РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Глыбы i слаі
I
        
        Прыглядаючыся да навейшай беларускай пісьменнасці, можна лёгка прыкмеціць адно цікавае і карыснае з’явішча. Яе аднакалёрны слой, што зліўся з сотняў пісьменнікаў – наследнікаў Багушэвіча, найчасцей знікаўшых пасля аднаго ці двух твораў, – гэты слой стаў патроху дзе-нідзе сцясняцца, у ім з’явілася колькі ядзер, сабраўшых у сябе ўсю яго яркасць, з кожным годам усё болей узрастаючых і ў сваім развіцці прымаючых болын-менш асабістыя колеры. Значэнне гэтага руху вельмі важнае, бо толькі пры ім літаратура мае змогу не таптацца на адным месцы, а расці і ўшыр і ўглыб. Не трудна зразумець, чаму гэта так. Усякі выясніўшыйся, абасобніўшыйся пісьменнік хоць бы праз адно гэта стаіць на крок уперадзе пісьменнікаў-аднаднёвак, вабіць іх сваёй яркасцю, як аганёк матылькоў, і, прывабіўшы, гуртуе вакол сябе, творыць літаратурны кірунак. Так, у руху развіцця пісьменнасці адкладаюцца новыя наслаенні – пад колер тых глыб, што яркімі плямамі ўрэзаліся ў іх.
        Праўда, не ў апошнім гаду пачаўся гэты рух, але толькі ў ім развіўся ён з асаблівай сілай. У памяці чытача затрымалася колькі новых імён і ясней адзначыліся асобнасці літаратурных твораў цікавейшых папярэднікаў пісьменнікаў. Апошняе тым больш б’е ў вочы, што аж трое з гэтых пісьменнікаў сабралі свае творы ў адно, аглянуліся на пройдзены ў колькі год шлях, перагледзелі здабыткі сваёй працы. Гляньма ж на іх і мы.
        Як і ў 1909 гаду, найбольш увагі звяртае на сябе Я.Купала; звяртае не толькі велічынёй сваёй здольнасці, але гібкасцю яе, здатнасцю да ўсестаронняга развіцця. Гэта бадай адзіны наш пісьменнік, каторы ідзе ўперад, вядзе нейкую ўнутраную працу, і, зрабіўшы ці мала, не супыняецца аж да гэтага часу. Каб даць паняцце аб усёй моцы жыццёвых сокаў яго таленту, мы на мінуту вернемся аж да першых крокаў яго пісьменніцкай працы.
        Пачаў ён з шурпатых вершаў, амаль не зусім зліваўшыхся з тагачасным слоем беларускай паэзіі; напісаныя пад Бурачка, залішне расцягненыя, слаба апрацаваныя з боку формы і мовы, яны ўвесь час перапявалі некалькі адных і тых жа тэм. Але не кволасць таленту, а толькі як бы нейкая нядбаласць выглядае зусюль: бо чым, апрыч нядбаласці, можна вытлумачыць з’яўленне хоць бы такіх слоў, як «Спалі вас, песні, дыш (?) чырвоны (?)» («Жалейка», стр. 134), «Гарыста яна» (Беларусь) (стр. 102), «Барабаніў плуг» (стр. 104) і т. д. I ўсё ж такі ці можна за гэта Купалу вельмі вінаваціць? Захоплены абразом прападаючай Беларусі і лічачы, што пясняр перш за ўсё павінен быць грамадзянінам, ён усю ўвагу звяртаў на тое, што казаў, не цікавячыся зусім, у якія формы і як выліваліся яго думкі. I што б там ні было, а ўсё ж такі ён будзіў гэтымі вершамі душы чытачоў, дый не толькі таму, што ліліся яны з шчырага сэрца і ў роднай мове: не, і тады ўжо ў яго творах відаць было незвычайны паэтычны талент. Не раз і не два прабівалася там яркая і моцная думка, пара-другая поўных пачуцця і зычных вершаў, хаця яны, праўду кажучы, зараз жа і знікалі, быццам і з’яўляліся толькі для таго, каб лепш кідалася ў вочы агульная слабасць вершаў.
