РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Апавяданне аб іконніку i залатару...
        Дасюль яшчэ людзі дасведчаныя і сталыя, а памяццю цвёрдыя, тыя часы ў існаванні слаўнага места Віленскага, зайздруючы, згадываюць, калі мыта салянічае на соль простую і ледаватую ў двакроць паменшана было. Тады ж мяшчане віленскія з ласкі яго каралеўскай міласці і прывілей атрымалі, каб тры дні штогод перад святам нараджэння Ісуса Хрыста мёд варыць вольна, ні капшчызны, ані васковага да скарбу не плоцячы.
        Водлуг гэтага ў Вільні за звычай стала гадзіну-другую ў бяседзе за келіхам мёду хатняга сцерці. Таксама і залатар Антон Корж, майстар скрозь паважаны, да крамы сваёй, на Нямецкай вуліцы збудаванай, часам таго або іншага са знаёмых запрашаў, каб вечар зімовы прыстойна ўдвух скаратаць. Гэткім чынам і ў дзень святой Харыціны, каралевы літоўскай, на покуці крамы залатарскай госць, Раман Якубовіч, чалавек добры і рахманы, за карцом поўным ушчэрць сядзеў.
        Яшчэ ў моладасці ўзяўся ён постаці пана бога, яго прачыстае маткі і рожных святых вучыцца маляваць, фарбы кволыя на дашчэчках кляновых, гладка выструганых і крэйдай загрунтаваных, з малітвай у сэрцы накладаючы. Пяць год яму вучнем давялося быць ды два гады – падмайстрам; а як тэрмін гэты скончыўся, тады Якубовіч, звычай спаўняючы, са старшай дачкой гаспадара свайго, Агатай, жаніўся і, звання майстра такім парадкам справядліва дайшоўшы, усягды цяпер заработак меў. Уважаючы на гэта, нават і пан Корж яго да сябе запрашаў, хоць, ведама, іконнік залатару раўнёй быць не можа і таксама ад яго розніцца, як, прымерам кажучы, фарба трохграшовая ад золата угорскага, у агні пяць разоў ачышчанага. Але Корж, крамар заможны і паважаны, на свеце незамала пажыўшы і шмат чаго зведаўшы, людзямі ніколі не пагарджаў, гонару свайго, аднак, ні ў чым не змяншаючы. Так і цяпер ён, мёд цёмна-бурштыновы смакуючы, словы госця свайго ўважліва слухаў.
        – Чуткі да мяне дайшлі, – гэтак прамаўляў іконнік Раман Якубовіч, – быццам Сальватор Роза, майстар умелы, а ў працы рупны і здольны, да нашага краю з зямлі Італійскай прыехаўшы, абразы на мурах цэркваў полацкіх з вучнямі сваімі малюе, старыну ў маляванні гэтым рухаючы, а навіны ўводзячы. Дзеля таго абразы тыя ад даўнейшых шмат чым розняцца, гэтае людзям, у старыне цвёрдым, а да цэрквы бозкай прыхільным, сталася вельмі не да спадобы.
        Ды яшчэ кажуць, быццам італіец той, аб красе толькі дбаючы, а на збаўленне душы сваёй забыўшыся» паганскіх багоў і шмат чаго іншага малюе, аб чым іконніку добраму лепш нават і не думаць. Нічога гэтага ў жоднага з майстроў часу старага, а нам у прыклад стаўшага, пабачыць няможна. Найгорш жа тое, што іконнікі полацкія звычаю рускага, а ў працы здольныя і дасведчаныя, навіны гэтыя пераймаюць ды да таго ж і людзей усякіх, нават роду паспалітага, а таксама і рэкі, бары і лугі і шмат чаго іншага малююць, і час і працу сваю праз усё гэтае марне трацячы. Бо, здаецца, кожны зразумець можа, што святая ікона пана бога, хаця б і зусім няўдала зробленая, бязмерна больш варта, чым са пся якога-небудзь малюнак найлепшы. Але майстры тыя на гэта не ўважаюць, а таму іконапісь прыстойная і да старасвецкіх звычаяў прыхільная ў Полацку падупала, праклятым недаверкам на радасць, а ўсім людзям добрым на жаль і гора вялікае.
