РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Зьміцер Вішнёў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Штабкавы тамтам
 
Тэксты
*  *  *
Там гучаць тамтамы
Там скачуць чыгуновыя ядры
Там матыляецца маршавы ультыматум
Там-там – сьпяваем мы і крочым туды
 
 
 
 
*  *  *
Я пускаю бурбалкі
як рыба
якая
плавае ў акварыуме
Я гляджу на
сьвет круглымі вачыма
і
патрабую корму
 
 
 
 
На чорнай бочцы ляжыць чорны клюст Баўлі...
        На чорнай бочцы ляжыць чорны клюст Баўлі. Дзьме гарачы афрыканскі вецер. Гойдаюцца разлапістыя пальмы.
        На чорнай бочцы ляжыць чорны клюст Баўлі, ён чакае цябе.
 
 
 
 
*  *  *
Я сустракаюся
з паэтамі
каля шампанскага мора
Мы застыгаем у мармуры
Зоркі як
пунсалікія медузы
 
 
 
 
*  *  *
Дзесьці на Поўначы
ў вялікім сьнежным шатры
сярод вандроўных аленяў
і двухгаловых мядзьведзяў
на чорным квадратным кіліме
з крывавай ружай у руках
ляжыш ты
Я прыкатурхаюся
                                як
                                    віхор
                    ламаная бліскавіца
і абпалю твае вусны
сваім подыхам
 
 
 
 
*  *  *
Рыкае іржавымі вуснамі мароз
Мой розум раскульваецца на
тысячы сонечных ліхтароў
Рыпяць валёнкамі па
сьнезе белыя незнаёмцы
Вакол вісяць суцэльныя клапаны
клапаны клапаны сэрца
быццам гронкі чырвонага перцу
Мне ўводзяць прэпарат каб
адбылося пацямненьне сьвету
жоўтыя пальцы
жоўтыя
жоўтыя
тоўстыя
пальцы
 
 
 
 
*  *  *
Глыбокія зморшчыны кладуцца на паркет
Пранізьлівыя вятры
Лес бяжыць на мяне
ён тыркаецца ў мае
                                    крыгі
ператвараюцца
ў белыя
гадзіньнікі
 
 
 
 
*  *  *
на станцыі
мэтро Кастрычніцкая
я выглядаю
сваю рэвалюцыю
з чырвонымі вуснамі
 
 
 
 
Меніскавая сістэма
Я скачу на
зебры
махаю
пустым кубкам.
Гляджу на
пірамідальныя дрэвы.
Слухаю
пляскатых зеленавокіх птушак.
Адчуваю
рытм часу.
 
 
 
 
*  *  *
наступілі на руды абпалены хвост
і паплылі па акіянах рыфлёныя бутэлькі
з надпісамі «Сьцеражыся Вішнёва!»
зазьзялі золатам водарсьці на дне марскім
рыба накрэсьліла зігзаг SOS
дзікункі забразгаталі ўпрыгожаньнямі
халадульнікі пачалі хрыпець
беларускія народныя сьпевы
вадасьцёкавыя люкі ўчарнелі
што тая сапуха
закруціліся жалезныя банькі на соснах
і сказаў нехта Дай кракадзіліну
 
 
 
 
*  *  *
Мы сядзім на
штабкавым тамтаме
п’ем жалудовую каву
Мы глядзім на
цябе
        але
              ты
не разумееш
ня бачыш
ня чуеш
толькі і робіш
        што
крытыкуеш
 
 
 
 
*  *  *
Я падарую табе кветкавы аэраплян
Мы паляцім да самога небасхілу
Я буду шаптаць пухкія словы
Ты нічога не зразумееш і таму
ўсьміхнешся сваімі японскімі
мандарынавымі
вачамі
 
 
 
 
*  *  *
мая бабуля
любіць гатаваць
афлеты
якія
нагадваюць
табуны
карлікавых
бегемотаў
што
сноўдаюцца
па плазаватасьці
кухоннага стала
 
 
 
 
Мара

Я хачу паляцець на паветранай кулі
насустрач сонцу
насустрач пяскам
трымаць у руках
вялікага
лупатага
папугая
рэагаваць на
крыкі ветру
і
цалаваць цябе
мая гарбастая Афрыка
 
 
 
 
*  *  *
я пацалую твае
алычовыя зоркі
і люстэркавыя
кончыкі
пальцаў
пачую крыкі чаіц
мармытаньне
марскіх каменьчыкаў
і ціхі
шэпт
кахаю...
 
