РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Пятро Васючэнка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
САРАМЯЖЛІВЫ КЛ ЁКАТАМУС
        «У двухметровым чарапахавым куфры ляжыць містэр Вішнёў. Ён
        ляжыць ціха, быццам змуміфікаваны. На ім вялікі клоўнскі кяпур,
        пачасатая піжама і вязаныя шкарпэткі. Замест падушкі пад яго
        галавой стос жоўтых сшыткаў. Не, ён не памёр і не апаў у летаргічны
        сон. Яго с-с-сутнасць чакае пагудкі эфемернай славы».
        Цытату, якую «містэр Вішнёў» зрабіў пастскрыптумам да зборніка,
        я зрабіў эпіграфам — і гэтым кампазіцыйна замкнуў кнігу.
        «Чарапахавы куфар» як нешта цвёрдае і замкнёнае для мяне
        асацыятыўна змыкаецца з эмблемай літаратурнай суполкі «Бум-Бам-
        Літ», у якой выпеставаўся аўтар. Славутай мядніцай, якую
        «бумбамлітаўцы» па-урбаністычнаму называюць «тазікам». Мне ўжо
        даводзілася параўноўваць гэты «тазік» з шкарлупінаю яйка, у якую
        гучна таўкуцца дзюбкамі літаратурныя эмбрыёны, і богведама, што
        выведзецца з-пад абалонкі — кураня або цмок, жамярына або
        алігатар. Час Зміцера Вішнёва надышоў, ягоная творчая асоба ўжо
        вылузваецца з-пад агульнай «бумбамлітаўскай» абалонкі.
        Лірычны герой Вішнёва бывае надзвычай няўрымслівы: яму
        карціць насіцца верхам на зебры або ганарова сядзець на
        «штабкавым тамтаме». Пра сябе пры знаёмстве ён без залішніх
        цырымоніяў абвяшчае: «Я — пішучая сволач» або «Я паўлін-маўлін» ці
        ў разгорнутай форме:
        Я — Вішнёў — ля кіпарыса.
        На галаве агнямётны шаль.
        На шыі Эфа пясчаная.
        Аднак у жыцці стваральнік «штабкавага тамтама» — не падобны
        да свайго лірычнага героя, а часам дыяметральна процілеглы яму.
        Прынамсі, ён менш эпатажны і скандальны, чым некаторыя
        паплечнікі па літаратурнай суполцы, больш далікатны, сціплы, часам і
        рацыянальны. Ен можа гадзінамі размаўляць пра літаратуру, нават па
        заканчэнні працяглых творчых семінараў, калі, здаедца, нават
        глядзець на літаратуру не хочацца, не тое што гаварыць пра яе...
        Такая захопленасць ідэяй літаратуры, магчыма, магла б выліцца ў
        роўнае гарэнне на марудным агні традыцыяналізму.
        Але лірычны герой Вішнёва падпарадкаваны іншай, «свежай»
        традыцыі, закладзенай «Бум-Бам-Літам», і мусіць, часткова з пачуцця
        5
        прыстойнасці, ірвацца ў Афрыку, дзе пануюць інакшыя рытмы,
        жарсці:
        Там далягляд развальваецца на чырвоныя кавалкі
        Там грыміць акіян
        Там ходзяць панцырападобныя дзяўчаты
        Там стаіць белая Прэторыя...
        Гэта з «Маршавага «Там-Тама» Бум-Бам-Літа». Бумбамлітаўцы
        наогул любяць калектыўныя, «маршавыя» віды творчасці, што лучыць
        іх, з аднаго боку, з «Маладняком» (пра што гаворка ніжэй), з іншага
        — з сучаснымі маладзёжнымі «тусоўкамі». Яны любяць вар’іраваць
        або паўтараць адзін матыў, тыражаваць прыёмы. I вось паэзію
        Вішнёва агучваюць, апроч тамтама, маракасы, бубен, якія, няцяжка
        здагадацца, у блізкім сваяцтве з памянёным «тазікам».
        «Афрыканскія» вершы Вішнёва прасякнутыя дзіўным адчуваннем,
        якое я назваў бы «антынасталгіяй». Лірычны герой, які «бадзяецца па
        вуліцах Менску», мроіць «заірскія ангольскія суданскія нігерыйскія
        малійскія і маўрытанскія крыніцы рэкі моры і акіяны» і хоча
        «паляцець на паветранай кулі // насустрач сонцу // насустрач
        пяскам // трымаць у руках // вялікага // лупатага // папугая»...
        Магчыма, праз лірычнага героя счытваецца найбольш архаічная
        інфармацыя нашага калектыўнага несвядомага — пра агульную
        чорную прарадзіму чалавека, гіганцкую ўранавую лабараторыю, у
        якой, паводле гіпотэзы, запачаткаваўся чалавек разумны?
        «Толькі гэтага не ставала»,— іранічна прамовіць прыхільнік
        чыстага еўрапеізму або «усходніцтва». Але якраз жа і не ставала:
        афрыканізацыя як носьбіт надзвычайнай экспрэсіі, тэмпераменту,
        можа, і не пашкодзіла б нашай літаратуры, якая часам выглядае
        залішне рацыянальнай або анемічнай. «Афрыканізаваная» лірыка
        Вішнёва споўненая ўнутранай палемікай з рэфлексійна невыразным
        і мляўкім паэтычным рэчывам, якое паэтычны герой называе
        «вішнёўкай». Праўда, здараецца, што і «вішнёўка» бярэ верх —
        напрыклад, у малавыразных і другасных, на маю думку, тэкстах з
        цыкла «Аўтрофнае возера».
