РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Раіса Баравікова
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Рамонкавы бераг
 
Вершы
 
Я – дзяўчынка на шары
 
Імгненьне
 
З нагоды выкраданьня Эўропы
 
*** Ніколі парасона не насіла...
 
Сонца
 
*** Прымае i шчасьце i гора...
 
*** Забытая казка блукае па сьвеце...
 
*** На вокнах папараць цьвіце...
 
*** Маё імя адыдзе ў Лету...
 
*** І трэба ж здарыцца такому...
 
Восень, 1918
 
*** Усё мінулае – радасны водгук...
 
Да жыцьця
 
*** ...Народжаны ў спакоі цішыні шукае...
 
*** Пазьбегчы гутарак i спрэчак...
 
*** Я думаю, гады праходзяць!..
 
Фарбы
 
*** Хлопчык зьмея запускае ў неба...
 
*** За сябровак сваіх сталейшая...
 
Восень на прызбу ступіла
 
Рамонкавы бераг
 
Дома
 
*** На Беларусі ціха плачуць кані...
 
Наша вёска
 
*** Ня ведаю я, з чым мне параўнаць...
 
*** Прыводзяць шляхі-дарогі...
 
*** На Ясельдзе маёй зноў крыгаход...
 
Дзімітраўскі праезд
 
Маленькім партызанам Вялікай Айчыннай вайны прысьвячаецца
 
*** Тэлефонную трубку вешаю...
 
Пастушка
 
Грамніцы
 
*** О, як самотна выглядае ціш...
 
*** Валіць сьнег, як пасталы...
 
Жалейка
 
*** Мне не хапае тых шумных вуліц...
 
*** Мне сёньня прысьнілася хата...
 
*** Ты не глядзі з трывогай на мяне...
 
*** А за вёскай дымяцца сьнягі!..
 
Паспрабуй, адкажы...
 
*** Прагалінай лясной імчаць алені!..
 
Верасы
 
Трыпціх
 
*** Гуляй, вясновая паводка!..
 
Белыя суніцы
 
*** Здалося мне – усё забыта...
 
Першая навальніца
 
*** Шкада – дзяцінства стала снамі...
 
*** Пойдзем слухаць кнігавак...
 
Мяцеліца
 
Разьвітаньне
 
*** Ня траць дарма свайго ты часу...
 
Зімовыя настроі
 
*** Няўжо ўсяму цяпер канец!..
 
*** Сярод папер, сярод лістоў...
 
*** Скакала па купінах, бегла па кладцы...
 
*** Будзе яблык салодкі i сьпелы...
 
Лірычны жарт
 
Невядомае
 
*** Цябе ня слухаць – немагчыма...
 
*** Няхай гавораць людзі ля кіёскаў...
 
Сьвіцязянскія згадкі
 
*** Хлопчык у трамваі штось на шкліне піша...
 
*** На ганак выйшла. Угары...
 
Калі я зь сябрам
Я – дзяўчынка на шары
Я – дзяўчынка на шары,
Што плыве у блакіце!
I палаюць Стажары
Нада мною ў зеніце,
I нікому ня ў цяжкасьць,
Я – нібыта пушынка,
Што трапляе ў бязважкасьць,
Я – на шары дзяўчынка!
Шар вялікі, бязьмежны
У зьдзіўленьні я кратаю,
Быццам Белыя Вежы,
Быццам чорныя кратэры,
Горы зьзяюць сьнягамі
I дымяцца абшары
У мяне пад нагамі.
Я – дзяўчынка на шары!
 
Заручуся зь бясстрашшам
У густой сіняве,
Страціць як раўнаважжа,
Калі шар не дае?!
Iм адзіным сагрэта,
Не ўпаду, i ня дзіва!
Пада мною планета,
Што мяне нарадзіла.
 
Я ж – дзяўчынка на шары!
 
 
 
 
Імгненьне
Усё адыходзіць, плыве у нябыт.
Мне час не стрымаць, не падоўжыць
                                                                  імгненьне.
Чырвоная іскра ляціць у блакіт,
Зьнікае, адчуўшы адно сутыкненьне
З паветранай хваляй...
 
З будзённасьці шэрай, нібыта з туману,
Расінкай празрыстай імкнуся
                                                    да сонца, –
А раптам я промень гарачы дастану
I зоркай зазьзяю хаця б на імгненьне,
Каб зьнікнуць, адчуўшы адно сутыкненьне
Зь пяшчотай зямною!
 
 
 
 
З нагоды выкраданьня Эўропы

Згодна грэчаскай міфалогіі дачка фінікійскага цара Агенора – Эўропа была выкрадзена Зеўсам, які прыняў вобраз белага быка.

 
Ноччу – чарней алівы,
Калі Фінікія спала,
Зь пеністых хваляў заліва
Белая зьява паўстала –
Бык замест мудрага Зеўса!
Плач, Агенор! Нудзіся!
Цар, уладар i бацька.
Лёсу свайму скарыся
I захлыніся зьнянацку
Роспаччу, жалем i болем
На самым ружовым сьвітаньні.
Плач, Агенор! Ты болей
Ня ўбачыш сваёй Эўропы —
На ўсю Фінікію адзінай.
Стане імгненьне гадзінай,
A разьвітаньне – ранай,
Бо рана, занадта рана...
Выкралі
Дачку Агенора – Эўропу!
Выкрала
Сэрца маё – работа!
Дазвольце данесьці, людзі,
Да вас у хадзе таропкай
Той верш, што пачуцьці будзіць
Словамі, клічнікам, кропкай!
Той верш, што нанізвае росы
На стромкія, гнуткія дрэвы
I шле у далёкую просінь
Вясновае раніцы сьпевы!
Выкрала
Сэрца маё – каханьне!
Выткала
Роспач у ім – расстаньне!
У самай блакітнай краіне
Нат сьмешна ад гэткай падзеі,
Кладзецца бялюткі іней
На песьню маёй надзеі.
Выкраду
Сонца у яснага неба!
Выкую
З промняў гарачых сэрца,
Каб грэла маю работу,
Поўнілася пяшчотай...
А больш мне нічога,
Нічога,
Нічога
Ня трэба!
 
