РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кветка вераніка
        Сцябло кветкі было такім кволым, што здавалася, яму не ўтрымаць бутона. Той хіліўся долу, нібыта ў цяжкім задуменні – ці варта аддаваць апошнія сілы, каб падарыць свету яшчэ адну драбніцу чыстае красы. Але аднойчы, на досвітку, развінуліся маленечкія сінія-сінія пялёсткі з танюткай белай аблямоўкай – нібыта ўсміхнулася дзіця.
        Вінцэсь нават ведаў, як называецца гэтая кветачка, – вераніка дуброўная. У вільготным прыцемку пад старой віхлой у іхнім парку, дзе яны з Алесем і Валянцінам гулялі ў высакародных разбойнікаў, такіх кветак расло шмат... Але тут, між камянёў турэмнага акна, у выбоіне ля жалезнага прута рашоткі…
        Сінявокае цуда! Тым больш бясконцыя чатыры месяцы, пакуль доўжылася следства, Вінцэсь правёў у цёмнай падвальнай камеры. Святла было адмерана – абы вязень не аслеп. Нясмелы промень на якую гадзіну прабіраўся ў каменны мяшок праз маленечкую адтуліну наверсе, якая аніяк не заслугоўвала наймення акна.
        Шчасце – гэта калі ў адной кветцы табе адкрыецца багацце ўсіх кветак свету.
        Вінцэсь крануў зялёны круглы лісцік з далікатнымі зубчыкамі, і падалося, што той у адказ ласкава пагладзіў палец чалавека.
        Віхлу ў парку новыя гаспадары маёнтка, напэўна, загадалі спілаваць – скурчаная, сівая ад часу, з чорным дуплом, у якім яны хавалі самаробныя лукі. А галінкі схіляюцца да самай зямлі, утвараючы сапраўдны будан. Неяк на летніх вакацыях – яму было гадоў дзесяць, братам крыху больш – нават зладзілі пад той віхлою, начытаўшыся прыгодніцкіх раманаў, «таемнае брацтва» «Чырвонай рукі» і па-кляліся змагацца з несправядлівасцю і абараняць бязвінна пакрыўджаных, асабліва прыгожых жанчын.
        Няма больш таго брацтва. Алесь загінуў яшчэ на пачатку паўстання, калі купку інсургентаў абкружылі на ўскрайку пушчы жандары. Валянцін прысуджаны да смяротнага пакарання як кіраўнік атрада. Ён, Вінцэсь, самы малодшы з братоў, пойдзе ў Сібір.
        Вінцэсь здагадваўся, каму цяпер належыць іх маёнтак. Вернападданаму, які асабліва выявіўся ў справе задушэння правінцыйнага «бунту». І ў абясшкоджванні былых гаспадароў – дзяржаўных злачынцаў.
        Так што віхлы, хутчэй за ўсё, няма...
        Звіняць званы... Быццам з неба сыплецца золата. Учора быў Вялікдзень. Хрыстос уваскрос... Вінцэсь мімаволі ўсміхаецца – і ў Сібіры ёсць сонца... І не загінула Радзіма, у якой яшчэ шмат сінявокіх веранік і старых віхлаў.
        Загрукаў замок на дзвярах, нібыта цяжка ўставаў з магілы прывідны рыцар у ржавых латах.
        – Анталевіч, да вас нявеста. Дзеля свята дазволена спатканне. Збірайцеся...
        Хоць ніякай нявесты і нават знаёмай дзяўчыны, якая магла б прыйсці пад гэтым званнем, у Вінцэся не было, хлопец не здзівіўся. Ён ведаў: так робіцца досыць часта. Жанчыны з сем’яў, дзе падзялялі ідэалы разбітага паўстання, наведвалі зняволеных, да якіх не было каму прыйсці, называючыся нявестамі. Былі нават выпадкі – Вінцэсь ведаў дакладна, – што такія наведванні канчаліся сапраўдным каханнем і шлюбам і маладая прыгажуня ехала за мужам у высылку.
        Калісьці і яму ўсміхаліся прыгажуні...
