РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Песьня пра хлеб
Песьня пра хлеб
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Вялікі старт
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Словам так Партрэт...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Пад стукі вагонных калёс
Аб тых, незнаемы чый лёс,
Аб новых дарогах-шляхах,
Нязьведаных далях-краях
Хораша думаецца.
 
Пад ціхае плёсканьне хваль
Зарэчная мроіцца даль, —
Аб чымсь запаветным, сваім,
Аднойчы забытым зусім,
Хораша думаецца.
 
Пад посьвіст зімовых завей
Аб дружбе, зь якою цяплей,
Аб тых, хто ўдарозе брыдзе,
Аб новай вясьне, што йдзе,
Хораша думаецца.
 
Пад весьні зялёны шум
Праходзяць турботы і сум, —
Аб радасьцях сьветлых зямных,
Аб справах цудоўных людскіх
Хораша думаецца.
 
I толькі калі кругом
Грукоча далёкі гром,
Аб лютай жахлівай вайне,
Зь дзяцінства што помніцца мне,
Трывожна думаецца.
 
1959
 
 
 
 
*  *  *
Многа ёсьць на зямлі калек,
На зямлі і ў маёй старане.
Дажываць яны будуць свой век
Напамінкам жывым аб вайне.
 
У адных зь іх няма вачэй,
У другіх жа — рука адна.
Ну, а трэцім яшчэ цяжэй:
Ім скалечыла душы вайна.
 
Яны з крыўдай глядзяць на сьвет.
Ім кашмары сьняцца ўначы.
Рукі доўга лячыў лазарэт,
А душу паспрабуй палячы.
 
Яе раны залечыш на час,
А здарыцца што-небудзь — яны
Адкрываюцца ўсе ураз, —
Ажываюць малюнкі вайны.
 
I ад тых успамінаў і сноў
Паратунак — у веры адной,
Што вайна не паўторыцца зноў,
Не залье мірны дзень крывёй.
 
1959
 
 
 
 
Зімняе сонцастаяньне
Ахутаны быў увесь
                                прыцемкам бясконцым
Самы кароткі дзень.
                                    Запальвалі ліхтары.
Сонца як не ўзыходзіла.
                                          Што сталася з сонцам?!
Ня бачыў ніхто ні ранішняй,
                                                ні вечаровай зары.
Нам не ставала дня.
I, будучы не ў гуморы,
Мы гаварылі зноў нэрвова аб вайне,
Казалі, што часам даводзіць да зморы
Трывога пякучая:
                                будзе вайна ці не?
Як вечнасьць, цягнулася ноч,
                                                    глухая і сьцюдзёная,
Далёкая самая з усіх начэй ад вясны.
У сонным мазгу
                            успыхвалі думкі дзённыя
Ды цяжка варочаліся
такія ж трывожныя сны.
Затое з палёгкай якой
                                      мы сустракалі сьвітаньне!
Убачылі мы і зару,
                                  і першы прамень...
На гэтым канчалася
                                    зімняе сонцастаяньне, —
Угору пайшоў
павольна, ды верна дзень.
 
1961
 
 
 
 
Сьвяшчэнная
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Стронцый
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Зарніцы
Расчыняю шырока весніцы,
У начную ціш выхаджу.
Я зарніцы —
                      дажджоў прадвесьніцы
Сёньня зноўку бачыць хачу.
 
Хачу знаць, колькі будзе зелені,
Будзе сьвежасьці для людзей,
I ці вырасьце ўсё,
                              што сеялі,
З чым зьвязалі столькі надзей.
 
Вось і радуюся зарніцам.
Знаю, сьледам за імі дождж
Пачне шчодра паіць зямліцу,
Паліваць яе ўшыр і ўдоўж.
 
Яна ж толькі аб гэтым і марыць...
Дзесьці зноў, за далёкім сялом,
За далёкаю-дальняю хмарай
Узмахнула жар-птушка крылом.
 
Я загрукаю ў аканіцы,
Я людзей разбуджу,
                                  абвяшчу:
«Людзі, бачыў я зноў зарніцы! —
Быць дажджу,
                        залатому дажджу!»
 