 
 
 
*  *  *
Ніколі парасона не насіла.
Ня бегала дадому напрасткі,
Калі юнацтва маладая сіла
Уперад гнала, як зямля расткі.
 
Я твар дажджам заўсёды падстаўляла,
Спакою не давала я нагам,
Жыцьця без навальніцы не ўяўляла,
Крык радасьці быў выклікам багам!
 
Я i цяпер ад гэтае прывычкі
Не адракаюся i долю не кляну!
Я пакідаю ў хаце рукавічкі –
Халодны сьнег далонямі лаўлю!
 
 
 
 
Сонца
Жоўценькі зайчык
На дрэвах, на калодзе,
Што пад страхой
Стаіць.
Жоўценькі зайчык
На далонях...
Лаўлю асалоду
Ліпеня вуснамі –
Чароўна!
Срэбныя стрэлы
Б’юць у вочы,
Зажмурваюся...
Гэта – зайчык,
Зайчык на небе,
А назва яму –
Сонца!
 
 
 
 
*  *  *
Прымае i шчасьце i гора
Гарэзьлівасьць сонечных год.
Я сёньня пабачыла мора,
Я сёньня ў палоне прыгод.
Пад зоркай праменнай сваёю
На беразе сьветлым стаю,
Я з морам, а мора са мною
Падзелім удачу сваю.
Напэўна, адзінай на сьвеце,
Мне выпала праўда адна:
Стагодзьдзяў вялікасны вецер
Разгойдвае мора да дна.
Бушуюць грывастыя хвалі,
Хаваюць гады ў глыбіні
I тонуць у пеністым шквале
Нястройнаю музыкай дні.
Навошта ix столькі мінула,
Нібыта зусім не жыла,
Нібыта у сьне прамільгнула
Узмахам чужога крыла!
Хай будзе i шчасьце i гора, –
Бясконцасьць ляжыць прада мной,
І сіняе-сіняе мора
Пра вечнасьць гаворыць са мной.
 
 
 
 
*  *  *
Забытая казка блукае па сьвеце,
Забытая песьня па сьвеце плыве,
А як жа бадзяга-паэт на планеце
Бязь песеннай казкі жыцьцё пражыве?!
 
Давайце настроім пявучыя струны,
Пяшчотныя словы у сказы складзём,
Лясы, паплавы i далёкія дзюны
Уславім мы песьняю радасных дзён.
 
Давайце паверым у добрую казку...
Прашу вас, маэстра, чакаюць усе...
«Кароль каралеве купальскую краску
Пяшчотнае сэрца ў далонях нясе!..»
 
Зьяўляецца казка, пяшчотай сагрэта,
Па-новаму песьня струною зьвініць,
I сьніцца паэту, нібы над планетай
Агромністым сонцам сэрца гарыць!..
 
 
 
 
*  *  *
На вокнах папараць цьвіце,
Халоднай зоркаю мігае,
I б’ецца жылка на руцэ,
I казка чуецца за гаем.
I прыпадае твар да шкла,
Ў чаканьні цуда заміраю,
Я можа шчасьце тут знайшла,
А мо няшчасьце набываю?
 
Шчакой кранула шыбу я,
Адчула халадок пялёсткаў,
Ускрыкнула – ці ж не мая
У сьнежні папараць так порстка
Цьвіце! На дзіва ўсім гарыць
На холадзе, аж дых займае?
 
Ды што гэта – вада цурчыць,
Струменьчыкам па шкле сьцякае!
 
 
 
 
*  *  *
Маё імя адыдзе ў Лету,
Адны радкі нагадваць будуць,
Што вельмі не любіла лета,
Казала – сонца мяне студзіць!
I што у снах сваіх гукала
Taгo, хто быў найдаражэйшы,
I што з усіх шляхоў шукала
Шлях найдаўжэйшы, найцяжэйшы!
I што хавала за усьмешкай
Тугу душы, самоту сэрца,
Што называлі сыраежкай
За тое, што нідзе сагрэцца
Ніколі не магла i зрэдку
Глядзела задуменна ў неба –
Няўжо нікому ў сьвеце гэткім
Я зь цеплынёй сваёй ня трэба?!
 
 
 
 
*  *  *
І трэба ж здарыцца такому,
Вазок у Менску – назіна!
Ляцяць, зьвіняць упарта колы...
Вось так праехаць – дабрыня!
Навыперадкі з часам, зь лесам...
Нібыта летні звонкі птах!
Як ветразь, локан мой бялёсы
Сябруе з самым чыстым плёсам,
Усё жыцьцё – крыла узмах!
Імчу!
        Лячу!
                  Лясы наўкола!
Такая сінь, такі прастор!
Ня лодка, а вазок на колах
У далячынь нясе, да зор!
Ах, як звычайнасьць часам точыць
Чакай!
          Трывай!
                        Глядзі, паэт!
Каб незнарок табе ня збочыць,
Зямля хадою шпаркай крочыць...
Сьпяшайся! Прад табою – сьвет...
I трэба ж здарыцца такому,
Імчу, як вецер веснавы...
Ляціць вазок, нясуцца колы,
Крычу жыцьцю: «Іду на Вы!»
 
 
 
 
Восень, 1918
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Усё мінулае – радасны водгук,
Усё мінулае – ціхая плынь.
Прыпынілася крыху воддаль
Ад жыцьця, як ад вёскі млын.
І стаю на бязьлюдным узгорку,
Бачу лес прад сабой малады,
Пад нагамі калышацца горкі
Палыновы дыван залаты.
Углядаюся ў сінія далі,
І здалося, магчыма, мне,
Што бярозкі удзьвюх стаялі,
Абдымаліся ў дзіўным сьне.
A ў высокім бяздоньні чыстым
Нада мной журавы плылі,
Так прыгожа ў спакоі ўрачыстым
Аддаляліся ад зямлі!
Ў промнях сонца плылі над палямі
Белакрылыя птушкі, але...
Нібы песьня мая з журавамі
Раставала ў далёкай імгле.
 