        У той жа час не магу лічыць творчым пралікам або адступленнем
        ад «бумбамлітаўскага» ці постмадэрнісцкага канонаў моманты, калі
        паэзія Вішнёва скідвае покрыва эпатажнасці, калі ў ёй пачынаюць
        6
        праглядацца праявы літаратурнага ўплыву, рэмінісцэнцыі. Што ні
        кажы, але існаванне літаратурнай трацыцыі — абавязковая ўмова
        існавання постмадэрнізму; апошні падпёрты тысячагадовымі
        напластаваннямі культуры і жывіцца імі. Другая ўмова — добрая
        філалагічная школа.
        У паэзіі Вішнёва відавочныя сляды літаратурнай традыцыі 1920-х
        гадоў, калі ў ёй, як кажуць, «было ўсё». Іншая рэч, што гэтыя сляды —
        адбіткі «наадварот», яны суадносяцца адзін з адным, як у фатаграфіі
        негатыў з пазітывам.
        Напрыклад, гэтыя радкі:
        Тут сядзяць нашыя браты
        Падыміце шпагі бранзаваныя кубкі і свае аранжовыя вочы
        Там на поўначы ідзе вялікае сацыялістычнае з’яўленне
        Мы адчуваем згрызоты нашых ботаў і кавёлаў
        Чаго дзеля парушаецца слых і зрок і рух
        Ведаюць сібірскія зняволеныя Мароз і Паўлік
        успрымаюцца як «антымаладнякізм» або «антыбурапена».
        «Рыкае іржавымі вуснамі мароз» — а гэта ўжо «антыімажынізм»,
        адштурхоўванне ад матываў паэзіі Язэпа Пушчы.
        Двухгаловыя мядзведзі, мокрыя кашалоты, заікаты іхтыязаўр ды
        іншыя прадстаўнікі флоры і фаўны зборніка нагадваюць мне
        недарэчных істот з казак першага ў свеце абсурдыста Льюіса Кэрала.
        Асабліва памянёны вышэй клёкатамус — не проста заклінанне, як
        запэўнівае лірычны герой, не згустак фанемаў, а менавіта істота,
        гаваркая, схільная да эпатажу, бо гэты эпатаж і гаварэнне ёсць
        спосаб схаваць уласную нясмеласць, сарамяжлівасць. Так,
        клёкатамус, без сумліву, сарамяжлівая істота, бо адчувае сябе
        дыскамфортна нават на фоне ўласнай раскамплексаванасці.
        У першай частцы зборніка адбываецца значная для жыццяпісу
        лірычнага героя падзея: ён дорыць лірычнай гераіні «кветкавы
        аэраплан»:
        Мы паляцім да самага небас хілу
        7
        Я буду шаптаць пухкія словы
        Ты нічога не зразумееш і таму
        ўсміхнешся сваімі японскімі
        мандарынавымі
        вачамі
        «Японскі энцэфаліт» — экзатычная хвароба кахання, кахання
        панка, адначасова нахабнага і кранальна нерашучага,
        сарамяжлівага. Гісторыя кахання пераказваецца ломкім, як у
        падяетка, голасам.
        Часам пэтая пачуццёвая аўтэнтыка спрабуе схавацца за
        грувасткай метафорыкай, нават за тэрмінам кшталту «аўтрофнага
        возера» або «саматычных клетак». Але герой, які відавочна чэрпае
        натхненне і з навуковай лексікі, так кранальна блытае «рэтардацыю»
        з рэгенерацыяй (у вершы-прызнанні «Я паўлін-маўлін»), што хочацца
        параіць рэдактару, карэктару і аўтару не выпраўляць гэтую
        недакладнасць.
        У гэтай паэзіі пераважаюць зрокавыя, эйдэтычныя вобразы,
        канфігурацыі і фарбы. Адчуваецца, што тэксты створаныя ў звязку з
        «пэрфомансамі», якія ладзіць «Бум-Бам-Літ» і ў прыдумванні якіх
        Зміцер Вішнёў адзін з самых вынаходлівых. У пэўным сэнсе гэтыя
        вершы — тэксты да перфомансаў, частка сінкрэтычнага дзейства.
        Без гэтых паэтычных паказаў тэкст, напэўна, не гучыць напоўніцу,
        гэтаксама як не раскрывае ўсіх сваіх рэзерваў п’еса або сцэнар без
        прадстаўлення.
        Але ў той самы момант, калі я раздумваю пра гэта, першую
        старонку вішнёўскага рукапісу, які мусіць стаць кнігай, перасякае
        маленькі шэры павучок. Перабягае па дыяганалі — «прачытвае». I
        гэты маленькі «пэрфоманс» прыводзіць мяне да думкі, што
        прачытанне зборніка — няважна як, з пачатку да канца, па
        дыяганалі або зазіраючы «ў хвост»,— стане для чытача таксама
        «відовішчам», дзе на кожным кроку — нечаканасць, неспадзяванка.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.