        Вінцэсь успомніў балі ў Віленскім універсітэце, гасцёўню пані М*, дзвюх паненак-блізнючак, што жылі ў суседскім маёнтку, дзе ён з братамі былі частымі гасцямі... Госпадзе, як гэта далёка! Нібыта іншы чалавек – прыгожы, спрытны, элегантны – смяяўся, жартаваў, запрашаў на вальс, гуляў у фанты...
        
        
        Калі ў пакоі для спатканняў Вінцэсь пабачыў скрозь краты постаць дзяўчыны ў цёмна-зялёнай сукенцы з бялюткім каўнерыкам і капелюшыку з густым вэлюмам, стала горача. Вось дзіва... Ён ніколі раней так не губляўся перад дзяўчатамі. А тут яшчэ ўпершыню падумаў пра ўласны выгляд... Вядома, яму дзеля спаткання прынеслі касцюм, кашулю, далі магчымасць пагаліцца – турэмнаму начальству зусім не даспадобы паказваць шаноўнай публіцы сваіх падапечных у абліччы здзічэлага Рабінзона Круза. Але год турмы нікога не красіць... А да гэтага яшчэ два гады жыцця па лясных лагерах, бойкі – шаблі супраць ружжаў, выпадковыя начлегі, уцёкі – хмызнякі, якія балюча б’юцца пругкімі галінкамі па твары, быццам папракаюць, што ўцякаеш; дрыгва, якая, магчыма, хавае ў сваёй бездані бурштынавы палац або нованароджаную крыніцу, а можа схаваць і цябе; сумёты па грудзі – нібыта ты памёр і ідзеш праз аблокі да Брамы на той свет...
        Дзяўчына адкінула з твару вэлюм, і Вінцэсь ледзь стрымаў уздых расчаравання. Вядома, ён не спадзяваўся, што прыйдзе прынцэса з юначых сноў... Але ўсё-ткі...
        Нявеста была непрыгожай. Рудыя валасы, тонкія рысы не-выразнага, у рабацінках, твару, вочы апушчаныя – быццам баіцца на яго і глянуць... Ды яшчэ адчайна чырванее – аж ра-бацінкі зліваюцца са скурай. Не, гэта не прынцэса, гэта ў най-лепшым выпадку фрэйліна прынцэсы – стаіць са срэбным імбрычкам для кавы па левую руку пані, чакаючы загаду.
        Але ж і ён, Вінцэсь, знайшоў час быць пераборлівым!
        Вязень як мага больш ветла ўсміхнуўся наведніцы:
        – Ну, дарагая нявеста, давайце ж пазнаёмімся бліжэй!
        Рудая дзяўчына падняла вочы... І быццам заззялі дзве сінія зоркі... Ці сінія кветкі. І валасы ў яе не рудыя... Яны залатыя, як у ірландскай Ізольды.
        – Гэта вам... – Госця працягнула праз рашотку акуратны скрутак у падаруначнай паперы з залацістымі херувімчыкамі, перавязаны белай атласнай стужкай.
        Жандар, які сумаваў у дальнім куце пакоя, не зварухнуўся. Вінцэсь зразумеў, што змесціва скрутка ўжо правяралі.
        – Дзякуй... Але як вас усё-ткі зваць?
        – Вераніка... І... я, пан Вінцэсь, шмат пра вас ведаю. Вы нават не здагадваецеся, як шмат...
        – Ад каго, калі не сакрэт?
        Дзяўчына зноў зачырванелася:
        – Ад... ад агульных знаёмых...
        Вінцэсь не перапытваў. Яму, вязню, не пра ўсё могуць распавядаць, што дзеецца на волі. Ён глядзеў на дзяўчыну, і яна ўсё больш і больш падабалася яму. Можа, сястра кагось з паплечнікаў? Хто з яго знаёмых быў такі руды? А можа, яна ведала яго, Вінцэся, ужо даўно, употайкі здаля назірала за ім, бліскучым маладым чалавекам. Але хіба тады ён звярнуў бы ўвагу на гэтую сінявокую рудую мышку?
        – Зараз праверым, ці праўда вы шмат пра мяне ведаеце... Чулі пра брацтва «Чырвонай рукі»? – таямнічым шэптам запытаўся Вінцэсь.
        У рудзенькай аж вочы скругліліся ад спалоху.
        – Пятнаццаць год таму, пад старой віхлой...
