РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Сыс
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Алаіза
I
        
        А маці гэта мая і кажа да бацькі:
        «Чалавечку, пастаўма і мы крыж...
        Мо і нас Бог укрые ад хмары».
        Праз колькі тыдняў я і нарадзілася.
        
1876
 
год папярхнуўся крыжам:
жыві, нялюдская птушка,
з таўром у грудзях,
што выжывеш
ў каменнях, а не ў падушках.
 
Жыві.
Пра сябе не думай —
для маці пакінь кудзелю.
Снапы-хваравекі ў клуні
чакаюць сваёй нядзелі.
 
З лясоў прылятаюць зязюлі
і разрабуюць калоссе.
Прыснюся праз дзень матулі
не я — шчаслівейшы хтосьці
 
з Радзімай: буслы, як перлы,
далоні — у сто дарог...
і ў вышытым строі белым
самы спакроўны Бог.
 
А крыж аўдавеў улоннем.
Я ведаю, ш т о распяцце.
Гэта — калі коні
галопам прайшлі па маці,
 
а маці ў снапах ляжала,
а маці мяне нараджала
з Радзімай: буслы без гнёздаў
і ў вуснах спрадвечны роздум.
        
II
        
        Праз крыж вой і мукі...
        
За вёскай дзядоў магіла,
пад крыжам зямля змарнела,
а мой забуяў калінай,
я шчокі зачырванела.
 
Сяброўкам глядзець прыгожа,
а мне гэты жар балючы,
начамі, здаецца, ложак
ляціць
           у маячню з кручы.
 
Скажы мне, сівое сонца,
мне жыць толькі да паўнеба?
Гіль на калінавай гронцы
зернем з рукі грэбуе.
 
Не азірайцеся, людзі,
гэта цвітуць радзімкі,
маці за доньку студзіць
зязюльчыныя слязінкі.
 
Гэта — усё павер’і.
Буду і я шчаслівай.
Коні нат губяць пер’і,
птушкі нат сеюць грывы.
 
Буду і я шчаслівай.
Ёсць і ў нядолі шчасце.
Трыестаўскія алівы
злыбеды мае засцяць.
 
Вечназялёны бераг
ды кроўнай валошкі ў жыце,
па Беларусі верад,
як птушку,
                 з рукі карміце.
Па Беларусі скруха —
ўвечная мая мука.
        
III
        
 
 
...як кароўкі пасвіла на пожні,
 
маці-сухотніца калыхала
 
малога брата-сухотніка
 
пад снапамі жыта.
 
 
1
 
 
 
Белая шчырасць кароў.
 
Нямоглыя грудзі матулі.
 
 
 
Я — немаўля: кроў...
 
хтосьці да сэрца туліць.
 
 
 
Неба:
 
пастух плыве,
 
за небасхілам кароўкі.
 
 
 
«Лізанька!» — хтось заве...
 
Вуснамі хоць — у броўкі...
 
 
 
Неба? —
 
блакіт вачэй.
 
Першы харэй мой: ма-ма!
 
 
 
я
 
м
 
б
 
па шчацэ цячэ: сля-за
 
каляная.
 
 
2
 
 
Жаўранчыхі крычаць,
 
іхняе жыта зжалі.
 
 
 
Жаўранкі маўчаць,
 
як зерня ў рот набралі:
 
 
 
чый гэта анёл,
 
голас такі гарачы?
 
Чыё гэта птушанё
 
па-беларуску плача?
 
 
IV
 
 
Зіма ў нас крэпка.
 
Паўмястэчка згарэла на Сёмуху.
 
 
Замова ад пажару
 
 
 
Вёска Пешчыны
 
Богам не спешчаная
 
спала на Сёмуху
 
да пеўня сёмага
 
а восьмы
 
ў падстрэшша
 
самы чырванейшы
 
самы перуанскі
 
з апярэннем панскім
 
крылом правым махнуў
 
вецер з поля падзьмуў
 
махнуў левым крылом
 
занялося ўсё агнём
 
а на нашай страсе
 
бусел яйкі нясе
 
а на нашай печы
 
хворае малеча
 
а я доньку нараджала
 
не для жару і пажару
 
а для пекна слонейка
 
для мядочку ў слоіку
 
жары певень адвярніся
 
ў чорным моры алуніся
 
ў чорным полі прападзі
 
пустазеллем узыдзі
 
каб цябе да Сёмухі
 
выкасілі конюхі
 
белым
 
сінім
 
і чырвоным самым
 
згаладалым коням
 
згінь
 
 
V
 
 
О мамачка, чуе твая душа справядліва, як калісьці чула, калі я была смяртэльна галодная і ты мне зашывала ў цвікель сарочкі, каб паслаць праз людзей, што ішлі ў Кальвару.
 
