РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Якім быць помніку ў Курапатах
        У мінулым нумары «ЛіМа», а некалькімі днямі раней у іншых рэспубліканскіх газетах, надрукаваны Паведамленне ўрадавай камісіі, створанай рашэннем Савета Міністраў Беларусі ад 14 чэрвеня 1968 г., і пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб увекавечанні памяці ахвяр масавых рэпрэсій 1937–1941 гадоў у лясным масіве Курапаты». Надрукаваны два ўзаемазвязаныя, палітычна важныя дакументы, якіх мы ўсе чакалі. Усе. Усеагульна. Можна сказаць, усенародна. Якіх чакаў, у тым ліку, і калектыў рэдакцыі «ЛіМа», на старонках якога былі змешчаны, стаўшы амаль сусветна вядомымі, публікацыі З. Пазьняка і Я. Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці» і З. Пазьняка «Шумяць над магілаю сосны», чакаў разам са сваімі чытачамі, са сваімі аўтарамі.
        Чытачы выказвалі ў сваіх лістах глыбокае задавальненне тым фактам, што нарэшце развейваецца змрок невядомасці і таямнічасці над злачынствамі сталіншчыны, ухвалялі рашэнне аб стварэнні ўрадавай камісіі для расследавання абставін гібелі людзей ва ўрочышчы Курапаты, ускладалі вялікія надзеі на камісію.
        «Цяжкія нягоды выпалі на наша жыццё, на жыццё сям’і «ворага народа», — пішуць тры сястры, дочкі расстралянага, пэўна, у Курапатах, паэта Тодара Тодаравіча Кляшторнага. — Але варта было іх цярпець і жыць хоць бы дзеля таго, каб дажыць да гэтых дзён — Дзён Праўды і Справядлівасці. Нам, як і тысячам іншых, дасталіся ў спадчыну Курапаты. Гэта — кавалачак нашай шматпакутнай Радзімы, гэта наш боль, наш смутак, наша горкая непазбыўная памяць».
        «Я ніколі не пісала да гэтага ў друк, я ніколі не чытала да гэтага газету «Літаратура і мастацтва», — піша нам са Светлагорска дачка аднаго з рэпрэсаваных у 1937 годзе Ганя Мікалаеўна Манкевіч. — Ды вось прачытала артыкул «Курапаты — дарога смерці», выпісала і чытаю вашу газету і хачу сказаць: павінны быць адноўлены добрыя імёны нашых бацькоў, мы павінны жыць надалей толькі ў свеце праўды, справядлівасці, галоснасці».
        Горкую споведзь уяўляе сабой пісьмо жыхара вёскі Вялікая Ліпа Нясвіжскага раёна Уладзіміра Паўлавіча Сасноўскага. Родам ён з другой вёскі, з Малога Быхава Дубровенскага раёна. У дваццацігадовым узросце стаў сведкам арышту бацькі і сямі аднавяскоўцаў (запомніў добра той чорны дзень: 10 жніўня 1938 года). Піша, што двойчы перачытаў артыкул З. Пазьняка і Я. Шмыгалёва і каментарый да яго В. Быкава, што прачытанае прымусіла яго «зноў перажыць у душы трагічны лёс бацькі і аднавяскоўцаў, якія сталі ахвярамі культу асобы Сталіна».
        «Здаецца, я не памылюся, калі скажу, што Беларусь асабліва пацярпела ад сталінскіх беззаконняў, — працягвае Уладзімір Паўлавіч. — I вельмі добра, што была створана і працуе ўрадавая камісія на чале з намеснікам Старшыні Савета Міністраў рэспублікі Н. М. Мазай. На камісію ўскладзена вялікая работа — разабрацца, зрабіць сваё заключэнне і ўнесці прапановы аб прыняцці адпаведных мер да тых асоб, якія тварылі жудасныя злачынствы супраць ні ў чым не вінаватых, сумленных людзей нашай Радзімы. Знішчаліся самыя таленавітыя людзі краіны: вучоныя, пісьменнікі, работнікі культуры, дзеячы камуністычнай партыі, рэвалюцыянеры, бліжэйшыя саратнікі Леніна, не кажучы ўжо аб простых працаўніках, як мой бацька. Характэрна, што ўсе рэпрэсаваныя гінулі ў самым росквіце творчых сіл, ва ўзросце да 50 год. А колькі б карыснага для Радзімы маглі б яны здзейсніць сваім талентам і розумам! Хіба гісторыя можа дараваць тым, хто іх знішчаў, хто тварыў беззаконне і гвалт?.. Таму, — піша ў заключэнне У. Сасноўскі, — пры расследаванні трэба выкарыстаць усе неабходныя сродкі, усе архіўныя даныя, усе сведчанні тых, хто перажыў жахлівыя часы».