 
 
 
Да жыцьця
Пераплялося карэньне,
Як мы з табою, мой лёс!
Колькі розных здарэньняў,
Колькі гора прынёс
Ты мне...
                Я – дзівачка,
Чагосьці чакаю яшчэ!
Водзіць вывадак качка...
Пад камень вада не цячэ
I ўрэшце – адна!
Чаканьні, здарэньні,
То ўверх, то ўніз...
                                Ах, жыццё,
Хто сказаў, што слабое
                                        карэньне?!
Лес мне дорыць жыцьця
                                            пачуцьцё!
 
 
 
 
*  *  *
...Народжаны ў спакоі цішыні шукае,
Бяжыць ад тлуму, прапануе ўсім
Куточак раю за зялёным гаем.
Ды дзе той рай? Аднолькава зямля,
Адны складанасьці, а проста не выходзіць.
Растаяла у часе цішыня,
Зайздрошчу тым, хто ў мітусьні
                                                      знаходзіць
Свой рай i верыць сьветламу кутку...
Хто ведае, што будзе там – за гаем?!
Я – аптыміст, я мроіць не магу,
Знайсьці свой рай у будзённасьці жадаю!
 
 
 
 
*  *  *
Пазьбегчы гутарак i спрэчак...
Вясковы конік вараны,
Вязі мяне да звонкіх рэчак,
Дзе вінаград i кавуны!
 
Празрыстай ранішняй сінечы
Хачу даверыцца душой...
Адчуць, як увабралі плечы
Зямную мудрасьць i спакой.
 
 
 
 
*  *  *
Я думаю, гады праходзяць!
Такая доля ўжо мая –
Зьдзіўляюся – усе знаходзяць
Ўсё тое, што губляю я!
Даверліва адкрыўшы вочы,
Ўглядаюся у кожны твар
I моцна веру, што аднойчы
Пазбаўлюся уяўных мар.
Упэўнена, што прыйдзе ў сэрца
Сапраўднасьць думак, пачуцьця,
Даволі цешыцца i грэцца
Сьвятой наіўнасьцю жыцьця.
Нарэшце, я змагу астынуць,
Цьвяроза паглядзець ў акно...
З сабой пакінуць i адкінуць,
Як баба з кроснаў палатно,
Сваё заўсёднае зьдзіўленьне...
Я думаю, гады праходзяць!
Такая доля ўжо мая –
Зьдзіўляцца!
                      Верыць!
                                      Спадзявацца,
Што некалі знайду i я!
 
 
 
 
Фарбы
Усьцяж дарогі чорныя крыжы,
Усьцяж дарогі белыя рамонкі.
Пунсовыя адценьні на шашы,
То ціхі шэпт, то водгукі гамонкі.
Раптоўны крык...
                              Пунсовага няма!
Прырода нікне, гіне фарбаў безьліч,
Але вядуць чырвонага каня
Для чалавека, што ступае безвач.
Стаю, гляджу ўтрапёна на шашы,
На месцы слупянею, зрок губляю...
Чаму, чаму мне белыя крыжы
Ўсё чорныя рамонкі ў твар
                                              шпурляюць!
 
 
 
 
*  *  *
Хлопчык зьмея запускае ў неба,
Першае дзяцінства адкрыцьцё!
Хлопчык, любы, можа, так i трэба
З папяровым зьмеем – у жыцьцё!
Хлопчык, любы, радасьць не затойвай,
Моцна нітку у руках трымай,
Колькі хочаш на тары прастойвай,
Колькі хочаш зьмея запускай.
Запускай! Бо рознае бывае,
Ты ня ўгледзіш – дасьць жыцьцё адбой...
Толькі ўявіш – птушкаю лунае,
Хлопчык іншы ў неба запускае
Сьветлай марай зьмея над сабой!
 
 
 
 
*  *  *
За сябровак сваіх сталейшая,
Больш пачула i больш пабачыла!
Не па ўзросту свайму старэйшая
Ці ж такое прадбачыла?
На сьвітаньні сьцежкай калючаю
Нагамі чабор прымінала.
Плач жа, сэрца мае балючае,
Ці ж гэтага ты чакала?
Дзяўчына з вачамі блакітнымі
На Яна зьбірала руту.
Палацам ішла малахітавым
I з вуснаў піла атруту.
Пацалункі, абдымкі гарачыя,
Гаркаватыя, аж салодка...
Летуценнасьць мая дзіцячая
Прамільгнула бліскучай плоткай.
 
 
 
 
Восень на прызбу ступіла

#1
Пастукаў кастрычнік нячутна ў акно,
І восень на прызбу ступіла.
Лугі i лясы яна фарбай адной –
Агнём залатым апаліла.
На ўзгорку – дубы...
                                    Іx далёка відаць!
Штось бабіна лета прарочыць.
На беразе рэчкі бярозы гараць...
А восень далей ужо крочыць!

 

#2
Лісьце думкамі дзявочымі зьлятае,
Лісьце словамі шапоча пад нагамі.
На азёрным люстры залатая
Восень разыходзіцца кругамі!
Сёньня ні аб чым я не шкадую,
Страшна мне спакой зямлі парушыць,
Сёньня я ня плачу, не сумую,
Толькі б зь месца гэтага ня зрушыць,
Толькі б не пазбавіцца спакою.
Цішыня пануе ў маім сэрцы.
Восень клапатліваю рукою
Запрашае да сябе пагрэцца.
Лісьце прад вачыма кружыць, кружыць
Восень золата пад ногі сьцеле,
I да болю сэрца маё сушыць,
I цяпло ўлівае ў маё цела.
Ты мяне ня ведаеш такую –
Ціхую, спакойную на дзіва!
Сёньня ні аб чым я не шкадую,
Ўсё жыцьцё да восені хадзіла б!

 

#3
На дрэвы ўпала пазалота-чырвань,
Глядзіць сьляпое сонца з вышыні!
Зь якой журботай цягнуцца у вырай
Панурыя птушыныя кліны!
Гляджу, гляджу ў блакітнае бяздоньне,
Паветра сьлепіць звонкасьцю сваёй.
Мой голас промнем зіхатлівым тоне,
Вясёлкай восень зьзяе нада мной!
 