1961
 
 
 
 
Ноч непакоіцца...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Дожджык
Бязь ветраў і раскатаў грамавых
Пайшоў ён раптам, цёплы і спакойны.
I ўжо глядзяць пучкі лісткоў жывых
З духмяных почак на таполі стройнай,
I нібы чуеш, як трава расьце,
I зелянеюць неўзабаве ўсходы...
Аб сьціплай чалавечай дабраце
Напомніць дожджык гэткі мне заўсёды.
Жыве дзесь побач чалавек, і ён
Не любіць гучных слоў,
Хваліцца
Заслугамі ня будзе, як закон,
Ня сыпле громаў з бліскавіцай.
I непрыкметны часам ён таму.
Ды вось у цяжкія гадзіны
Суцешыць, гору памагчы твайму
Сумее, можа, толькі ён адзіны.
Ня будзе ён ні ахаць, ні ўздыхаць,
А моўчкі рукі пакладзе на плечы
I скажа ціха:
                    «Хопіць гараваць».
I ўсё так будзе проста і дарэчы.
Ад дабраты яго адчуеш ты
Прыліў у сэрцы сілы новай...
Ліецца дожджык, цёплы і густы, —
Як госьць жаданы для зямлі вясновай.
 
1956
 
 
 
 
Адыход лета
Над галавою сінява плыве.
I воблачка па-летняму бялее
У гэтай невыказнай сіняве,
Бялее, як на возеры лілея.
 
Ды набліжэньне іншае пары
Заўважыць можна ў гэтую часіну
Не-не і ўбачыш раптам: угары
Пранесла лёгкім ветрам павуціну.
 
На фоне сьветлым, сонечным яна
Мільгнула сумнаватаю прыкметай -
Табе здалося: гэта сівізна
Гарачай працай стомленага лета.
 
Ды ціхае і сьветлае яно,
Хоць дні ягоныя ужо на схіле, —
Во да гадзіны гэтай ўсё адно
Зрабіць пасьпела, што было па сіле.
 
Ты чуеш, як зьвіняць дзесь галасы
То палявой бясконцаю сьцяжынка
Па-над якой зьвівалі каласы,
Ідуць у вёску зь песьнямі дажынкі.
 
Сад не шуміць, бо не узьняць галін
Яны сагнуты цяжкімі пладамі.
Дасьпелі гронкі маладых рабін,
Палаюць чырваньню паміж лістамі.
 
I прад нязьмерным высьпеўшым дабром,
Прад гэтым збожжам, садам ды рабінай
Ня так і сумны летніх дзён надлом,
Адзначаны асеньняй павуцінай.
 
1955
 
 
 
 
Аграном
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Імчыць машына хуткай дапамогі
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Маці чакае сына
Стракоча сарока, стракоча.
Аб чым расказачь яна хоча,
Другім, можа быць, і няўцям.
А маці? О, ведае маці,
Аб чым гэта птушка на хаце
Шчабеча — быць скора гасьцям.
Другі дзень стракоча сарока.
Пабегла дарога далека,
Далёка, за небакрай...
I маці падоўгу з парогу
Маўкліва глядзіць на дарогу:
«Хутчэй жа, сынок, прыязджай»
А недзе на тую ж дарогу
З глыбокай сардэчнай трывогай
Дзявочыя вочы глядзяць.
I ў іх то надзеі іскрынка,
То горкага суму сьлязінка —
Ня можа яна не чакаць.
Дзень трэці стракоча сарока.
Пабегла дарога далёка,
Хтось едзе дарогаю той.
Прыкмеціла маці сына,
Угледзела хлопца дзяўчына.
Куды ж раней пойдзеш, хлапчына,
Да маці ці любай сваёй?
 
1956
 
 
 
 
Хустка
Ёсьць у кожнага мара харошая.
Вось і я памарыць люблю:
Сабяру толькі крышку грошай
I табе, маці, хустку куплю.
 
Не такую, купляў што сьпехам
У студэнцкую пару, —
Я усе магазіны аббегаю,
Падарунак пакуль падбяру.
 
I знайду я такую хусту,
Па ўсяму каб падышла —
I была каб табе па густу,
I каб зь лепшага пуху была.
 
Няхай хустка гэта пуховая,
Няхай мяккі яе пух
Ад прастуды цябе ахоўвае
У дні слоты і завірух.
 
Няхай будзе яна тваёй гордасьцю.
(Знаю, прыйдзе суседка, і ёй
Ты з належнай матчынай годнасьцю
Падарунак пакажаш мой.)
 