        Сталы падпісчык і аўтар «ЛіМа» з гарадскога пасёлка Мір Вячаслаў Антонавіч Хілімонаў, журналіст, ветэран вайны і працы, адгукнуўся на публікацыі З. Пазьняка і на факт стварэння адпаведнай урадавай камісіі двума лістамі. Пагаджаючыся з тым, што «ўсякае злачынства павінна быць пакарана», што «трэба не толькі рэабілітаваць рэпрэсаваных, але пакараць злачынцаў, бо толькі так будзе дасягнута сапраўдная справядлівасць», В. Хілімонаў выказаў у той жа час пэўны недавер да публікацый: маўляў, наколькі факты, выкладзеныя ў іх, дакладныя, адпавядаюць сапраўднасці. «Курапаты — гэта надзвычай важная справа, — пісаў ён, — і таму не трэба спяшацца, трэба пачакаць вынікаў работы ўрадавай камісіі, вынікаў юрыдычнага строгага і праўдзівага расследавання».
        I вось вынікі работы ўрадавай камісіі абнародаваны. Не канчатковыя, папярэднія, бо, як сказана ў Паведамленні: «Урадавая камісія прадоўжыць сваю работу па пошуку архіўных дакументаў і матэрыялаў, што адносяцца да падзей у Курапатах, а таксама сведак з мэтай устанаўлення асоб загінуўшых, канкрэтных матываў пакаранняў смерцю і асоб, якія іх ажыццяўлялі». Але галоўны вывад зроблены і не двухсэнсоўна сфармуляваны: у 1937–1941 гадах у лясным масіве Курапаты органамі НКУС праводзіліся масавыя расстрэлы савецкіх грамадзян.
        На хвіліну затоім і перавядзём дыханне. Угледзімся ў гэтыя даты, спынімся на апошняй з іх… Значыць, раней, чым пачалася Вялікая Айчынная, ішла колькі гадоў Вялікая Злачынная. Супраць сваіх людзей, супраць свайго народа… Зазначым гэты феномен — для таго, каб потым усвядоміць, якім павінен быць помнік у Курапатах.
        У тых чытацкіх лістах, якія цытаваліся, і ў тых, якія я не называў, настойліва ставяцца пытанні: «Дзе?», «Калі?», «Хто?»
        «Дарагая рэдакцыя, — звяртаецца згаданая ўжо Г. Манкевіч, — ці маецца хоць якая магчымасць устанавіць месца гібелі майго бацькі — ці ў Курапатах, ці ў паўночных раёнах?»
        «Я асабіста ўпэўнены, — піша мінскі інжынер-тэхнолаг Генадзь Аркадзьевіч Прохараў, — што ў архівах КДБ захаваліся ўсе звесткі аб рэпрэсаваных і расстраляных, у тым ліку і ў Курапатах, і прашу паведаміць мне:
        1. Дзень, месяц і месца нараджэння майго бацькі.
        2. Дзень, месяц, год расстрэлу і месца яго пахавання.
        3. Прозвішча і імя нягодніка, па даносе якога мой бацька быў агавораны і арыштаваны.
        4. Прозвішча і імя следчага, які прымусіў майго бацьку прызнаць сябе «шпіёнам», «шкоднікам» ці «тэрарыстам», г. зн. «ворагам народа».
        Не трэба караць гэтых свалачэй, — працягвае Г. Прохараў. — Іх, пэўна, не так многа ўжо засталося ў жывых. Хай дажываюць свой век. Але вышэйшым актам справядлівасці было б апублікаванне спісаў гэтых людзей і пазбаўленне іх, цяпер ужо безумоўна пенсіянераў, прыстаўкі «персанальны». Быць персанальнымі пенсіянерамі мясцовага, рэспубліканскага ці саюзнага значэння гэтыя людзі не маюць права… Прашу адказаць на мае пытанні».