 
 
 
Рамонкавы бераг
I сумна мне... Ў апошнія часы
Гарэза-Муза мною не абрана!
З трывогай адчуваю – на басы
Мяняю сваё тонкае сапрана.
А сэрца абяцала мне сьпяваць,
I мроі так вярэдзілі дачасна!..
Чужыя песьні квеценьню шумяць,
Чужая Ліра апявае шчасьце!
Як неўпрыкметку сталасьць абняла,
Ня зь вершам – з прозай сталі
                                                      пабрацімы!
У сэрцы песьня высьпела адна –
Рамонкавы бераг Радзімы!
 
 
 
 
Дома
Люблю у суботу быць дома,
Глядзець, як клапоціцца маці.
Ці бульба у печы гатова,
Ці проса сыпнуць кураняці?!
 
А к вечару ў вёсцы, вядома,
За пунямі лазьні курацца.
Як хораша прыцемкам дома
Гарачаю парай абдацца!
 
Прайсьціся сьцяжынкаю простай
У золкім тумане, а потым
Падгледзець, як парыцца порстка
У воблаках месяц употай!
 
 
 
 
*  *  *
На Беларусі ціха плачуць кані,
Гудуць над канюшынаю чмялі.
Паслухайце, якая зь мяне пані,
Напэўна, не за тую прынялі!
 
Мазурка ножкай шпаркаю сваёю
Трывожыць i прыцягвае мой зрок,
Кілішак мёду кропляй залатою
Спакусьліва мігае неўзнарок!
 
Мы вечарам гуляем па Лазенках
I сочым за вавёркамі здаля,
Прабачце, што ў блакітных маіх зрэнках
Адлюстравана іншая зямля!
 
Вясёлы сьмех ды перастук абцасаў,
Калі здаецца палубай зямля!
Калі зацягнуць хлопцы гучным басам:
«Калінка-малінка мая!»
 
Прабач, прабач, гасьцінная краіна,
Прывольна i ў тваіх палях чмялю.
Ды толькі я – вясноваю калінай –
Глыбока урасла ў сваю зямлю!
 
 
 
 
Наша вёска
Наша вёска такая ціхая!
Хоць да сэрца кладзі!
Сонца ліпенем дыхае,
Цішыня на Друці.
Над жытамі ня лётае
Hi аса, ні пчала,
Бусьляняты ня клёкаюць
Над садамі сяла!
 
Наша вёска такая ціхая!
У ёй i певень маўчыць!
Сэрца тоненька цікае
I імкнецца ўцячы.
Вечарамі хаваецца
У чарот, у аер...
Цішыня разьліваецца
I па сэрцу. Павер –
Усё роўна прыцягвае,
Усё роўна лячу...
Голас ціха выцягвае:
Прапісацца хачу
Ў цішыні...
 
 
 
 
*  *  *
Ня ведаю я, з чым мне параўнаць
Усё, што Беларусьсю называюць!
Ня ведаю я, як жа мне назваць
Той край, дзе «рэчку-рэчаньку» сьпяваюць!
Дзе ладзіць вуды хлопчык у цішы,
Пад звонкі сьпеў старога Сожу хваляў,
Што ўзрушылі да глыбіні душы
І назаўжды яго зачаравалі!
А як жа сэрцу гулкаму маўчаць,
Kaлi вакол такая сінь нябёсаў!
Ад раньня ў полі трактары бурчаць,
Трывожачы спакой Дняпроўскіх плёсаў.
Пралескі на прагалінах лясных
Галовы свае звонкія схілілі.
Здаецца, дастаткова ix адных,
Каб цуды Беларусі паланілі!
А давядзецца мне сказаць: «Бывай!»
Калі пакліча дальняя дарога,
Я ў сэрцы захаваю гэты край
Зь бяляваю бярозкай ля napoгa.
 
 
 
 
*  *  *
Прыводзяць шляхі-дарогі
Да Белай Вежы на ўзьлесьсі!
Я к да бацькавага napoгa
Іду да цябе, Палесьсе!
Сумую – мой лёс-гарэза
Выносіць на хвалях хуткіх
У чысты да сьлёз бярэзьнік,
У царства алешын гнуткіх.
Бывала ў далонях люляла,
Тулілася целам гарачым,
Рамонкам заўсёды ўяўляла
Цябе ў летуценьнях дзіцячых
I бегла, дзе жыта радзіла,
Збожжа насіла ў вядзерцы,
Іду да цябе, Радзіма,
З матчынай песьняю ў сэрцы!
 
 
 
 
*  *  *
На Ясельдзе маёй зноў крыгаход,
У хвалях сініх плёскае вясна.
Сюды я завітала мімаходзь
I ўбачыла тут лодку безь вясла...
 
Дзіравая, закінута людзьмі,
Ушчэнт пасохла ад праменьняў сонца.
Ёй не заплакаць горкімі сьлязьмі.
A крыгі ўдалячынь плывуць бясконца.
 
I нешта абрываецца ў грудзях,
У хвалях шумных лодку тую бачу,
Як добра, што вось тут, не на людзях
Бяду той лодкі з горыччу аплачу!
 
Як добра тым, хто лодку абышоў...
Адна стаю у вербавых карчах.
Рака заціхла, крыгаход прайшоў,
А лодка праплывае у вачах!
 
 
 
 
Дзімітраўскі праезд
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Маленькім партызанам Вялікай Айчыннай вайны прысьвячаецца
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Тэлефонную трубку вешаю...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Пастушка
Я сёньня пастушка,
Я статак пасу!
Блакітная стужка
Ўпляцецца ў касу.
Прылашчацца промні
Да белай рукі,
Сьцяжынкаю роўнай
Пайду да ракі!
Пагутару з хваляй,
Кароў напаю,
Хай людзі пахваляць
За працу маю!
Я сёньня пастушка,
Я статак пасу,
Што ветразік, стужка
Ўпляцецца ў касу!
 
 
 
 
Грамніцы
Грамніцы прыйшлі, грамніцы!
Напіўся певень вадзіцы.
Сьнягі на лугах пацямнелі,
На поўнач вятры адляцелі!
 
