РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Экскурсавод
        Палкаводзец нічога не ведаў пра Паэта.
        Не дзіўна – у часе яны амаль не сутыкнуліся. Паэт нарадзіўся ў старажытным радавым маёнтку на заходніх крэсах вялікай імперыі тады, калі састарэлы Палкаводзец, амаль аглухлы ад некалькіх кантузій, скручаны раматусам і цяжарам царскіх узнагарод, яшчэ наведваў велікасвецкія балі, але ўжо не для таго, каб таньчыць. Палкаводзец уладкоўваўся ў ганаровым фатэлі, паблажліва прымаў ліслівыя кампліменты, якіх усё роўна не чуў, і доўга сядзеў так, сівы, няўклюдны пугач у яркім святле соцень свечак, усё яшчэ пагрозны і магутны... Ён спазнаў шмат славутых, амаль неверагодных перамог, і аднойчы пратрубілі яму залатыя трубы Нікi ў той мясціне, дзе суджана было нарадзіцца Паэту. Палкаводзец заняў пад свой штаб маёнтак недабітых ворагаў – дзеда і бацькі Паэта, і некалькі дзён яго дзябёлыя ад’ютанты забаўляліся стралянінай па залатых галоўках купідонаў на столі...
        І гэта мінулася...
        Уладары маёнтка вымалілі дараванне ва ўлад, і Паэт нарадзіўся і жыў у радавым гняздзе. Тут спазнаў першае нешчаслівае каханне, адсюль з’ехаў у вялікі свет, які не песціць ні паэтаў, ні палкаводцаў, але толькі – Імя. Паэт любіў сваю зямлю; дзівак – ён ажыўляў яе мову, яе абылганую гісторыю. І калі Айчына паклікала яго – пайшоў за яе ў безнадзейную, загадзя прайграную бойку. І загінуў. І імя яго засталося амаль не вядомым.
        Прынамсі, для мяне, калі я трапіла ў дом адпачынку, галоўны корпус якога месціўся ў старым маёнтку. Як маладому спецыялісту, на працы мне не маглі прапанаваць нічога больш шыкоўнага. Аднак і гэта было цудоўна – двухпавярховы доўгі будынак з беленымі калонамі хаваўся ў прысадах векавых ліп, пад вокнамі буяў бэз, за рэшткамі каванай агароджы пачынаўся адхон да рэчкі – некалі яна па выкапаных ірвах мусіла аббягаць маёнтак. Але сядзіба даўно аддадзеная на літасць усіх, не мае больш патрэбы ў стыхійных вартавых. Сцены пакояў пакрывала невыразная крэйдавая фарба, ляпніну на столі замазалі пабелкай так густа, што замест анёльскіх тварыкаў выяўляліся бясформенныя шэрыя камякі. Нас, новых «адпачываючых», папярэдзілі, што дом – помнік архітэктуры. А таксама, што ў галоўным корпусе працуе музей, прысвечаны асобе Паэта, які калісьці тут нарадзіўся.
        Уваход у музей быў з асобнага ганка з калонамі, амаль схаванага ў бэзавых зарасцях. Паўцёмны пакойчык нібы з мінулага стагоддзя... Сціплая арыстакратычная мэбля, карункавыя сурвэткі, клавесін. З пажоўклых фотаздымкаў глядзяць светлыя, строгія твары: жанчыны ў цёмных сукенках з белымі каўнерыкамі і манжэтамі, мужчыны ў паляўнічых капелюшах і ў «канфедэратках»...
        Якія тады былі твары!
        І паўсюль – партрэты сумнага цемнавокага юнака.
        Я здагадалася, што гэта і ёсць Паэт... Раптам падалося, што ён, гаспадар пакоя, вось-вось павінен зайсці сюды...
        – Так, ён тут прысутнічае, – прагучаў голас аднекуль з цемры, і я ледзь не падскочыла ад нечаканасці.
        Да мяне набліжалася хударлявая дзяўчына ў светлым шалі паўзверх зялёнай доўгай сукенкі – нібыта сама са старога фотаздымка.
        – Я часта адчуваю яго прысутнасць тут... Ведаеце, ён любіў сядзець тут, ля акна. Глядзеў на бэз, пісаў лісты да каханай, вершы, прысвечаныя ёй... Вы ж, напэўна, чулі гэтую дзівосную гісторыю?
        Я не чула. І ў аповедзе маёй нечаканай экскурсаводкі ажыў малады таленавіты нашчадак збяднелага, няўгоднага ўладам роду, безнадзейна закаханы ў багатую суседку. Мройлівы, хваравіты, але такі прыгожы і адчайна смелы. У яго былі далікатныя тонкія пальцы і лёгкая хада патомнага паляўнічага. Ён любіў кветкі касачы і мог гадзінамі – можа, пад уплывам нямецкіх рамантыкаў? – трымаць у руках сінюю кветку і ўглядацца ў яе...
        Дзяўчына цытавала вершы – нязграбныя на сучасны слых, з нейкім ламаным рытмам і доўгімі, як павольны ўзмах антычнага вясла, радкамі.
        – Ад яго засталося няшмат твораў. Але гэта быў Паэт.
        Апавядальніца запаліла свечку ў маленькім жалезным падсвечніку, паднесла да партрэта, які хаваўся ў самым неасветленым куце. З паўзмроку ясна зірнулі цёмныя вочы... Не, не чорныя – цёмна-цёмна-сінія, як прадонне. Мая Радзіма – неспазнаная, неўсвядомленая – глядзела на мяне, у мяне.
