 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Яўгенія Якубовіч: «Мне заўсёды прыемна, калі замежнікі цікавяцца беларускай ідэнтычнасцю...»
Гутарка з перакладчыцай з беларускай на каталанскую, выпускніцай філалагічнага факультэта БДУ Яўгеніяй Якубовіч.
|
У онлайн-часопісе перакладной літаратуры SèrieAlfa (нумар 61) выйшла падборка перакладаў чатырох беларускіх сучасных паэтаў на чатыры еўрапейскія мовы – каталанскую, іспанскую, французскую і партугальскую. Азнаёміцца з імі можна па спасылцы. Пра незвычайную публікацыю распавядае перакладчыца з беларускай на каталанскую, выпускніца філалагічнага факультэта БДУ Яўгенія Якубовіч.  – Раскажы, калі ласка, як узнікла ідэя праекта і праз якія этапы ён прайшоў. – Онлайн-часопіс перакладаў SèrieAlfa існуе ўжо не першы год з ініцыятывы і пад рэдакцыяй паэта Жоана Наварро (Joan Navarro). Доктар Дулорс Катала (Dolors Català), якая даўно сябруе і супрацоўнічае з Жоанам, прапанaвала мне зрабіць некалькі перакладаў з беларускай паэзіі, пагатоў што ў часопісе ўжо не ўпершыню публікуюцца пераклады з "рэдкіх" моваў. Быў, прыкладам, нумар, прысвечаны паэзіі гуарані. Мне заўсёды прыемна, калі замежнікі цікавяцца беларускай ідэнтычнасцю і культурай, таму я і згадзілася, хаця разумела, што з роднай мовы на няродную перакладаць будзе даволі складана. Дарэчы, менавіта гэта і стала прычынай таго, што з усяго багацця сучасных паэтычных тэкстаў я выбрала тэксты, пісаныя вэрлібрам, без рыфмы, слоўных гульняў, складаных памераў ды рытмічных канструкцый.  – Гэта твае першыя надрукаваныя пераклады з беларускай на каталанскую? Ці можаш параўнаць з перакладамі на французскую, бо менавіта французскую ты вывучала ва ўніверсітэце? – Так, гэта першы досвед перакладу з беларускай на каталанскую. Калі робіш пераклад са сваёй мовы на замежную, вельмі яскрава адчуваеш, што лексіку трэба ўзбагачаць, а сінтаксіс – рабіць “зграбнейшым”. Недастаткова перадаць тэкст праўдзіва і прыгожа, бо трэба яшчэ і сачыць за тым, ці твая фраза граматычна правільная, або замежнікі так ніколі не сказалі б. Трэба адзначыць дапамогу "рэдактараў" – маіх знаёмых, якія правілі мае памылкі, раілі свае формы, больш уласцівыя каталанскай мове. Што датычыцца перакладаў на французскую ў нумары SèrieAlfa, то яны рабіліся не мной і, як ні дзіўна, не з арыгіналу, а з каталанскай версіі. Адно магу сказаць з усёй упэўненасцю: перакладаць на французкую мне было б лягчэй ужо з тае прычыны, што для французскай існуе вялікая колькасць слоўнікаў двухмоўных, аднамоўных і сінонімаў, а каталанскіх слоўнікаў мне катастрафічна не хапала. Часта не знаходзіш эквіваленту і наўпрост пытаешся ў носьбітаў мовы, якім бы словам яны назвалі той ці іншы феномен у той ці іншай сітуацыі.  – Ці можаш параўнаць перакладчыцкія традыцыі ў нас і за мяжой? – Мне падалася цікавай розніца ў канцэпцыі перакладу ў нашай традыцыі і ў той, да якой прызвычаіліся паэты і перакладчыкі за мяжой, у прыватнасці, каталанцы. Я лічыла больш важным вернасць вобразу, а яны настойвалі на тэкставай вернасці, на амаль літаральным перакладзе, хай сабе і эстэтычна арганізаваным. Не тое, каб яны не дбалі пра мастацкасць, але, здаецца, у нас проста розныя паняцці пра мастацкасць. У іх тэкстацэнтрычнасць -- гэта проста пастулат, дарэчы, не толькі ў перакладзе. Праца гэтая прыемная, і я адчувала моцны стымул ад таго, што вось, іншыя нарэшце даведаюцца, што сучасная беларуская паэзія свежая вобразамі, арыгінальная і вельмі-вельмі асаблівая.  – А якія ўражанні ў астатніх перакладчыкаў? – Дулорс Катала адзначыла, што ёй асабліва спадабалася тэматыка выбраных тэкстаў, іх рытмічная структура. Ёй яны падаліся наватарскімі. Жоан Наварро кажа, што яму пераклады былі вельмі цікавымі, бо, як яму падаецца, у нас нейкая іншая манера пісаць вершы. І шмат чытачоў SèrieAlfa сказалі яму, што і ім вельмі спадабалася. Таксама Жоан каментуе, што гэтыя пераклады на каталанскую паслужылі базаю для таго, каб распаўсюдзіць тэксты беларускіх паэтаў на мовы, для якіх налічваецца вялікая колькасць чытачоў, як, прыкладам, партугальцы і бразільцы, іспанцы і жыхары Паўднёвай Амерыкі, а таксама французы і франкафонныя краіны. – Што аб’ядноўвае абраныя тэксты тэматычна? Ці блізкія паміж сабой аўтары і іх творчасць і ці могуць гэтыя тэксты характарызаваць найбольш яскрава іх творчасць? – Абраныя тэксты аб’ядноўвае хіба што іх прыналежнасць да сучаснай беларускай паэзіі. Такая была ўмова рэдактара. Я ў сваім выбары кіравалася некалькімі крытэрыямі: каб тэксты былі якаснымі, а аўтары мелі больш за адну выдадзеную кніжку паэзіі; каб паэты былі не вельмі падобныя адно да аднаго па стылі, а прадстаўлялі розныя манеры; каб вершы былі перакладальнымі, улічваючы, што мне трэба было пераствараць іх на чужой мове; каб, па магчымасці, сярод паэтаў трапіліся і хлопцы і дзяўчаты (хаця, на маю думку, у літаратуры гендарнае размежаванне аўтараў не мае сэнсу). Я пераклала дзесьці 12 вершаў, а ўжо Жоан выбраў з іх 8 тэкстаў 4 аўтараў, якія яму падаліся найцікавейшымі. Я спрабавала знайсці такія тэксты, якія яскрава перадаюць паэтычны лейтматыў кожнага з аўтараў. Здаецца, так і атрымалася. Хаця вось, напрыклад, у Віктара Жыбуля было некалькі вельмі характэрных тэкстаў, але яны рыфмаваныя, дый і словатворчасць там падалася неперадавальнаю, таму я спынілася на двух, напісаных хоць і з рытмам, але ўсё ж у больш вольным стылі. – Наколькі ў Еўропе (краіны, якія ты ведаеш) распаўсюджана форма онлайн-часопіса? І перакладнога часопіса? – "SèrieAlfa" – першая небеларуская перакладніцкая старонка, з якой мне давялося мець справу. Да таго ж, у выпадку з названым онлайн-часопісам, трэба мець на ўвазе, што гэта ініцыятыва аднаго чалавека, паэта і перакладчыка, а не якой-небудзь інстытуцыі з поўнай рэдкалегіяй. Хаця такія інстытуцыйныя літаратурныя інтэрнэт-ініцыятывы, я ўпэўнена, існуюць.  – Якая, на тваю думку, самая эфектыўная форма падачы перакладзеных вершаў? А калі параўнаць нас і замежжа? – Я люблю папяровыя носьбіты, і для мяне найлепшая форма – гэта двухмоўныя выданні, але чытаць пераклады ў інтэрнэце мне апошнім часам таксама падабаецца, калі яны добра адрэдагаваныя і аформленыя, як, прыкладам, у нашым беларускім "ПрайдзіСвеце" http://prajdzisvet.org/. Што да еўрапейцаў, я думаю, яны прызвычаеныя да лічбавага фармату як да больш вольнага і даступнага. – Якая аўдыторыя ў часопіса (калі ёсць такія дадзеныя)? – Дакладная колькасць чытачоў невядомая, але, па словах Жоана Наварро, часопіс даволі аўтарытэтны і мае пашыраную аўдорыю сярод аматараў паэзіі ў Паўднёвай Амерыцы, але таксама ў Еўропе. – Ці ведаеш іншыя пераклады (за ўвесь час) з беларускай на каталанскую ці наадварот? – Перакладаў з беларускай на каталанскую ці ў адваротным кірунку я ніколі не бачыла, але не магу з упэўненасцю сцвяржаць, што спробаў такіх перакладаў не існуе. Вось наўмысна прагледзела вялікую анталогію перакладаў, укладзеную М. Скоблам, "Галасы з-за небакраю", дзе прадстаўлена вялікая колькасць моваў, але і там не знайшла перастварэнняў з каталанскае. Затое ёсць два тэксты правансальскіх трубадураў, перакладзеныя Л. Баршчэўскім са стараправансальскай. Правансальская і каталанская вельмі падобныя, але я не ведаю, ці даводзілася сп. Баршчэўскаму перакладаць з каталанскай. Так што, выглядае на тое, што каталанская літаратура для нас – яшчэ на адкрытая, новая зямля, зрэшты, як і нашая паэзія для каталанцаў дый іншых еўрапейцаў. – Дзякуй за такія цікавыя і падрабязныя адказы, а таксама за тваю працу! Плёну і натхнення! Гутарыла Юлія Новік, 8.IV.2014. Малюнкі Пэрэ Салінаса (Pere Salinas) http://www.peresalinas.com/
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|