        Тое ж самае, здаецца, прыйшлося б сказаць і аб «Адвечнай песні» – паэме, выданай у апошнім гаду, але напісанай яшчэ ў 1908 г. Гэтая пацерка з невялічкіх гутарак-вершаў зусім збіваецца на «Жалейку»: змест іх той жа самы, форма, праўда, гладзей, але не вельмі, – і ўсё ж такі яны пакідаюць глыбейшы след у душы чытача; увесь сакрэт гэтага ляжыць у цэльнасці іх, бо размешчаны яны павэдлуг аднэй і тэй жа думкі і ўвесь час дапаўняюць, падтрымываюць адзін аднаго. Усё жыццё мужыка праходзіць перад нашымі вачыма, і няма там ніводнага моманту, каб не ліліся слёзы, і няма ніводнага пуці да лепшай долі, няма нічога лепшага за смерць... Бязвыхаднасць, безнадзейнасць – вось што чуваць ва ўсёй паэме, што цяжкім камянём кладзецца на душу чытача пасля кожнай праявы. Некалькі іншым тонам напісана толькі «вяселле», – бадай ці не найлепшая частка паэмы. Калі што яму і шкодзіць, дык мо толькі такія словы, як «кадрыля», «парад» і т. п., а ўсё другое – і бойкі рытм, і рыфмы на сярэдзіне строк, і нават нейкая грубаватасць вельмі жывой мовы – усё на сваіх месцах, усё надта добра падабрана да зместу. Што датыкаецца да найслабейшага боку паэмы, дык – на наш погляд – гэта грубы сімвалізм, прыпамінаючы дзе-якія кепскія месцы з твораў расійскага пісьменніка Л. Андрэева.
        Але на «Адвечнай песні» Купала не затрымаўся. Так, у палове 1909 г. яго талент, дасюль глуха клакатаўшы пад шэрай карой «Жалейкі», прабіўся на волю і паказаў, якую ён таіць красу і моц, бліснуўшы такімі вершамі, як «Жніво» («Н.<аша> н.<іва>» № 29), «Ноч за ночкай ідзе» («Н. н.» № 37), «Адгукніся, душа» («Гусляр», стр. 10), «А як мы з хаткі выходзім» («Гусляр», стр. 14), «Зазімак» («Гусляр», стр. 52), «Памяці С. Палуяна» («Гусляр», стр. 55) і др. Праўда, вершаў цаліком добрых з боку формы ў Купалы і цяпер яшчэ няшмат, да таго ж і змест іх не адзначаецца асаблівай глыбінёй і надзвычайнасцю, складаючыся з старых грамадзянскіх і горкаўскіх матываў ды з водгукаў так званага мадэрнізму; але ўсё ж ткі талент Купалы ўзрастае, пашырае круг сваіх тэм і ўжо не галосіць (ці – лепей – не толькі галосіць), а ўжо павявае смеласцю, жыццёвай сілай і пагардай. Гэтая перамена зместу адбілася і на форме вершаў Купалы, асабліва на іх важнейшым, усё ажыўляючым нерве – моцна забіўшым рытме. Буйны, шпаркі, ён падмывае, захоплюе чытача, гіпнатызуе яго, не дае апамятавацца, затрымацца і нясе яго ўсё далей і далей. Бадай-што ўва ўсіх леташніх вершах Купалы б’ецца ён з вялікай сілай і гуртуе вакол сябе ўсё іншае ў іх. Каб здаволіць яго разгон, канцы строк аж звіняць, з’яўляюцца рыфмы і пасярэдзіне верша, нават словы да яго падбіраюцца зычныя, моцныя; а калі ў мове сталеццямі гнуўшагася беларускага народа не хватае іх, дык Купала ўжывае новыя, выкаваныя ім самім, ні ў жаднага нашага паэты няма такога багатага славара, як у Купалы. Мала таго: нават і дзе-якія слабыя бакі яго вершаў маюць прычынай усё тую ж буйнасць моцнага рытму. Захоплены ім, Купала не ацэнівае акуратнасці сваіх слоў, кідаецца да першых папаўшыхся і нярэдка прыносіць сэнс верша ў ахвяру яго зычнасці. Лепшы прыклад таму -– даволі харошы верш «За годам год» («Гусляр», стр. 21), збудаваны на адназычнасці, на паўтарэнні адных і тых жа рыфмаў і слоў, чым ён вельмі прыпамінае барматанне якогась цёмнага загавору (глядзі так жа верш «Гусляр» – стр. 5 і др.) Яшчэ непрыемней робіцца, калі Купала пробуе туману сваёй думкі прыдаць від асаблівай глыбіні, як, напрыклад, у вершы «Знямога» («Гус», стр. 20). Хай добрай перастрогай для шаноўнага пісьменніка будзе доля вельмі падобнага да яго расійскага паэты С. Гарадзецкага, каторы якраз на такіх вершах загубіў свой свежы талент.
        
        
II
        
        Другім цікавым з’явішчам у беларускай пісьменнасці апошняга года была кніжка твораў Я. Коласа – «Песні жальбы». Цэльнай выглядае яна па светагляду, моцна зросшыміся адзін з адным здаюцца яе вершы, але ёсць у ёй і якаясь акамянеласць: на працягу аж 4-х гадоў Колас не зрабіў значнага кроку ўперад і ў самых апошніх вершах пяе аб тым жа і так жа, як і ў пачатку сваёй працы. Ведама, турэмнае жыццё не дае яму развівацца і павялічыць круг сваіх тэм. А іх у Коласа вельмі мала: бедныя абразы роднага краю, доля нашага народа, турэмныя думкі і жыццё – вось, здаецца, і ўсе тэмы яго твораў. Ужываючы іх бадай шмат разоў, ён не можа не паўтарацца не толькі ў агульным змесце вершаў, але і ў асобных фразах і абразах.