        Тады, бачыўшы, што іконнік гутарку сваю ўжо скончыў, пан Корж карэц з мёдам на бок пасунуў і, не спяшаючыся, пачаў гаварыць:
        – Можа стацца, лепей бы мне аб гэтым не размаўляць, бо не столькі я фарбы і пэндзлі, сколькі рэчы свае залатыя і срэбныя ведаю, аздабнейшых ад каторых ні ў Вільні, ані ўва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім не знойдзеш. Але не варт, усягды мне здавалася, рэч якую-небудзь толькі таму ганіць, што яна для нас за навіну прызнацца павінна. Бо ўсё тое, што цяпер навіною завецца, праз час які старыною мае быць, для людзей усіх станаў – звыклай, а ўшанавання і абароны годнай. Я, дзеля працы сваёй незамала паездзіўшы, і ў чэхах, і ў немцах пабываўшы, шмат чаго на вяку сваім па краінах далёкіх бачыў. Малюнкі тыя, што Сальватор Роза з іконнікамі полацкімі робіць, там скрозь звыклы, і нікога ўжо яны не дзівуюць, людзям усім, дзеля красы сваёй, у спадобе стаўшы, а майстрам здольным славы і гонару прыдаючы. Тое ж і ў нас, напэўна, мае стацца, калі навіна старыною зробіцца, так што, мабыць, тады людзі полацкія Сальватора Розу шанаваць будуць, хоць нам цяпер гэта і непадобным да праўды здаецца.
        Гэтаксама і думку, быццам ікона ўсягды вялікшую вартасць ад іншага малявання мае, я за несправядлівую мушу ўважаць. Бо не тое, каго майстар малюе, а толькі тое, як ён гэта робіць, толькі здольнасць і ўлежнасць яго могуць малюнку хвалу і каштоўнасць надаваць. Ікону з Острабрамскай маткі боскай, майстрам рупным і добрым памаляваную, за восем або за дзесяць грошаў літоўскіх купляюць, а за тую ж ікону працы вучня няўмелага нічога не даюць. Вось жа вартасць малюнка толькі ад хараства ў выкананні яго залежыць, што, звычайна, кожны іконнік лепш ад мяне ведаць павінен.
        Так гаворачы, залатар скрыню дубовую, жалезам акутую, адамкнуў і, дзве ліхтарні срэбныя адтуль дастаўшы, на стол іх з каганцом поруч паставіў і тады сказаў:
        – Чалавек разумны да прыкладаў розных ахвотна звяртаецца, думку сваю выкладаючы; іх жа і цар Саламон ужываў, як аб тым пісьмо святое нам кажа. Таксама і Цыцэро і Арыстотэль, людзі мудрыя і з філасофіі дасведчаныя, хоць верай праўдзівай і не асвечаныя, да прыкладаў вельмі склад маючы, заўшэ с іх карысталіся.
        Дзеля таго і я, думкі свае як след растлумачыць жадаючы, ліхтарні гэтыя за прыклад узяць хачу. Роўную яны вагу маюць і з таго ж самага срэбра адліты былі, але ўсё ж ткі адна з іх у семкроць болей другой каштуе, бо аздоблена з умеласцю надзвычайнай. Водлуг жа таго, што ўмеласць і здольнасць тыя толькі ў выглядзе рэчы, або, як іншыя цяпер кажуць, у форме яе з’явіць можна, прызнаць мы мусім, што каштоўнасць вырабаў прыгожых адно толькі праз красу іх форм узрастае і толькі красою форм каштоўнасць тую мераць можна.
        Ува ўсім гэтым праз працу залатарскую як найлепей павінны мы праканацца. Бо чым болей ад работы майстра формы рэчы прыгажосці набіраюць, тым каштоўнейшай рэч гэтая пачынае рабіцца. Таксама і здольнасць майстра тым большай трэба ўважыць, чым лепшую форму кавалку срэбра або золата прыдаць ён здолен. Вось чаму я, хрысціянін не згоршы ад іншых, рэчы свае вырабляючы, адно толькі красу формы пільную ды не думаю аб тым, нашто нанізкі залатыя мае пойдуць: ці то на аздабленне фігуры маткі боскай, або піяка і распуснік які на пакрасу сваю ўжываць іх будзе.
        Так казаў Антон Корж, чалавек мудры і красамоўны. Але ўжо ноч настала, і варта па вулках ішла, усім загадываючы, з наказу пана войта, агні гасіць і дзверы зачыняць. Таму іконнік і залатар, вечар прыстойна ў бяседзе правёўшы, краму замком нямецкім моцна замкнулі і развіталіся між сабой, у думках жадаючы, каб дзеля спажытку сэрцу і розуму таксама і далей удвох схадзіцца.
        
        Рукапіс гэты, пісаны гаворкай нашай старажытнай, адшукаў і словамі сучаснымі перапісаў Максім Багдановіч.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.