РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рагнед Малахоўскі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Беражніца
 
 
Агонь на далоні
 
Люстэрка часу
 
Вечар
 
Песьня
 
Выпрабаваньне часам
 
Споведзь аркушу
 
Душа паэта
 
Трызьненьне
 
Віртуальны далягляд
 
Аднаўленьне
 
Галінка бэзу
 
Расьпятае каханьне
 
Лістапад
 
Не для нас
 
Горад
 
Навальніца
 
З забыцьця
 
Паэзія
 
Пасьля прозьвішча
Агонь на далоні
Уцешна слухаць песьню
Хваляў родных
Пад ліпамі нябёснай вышыні.
Каля крыніц вытокаў срэбнаводных
Лічу бяздумна страчаныя дні.
 
У шатах ночы пакланюся зорам.
Яны мудрэй мяне, шчадрэй сьвятла
Запалкі той, што вогненным узорам
Цень д’ябла спапяляе ўміг датла.
 
Ці уратуе неба ад нікчэмных,
Бяздумных і сухіх калекаў-слоў?
Імкнуся ў сьвет пачуцьцяў узаемных,
Ды толькі прачынаюся ізноў.
 
Я не зайздрошчу ўсім тварэньням Бога
І спачуваю ссохламу гальлю.
Зьнікае ў хмарах зорная дарога,
Далонь цярусіць попел на зямлю.
 
1.IX.2003.
 
 
 
 
Люстэрка часу
Пад шэрым небам, як у павуціне,
Што парасла ў кутах замшэлай хаты,
Ўвесь сэнс жыцьця ў палоне вязкай стыні
Пільнуюць часам зьедзеныя краты.
 
А побач – шматпакутная Радзіма,
Паволі сонца хіліцца да бору.
Душы няўтульна і нязвыкла зімна,
Нібыта тут чужынцам быў учора.
 
Як жыць шчасьліва і забыць пакуты,
У марах сустракаць чарговы вечар,
Што ў ноч спаўзае, цішынёй крануты,
Якую раскудлаціў прыткі вецер?
 
О, як самотна грэшным быць анёлам,
Ці ў сьценах роднай хаты, нібы прывід,
Пражыць жыцьцё, якое гнутым колам
Люстэрка часу ненаўмысна скрывіць.
 
А мо’ аддацца снам, што, быццам совы,
Лятуць нячутна змрокам расставаньняў?
Стварыць малітву! I сьвет чысты, новы
Мне болей не задасьць пустых пытаньняў.
 
 
 
 
Вечар
Стынуць густаплынна
Барвы ў небе,
Морак ахінае любы гай,
Конікі стракочуць звонка недзе,
Горнецца да сну азёрны край.
 
У палон бярэ ля хваляў лёгкіх
Водар нарачанскіх кветак-сноў.
Сэрца вызваляецца ад крохкіх
Хваляваньняў і нясьмелых слоў.
 
Сінія глыбіні таямніцаў
Сёньня для мяне, для аднаго.
Даплываюць сьпевы беражніцаў
Да туманных, сонных берагоў.
 
Вечар –
Казка Матухны-прыроды, –
Крылы разьвінаючы свае,
Ап’яняе мяккай асалодай
І ў душы спагадліва пяе.
 
06.X.2003.
 
 
 
 
Песьня
Салодкія вусны, як неба пасьля навальніцы.
А словы каханьня – цнатлівай расой на траве.
I зоркі гараць, як пад ранішнім сонцам суніцы
I сэрца пяшчотную песьню каханьня пяе.
 
Юначыя мары падхоплены подыхам ветру.
А вочы галактык – у кропельцы чыстай вады.
Прачыстыя думы душу прасьвятляюць да нетраў
А вера мацуе, ратуе ад лютай бады.
 
Прыцішаным голасам песьня крынічна ліецца.
Нясьмелыя зоры цалуюць расу на траве.
Бяздоннае неба ў каханых вачах адаб’ецца, –
Народзіцца дзень, – значыць сьвет у каханьні жыве.
 
 
 
 
Выпрабаваньне часам
500
Н.Н.

 
Даўно...
Эх, як даўно
Я ў роспачы
Мог назіраць
Твой цень
На вільготным асфальце,
Дакрануцца зьлёгку
Да гарачых вуснаў
І назаўсёды...
Назаўсёды сэрца апячы
І ўтапіцца ў сьветла-русых
Валасах.
Расстаньне
Ўзяло сваё...
Ты побач,
Але я ня бачу.
Толькі пот халодны
Маладзіковай ноччу
Мне нагадвае
Цябе,
І фотаздымак –
Падарунак –
Сьведка жыцьця майго
На сьцяне пацёртай.
Час бяжыць,
Як увесну ручай,
І нарэшце
Я змог зразумець,
Што яго абагнаць
І спазнаць
Сэнс жыцьця
Можна толькі,
Калі ты са мною.
 
