 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Ад джазу да блюзу
Тры гісторыі
|
Артыкулы, што прапануюцца вашай увазе, уяўляюць сабой нататкі пра некаторыя выставы мастачкі Марыі Барысенка, якія адбыліся з 2011 да 2015 гг. Тэматычна гэтыя тры матэрыялы аб’ядноўваюцца з інтэрв’ю, якое было зроблена ў 2010 годзе пасля наведвання аўтарам першай персанальнай выставы спадарыні Марыі пад назвай “Jazz”. Храналагічна апошнім мерапрыемствам у гэтым шэрагу стала выстава пад назвай “Blues”. Такім чынам, ад “Джазу” да “Блюзу”адбываецца вандроўка ў часе і прасторы, упрыгожаная хітраспляценнямі нітак, на якіх выяўляюцца самыя розныя музычныя сюжэты.  Першая персанальная выстава Марыі Барысенка пад назвай “Джаз” адбылася восенню 2010-га. Патрапіўшы на яе, быў уражаны надзвычайна. І вынікам ад першага знаёмства з творамі мастачкі з’явіўся той факт, што на адкрыццё наступнай персанальнай выставы я прыйшоў ужо сярод першых наведвальнікаў. Выстава называлася “Beatles Forever”. Хаця Марыя па сакрэце распавядала крыху раней, што паралельна рыхтуюцца творы і на тэму класікі року, і на тэму блюзу. Гэта значыць, што пры іншым творчым раскладзе выстава магла б мець назву, напрыклад, “Wish You Were Here” ці “My Baby Got The Train”.  Уражанні ад выставы “бітлоўскай” былі зусім іншымі ў параўнанні з пачуццём пэўнага адкрыцця на “джазавай” экспазіцыі. Тут і нечаканасць у выкананні, і непрадказальнасць сюжэтаў, і ўскладнёнасць ліній і колеравых спалучэнняў. Да таго ж, працягнуліся эксперыменты са змешваннем розных ткацкіх тэхнік, электрычнай падсветкай. Усё на гэты раз успрымалася па іншаму – адразу было бачна, што аўтар твораў спрабуе выйсці на абсалютна новы мастацкі ўзровень.  Назва мерапрыемства, зразумела, заўсёды акрэслівае кантынгент наведвальнікаў. Яна прыцягнула немалую колькасць аматараў музыкі 60-х – тых, каго можна было ўбачыць на мерапрыемствах “Beatles-Cafe”, на бітлоўскіх канцэртах-трыб’ютах, што раней ладзіліся дастаткова часта, таксама заўзятараў фестывалю “Beatles Forever”, які калісьці рэгулярна праходзіў у Лагойску, наведвальнікаў блюзавых мерапрыемстваў. Мастакі, мастацтвазнаўцы, супрацоўнікі музеяў і галерэй, выкладчыкі, -- словам -- тыя, хто займаецца выяўленчым мастацтвам прафесійна, як і заўсёды, праяўлялі належную цікаўнасць. Шмат для каго з наведвальнікаў выстава апынулася прыемным і незвычайным сюрпрызам.  У межах адкрыцця выставы выдатны канцэрт адыграў гурт “Флэт”. Кавер-версіі песень “Бітлз” і разам з тым таленавіта напісаныя і па-майстэрску аранжаваныя аўтарскія творы гучалі ў іхнай праграме. Сучасны саўнд, бездакорнае выкананне – пра гэта, здаецца, ужо шмат хто гаварыў. Гурт не адзін раз прымаў удзел у айчынных і замежных Бітлз-фестывалях, прадстаўляў Беларусь на штогадовым фестывалі ў Ліверпулі, прысвечаным знакамітай на ўвесь свет чацвёрцы. Хто як не “Флэт” павінны былі з’явіцца на выставе Beatles Forever?  