 
1
 
 
 
Прыйдуць л ю д з і з радзімы к о л е р у
 
поля чорнага, радна белага,
 
і з павек, нібы перлы з берага,
 
слёзы скоцяцца цяжкаспелыя.
 
 
 
Эх ты, скруха мая без’языкая.
 
Дождж па мне, як па ссохлым жыце.
 
Пілігрым ч о р н а - б е л ы клікае:
 
«Алаізія, багалікая!..»
 
 
 
Я пазнала цябе, садоўнік,
 
пахне голас настоем з руж:
 
«Як камень, на магіле помнік,
 
я пасею табе цярноўнік».
 
 
 
Мне не трэба няродных кветак,
 
мне б — вяргіню бялей за снег,
 
каб плыла нада мной, як ветах,
 
каб я маме была прыкметней.
 
 
 
Я збяднела без родных твараў,
 
пілігрымы, хто ваш народ?
 
 
2
 
 
Паляўнічыя над Кальварай
 
з птушкай зблыталі Ікара.
 
 
 
Рана ў небе слязіцца воскам —
 
пра мяне старажытны міф?
 
 
 
Аж паўнеба да роднай вёскі,
 
на шляху паляўнічых войска.
 
 
VI
 
 
 
Задрамалі ў палёце крылы,
 
цемра лашчыцца чорным плюшам.
 
Не прызнала зямля свой вырай —
 
ноччу княжыч здаецца птушкай.
 
 
 
А прачнуліся ў чужым небе...
 
далягляд, як сіло, трывожны.
 
Птушка белая ў чорным зрэб’і
 
крыллем білася ў свет парожні.
 
 
 
Дзьмухаўцамі ўміралі поўні,
 
толькі голас стагнаў пра выйсце:
 
«Ну хоць хтосьці ж вяртанне помніць
 
да Радзімы спрадвечных ісцін?»
 
 
 
Там цвітуць лугі ў пастаралях,
 
там чакаюць нас дзве жанчыны:
 
маці ў сумных сваіх каралях
 
і Айчына.
 
 
VII
 
 
З воч блакітных блакітныя слёзы...
 
акварэлі цвітуць сінічкавыя...
 
ім вастрэй за любыя лёзы
 
ложкі...
 
            П с і х і я т р ы ч н а я :
 
...лекі лекі лекі лекі
 
вінаваты чысты снег
 
вінава-Ты-Я
 
калекі
 
што радзіліся на свет
 
слепнуць кроплі слёз трывожных
 
інь на шпрыцах
 
сіні інь
 
погляд цяжкі і варожы
 
у багінь
 
 
 
шарлатаны і машэкі
 
твары змучаны вязьмом
 
запалёныя павекі
 
ў зрэнках месіка бяльмо
 
верыць ім мяне навучыць
 
незвычайны пах вяргінь
 
немінучасцю гаючы
 
хрысціянскі стогн
 
амінь
 
 
 
існасць іншая ізгояў
 
недапеты чужы гімн
 
вочы скрадзеныя ў Гоі
 
у Ісуса німб...
 
 
 
Лекі лекі лекі лекі
 
Інь на шпрыцах сіні інь
 
Шарлатаны і машэкі
 
Незвычайны пах вяргінь
 
Існасць іншая ізгояў
 
Я-я-а-а...
 
 
VIII
 
 
 
Хацела б быць зярном пшаніцы..
 
 
 
Я сасніла за лесам поле,
 
за асінавым сінім лесам.
 
Мне не бачыць яго ніколі —
 
мне яго адчуваць балесна.
 
 
 
Недаспала ў раллі насенне —
 
углядаюцца ў поле гумны.
 
Прыручыла зямля карэнні
 
дум маіх і калоссяў сумных:
 
 
 
дзе пачатак гаротнай нівы?
 
Дзе вытокі майго народу?
 
Нам, шчаслівым і нешчаслівым,
 
гэта самы балючы роздум.
 
 
 
Чую:
 
        «Снег ваш не паўнацэнны...
 
        Кроў не донарская у венах...»
 
Кроў маю
 
мой народ ацэніць,
 
самы добры і самы генны.
 
 
 
Поле спеліць вянец жытнёвы,
 
акрыяюць нямыя вусны,
 
нібы людзі, збяруцца
 
словы,
 
нібы рэкі,
 
успомняць вусце.
 
 
IX
 
 
 
...ой, рэчкі павысахлі...
 
 
 
Брыдуць маравы павуцінныя,
 
як звяры, рыбы рыскаюць.
 
Рысі ў сініх лясах асінавых.
 
 
 
Жменя слёз — за дзве жмені жыта.
 
Вочы ў крыўды прыручаныя.
 
Ну які ў мяне там пажытак?
 
Толькі думы ды сны гаючыя.
 