I пакуль дачакаемся стрэчы,
Няхай хустка сыноўняй рукой
На твае, маці, ляжа плечы,
Дасьць табе і цяпло, і спакой.
 
1961
 
 
 
 
Я іду зялёным лугам
Я іду зялёным лугам,
Сьцелецца трава.
I чамусьці кругам-кругам —
Галава.
 
Ці таму, што я ў брыгадзе
Лепшая жняя;
Ці таму, што ўчора ў садзе
Зь ім сядзела я.
 
Гуляў вецер русым чубам,
Казаў хлопец мне,
Што я стала яму любай
Яшчэ па вясьне.
 
I што я яго надзея,
Сонейка яго,
Жыць ня можа безь мяне ён
Дня ні аднаго.
 
Я ж стрымала у сакрэце, —
Не сказала, не! —
Што і ён за ўсё на сьвеце
Даражэйшы мне...
 
Я іду зялёным лугам.
Сьцелецца трава.
I ад шчасьця кругам-кругам
Галава.
 
1954
 
 
 
 
Каб я знала
Раніцою у сад я выйшла,
I кіўнула галінкаю мне
За зіму настыўшая вішня,
Ціха тужачы аб вясьне.
 
Нібы ведае, што сама я
Разам зь ёю чакаю вясны...
Вішня-вішанька дарагая,
Скора збудуцца твае сны.
 
Дачакаешся белых кветак
I шумлівай зялёнай ліствы...
Каб я знала, што прыйдзе гэтак
Мая радасьць у дзень веснавы.
 
Каб я знала, што ясным ранкам
Да майго ён падыдзе акна,
Што парой вечаровай з гулянкі
Больш ня буду прыходзіць адна.
 
Не тужыла б я, вішанька-вішня,
Толькі б клікала сэрцам той час.
Не сумуй, не трывожся залішне -
Скора прыйдзе вясна да нас.
 
1955
 
 
 
 
Веснавое
Прачынаешся раніцою, —
Табе ў вочы ударыць сьвятло.
Не пазнаеш свайго пакою,
У ім змроку нібы не было.
 
У ім водсьвет вясны бясхмарнай,
Поўны ён маладога сьвятла.
Зайка — промень жывы янтарны
На сьцяне, на абрусе стала.
 
Яго ўбачыш — дзяцінствам павее
I яшчэ нечым сьветлым такім,
Што, як радасная надзея,
Авалодае сэрцам тваім.
 
Нібы дзеўчыне закахана
Заглянуў ў вочы ясныя ты
Ці пачуў голас маці рана,
Поўны ласкі і дабраты.
 
Ты падыдзеш, усхваляваны,
Да акна, скажаш: «Добры дзень
Добры дзень, веснавыя туманы!
Добры дзень, веснавы прамень!
 
1956
 
 
 
 
Шчасьлівае рэха
Мы моўчкі стаім
На сонцам залітай паляне.
Павевам сваім
Чаруе нас сьветлае раньне.
Бялюткіх аблокаў сям’я
Павольна плыве па небе.
Чакаю: сяброўка мая
Скажа мне зараз што-небудзь.
Гарэза яна — як дзіця,
На выдумкі, ой, майстрыха!
Ды тут ад свайго пачуцьця
Зьмянілася, стала ціхай.
Уся яна — ўвага і слых,
Уся яна — захапленьне.
А вочы смяюцца, у іх
Іскрынкі якогась рашэньня.
На дыбачкі стала аж,
Рот акружыла далонькай.
«Ты чуеш голас наш?!» —
Крыкнула звонка-звонка.
I коціцца мігам адказ
Нядрэмнага рэха.
Насустрач пабеглі ад нас
Раскаты вясёлага сьмеху.
Сьмяецца каханка мая —
Рада находцы бязь меры.
«Паслухай! Кахаю я,
Кахаю і ў шчасьце веру!»
«I я-я», — ёй уторыць гай,
«I веру-у», — шчыра гукае.
I нават птушыны грай
На нейкі момант змаўкае.
Прыціхлі усе: салавей,
Сініцы і берасьцянкі —
Ня чулі яны раней
Гаворкі маёй каханкі.
Яна ж паглядзіць на мяне:
Маўляў, падзялі ўцеху.
Ды зноўку задорна гукне
Свайму субяседніку-рэху.
Сьмяюся я разам зь ёй.
I верым мы шчыра, як дзеці,
Што там, за зялёнай ліствой,
Знаходзіцца нехта трэці.
I любай кажу я ўсур’ёз:
«Ня рэха табе адказала,
А нечы шчасьлівы лёс —
Шчасьлівых наўкола нямала.
Нехта, як мы, малады,
Радасны і прыветны
Прыйшоў раніцой сюды
З марай сваёй запаветнай...»
Сьмяецца сяброўка ў адказ
Сваім непаўторным сьмехам.
Зьвяртаецца сьмех да нас
Шчасьлівым раскацістым рэхам.
 
