасць: чытаючы той ці іншы твор публічна, памятаць, у якім месцы ты выступаеш, каб у наступны раз не прыйшлося шукаць новага памяшкання для правядзення чытанняў. Таму я за ўжыванне нецэнзурнай лексікі толькі там, дзе ў мэтах экспрэсіі без яе немагчыма абысціся. Мат выконвае дзве неўдзячныя функцыі: ён, па-першае, абясцэньвае сам сябе. Чым часцей гэтыя словы ўжываюцца, тым хутчэй яны ператворацца ў словы-паразіты, што не на карысць літаратуры. А, па-другое, мат абясцэньвае суседнія словы, бо перацягвае ўвагу непадрыхтаванага чытача на сябе, і глыбокія, цікавыя зместы застаюцца неадчытанымі.
|
|
|