        Задаволеная эфектам, дзяўчына загасіла свечку, паставіла падсвечнік на высокі столік з вітой ножкай. Толькі тут я заўважыла, што ў экскурсаводкі моцна скошанае вока. Але гэта нібы і не псавала яе шырокі ў выліцах, мілы тварык.
        – Запрашайце ўсіх астатніх у наш музей, калі ласка...
        Я хадзіла туды кожны дзень. Дзяўчыну звалі Марына. Яна адна выхоўвала сына, трапіла сюды па размеркаванні з бібліятэчнага факультэта. Але ў бібліятэцы ёй цяпер маглі прапанаваць толькі палову стаўкі, і Марына ўхапілася за ідэю музея. Экспазіцыя ў гэтым пакойчыку створаная яе рукамі, многае адстоена ў жорсткіх «баталіях» з адміністрацыяй... Здавалася, для Марыны Паэт быў жывым, блізкім ёй чалавекам, так многа яна ведала пра яго і пра гісторыю краю, так натхнёна распавядала...
        Непагоднымі начамі бэз цяжкімі гронкамі біўся ў шыбы майго часовага пакойчыка, і мроілася, што сам Паэт – там, у цёмнай пене лістоты і кветак, глядзіць на мяне глыбокімі, як прадонні азёр, вачыма.
        Перад ад’ездам мы ўсе, «адпачываючыя», зайшлі ў музей да Марыны і напісалі шмат добрых слоў у кнігу водгукаў, і пакінулі для яе сыночка няхітрыя пачастункі – у каго што было.
        І ад душы наламалі ў дарогу пышнага бэзу – дагані, суровая адміністрацыя!
        І гэта прамінула.
        Я доўга і пакутліва адкрывала для сябе сваю Радзіму. Загаварыла на яе мове, даведалася пра яе славутых палкаводцаў і паэтаў, памяць пра якіх згубленая ў цёмных пакоях закінутых маёнткаў і палацаў.
        І заўсёды з прыемнасцю ўспамінала дні, праведзеныя ў доме адпачынку, паўцёмны музейны пакой і ўзнёслую дзяўчыну-экскурсаводку.
        Лёс даў мне магчымасць зноў паехаць туды. На гэта раз – з сям’ёй. Вядома, у першы ж дзень мы накiраваліся ў музей. Знаёмы голас, дзверы расчынены, і – о цуд! – чуваць голас Марыны:
        – Так, ён тут прысутнічае! Я часта адчуваю гэта. Па сведчаннях сучаснікаў, ён любіў сядзець перад гэтым акном, глядзець на бэз, на стройныя ліпавыя прысады – тады яны былі яшчэ зусім маладзенькія... Напэўна, старонні глядач ніколі б не падумаў, што гэты самотны мройнік можа быць мужным ваяром, бездакорным рыцарам свае Айчыны...
        Мы ўвайшлі ў пакой. Перад невялікай купкай наведнікаў стаяла Марына. Распаўнелая, але гэткая ж узнёслая, у светлым шалі і цёмнай сукенцы, толькі валасы набылі парфумна-белы колер... Але... Хаця і мэбля, і клавесін, і сурвэткі засталіся на ранейшых месцах, усё не спазнавальна змянілася. На стэндах жаўцелі фатаграфii з выявамі шыракатварых мужчын у гусарскай форме, у рамках пазалочанага багету красаваўся яркі батальны жывапіс, а з партрэтаў паглядаў не цемнавокі Паэт, а таўсматы сівы стары ў напудраным парыку і мундзіры, спрэс увешаны ордэнамі. І сталёвы пагляд з-пад кусцістых броваў...
        – Што гэта?!
        Марына пачула, перарвала натхнёны аповяд і – зразумела, яна мяне не пазнала – адказала з лёгкім дакорам:
        – Тут – музей Палкаводца. Вы, напэўна ж, чулі, што гэты вялікі чалавек нейкі час тут жыў?
        – А як жа Паэт?
        Марына спакойна патлумачыла:
        – Некаторыя звесткі пра яго ёсць у мясцовым краязнаўчым музеі, у райцэнтры. На жаль, памяшканне не дазваляе нам пашырыць экспазіцыю.
        Я паназірала за ёй – яна не прыкідвалася. Яна сапраўды была ўзнёслая і натхнёная. І ёй сапраўды было ўсё адно, ці захапляцца мясцовым Паэтам-інсургентам, ці Палкаводцам – утаймавальнікам паўстання. Вядома, другі пераўзыходзіў славаю першага...
        У куце сядзеў светлавалосы падлетак і меланхалічна грыз чырвоны яблык. У хлопца былі гэткія ж блізка пасаджаныя вочы і шырокія выліцы, як у Марыны.
        Нечакана падумалася, што, можа быць, Радзіма мая глядзіць на мяне не праз цёмныя вочы памерлага Паэта, а вось цяпер, праз шэрыя, блізка пасаджаныя вочы сына эксурсаводкі?
        Мы больш не наведвалі музей. За вокнамі нашага пакоя, як і калісьці, віраваў бэзавы туман, цяжкія гронкі стукаліся ў вокны, асыпалі на падваконне духмяную расу, і можна было навыбіраць з іх на ўдачу колькі заўгодна пяціпялёсткавых кветачак...
        І, зірнуўшы раптам у начную бездань лістоты, сустрэць нечы цёмны пагляд...

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.