 
 
 
*  *  *
Крылы тваёй дабрыні
падымаюць
мяне ў вышыню
да жоўтых хмарак
дзе сярод марэлявага пенкуса
і белага гарлачыка
плаваюць нашыя жаданьні
 
 
 
 
*  *  *
Я бадзяюся па вуліцах Менска
Назіраю за дрэвамі
лісьцё якіх
нагадвае сургучныя пячаткі
Здымаю бардзюрных прастытутак
з вачыма круглымі і вясёлымі
Запальваю на выгнутых слупах
пурпуровыя зоркі
Цягаю вялікі чумадан
з трактатам пра Сумленьне
 
14.V.1996
 
 
 
 
*  *  *

Н. І.

 
Я ўбачыў цябе сёньня санлівую (жахлівую).
Ты стаяла басанож на каберцы і хавалася
ў навальніцы сваіх доўгіх чорных валасоў (папяросаў).
Ты прамовіла штосьці аб зямным бязладзьдзі
(зялёным ладузе) і студэнцкім крызісе...
Твае вочы бліскалі мокрымі кашалотамі
(каштанавымі лодкамі) і гэта была сьмешна.
Тады я накрэсьліў вуснамі на тваіх шчаках
тры словы. Я... Кахаю... Японію...
 
 
 
 
М АХ. АО. Н. I. К.
мая ўсходняя жанчына
сядзіць сярод кніг у паравозным замку
і штодзённа
галосіць паэмамі З.Ю.В.
Коміны замка
абкладзены калінавымі зоркамі і брусьнічнымі планетамі
На сьценах
вісіць некалькі пяцікутавых плакатаў
з вайсковымі і кулінарнымі заклікамі
жанчына
носіць сукенку з марскіх шчарупкаў
чаравікі з курыных лапкаў
і жоўтыя гарбузовыя бранзалеты
Яе вочы падобныя на краскі шыпшыньніка
валасы сапраўдныя крылы коршака курацапа
 
 
 
 
Супрацьтанкавыя словы якія дзіравяць залу
Шкло колеру ячнага мёду Покаецца на тысячу
салодкіх аскромкаў Якія ўтыкаюцца У
прастору мёртвага ценю Дзе грудамі груды
Дзе зьбіраюцца ў карагоды чыгуновыя паданьні
савецкага пэрыяду Шыбры Суцэльныя Ад іх
цягне хомарам і гарам пабітых танкаў
Зрэшты туды цягнуцца японскія стогны Панкаў
Якія атабарыліся ў канцлягеры Зялёны дзьмухавец
 
 
 
 
Паталягічны пацыент
Назірай за маімі чорнымі вушамі
Прыглядайся да іх бляску
Каб усмоктаць сваім духоўным горлам
Моц маёй вушной энэргетыкі Ты
павінен Ведаць сітуацыю Чарнобыльскай зоны
Ты чалавек-крыж
Таму бяры вялікі карадобны сьцяг
і тупай на цэнтральную плошчу Добруша
Тады аблокі як натоўпы саранчы праскачуць
па Небастыку ў бок Паўднёвай Афрыкі
Ды гарлапаністы вецер прыкатурхаецца
да помніка ДурДомЛіта Потым
заскрыгочуць металічнымі сківіцамі
пакалечаныя мурыны
Балкампёс і Друхлос спужаюцца
і пачнуць бегаць вакол мяне
Ты назірай Усмоктвай Хутка дыхай
Інакш сэрца захоча выбухнуць ядзернай бомбай
А дух адчуе асалоду ў крывавым корсьце
Які чапляецца на ланцугах
да кірзакаватага крэсла Каралугнай Амёбы
На якой адбываецца досьлед
паранаідальных прышчыкаў На якіх
звычайна высьпяваюць аксамітныя фтырусы
Таму вывучы ўсе матэрыялы
Дзе жывуць беларускія японцы
Там і таксама на ўскрайку планэты Зямля
ты зноў убачыш мяне
Гэта значыць я чалавек
Я займаюся пірамідальнай справай
Па якой любяць праходжвацца двухрогія зубры
Яны маюць чырвоныя зубы
Пасьля дзіўных сняданку абеду і вячэры
Але раптам
яны ня будуць жаваць сквірчэць рыкаць і мыкаць
Будуць пабудаваны бранзаваныя замкі
I зьявяцца трохрогія рыцары Вось
менавіта тады
ў мяне пачнуць расьці зялёныя сьмярдзючыя вушы
Гэта атрута
Таму бяры карадобны бубен і ляпай
сваёй валасатай Ляпай Хочацца
пачуць гэткія адмоўныя гукі
Хочацца прыцягнуць тваю ўвагу
да праблемаў сучаснай культуры
Таму завітай да майго сябра філёзафа
Ён растлумачыць усё.
 
 
 
 
*  *  *
Я – Вішнёў – ля кіпарыса.
На галаве агнямётны шаль.
На шыі Эфа пясчаная.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.