 
 
 
Споведзь аркушу
Прыткі, расхлістаны вецер
Пакінуў прастуджаны двор.
Змоклым вандроўнікам вечар
Блукае пад кроплямі зор.
 
Мокрымі вокнамі хата
Глядзіць у асеньні садок.
Паруе духмяна гарбата,
І словы кладуцца ў радок.
 
Ноч мне дыктуе:
– Пішы
Таемную споведзь душы.
 
Поўня з-за хмары цікуе,
Пагляд за алоўкам вядзе,
Цень-крыжык, нібыта бракуе, –
На сьпісаны аркуш кладзе.
 
10.IX.2004
 
 
 
 
Душа паэта
Не вярнуць санцавокага лета,
Не забыць тапалёвых завеяў.
А душа маладога паэта
Зачарована сьпевамі феяў.
 
Углядаецца ў далеч сівую
Час
Вачыма пакрыўджаных зораў.
Дотык радасьці вусны мілуе,
Заварожвае веліччу мора.
 
Блудзяць цені забытага лета,
Вецер грыву ў чароце хавае,
А душа маладога паэта
Жаўруком
Аж пад сонцам сьпявае.
 
23.X.2003
 
 
 
 
Трызьненьне
Над галавой тужлівыя аблокі –
Хвіліна безгалосай сумятні.
І ценяў шэрых здрадлівыя крокі
Адлічваюць наканаваньня дні.
 
Застылы погляд любай на прыпынку,
Чаканьне – безвыходнасьці туман.
Мне дорыць вечар зорную іскрынку,
Каханьне, горад сноў – усё падман.
 
Усё – трызьненьне, мроя на дарозе,
Няма ні сьцюжы, ні цяпла, ні слоў.
Жыцьцё стаіць, як грэшнік на парозе
Сьвятога храма, дзе жыве любоў.
 
19.I.2004
 
 
 
 
Віртуальны далягляд
У расколіне начнога далягляду
Спадзяваўся стрэцца з прывідам-самотай,
Але ў колерах размытых перападаў
Спакусіўся віртуальнай адзінотай.
 
У абрысах скамянелага стагодзьдзя
Енчаць высахлыя душы змрочных ценяў.
Я адзін уцёк з чужога асяродзьдзя
Ў ясны сьвет сваіх юначых летуценьняў.
 
На сьвітанку ля вытокаў песьняў сьветлых
Скарб душы па залаціначцы шукаю.
Абрываючы пялёсткі ўсьмешак ветлых,
Спадзяюся, што каханьне напаткаю.
 
2.X.2003
 
 
 
 
Аднаўленьне
Нешта зьмянілася…
Сьмягла ручай дапівае вясёлку ўрачыстую.
Лета забылася
Небам асьветліць надзею, па-срэбнаму чыстую.
 
Пасачкам вузенькім
Зоркі ўліваюцца ў бездань вачэй непарушаных.
Трэснутым гузікам
Поўня зашпільвае крысы нябёсаў прастуджаных.
 
Сьвет страпянаецца
Яшчаркай кволай у віры збавеньня містычнага.
Сонца вяртаецца…
Глянуць зямляне у вочы бяздоньня касьмічнага.
 
3.VII.2003
 
 
 
 
Галінка бэзу
500
Маёй Матулі

 
Сьцяжынка ўецца між бярозак беластволых,
Душа сьмяецца і працягвае любіць.
Гарыць агеньчык у вачах ад сьлёзаў кволых.
З глыбокай верай сэрца б’ецца зноўку жыць.
 
Галінка бэзу разважае у праменьні
Льнянога сонца, што распальвае расу,
Куды лятуць зачаравана летуценьні,
Што заплятаюць з каласоў жыцьця касу.
 
Блакіт прасторы водар кветкавы люляе,
Гудзе, заняты дружнай працай, пчолак рой.
Бялюткі бэз павевы ветрыку вітае
І зачароўвае расквечаны настрой.
 
14.VI.2003
 
 
 
 
Расьпятае каханьне
Барвовай заранкай на вуснах ірдзее надзея,
Яе калыхаюць бясшумныя крылы вясны.
А ночы акраец пад чарамі зор палымнее,
Блакiтам нябёсаў асвечаны мары i сны.
 
Глухія куты не пачуюць прыцішаны голас,
I здрада паточыць пачуцьці, як вопратку моль,
Пасохнуць яны, як сьпякотай засмужаны колас,
Душу запалоніць нясьцерпны, заслужаны боль.
 
Астыў на стале чорны прысак згарэлай лучыны,
I зоркi адбітак размыты у шклянцы вады.
Павыстылі сьцюжна пачуцьці і думы дзяўчыны,
У садзе каханьня трымціць бадыльлё лебяды.
 