Грамніцы прыйшлі, грамніцы!
Вясну сустракаць маладзіцы
У хустках квяцістых выйшлі,
Ca стрэх, нібы сьпелыя вішні,
Коцяцца долу сьлязінкі –
Плачуць на сонцы ільдзінкі!
 
Хай сьнег пад нагамі хрусткі,
Паскрыпвае, нібы масьніцы!
Скідайце, жанчынкі, хусткі,
Грамніцы прыйшлі, грамніцы!
 
 
 
 
*  *  *
О, як самотна выглядае ціш...
За вокнамі, абмытымі дажджамі!
Здаецца, доўга некуды ляціш
I водзіш абыякава вачамі!
 
Мне б зараз на лужок, дзе пар сівы,
Прабегчыся па сьвежай жоўтай пожні,
Калі на небе маладзік крывы
Перадсьвітальны робіць круг апошні!
 
На рэчку б мне ды пранікам паплёскаць,
Дзіця ў калысцы пагайдаць сваё –
Блішчыць i вабіць белаю палоскай
Імкненьне немагчымае маё!
 
 
 
 
*  *  *
Валіць сьнег, як пасталы,
Так у вёсцы кажуць.
Перад тым, як на сталы –
Ежу доўга смажаць.
Ў печцы бульба, ў печцы сыр
На полудзень будзе.
Пад нагамі сьнег, як жвір,
Што мінула – будзіць!
Пугай, пугай па каню,
Бомы па-над дышлем,
Не казаў бы даганю,
Можа б, што i выйшла!
Гэй, мяцеліца, круці,
Гэй, гудзі, вятрыска,
Мне б дабрацца да Друці,
Там i вёска блізка!
Валіць сьнег, як пасталы,
Завіруха вее,
Падавайце на сталы,
Расчыняйце дзьверы!
 
 
 
 
Жалейка
Я паеду ціхім ранкам,
Не падаўшы вам рукі.
А прачнуся дзесь на ганку
Ля халоднае ракі.
Выйдзе ўсё неспадзявана –
На прасторы, у лугах
Дзеда ўбачу раным-рана
З чарацінкаю ў руках...
Ён спускаецца з пагорка,
Бабам жалю надае,
Вельмі тонка, вельмі горка
Чараціначка пяе.
Як віхурацца аблокі!
Я за песьняю бягу,
Мне б цяпер пусьціцца ў скокі,
Ды, на жаль той, не магу.
Водзяць коні вострым вухам,
Вецер цешыцца ля ног,
Тапалёвым лёгкім пухам
З раньня сьвеціцца мурог!
I па тых сумётах белых,
То ў гуморы, то ў бядзе...
Дзед ідзе, як па кудзелі,
З чарацінкаю ідзе!
 
 
 
 
*  *  *
Мне не хапае тых шумных вуліц...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Мне сёньня прысьнілася хата...
У ёй мы калісьці жылі!
Вясною там бэзу багата,
Зьвіняць над лугамі чмялі.
Праз сон я ў маленства глядзела,
Ў туманны, сівы вербалоз,
Я зноў сьвятказала нядзелю
Ў зацішку знаёмых бяроз!
Шумелі за хатаю сосны,
I стукалі промні ў акно.
Малою на ўзьмежачак росны
Сьпяшалася слаць палатно.
За вокнамі стукалі колы,
Зарою палаў далягляд,
I плакала я, бо ніколі
Туды не вярнуся назад.
 
 
 
 
*  *  *
500
Маці

 
Ты не глядзі з трывогай на мяне
Зь бязгучнага сямейнага партрэта...
 
Ўсё думаеш, мо шчасьце абміне
Тваю дачку, мо будзе не сагрэта,
Зусім адна, далека на людзях
У горадзе вялікім i вядомым.
Хаваеш сум у стомленых грудзях –
Няхай бы зьела пернічак мядовы, –
І прыцемкам уявіш у хадзе,
Хусьцінка мая ветразем бялее...
Відаць была, ды не ў адной бядзе
I у трывозе сэрцам сваім млееш,
Але дарма клапоцішся, дарма...
 
Дачкі няма. Пайшла яна – у людзі!
Халодная каменная сьцяна
З тваім партрэтам успаміны будзіць!
 
 
 
 
*  *  *
А за вёскай дымяцца сьнягі!
Завіруха бусьліхай клёкае
I вядзе прадчуваньне тугі
У дзяцінства мае далёкае!
Заміраю! I зноў, як раней,
Уяўляю хаціну нізкую,
Вельмі смачны з капустай алей,
Ўся сям’я – над адною міскаю.
 
А за вёскай дымяцца сьнягі,
На лістку каляндарным – люты
Без радні, з прадчуваньнем тугі,
Я жыву, нібы восеньскі люцік!
 
 
 
 
Паспрабуй, адкажы...
Колькі год лістападу, паспрабуй, адкажы!
Лістапад, лістапад – залатыя дажджы!
Сонца сьвеціць скупое, на апеньках смаўжы!
Колькі год лістападу, паспрабуй, адкажы!
 
Адзінокая зорка лье сьвятло з вышыні
I самотна i горка на душы, на душы...
Ах, калючая сьцежка, ах, высокі мой бор,
Запляліся бярозкі на прабор, на прабор!
 
Колькі год лістападу, я рукамі лаўлю,
Залатое лісьцё, што ляціць на зямлю!
Так самотна, так горка на душы, на душы...
Колькі год лістападу, паспрабуй, адкажы!
 
 
 
 
*  *  *
Прагалінай лясной імчаць алені!
Не разумею гэтую імклівасьць.
Ляжыць галінка бэзу на каленях,
У ёй i адзінота, i маўклівасьць.
Галінку зразумела я адразу,
Яна цьвіла, нікога не чапала,
Ня ведаючы, што ў пакоі ваза
Па кветках вельмі доўга сумавала.
Яе не шкадавалі, абламалі...
Наіўна думалі, – відаць, вада заменіць
Ёй тыя сокі, што зь зямлі давала
Карэньне бэзу, што ў яе струменіць,
Як i раней, жыцьцё бясконца будзе!
Галінка пражыла ў пакоі мала,
Так ненадоўга выйшла яна ў людзі!
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Бязгрэшную галінку пакаралі
За тое, што была яна прыгожай!
Ў бярэзьніку схаваліся алені,
I зноў у лесе сумна i маўкліва.
Глядзіць галінка ў сьвет з маіх каленяў
Ружовым вокам сумна i пужліва.
 
