РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Раіса Баравікова
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Адгукнуся голасам жалейкі
 
Вершы
 
*** Калі б я знала, што – ў гадах?..
 
*** За жнівом надыходзяць дажынкі...
 
*** Жыву, як ёсьць, ня без заганы...
 
Вячоркі
 
*** Прыеду я ў той куток зялёны...
*  *  *
Калі б я знала, што – ў гадах? –
была б да ўчынкаў асьцярожнай,
ды нават слова па складах
раскласьці не заўсёды можна.
 
Калі б я знала, – дзе? Калі? –
узьнікне тая агароджа
зямлі, дзе ўжо няма зямлі, –
не пражыла б і дня, быць можа.
 
Кал i б я знала, што няма
душы, каб мне душой прыпасьці,
я не чакала б, я сама
сабе адмовіла б у шчасьці!
 
Калі б я знала?..
Сьвеце мой,
я не хачу глыбінь пазнаньня,
дай, чым ты жывы, мне жывой,
каб знаць, за што плаціць дыханьнем.
 
 
 
 
*  *  *
За жнівом надыходзяць дажынкі,
той шчасьлівы, хто ўпору дажне,
шчасьлівейшы, – хто зь першай дажджынкай
толькі-толькі сяўбу распачне.
 
Дзе жніво маё? – Поле ня зжата,
томіць вочы зялёны загон.
Скажа восень, чым буду багата,
мне б хапіла i жменькі зь яго.
 
І яе раздару без астачы
перад выраем вечным сваім,
перад полем, якому адзьдзячу
тым, што вечны мой вырай у ім.
 
Дзень мінецца, – бліжэй да спачыну,
набіраю з аддачай – вагу,
i раскрыць гэту ісьціну сыну,
даўшы сьвет яму, я не магу.
 
Каб было прад людзьмі не ганебна,
модна веру ў жыцьці аднаму:
мне дажаць сваё поле патрэбна,
каб было з чаго сеяць яму...
 
 
 
 
*  *  *
Жыву, як ёсьць, ня без заганы,
i не нясу журбы гадам,
i, можа, я другім каханым
сябе па кропельках раздам.
 
І ўсё, што сьнег не зацярушыць
сплыве вясною па вадзе,
i што там губы! Нават душы
не сутыкнуцца анідзе.
 
Ні тут, ні там... у сьнежнай сіні,
ах, не пра гэта мой радок,
навошта несьці ва ўспаміне
сатлелай памяці грудок.
 
Пары харошай – недарэчнасьць,
на спад зьбіраецца зіма...
I застаешся ты, як вечнасьць,
i знаю, – вечнасьці няма.
 
 
 
 
Вячоркі

#1
Пасьмяяліся, i годзе,
не трымайся за рукаў,
ад тваіх размоў па лёдзе
нават сьнег i той растаў.
 
Упусьці такога ў сені, –
будзеш многа шчасьця мець,
не іголка – скажа – ў сене,
i адразу знойдзе клець.
 
Там, бяз жарту, ад прыпасаў
угінаецца памост...
На кілбасы хлопцы ласы,
а цяпер – вялікі пост.

 

#2
Не ламіся ў хату, вецер,
толькі косаньку памыла,
прытаіўся пад павецьцю
найхарошшы, ды нямілы.
Стану косаньку часаці,
з рук грабеньчык выпадае, –
не змагла у пару сказаці,
сам, чакала, – запытае:
ой, чаму ў садку зялёным
мая сьцежка ды й пры ружах,
а яго сьцяжына ў полі,
і над ёю ліха кружыць.
Ліха чорнае, як ночка,
сам, чакала, – запытае,
хто мне ў косаньку ў садочку
ружу дзікую ўплятае.
Уплятае, рук ня коле,
я калючкі пазразала,
да адной сабрала з долу,
над павецьцю раскідала.
Каб ня ўлез у тое сьмецьце
найхарошшы, ды нямілы,
ты скажы яму, мой вецер,
што я косанькі ня мыла.
Шчэ ня мыла, не часала
i вадзіцы не насіла,
бо калючкі я зразала, –
ружу дзікую губіла...

 

#3
Як спраўляліся заручыны, –
маладым віном паіў,
палічыў мяне прыручанай,
дый у белы сьвет пусьціў.
 
Як спраўлялася вяселейка,
зь ціхім гонарам глядзеў:
– Ці ж знайшлося ў сьвеце зелейка,
за віно што саладзей?!.
 
І знайшлося і пілося, як атручана,
а паслалі да таго, кім прыручана.
 
 
 
 
*  *  *
Прыеду я ў той куток зялёны,
аддам паклон сунічнай старане,
дзе на сядзібах маладыя клёны
шумяць аб нечым дарагім i мне.
 
Чым аплаціць змагу сустрэчу тую? –
i горача, i сорамна да сьлёз,
што покуль я па днях сваіх вандрую,
яны ня раз аплакалі мой лёс.
 
Яны ня раз узносілі высока
густыя кроны пышна над зямлёй
ад самае нязначнай i далёкай,
ад нечаканай радасьці маёй.
 
I голас голля заміраў пад ветрам
у вечаровым цёплым тумане,
калі гарэлі зорна кіламетры
агнём любві, што ўспыхвала ўва мне.
 
І доўга потым у асеньнім зьзяньні
ня я, – яны апалепа цьвілі;
зьлятаў убор на сум маіх растаньняў
жывым вянком па звычаю зямлі.
 
Найлепшым прыдаецца ўсё, што ззаду,
найдаражэйшым тое, што баліць,
а тыя клёны бачацца мне садам,
якому – красаваць,
                                шумець,
                                                радзіць...
 
Прыеду, увайду над тыя сховы
душой, ужо гатовай адцьвісьці...
I страшна не знайсьці такога слова,
што толькі раз гаворыцца ў жыцьці.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2018. Беларусь, Менск.