РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзядзіна
        Ну, і дзядзіна ў мяне была, а багатая дык багатая! Было ў яе сем маргоў1 зямлі, адна каза, сем хлявоў, тры гумны, а ўсе поўныя: у адным мак, у другім – так, а ў трэцім цапы віселі. А як пойдзе, бывала, дзядзіна казу даіць, дык покуль казу найдзе, аж у мозгі зайдзе, а як зачне яе даіць, так нясуць малако цабрамі, вядрамі, кадушкамі... А масла дык білі на гумнішчы цапамі і маслянку ў застрэнкі змяталі; бедныя людзі дык ішлі з мяшкамі і з гаршкамі і з разгінямі: хто з чым прыйшоў, той з тым пайшоў. А парсюкі кормныя ў дзядзіны дык такія былі, што праз парог не маглі пралезці; але пад парогам дзірачка была, дык туды лазілі! А грачыха ў маёй дзядзіны калі зарадзіла! Вот дару Божага было! Калі налажылі стог на слутте каля прыпечку, дык вот быў стог! Але зрабілася няшчасце: дзядзіна хусты прала, хтосьці дзвярмі стукнуў, стог перавярнуўся ў начоўкі – і ратуначку не было!
        Вот тут мая дзядзіна і збяднела. А тут дзяцей з асьміна, а карміць няма чым.
        Увідзеўшы гэта, панскі аліндар як прыстаў да дзядзіны: «Прадай казу ды прадай!» Ведаў, каб яго немач, што добрая каза. Дзядзіна думала, думала – глядзіць, што няма чым карміць, і прадала казу. Аліндар казу браць, а каза ў лес наўцёкі, а воўк ды з лесу, ды яе за горла! Покуль мы даляцелі, яна толькі крыкнула: «Мааа-гда!», і зарэзаў яе воўк. Не так дзядзіне шкода было той казы, як жаль было таго, што каза і імя яе ведала...

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.