 
 
 
Верасы
Верасы, верасы зацьвілі на сьвітанку,
Нібы сьлёзы, раскіданы кроплі расы.
Я па лесе блукаю ад самага ранку –
Пазбаўляюць спакою мяне верасы!
Верасьнёвыя ночы празрыстыя, зорныя,
Цаліной урачыстай ляжаць паплавы,
І на хатах драўляных, як тыя дазорныя,
Перад шляхам далёкім ня сьпяць журавы!
Верасы зацьвілі! Сэрца радасьцю поўніцца,
Мне б Радзіму цяпер Вераснянкаю зваць!
Верасы, верасы у лясах, за ваколіцай
Сваёй квеценьню бледна-ружовай гараць!
 
 
 
 
Трыпціх

Памяці дзеда

 

#1
Якою халоднай была восень тая!
Дажджы дзень i ноч церушылі над гаем!
Дзядуля, прыбраўшы размытую гліну,
Калючую дзічку садзіў каля тыну.
 
Якою халоднай была восень тая!
На покуце сьвечка міргала «сьвятая»!
Зайшлася ад плачу бабуліна хата,
Гасьцей назьбіралася надта багата.
 
Якою халоднай была восень тая!
Ляжала пад печчу бульба гнілая!
І стукала ў шыбу дзюбай слабою,
Клікала птушка дзеда з сабою
У вырай...

 

#2
Калісьці на тваіх каленях
Праводзіла гадзіны седзьма.
Слухала – выбягалі алені,
Слухала – выплывала ведзьма
Аднекуль здалёку-здалёку...
Я засынала, i ў сьне
Прыносіў мне бусел галёпу
На белым сваім крыле,
Прыносіў...
 
Цяпер тыя казкі здалёку
Плывуць у праменным сьвятле!
Таксама прыносіць галёпу
Мне бусел на белым крыле.
Спрабую – салодкая пышка,
Дзяцінства ж маё саладзей,
Звычайная цацка i шышка
Хваёвая – столькі падзей
Ў дзяцінстве...
 
Далека дзяцінства, далека!
Прыедзеш, за вёскай стаіш.
Чарнее у летнюю сьпёку
Дзядулін парэпаны крыж.
Нядоўга шукаю сьцяжынку,
Магіла травой парасла.
Прыходжу сюды на хвілінку –
Я ж на каленях расла
Дзядуліных.

 

#3
Страх пракрычыць мне: «Глянь
Пугач за ракою вухне,
Белая, белая здань
Ціха у шыбу стукне –
Гэта дзядуля!
 
 
 
 
*  *  *
Гуляй, вясновая паводка!
Віхурся, звонкая вада!
Бывай, зімовая паходка –
Прысьпела весьняя хада!
 
Агонь вачэй, настрой гульлівы,
Спакусьлівы палон жыцьця,
Дзе пеняцца, шумяць разьлівы
Вады, паветра, пачуцьця...
 
 
 
 
Белыя суніцы
Яшчэ суніцы не пасьпелі – белыя,
A ўжо каторы дзень па ix я бегаю!
Сама з сабою ціхенька жартую,
Мне на суніцы сёлета шанцуе!
 
Глядзіць усьлед суседка i дзівуе,
Дзяўчына штосьці вельмі ўжо мудруе.
Яшчэ суніцы не пасьпелі – белыя,
Яна ж каторы дзень па лесе бегае!
 
У кошыку маім ні ягадзінкі.
Даўно расталі вочы – дзьве ільдзінкі.
Палаюць вусны сьпелаю суніцай,
Салодкі пацалунак ля крыніцы...
 
Яшчэ суніцы не пасьпелі – белыя,
A ўжо каторы дзень па ix я бегаю!
 
 
 
 
*  *  *
Здалося мне – усё забыта
Лічыла я – усё прайшло!
I раптам побач, як адбітак, –
Ўсплывае твар твой праз акно.
 
I ўсё вярнулася аднекуль,
Шалёнай хваляй абдало.
А я так верыла дагэтуль,
Што ўсё мінулася, прайшло!
 
 
 
 
Першая навальніца
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
400
Сябрам-аднагодкам прысьвячаю...

 
Шкада – дзяцінства стала снамі,
Далёкай казкай, небыцьцём!
Мы разышліся, але з намі
Жыве сяброўства пачуцьцё!
Нас клічуць сьцежкі-пуцявіны,
У сэрцах мар бурліць паток.
Сябры, сабрацца мы павінны
У непарушны свой гурток!
О, колькі слоў ва мне раіцца
Пяшчотных, нібы плынь ракі!
Як рыба ў сетцы, буду біцца –
Захоўваць вобраз дарагі
Юнацтва i сяброў жаданых,
Былых пачуцьцяў цеплыню,
Да скону дзён – самааддана
Сяброўства несьці чысьціню!
Сябры мае, мінаюць тыдні!
Нам зьмена новая – ідзе!
Ўзрастае порсткі колас жытні ,
I нівай звонкаю гудзе!
I мы – калосьсе гэтай нівы.
Ёй век шумець, ёй век рунець,
Таму усё жыцьцё павінны
Мы сэрцы маладыя мець!
 
 
 
 
*  *  *
Пойдзем слухаць кнігавак
На лугі i выганы,
Па мяжы някошанай –
Грэбляй напрасткі,
Быццам зьненароку
Месяц жвавы выглянуў
I паплыў па гладзі
Ясельды-ракі!
Туманы халодныя
Лашчацца, туляюцца,
Колюць ногі сіверам
Мята i чабор!
Я не з палахлівых,
Але тут губляюся –
Ночка вельмі зорная,
Боязна чагось!
Зоркі пасьміхаюцца,
Зоркам вельмі весела,
Кнігаўкі спалохана
Клічуць нас за гаць.
Сядзем пад вярбінаю,
Што гальлё разьвесіла,
Зьнічку пачакаем
Шчасьце загадаць!
Зьнічка ўжо скацілася,
У траве згубілася,
I зара ў паўнеба
Ясная ўстае!
Устала i спынілася.
Пэўна, разгубілася.
Кнігаўка над лугам
Хораша пяе!
 