Сьвятое пачуцьце расьпятае бачыць нязвыкла.
Лязо халадком жыцьцядайныя вены кране.
Зьнявечана шчасьце да сьмешнага дробным і прыкрым, –
Прысуд агалошаны. Сорам карае мяне.
 
5.I.2003
 
 
 
 
Лістапад
Мае лісты ня вернуцца ніколі.
Сваіх лістоў мне не напішаш ты.
Стаю самотны ў пасівелым полі,
Чытаючы аблокі, як лісты.
 
Чакаю зь неба вестак белакрылых.
Чаканьня час бясьсьледна не міне.
Пакуль пульсуе верай кроў у жылах,
Расстаньне лёдам сэрца не кране.
 
5.I.2004
 
 
 
 
Не для нас
Нам наканавана
бясконцасьць,
але мы захапляемся
надзённым.
Асьлепленыя
бесклапотнай
ілюзіяй часу,
скіроўваем
дапытлівы
погляд вачэй
туды,
дзе нас чакае
вечнасьць,
дзе кожная мара
баліць
уваскрашэньнем душы,
куды
пругкім промнем
імкнецца думка,
дзе кружляюць,
не зважаючы
на нашы
захапленьні,
буслы.
 
14.XI.2003
 
 
 
 
Горад
Горад пакінутай думкі
Дыхае прысакам дзён.
Страчаныя паратункі
Шлюць нам праклён
Наўздагон.
 
Вуліцы бронзавых мараў –
Даўкія петлі шляхоў.
Колькі тут ходзіць ахвяраў,
Што п’юць віно,
Быццам кроў.
 
Колькі скалечаных душаў
Стогнуць у пастцы быцьця.
Сьлёзы засмужаных ружаў
Жыцьцям ці вернуць
Працяг?
 
Горад расьпятага шчасьця
Гасьне над сьвечкамі сноў.
Дай, Бог, дарогу пракласьці
Сонейку
Ўспыхнуць ізноў.
 
17.II.2004
 
 
 
 
Навальніца
Свабода не давалася ў далоні Перуну,
Дарожны пыл клубіцца пад дугою.
І сон праднавальнічны пазалотаю крануў
Рамонак пад струхнелаю страхою.
 
Жахнуўся і хаваецца нядбайны грэшны люд
Уласнаручна створанага пекла.
Няхай прырода-матухна бяздумства змые бруд,
І сонца прамянямі зло расьсекла.
 
Узыдзе сонца і штовечар зойдзе –
Ня высахне жыцьцёвая крыніца.
Грымотна-бліскавічнай ноччу пройдзе
У душах ачышчэньня навальніца.
 
23.V.2003
 
 
 
 
З забыцьця
Як пустыя вочы мерцьвяка,
Дні сівой мінуўшчыны няўцешнай.
Празь вякі цячэ жыцьця рака
Па каменьні памяці бязгрэшнай.
 
Колькі сьцерла забыцьцё імён!
Колькі чорных дзір на хусьце зорнай!
Хто ім кінуў наўздагон праклён,
Затушыў агмень у ночы чорнай?
 
Да нябёсаў праз адчайны лёс
Душы адлятаюць незваротна.
Час на спадзяваньні – уваскрос,
Ды ад стратаў цяжка і маркотна.
 
18.I.2004
 
 
 
 
Паэзія
Не хаваючы твару пад маскаю,
Не шкадуючы слоў добрых, поглядаў,
Намалюю чароўнаю казкаю
Сьвет узьнёслых пачуцьцяў, што Божа даў.
 
Нечакана, загадкава сталася –
Мяккім ценем, народжаным сьвечкаю,
Закаханай паэткаю клалася
Ганарлівая котка за печкаю.
 
Выпраменьвае існасьць узьнёслае:
Лікі сьветлыя, верай натхнёныя,
Думы чыстыя, словы іх простыя,
А пачуцьці, душой усхвалёныя.
 
Думак рух уздымаецца кіпенем…
Не паэт той, хто ісьціны страшыцца.
А паэзія дыхае ліпенем
І даверлівай коткаю лашчыцца.
 
15.XI.2003
 
 
 
 
Пасьля прозьвішча
Засталіся ад прозьвішча літары,
Як іскрынкі разьбітага шкельца,
Зіхатнулі трывожна і хітра так,
Што імгненна працялі мне сэрца.
 
Сьпеюць словы туманнымі ранкамі,
Прамаўляюцца думкі няўмела,
І з каменнай няволі –
Падранкамі –
Мкнуцца ў сьвет невядомы нясьмела.
 
Не закрэсьліць размашыстай лініяй
Маладога імя падарожніка
У бясконцасьці сонечных ліліяў,
На старонках жыцьцёвага слоўніка.
 
25.XI.2003
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.