1959
 
 
 
 
Вяснушкі
Маленькія бяскрыўдныя вяснушкі...
А колькі клопатаў было дзяўчыне
Парой вясноваю, калі вяснушкі,
Як зоры вечарам на небе чыстым,
На твары высыпалі дружна.
Здавалася тады дзяўчыне,
Што ўсю красу яе яны загубяць,
Што зробяць яе вельмі непрывабнай
Маленькія бяскрыўдныя вяснушкі.
I горка праклінала іх яна
I ненавіснымі іх называла.
I доўга так было, пакуль
Зь любоўю не спаткалася сваёй
Вясноваю парой дзяўчына.
Яны сядзелі побач да зары.
Калі ж зара яе твар асьвятліла,
Глядзеў хлапчына, як зачараваны,
На твар яе, а потым і сказаў:
— Якая ты прыгожая ў вяснушках...
I у першы раз яна не крыўдавала,
Што пра вяснушкі гаварылі ёй.
I ў першы раз падумала яна,
Што не такая страшная загана —
Маленькія бяскрыўдныя вяснушкі.
 
 
 
 
Спатканьне
— Як хораша! А колькі, скажы, часу?
Яшчэ, напэўна, рана? Пяць гадзін!
Не можа быць! Жартуеш ты, канешне.
Зусім нядаўна ты ка мне прыйшоў.
Пагаварыць як трэба не пасьпелі,
I пяць гадзін ужо.
                              Не, не,
Гадзіны дзьве, ня болей.
                                              Праўда?
— Не, дарагая, не жартую я.
Ды што нам да гадзіньніка, скажы?
— Як разам мы — бягуць-бягуць гадзіны.
— Нічым іх не спыніць і не суняць.
Калі цябе я днём чакаю,
Калі чакаю вечарам цябе,
На стрэлкі часта-часта паглядаю.
Здаецца мне:
                        яны стаяць на месцы.
Тады мінуты за гадзін даўжэй,
I вечнасьцю здаюцца мне гадзіны.
А ў час прызначаны прыходзіш ты —
Навыперадкі стрэлкі паімчалі.
Пагаварыць з табою не пасьпелі,
А тут глядзіш — сьвітаньне ў акне,
I зноў «бывай» ты кажаш мне.
 
 
 
 
Сасна
Вы бачылі, можа, якая яна?
Здалёку яна не відна...
Стаіць, як непрыкаяная,
У полі на ўзгорку адна.
Аб зьнешнім яе выглядзе
Ужо не кажу. Хаця
I сонечных промняў, і вільгаці
Хапае ёй для жыцьця:
Ні гонкасьці той зайздроснай,
Ні вогненна-меднай кары, —
Чым вызначаюцца сосны
Побач зусім, у бары.
Ня вельмі ім там раскошна.
Заўсёды, вясной ці зімой,
Дзяліцца даводзіцца кожнай
Апошнім з суседкай сваёй.
Цяжкія бываюць годы.
Ды сосны і ў чорны дзень
Пароўну ўсе дзеляць выгоды:
I сокі, і сонца, і цень.
I дружна, корань да кораня,
Дружна, ствол да ствала,
Стромкія, меднакорыя,
Цягнуцца да сьвятла.
Імкнуцца яны ў паднябесьсе...
Ну як параўнаеш іх
З сасной, што расьце не ў лесе,
Ня ў ліку сясьцёр сваіх!
... Вы бачылі, можа, якая яна?
У полі на ўзгорку адна
Стаіць, як непрыкаяная,
Гібее на пні сасна.
 
1961
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2018. Беларусь, Менск.