 
 
 
Мяцеліца
Мяцеліца, мяцеліца
Шугае на двары!
Ня верыцца, ня верыцца –
Каханьне да пары!
 
Дачаснае, няшчаснае,
Бязь веры, безь цяпла,
Зімовае, лядовае –
Такое ўжо знайшла!
 
Якою завірухаю,
Якім халодным днём,
Ўляцела белай мухаю,
Здалося мне агнём!
 
Сьняжынкай непрыкметнаю
Кружылася, плыло
Такою не прыветнаю –
Каханьня не было!
 
Ах, белая пушыначка,
Цябе не зьберагла!
Так доўга ты кружылася
I ўсё-ткі ўцякла!
 
Сьлязінкаю скацілася
Гарачаю з вачэй,
Скацілася, разьбілася,
А сэрцу не лягчэй!
 
Круці, гудзі, мяцеліца,
У полі, на двары...
Ўсё роўна мне ня верыцца,
Што шчасьце – да пары!..
 
 
 
 
Разьвітаньне
Пазбавіўся спакою лес –
Ад раньня музыка i сьпевы.
Стары, забыты паланез
Ў самотным танцы кружыць дрэвы!
Хтось пераблытаў i зьмяшаў
Мэлёдыю зь лясным дыханьнем
I цудадзейнічаць пачаў,
Свой твор назваўшы «Разьвітаньнем»!
Жалобна водгукі плывуць,
Так толькі сэрца плакаць можа,
Калі яго ня ў час крануць,
Калі яго ня ў час трывожаць!
I не адрозьніць шэпту траў
Ад слоў, спалоханых сьвітаньнем...
 
Тут хтось кахаў, тут хтось ствараў, –
Акорд апошні, разьвітальны!
 
 
 
 
*  *  *
Ня траць дарма свайго ты часу,
Пытаньняў мне не задавай.
Ня вер дабру i злу адразу
I рук няверных не кранай!
 
Яшчэ ўсяму ў жыцьці навучаць,
Навошта ценем быць маім?
А што, калі ізноў разлучаць?!
Ня бачыць шчасьця нам дваім!
 
У лес бягу, імчу да мора...
Як супакоіць мне душу?
Ці здагадаўся ты, што з гора,
Так горда галаву нашу!
 
 
 
 
Зімовыя настроі

#1
Дык запрасі ж мяне ты ў сані
І лейцы выпусьці з рукі!
Няхай імчаць нас коні самі
Бялюткім берагам ракі!
Яны сягоньня штосьці чуюць...
Ня ў росных травах на лугах,
A ўпершыню ў жыцьці начую
Я ў мяккіх студзеньскіх сьнягах
Такая ноч! Такія зоры!
Зьвіняць бразготкі пад дугой,
Каханьня дзіўныя узоры –
Паўночным зьзяньнем над ракой
Ўдыхаю сена асалоду
І сьнег хапаю на ляту,
Казалі – не хадзі па лёдзе,
А я на самым на лядку!

 

#2
Партрэт мне гэты нагадаў
Сукенку з пацеркай бліскучай.
Жаночы твар, уздых балючы
Партрэт мне гэты нагадаў.
 
Як i тады, была зіма,
Застольныя гучалі тосты,
I вочы гаварылі штосьці,
Як i тады, была зіма!
 
Пушысты сьнег i коней храп,
Званочкаў ціхі перазвон,
Здавалася ўсё гэта – сон,
Пушысты сьнег i коней храп!
 
Куды прапала тая ноч,
Карункавы, шаўковы вэлюм.
Пакойчык, нібы ў бэзе белым,
Куды прапала тая ноч!

 

#3
Ах, што зрабіла ты, зіма!
Навошта многа абяцала!
Я верыла, а ты ўзяла
I бессаромна ашукала.
 
Мо ад таго празь белы сьнег
Я з ганарлівай галавою
Іду, забыўшыся на сьмех,
Аб шчасьці гавару з табою.
 
 
 
 
*  *  *
Няўжо ўсяму цяпер канец!
Таму, што дадзена,– ня збыцца!
Чужыя коні пад вянец
Імчаць другіх, аж пыл курыцца.
Чужыя коні!
                    Любата!
Мяне таксі заўжды чакае,
Ах ты, дзявоцтва сьлепата,
Пачуцьце полымем шугае!
Чакала... Думала... Аж не!
За ўсё сьлязы гарачай мала.
 
Між сьмехам цяжка уздыхнеш,
Сама сябе так абакрала.
 
 
 
 
*  *  *
Сярод папер, сярод лістоў,
Сярод маіх штодзённых сноў
Тваё імя, твая рука,
Узьнёсласьць лёгкага радка.
 
Бяру аловак i пішу,
Жыцьцё былое варушу.
Як на экране – на сьцяне
Твой плашч нібыта бачу ў сьне
 
Там за акном маім – ліхтар,
Адзіны сьведка сьлёз i мар!
Ці ж я прызнаюся яму –
Пісаць ужо няма каму!
 
 
 
 
*  *  *
Скакала па купінах, бегла па кладцы,
Да шчасьця сьпяшалася, пэўна!
I раптам адна, на халоднай лаўцы,
I недзе сьпяваюць пеўні.
От ліха, патрэбна ж, прачнулася рана,
Што потым было б – невядома...
I крыжам здалася аконная рама
Майго зіхатлівага дома!
 
Пажалюся ветру я:
                                шчасьце ня хоча
Са мною ўжывацца болей.
Зьяўляецца ў снах, на ўвесь голас
                                                            рагоча,
Да іншых сьпяшаецца полем.
 
 
 
 
*  *  *
Будзе яблык салодкі i сьпелы,
Залаты будзе восеньскі звон.
Вось тады я у казачна-белым
Устрывожу ваш ранішні сон.
 
Працягну я гарачыя рукі,
Вас пяшчотай нязвыклай крану
Так, напэўна, дзівосныя гукі
Абарваную лашчаць струну.
 