        Ён умеў расказваць. А яна ўмела слухаць. Хутка ім здалося, што яны знаёмыя ўжо даўно-даўно, і свет турмы з яе катавальнямі і каменнымі мяшкамі, вошамі і гнілымі сеннікамі падаваўся нерэальным і недатычным іх.
        На развітанне яна працягнула яму яшчэ нешта, загорнутае ў хустачку...
        Велікоднае яйка... Чырвонае, з кранальным папяровым зайчыкам, прыклееным збоку...
        – Хрыстос уваскрос.
        – Сапраўды ўваскрос.
        Яны тройчы пацалаваліся праз рашотку. Яе вусны былі цёплыя і пяшчотныя, як сагрэтыя сонцам пялёсткі шыпшыны.
        Вінцэсь схамянуўся:
        – У мяне таксама ёсць для вас падарунак...
        І дастаў з кішэні сурдута маленькую сінюю кветку.
        – Яна ваша цёзка... Вераніка дуброўная... Дзякуючы вам, яна патрапіць на волю.
        Дзяўчына паглядзела на вязня роспачнымі вачыма, якія ад слёз зрабіліся яшчэ сінейшымі, і схавала кветку ў скла-дзеных далонях – нібы кволае птушаня.
        – Спатканне закончана!
        
        
        Якое, аднак, мёртвае паветра ў яго камеры... Здавалася б, акно незашклёнае, холад часам сабачы, а турэмны пах невынішчальны.
        Вінцэсь задумліва глядзеў у сіняе неба, перакрэсленае рашоткай. А калі б ён прапанаваў госці стаць сапраўднай нявестай? Ці адмовілася б? Прынамсі, верыцца, што не пасмяялася б над дзёрзкасцю амаль незнаёмага маладога чалавека без будучыні.
        Вядома, гэта глупства... Мары... Але калі яна прыйдзе наступны раз... На катаргу яго адправяць толькі праз месяц...
        Яна больш не прыйшла.
        
        
        Рудзенькая дзяўчына, сцягваючы з рук пальчаткі колеру французскай зеляніны, забегла ў кабінет не пастукаўшыся – быццам ветрык заляцеў. Паважанага выгляду сівавалосы чалавек у модным персідскім халаце адклаў на столік кніжку, прыўзняўся з фатэля насустрач гарэзліваму стварэнню.
        – Веранічка! Прыехала! Ну, як у цёткі гасцявалася?
        Дзяўчына ўсхвалявана засакатала:
        – Тата, цяпер светлая сядміца! У гонар свята паабяцай, што выканаеш маю просьбу! Паабяцай, калі ласка!
        Сівагаловы пан жартоўна ўздыхнуў:
        – Ну, ты ведаеш, я не магу табе адмовіць.
        – Не знішчай старую віхлу там, у парку, ля сажалкі, дзе ты хацеў пабудаваць альтанку!
        Бацька здзіўлена падняў бровы:
        – Сапраўды, нечаканая просьба!
        Вочы дзяўчыны бліснулі, як дзве сінія маланкі.
        – Ты даў слова... Лічы, што гэта мой капрыз. Тое дрэва абуджае ўва мне рамантычныя згадкі.
        Стары пан камічна развёў рукамі.
        – Ну, раз абяцаў...
        – Дзякуй, татачка!
        Дзяўчына імкліва пацалавала бацьку ў шчаку і гэтак жа імкліва рушыла ў свой пакой. Там яшчэ было не зусім утульна – пасля засялення давялося мяняць абіўку на сценах, закупляць мэблю. Папраўдзе, цяперашнім гаспадарам хацелася змяніць тут усё да драбніц.
        Але віхла няхай будзе...
        Дзяўчына дастала з рыдыкюля насоўку, разгарнула... Кволая кветка зусім звяла. Яе пялёсткі пабляклі і больш не нагадвалі нічые вочы. Хіба выцвілыя вочы старога...
        Дзяўчына нейкі час моўчкі глядзела на кветку. Потым падышла да кніжных паліц, узяла кнігу з надпісам на французскай мове: «Аляксандр Дзюма. Граф Монтэ-Крыста», уклала між старонак вераніку дуброўную і зноў паставіла важкі том на месца.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.