        На гэтыя і падобныя пытанні ўрадавая камісія, на жаль, не змагла даць адказу. Тут нашы чаканні былі яўна перабольшаны. Прыходзіцца прымаць да ведама сумную канстатацыю: «…органы НКУС не складалі дакументаў з указаннем месц расстрэлаў і пахаванняў… Устанавіць асобы загінуўшых, канкрэтныя матывы пакарання смерцю і асоб, якія выконвалі прыгаворы і рашэнні несудовых органаў у 1937–1941 гадах, пакуль не з’яўляецца магчымым».
        (Неабходная заўвага. Дзейнасць урадавай камісіі абмяжоўваецца Курапатамі, але чытачы сваімі сведчаннямі пашыраюць геаграфію карных акцый, называюць і іншыя месцы расстрэлаў і пахаванняў нявінных ахвяр. Дадам яшчэ, што некаторыя карэспандэнты прыводзяць цэлыя спісы сваіх аднавяскоўцаў, якія загінулі ў гады сталінскіх рэпрэсій. Мартыралог папаўняецца.)
        Савет Міністраў рэспублікі прыняў прапанову ўрадавай камісіі і прыняў пастанову аб увекавечанні памяці ахвяр масавых рэпрэсій і ўзвядзенні помніка. Уздыхнём з палёгкай. Гістарычная пастанова. Запаветнае, глыбока вынашанае ў нашых сэрцах і розумах рашэнне. Думка пра неабходнасць помніка ахвярам сталінізму выказвалася ў артыкуле «Курапаты — дарога смерці», пра гэта гаварылася на мітынгу ў Курапатах летась, 19 чэрвеня, на ўстаноўчай канферэнцыі па стварэнні «Мартыралога Беларусі» 19 кастрычніка… Так, сапраўды тут ёсць падстава гаварыць аб волі народа, аб «думцы шырокай грамадскасці».
        Якім павінен быць помнік тым, каго расстралялі ў Курапатах? Дзе і калі ён будзе ўзведзены?
        Я мог бы падзяліцца некаторымі канкрэтнымі меркаваннямі. Але сёння яны, здаецца, будуць заўчасныя — гэта пытанні заўтрашняга дня. Сёння я хацеў бы зазначыць толькі наступнае. Можна сказаць, што сцяжына да месца будучага помніка ўжо фактычна пракладзена. Удзельнікамі мітынгу, які адбыўся ў Курапатах 19 чэрвеня, удзельнікамі мітынгу-рэквіема, які павінен быў адбыцца недалёка ад Курапат, у нейкім сэнсе тут і адбыўся, 30 кастрычніка (даты нядаўняга, мінулага года). Пракладзена сцяжына, акрэслена пляцоўка. I ў літаральным, і ў маральным сэнсе. Але давайце памяркуем, як выглядаюць у сучасны момант, у святле паведамлення ўрадавай камісіі і пастановы Саўміна Беларусі, у святле таго афіцыйна і юрыдычна прызнанага факта, што ў лясным урочышчы Курапаты не «нехта некалі там забіў і закапаў», а некалькі год запар «органамі НКУС праводзіліся масавыя расстрэлы савецкіх грамадзян», — як выглядаюць у гэтым святле памятныя ўсім нам спробы забараніць адзін мітынг, забарона другога, мітынгу-рэквіема, дзіўныя імкненні сустракаць у штыкі, абгаварыць, скампраметаваць высакародныя, чыстыя парыванні ў дачыненні да памяці нявінных ахвяр? Мёртвым не баліць. Мёртвыя сораму не ймуць. Ну а мы, жывыя? Ну а як нам быць — з гэтым болем, з гэтым сорамам? Ён, выходзіць, усё ж розны ў нас, гэты «парог» — болевы, маральны.
        Гарвыканкаму даручана распрацаваць сумесна з творчымі саюзамі праектную дакументацыю на ўзвядзенне помніка. Але ж раней, чым брацца за гэтую святую справу, гарадскія ўлады мусяць усвядоміць да канца маральна-палітычны сэнс тых санкцый — цяганіны, забарон, штрафаў, якія яны прымянілі да ініцыятараў ушанавання памяці ахвяр сталінізму. Мёртвыя сораму не ймуць. Але мёртвыя глядзяць нам у вочы, мёртвыя глядзяць нам услед, мёртвыя прыходзяць у нашы сны. I раней чым падумаць пра фінансавыя затраты і матэрыял для помніка, нам усім трэба прайсці належнае ідэйнае і маральнае ачышчэнне. Інакш нявінныя ахвяры могуць помнік і не прыняць…

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.