 
 
 
Лірычны жарт
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Невядомае
А можа, не было,
А можа, проста так!
Здалося i прайшло,
Як хмара i як птах,
Кудысьці ў вышыню
Ўзьнялося – дагані!
Дагнаць я не магу,
Дык хоць рукой крані.
Крануць я не магу,
Бо, можа, не было,
Бо, можа, проста так
Здалося i прайшло,
Ўзьнялося быццам птах..
Дык хоць жа паглядзі
У вочы зазірні!
Глядзець я не магу...
Лепш загадзя зьбягу,
Бо, веру, не было,
Бо, веру, проста так
Здалося i прайшло...
Махае крыльлем птах,
Ды не дагнаць яго.
 
 
 
 
*  *  *
Цябе ня слухаць – немагчыма
Ну, a згадзіцца не магу!
Праводжу сумнымі вачыма
I ад сябе хутчэй бягу.
Чаго баюся?
                      Зьненароку
Занадта сьмела ты зірнуў?
Чакала крыўднага папроку, –
Надзею позірк твой вярнуў.
Ну, як злавацца, як баяцца,
Абходзіць бокам, стараной...
Ня маю сілы больш хавацца
I цешыцца адной маной.
Цябе пабачу i даволі,
Ды ўсё часьцей сябе лаўлю,
Што так i просяцца далоні
Ў руку гарачую тваю.
 
 
 
 
*  *  *
Няхай гавораць людзі ля кіёскаў,
Што я ў палоне песенных забаў.
Што нада мной вясёлкавай палоскай
Сусед-мастак нябёсы раьспісаў.
 
Сяброўкі абсталёўваюць кватэры,
Я п’ю ў лясах на досьвітку расу
I незалежна, з выглядам гетэры,
Чыёсьці сэрца ў кошыку нясу!
 
 
 
 
Сьвіцязянскія згадкі
Пярсьцёнак свой кідаю у ваду.
Агеньчык сіні пагасілі хвалі.
На шчасьце, можа, можа, на бяду
Яго на дне глыбокім пахавалі!
Гляджу я з лодкі плыткай у ваду,
Як у люстэрка зазіраю ў Сьвіцязь,
Магчыма, ўбачу, мабыць, тут знайду:
Каня вядзе мне незнаемы віцязь...
Знайшоў пярсьцёнак, галаву прыўзьняў,
У хвалях вочы промнямі зайгралі,
Дзень дагараў...
 
З-пад ног плылі зялёныя лугі,
Зямля плыла, паветра не хапала.
Нямелі вусны, a ў вачах кругі
Абдымкамі сьмяротнымі сьціскалі.
Шапталі вусны: любы, адпусьці,
Аддай пярсьцёнак, незнаемы віцязь...
Два цені лёгкіх бачылі касцы,
Калі ішлі на досьвітку паўзь Сьвіцязь.
 
*
 
Не разумею сябе, бо ня я!
Я, кажуць, зьмянілася, кажуць, ня тая!
Такою халоднаю стала зямля,
А я i на холадзе таю!
Струменьчыкам ў Сьвіцязь буду цячы,
Зьвінець буду рэчкаю поўнай.
I ціхай жанчынаю выйду ўначы,
Абдымак...
                  Імгненьне...
                                      Поўня...
 
 
 
 
*  *  *
Хлопчык у трамваі штось на шкліне піша,
Хуценька выводзіць ён чыёсь імя!
На дажджы шапоча белая афіша,
Я б зайшлася песьняй – голасу няма.
Зьнікнуў у тумане, у блакіце вечар,
Вечар, што калісьці жарам апаліў,
Музыка ўспамінаў абдымае плечы,
Песьняй ціхай кліча ў летнія палі!
Там у шчодрых травах конікі сьпяваюць,
Белыя рамонкі паварожаць мне.
Над Масквою хмары дожджык абяцаюць,
Ліст пажоўклы стыне ў восеньскім віне.
Хутка мой прыпынак, хутка успаміны
Адплывуць далёка, за Зялёны дом...
Нават самалёты – чорныя дэльфіны,
Цягнуцца павольна на аэрадром.
 
 
 
 
*  *  *
На ганак выйшла. Угары,
У цёмным небе зорка зьзяла.
Сюды даходзіў пах кары...
А за сьпіною млела зала,
I дзьверы тоненька рыпелі,
Цвыркун нібыта струны кратаў.
Туман над садам белы-белы
Аблокамі на травы падаў.
 
Крыштальныя зьвінелі люстры,
Шумела зала, як Парнас!
I бачылася ў простай хустцы
Сама Паэзія між нас!
Ішла павольна, ледзь ступала,
Нібыта па жывой рацэ,
I плыў за ёю цень Купалы
З жалейкай-дудачкай ў руцэ!
 
Ніхто ня ўбачыў, не прыкмеціў
Застольле сьмеху i дабра!
Сьпявалі яблыні i вецер,
I зорка – казачнае «бра»!
 
Стаю на ганку. Цень празрысты
Узмах птушынага крыла!
Хусьцінка – ветразь прамяністы,
Амаль, што побач праплыла!
 
 
 
 
Калі я зь сябрам
Я не пытаюся: чакалі – не чакалі
Ў сваім маленькім, чысьценькім пакоі.
Скажу наперад – каб не папракалі,
Прыйшла пазычыць цішыні, спакою.
Спакою на хвілінку, не на вечнасьць!..
Прыемна пасядзець крыху ў зацішку,
Адчуць цяпло i вашу чалавечнасьць,
Пагаварыць, пабыць хоць з вамі крышку.
Я адпачну, бо стомлена занадта,
А ваш пакоік ад турбот хавае,
У ім гучыць свавольная саната –
Яе мне вецер за акном сьпявае.
О, як тут ціха, дзіўныя малюнкі,
І строгія партрэты – ўсё ў маўчаньні.
Ад мітусьні шукала я ратунку –
Знайшла!
              Не памагае!
                                    У адчаі
Зноў сэрца пачынае маё біцца...
 
Спакой мне на хвілінку, не на вечнасьць,
Якімі б ні былі цяпло i чалавечнасьць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.