Гурт “Флэт” Марыя Барысенка пазней спамінала: “Экспазіцыя, што была запланавана на восень 2011, рабілася на здзіўленне лёгка. Як задумвалася, так і складалася. Па ходзе мантажа з’яўляліся новыя ідэі, экспромтам узнікалі прапановы, якія апынуліся вельмі ўдалымі. Усе, хто павінен быў дапамагчы – не падвялі. Запомнілася выступленне Flat – яно вельмі ажывіла мерапрыемства…”  Марыя Барысенка перад інсталяцыяй “Back in USSR” Калісьці я меркаваў, што адкрыўшы для сябе таямніцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, буду спакойна назіраць за творчым працэсам тых ці іншых мастакоў: атрымліваць асалоду ад хітраспляценняў сюжэтаў, лянотна сачыць за зменай ракурсаў і няспешна разбірацца ў мітусні колераў. Але ж лёс распарадзіўся так, што ў хуткім часе -- ужо асабіста – я тэрмінова запакоўваў габелены, грузіў у машыну, браў адказнасць за перавозку каштоўнага груза. Праз некалькі гадзін выгружаў і развешваў эксклюзіўныя творы разам з дасведчанымі мастацтвазнаўцамі, захоўваючы прапорцыі і ствараючы асіметрыю новай экспазіцыі. На пэўны час я зрабіўся арганізатарам выставы. Яна называлася “Музыка габеленаў”.  Адкрыццё выставы: у цэнтры -- мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн, справа Марыя Барысенка. Музей імя Бялыніцкага-Бірулі гасцінна прапанаваў дзве залі, і ў прызначаны час мястэчка Бялынічы набыло статус культурнага цэнтру Магілёўшчыны. Будзем спадзявацца, што гэта сапраўды было так – меркаваўшы па колькасці гасцей і ўвазе СМІ.    Працоўны момант – тэлежурналіст Седа Каспарава і калегі. У праграме адкрыцця выставы былі цікавыя сюрпрызы. Напрыклад, майстар-клас ад Марыі Барысенка. Для ўсіх, хто пажадаў набыць першы досвед у ткацкім майстэрстве, мастачка цікава распавяла пра сакрэты сваёй працы. Асабліва былі ўражаныя маладыя дзяўчаты.  Майстар-клас Яшчэ адзін прыемны момант мерапрыемства – выступленне гурта “Балцкі субстрат”. Максім Іўкін, лідар гэтага цікавага калектыва, здолеў спланаваць свой адпачынак менавіта на час правядзення выставы. Апошнім часам Максім працуе ў адным з маскоўскіх тэатраў, занятасць з гэтай нагоды вялікая, таму на радзіме музыка бывае не часта. Але гэта толькі стварае дадатковы стымул для працягу працы з уласным беларускім калектывам. У сваю праграму “Балцкі субстрат” уключыў як старыя песні,так і песні, якія яшчэ нідзе не выконваліся. Да “Балцкага субстрата” далучыліся музыкі “White Night Blues”, а напрыканцы адбыўся сапраўдны джэм – калі да вышэй азначаных музыкаў далучыліся госці з Мінска і Магілёва.  “Балцкі субстрат” “Успаміны пра выставу ў Бялынічах вельмі цёплыя. Сама па сабе вандроўка, сустрэча з сябрамі, -- распавядае Марыя Барысенка. – Экспазіцыю рабілі ўласнымі рукамі. Добрыя ўражанні засталіся і ад самога адкрыцця, і ад сумеснай працы з работнікамі музея, і ад музычнай часткі. Ёсць пэўныя планы на працяг супрацоўніцтва...”  І вось нарэшце мы зноў вяртаемся. Хто і куды? І што азначае вяртанне? Усё проста – у Марыі Барысенка наступная выстава – яна зноў праходзіць у галерэі “Універсітэт культуры”. На гэты раз яе назва -- Blues. На адкрыцці выставы, на думку спадарыні Марыі, павінна граць блюзавая група. Гэта было б лагічна. Гэтай групай становіцца White Night Blues. Можна зрабіць выгляд, што ўсё адбылося выпадкова. Але габелен “Блюз белай Ночы” ўсё выдае. Таму хавацца няма сэнсу. Маецца на ўвазе -- прыдумляць сабе псеўданім і рабіць выгляд, што ні да выставы, ні да гурта ніякага дачынення не маеш. Да таго ж, і не аўтар уласнага артыкула. -- Дык што такое вяртанне ўласна для Вас, Марыя? -- Персанальных выставаў доўгі час не было. Я пачала задумвацца – чаму так адбываецца? Зразумела, што