        Напрыклад, яшчэ ў № 3 «Нашай долі» (1906 і4.) мы чыталі, што «На камінку корч пылае», але зусім гэтак жа пылае ён і ў вершы «Маці», гляньма на верш «У школу» і там пабачым «Ярка на камінку смольны корч пылае». Гэтакія паўтарэнні яшчэ болей павялічываюць аднатоннасць вершаў, і без таго не блішчучых ані красой формы, ані яркасцю мовы, ані абразнасцю зместу. Асабліва даецца ўсё гэтае ў знакі ў апісаннях (на наш пагляд – самай слабай часткі зборніка), бо як артыст-маляр Колас не стаіць вельмі высока, і не ў пекнасці формы, мовы ці малюнку хаваецца цэннасць яго вершаў, але ў праўдзівай – далёкай ад усякай фалыпы – любві да бацькоўшчыны; гэтая любоў, як цудоўная жывая вада ў казках, ажыўляе іх і робіць роднымі, блізкімі ўсякаму, у кім яшчэ ёсць душа жывая, хто не забыўся аб долі свайго народа, а мо і сам перажывае апісанае ў гэтых вершах. На жаль толькі, выключна лірычны талент Коласа Рэдка падымаецца да асаблівай сілы пачуцця; але там, дзе мог развярнуцца лірызм паэта, разбуджаны жывымі праўдзівымі пачуваннямі (гл. у «Песнях жальбы» аддз. «Думкі», «3 турмы»), – там ёсць і такія рэчы, як «Песня нядолі», «Восенны дождж», «Гусі», «Восень», «Ўюцца думкі», «3 турмы» і інш. Можна б паказаць, што там ці сям паміж іх спатыкаюцца русіцызмы, што апошні верш нагадывае А. Талстога («Край мой, край...»), але гэта ўжо драбніцы, і, нягледзячы на іх, памянёныя вершы, як і сам Колас, павінны заняць пачэснае месца ў нараджаючайся беларускай пісьменнасці.
        Руху ўперад няма і ў жартах А. Паўловіча; куды ні зірні – усё той жа куртаты змест, гумар каторага зусім знікае ў надзвычайна расцягнутых вершах, усё той жа валючыйся з ног рытм, тыя ж абы-як толькі падабраныя рыфмы. Ёсць і русіцызмы, ёсць і зусім незразумелыя месцы. Мусіць, і сам Паўловіч разумее духоўную і артыстычную беднасць сваіх вершаў, бо, згуртаваўшы іх летась у зборнічак «Снапок», шмат чаго туды і не памясціў; але і пасля гэтага вартасць кніжкі асталася вельмі невялікай. Праўда, ёсць у ёй і добрыя бакі: першае (што можна сказаць і аб усіх нашых пісьменніках), – ён так ці сяк, але апрацовывае беларускую мову і, працуючы ў ёй, нават і слабым вершам дае беларускаму чытачу болей, чым добры, але чужаземны паэт. Апроч таго, ёсць у Паўловіча колькі вершаў, каторыя сведчаць, што ён мае змогу быць праўдзівым паэтам, толькі шмат працы трэба для гэтага і над формай верша і над развіццём свайго духоўнага зместу.
        Што да Багдановіча, то і ў ім непрыкметна шпаркага развіцця, хоць асобнасці яго таленту выступаюць ужо даволі ясна. Гэта паэт-маляр. Слабы як лірык, ён усю сваю ўвагу звяртае на абразнасць зместу вершаў і разам з тым клапоціцца аб згушчонасці яго, спадзяваючыся прыдаць ім праз гэта асаблівую сілу, але, сціснутыя павэдлуг такіх заходаў, вершы іншы раз заміж малюнка даюць якісь абрывак яго. Што варта гэтая праца, сказаць пакуль што цяжка, а таму, адзначыўшы даволі шырокі круг тэм у гэтых вершах і бледнасць мовы іх, я перахаджу да другарадных паэтаў.