 
Сон-трыпціх
 
 
 
Д з я ў ч ы н к а
 
 
 
У збанах заблудзіла рэха:
 
ма-а-ма-а-а! —
 
нейкім чужым здалося.
 
Прарастае ў дрымучых стрэхах
 
прадзедавае калоссе.
 
 
 
Хаты ў гнёздах, нібы ў каронах.
 
Зімавала у людзей бусліха.
 
Снег быў вечным ёй і салёным,
 
снег акроплены быў брусніцамі.
 
 
 
Што ні дрэва — балючы вобраз,
 
што ні зорка — сляза з вачэй,
 
поле шчырасцю апячэ...
 
 
 
Прарастае з-пад сэрца колас.
 
 
 
У маленстве бы ў першым
 
снезе...
 
            Басаногі дзіцячы след.
 
            Быццам скончыўся белы свет
 
            за ваколічным кустам бэзу.
 
 
 
Быццам скончылася сонца,
 
разадранае крумкачамі.
 
Колькі людзі яму крычалі...
 
Колькі птушкі услед крычалі...
 
 
 
Быццам скончыўся белы вырай
 
за ваколічным кустам бэзу...
 
Ці то воблачка ў небе счэзла?
 
 
 
Д з я ў ч ы н а
 
 
 
Банадысь мне прыгожы музыкай,
 
смык над скрыпкай, як над вышываннем,
 
нас уводзіць сцяжына вузенькая
 
да папарацевых палянаў.
 
 
 
Поўня ў кронах
 
ці сава аднавокая
 
ацярушыла на нас гукі,
 
напалохана рэха войкнула,
 
затаіліся чуйна рукі.
 
 
 
Вусны п’ючыя
 
            і вочы п’ючыя,
 
росы і агні купальскія...
 
 
 
Гады ля сцяжын паўзучыя —
 
                        вядзьмарчыныя парасткі.
 
 
 
Не грыміце, мае маністы,
 
як бурштын на сасне, замрыце,
 
як падранак у спелым жыце...
 
не грыміце, мае маністы.
 
 
 
...А далей
 
зарасла сцяжына
 
ноччу цёмнаю
 
і ажынай...
 
 
 
— Банады-ы-сь!
 
 
 
Ж а н ч ы н а
 
 
 
Ахрысцілі шлях пілігрымавым.
 
Наўзбоч сосны —
 
бы посахі змораныя.
 
 
 
Брыду я
 
за тыфознымі зімамі,
 
за чмурымі гайворанамі.
 
 
 
Цень нябелы ў снегападу.
 
Але чорны цень гайворана
 
быццам камень
 
у поле падае — пацеры недагавораныя.
 
Развярэджаныя метафары:
 
ногі збітыя бальшакамі,
 
глухнуць студні,
 
і стогнуць амфары
 
стомленымі быкамі,—
 
як зямля,
 
да сябе прыслухаюся.
 
 
 
«Алаіза»,—
 
з мужчынскіх вуснаў —
 
гэта сэрца чужое стукаецца,
 
гэта гукі нялюбых гусляў.
 
Каля весніц паплачуць вочы.
 
Праўда: ранне мудрэй за вечар.
 
Напамінкам трывожнай ночы
 
непатушаныя свечкі.
 
 
X
 
 
Я замёрзну ў калядных сцюжах,
 
на вялікдзень растане снег,
 
сплыве ў рэкі мой плач і смех,
 
як сплываюць купалля ружы.
 
 
 
За асінавым сінім лесам
 
маці стане ў хаціне смутна.
 
Толькі будуць скрыпець завесы,
 
як марозы скрыпелі ў лютым.
 
 
 
На ўсю хату адзін мужчына,
 
учарнелы, як беларус,
 
пахне вуснамі і вакцынай,
 
цудам выратаваны Ісус...
 
 
 
Па абразе сляза, як памяць,
 
за сівыя дажджы глыбей.
 
Па мне крывічы свечкі паляць,
 
па мне смутак чужых людзей.
 
 
 
I ўсё ж шчасце — нарадзіцца,
 
каб паганскай сваёй радзімы
 
прыдарожным крыжам маліцца,
 
яе людзям нелюдзімым.
        
Эпілог
        
Сніць карстага сястру ў сасонніку.
I табе за доляй сненне:
ураслі ў твой край паломнікі
сэрцамі і каленямі.
 
Ці то снег, ці попел: жменя —
сэрца сцёрта амулетам.
Ураслі мае калені
ў Цётчынае лета.
 
Пеўні праглядзелі вочы:
выбежыш з пажару
і да роднай вёскі збочыш,
да нязбытнай мары.
А па пожні сэрцу колка.
Адпачыць прысела.
На няскошаным пагорку
жыта ацалела.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.