вельмі шмат працавала, да таго ж, брала ўдзел у шматлікіх праектах іншых людзей. Выстава Blues была падрыхтавана ўжо больш як два гады таму, але абставіны складаліся так, што даты адкрыцця ўвесь час перасоўваліся. І вось, нарэшце – усё сышлося, каб вызначыць дату, якая ўжо не перанеслася ні пры якіх умовах. Гэта і апынулася для мяне своеасаблівым вяртаннем. -- І як пайшло? -- У адрозненне ад папярэдніх персанальных выставаў, падрыхтоўка ішла не лёгка. Шмат якіх арганізацыйных праблем узнікала па ходзе працы: тэхнічныя моманты, звязаныя з асвятленнем і праекцыяй відэашэрагу на вялікі экран, асаблівасці мантажа… -- Я хачу заўважыць, што дапамагаць у падрыхтоўцы выставы давялося людзям, якія калісьці ўпершыню пазнаёміліся з Вашымі творамі падчас прэзентацый “Jazz” і “Beatles Forever”. -- Тут, як у габелене – усё пераплятаецца: абставіны, лёсы, наяўнасць супадзенняў па часе і месцы. Карацей, вяртанне адбываецца на новым вітку спіралепадобнага руху – можна сказаць і так… Для гурта White Night Blues гэты кавалак часу можна назваць ад “Джаза” да “Блюзу”. З’язджаў з радзімы за трыдзевяць зямель барабаншчык Яўген Звераў (пражыў пяць гадоў за тысячы кіламетраў, у далёкім Кастанаі, граў у гурце “Эндарфін”). Калісьці развітваліся назаўсёды. Але прайшоў час, і вось, вяртанне -- першы выступ з удзелам Жэні падчас канцэрту на адкрыцці выставы.  Яўген Звераў Таленавіты вучань Віця Зайцаў калісьці пачынаў з нуля засвойваць гітару, і вось, за гэты час атрымаў дыплом, які засведчыў яго вышэйшую музычную адукацыю. Таксама вяртанне – на новым этапе творчага развіцця -- у якасці басіста ў складзе White Night Blues.  White Night Blues. Справа бас-гітарыст Віктар Зайцаў. З’яўленне культавага блюзавага музыканта, віртуознага харпера Арцёма Крычэўскага, безумоўна, можна лічыць вяртаннем. Пасля пэўнага часу, які быў праведзены ў Маскве, Арцём зноў пачаў выступаць у Менску.  Арцём Крычэўскі  На адкрыцці выставы выступае Грыгоры Фёдаравіч Шаура, прафесар, загадчык кафедры ДПМ Універсітэта культуры і мастацтваў. Далей , злева направа: Ларыса Давыдаўна Фінкельштэйн, мастацтвазнаўца, сябра Беларускага саюза мастакоў; Марыя Барысенка, выкладчык кафедры ДПМ БДУКМ, сябра Беларускага саюза мастакоў; Ала Іванаўна Непачэловіч, дацэнт, выкладчык кафедры ДПМ, сябра Беларускага саюза мастакоў.  Блюз Белай Ночы  Sittin’ On Top Of The World  Aрт-аб’ект “Саксафон. Матэрыялізацыя музыкі”  Злева ад экрана праца “Легенда Роберта Джонсана” (па матывах фільма “Crossroads”)  “Блюз”   Злева - арт-аб’ект “Гітара”, справа – праілюстраваная кампазіцыя Screamin’ Jay Howkins “I Put A Spell On You”  “Так здарылася, што адкрыццё выставы выпадала на пятніцу, 13-га. Шмат хто з сяброў і знаёмых раілі мне перанесці мерапрымства на іншы дзень, -- усміхаецца Марыя. -- Але ж я ўбачыла нешта сімвалічнае ў той даце – усё ж такі асноўная тэма – Блюз! А калі ёсць блюзавы лад жыцця, то ўсё складаецца не зусім звычайна, з’яўляюцца іншыя ўмовы, якія якраз і характарызуюць гэты стыль – іранічнае стаўленне да агульнапрынятага, да традыцый, парушэнне правілаў, прага да творчай свабоды. І я пакінула ўсё, як ёсць…” Матэрыял падрыхтаваў Юры Несцярэнка. Глядзіце таксама інтэрв’ю: "Галерэя джаза"
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|