        Ёсць тут і даўныя знаёмыя (А. Гарун, Г. Леўчык, Стары Улас, перапяваючы Коласа, Ц. Гартны), ёсць і некалькі новых імён (Чарнышэвіч і Піліпаў), але ніхто з іх не даў нічога асабліва яркага. Лепшыя вершы Гартнага і Леўчыка – у «Календары». Адна толькі Канстанцыя Буйла абяцае развіцца ў праўдзівы асабісты талент. Як мы бачым, рух, аб каторым гаварылася ў пачатку стацці, адбіўся і тут: лік другарадных пісьменнікаў значна павялічыўся; ёсць перамены і ў змесце вершаў, каторыя ўжо кіруюцца да новых матываў і дзеля гэтага робяцца болып рознакалёрнымі. Штождатыкаеццадапаэтаў-аднаднёвак, то іх у апошнім гаду бадай што не было, а тыя, што і з’явіліся, давалі найболып добрыя рэчы («Н. н.», 1910 г. – гл. Каганец, Крапіўка, Будзька і інш.).
        Урэшце, адзначым скончанае летась выданне «Беларускіх песняроў» і зборнік народных песняў (сабраў Грыневіч), цікавы і з артыстычнага боку. Наогул, нядрэнную памяць пакінуў па сабе мінулы год у гісторыі нашай паэзіі.
        
        
III
        
        Пераходзячы да апавяданняў, адзначым перш за ўсё двух пісьменнікаў: Власта і Ядвігіна Ш. Вакол іх згуртаваліся чуць не ўсе нашы аўтары апавяданняў, вытварыўшы павэдлуг гэтага два асобныя слаі: адзін складаецца з невялічкіх рэчаў, каторым і назовы ніяк не падбярэш: апавяданне – не апавяданне, думкі ўслух – дык не тое... адным словам, нешта збіваючаеся крыху на так званыя «вершы ў прозе». Найчасцей можна знайсці там апісанне прыроды і выкліканых яе відам думак, але ўсё гэта бледна, нудна, бяскрыла; да таго ж аўтары іх маюць небагата духоўнага зместу. Адзін толькі Власт здалеў даць у сваіх абразках нешта цэннае. На жаль, ён іншы раз даволі моцна нагадуе польскіх мадэрністаў (гл. «Мары»), у бытавых жа апавяданнях губіць лепшы бок свайго таленту – сумную паэтычнасць. Але бывае, што на апісаннях нашага шэрага жыцця адбіваецца лірычны пад’ём душы пісьменніка і ўплятае ў вянок нашай літаратуры свежы яркі цвяток (гл. ап.<авяданне> «Лебядзіная песня»). Другі слой склаўся з жартаў, развітых у дробньія апавяданні. Вартасць лепшых з іх – у жывасці мовы, у пэўным апісанні народнага быту, у тым, што яны папраўдзе караняцца ў народным творчастве і толькі развіваюць яго, уліваюць у літаратурныя формы, а таму яны блізкі і зразумелыя народу.
        Лепшай спадчынай, дастаўшайся нашай літаратуры леташняга года ад гэтага кірунку, былі бойкія казкі-апавяданні Ядвігіна Ш. (напісаная другім тонам «Бярозка» выйшла слабей), ды яшчэ дзе-якія рэчы другіх пісьменнікаў («Ахвяра» Гурло і др.). Сюды ж трэба далажыць і некалькі апавяданняў, па зместу свайму блізкіх да народнай мудрасці («Гарэлка» Я. Окліча, «Казка не казка» Н.). Хоць і невялічкія гэта здабыткі, але і тут адбіўся агульны ўзрост нашай пісьменнасці.
        Урэшце, з нараджэннем тэатра з’явілася і яшчэ адно наслаенне яе – беларуская драма, праз каторую першы раз наша мова люнула моцнай хваляй з вёскі ў места.
        З розных драм, напісаных у беларускай мове, летась прадстаўлялі «Моднага шляхцюка» К. Каганца і перакладную «Па рэвізіі» і «Не розумам паняў, а сэрцам».
        Ёсць у нашай літаратуры і яшчэ адна драма – драма жыццёвая. 8 апрыля абарваў жыццё сваё на дваццатай вясне Сяргей Палуян; а якая любоў да Беларусі таілася ў яго сэрцы, які шырокі, многабочны талент загінуў з яго смерцю – гэта можна зразумець і з глыбока сімвалічнага, напоўненага душэўным болем апавядання «Вёска», і з другой рэчы – «Хрыстос уваскрос», дзе на ўсім працягу б’ецца хваля напружанага пачуцця.
        Моцна ціснула маладога пісьменніка сучаснае грамадзянскае жыццё, ды не пакарыўся ён яму і за гэта заплаціў сваёй смерцю. Не забудзема ж яго ў час барацьбы і абдалення, але няхай у нас прабуджаецца разам з тым і святая гордасць: наша пісьменнасць неразвітая і каравая, але вялікім пачуццём напоўнена ўсё яе цела, не на грашовых справах трымаецца яна і ніколі не пойдзе чысціць боты капіталу!

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.