РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Санет
 
Тэарэтычна-гістарычны нарыс
        Паняцце аб санеце дасюль яшчэ астаецца даволі зыбкім, цякучым, дасюль яшчэ яно не застыгла, не ацвярдзела, не атрымала акончаных форм. З аднаго боку, самі паэты па няведзенню альбо і па нядбаласці ўсякімі іісепШз роейсіз не давалі яму скрышталізавацца, зрабіцца болі ўстойчывым; з другога – рознымі тэарэтыкамі пісьменнасці развіваліся не зусім адзінакавыя пагляды на дзе-якія бакі гэтай краснай формы. Але ўсё ж ткі было ў ёй і некалькі рэчаў, пад каторыя ніхто не прабаваў падкапацца, бо разам з імі рухнуў бы і ўвесь стройны санетны гмах. Звярнуўшы ўвагу да іх, мы можам сказаць, што санетам называецца верш, складаючыйся з чатырнаццаці напісаных пяцістопным ямбам строк, у каторых мужскія рыфмы чарадуюцца з жаноцкімі і маюць такі парадак; аЬЬааЬЬа ссйесіе. Праўда, для апошніх шасці рыфм шмат кім дапускаецца якое ўгодна размяшчэнне, але строгія тэарэтыкі, як, напрыклад, Сент-Бёў альбо Ляконт дэ Ліль, адмаўляліся лічыць санетамі гэткія вершы. Адзначанага ж чарадавання трымаліся і такія майстры пісьменніцкага цэху, як слаўнавядомы ў свой час паэта Малерб. Таго ж будзем трымацца і мы.
        Намі зроблены агульны абрыс санетнай формы. Усе іншыя элементы яе караняцца ўжо ў гэтым асноўным ядры, гуртуючыся вакол яго. Паглядзім жа, наколькі глыбока і моцна ўвайшлі іх карэнні ў свой грунт.
        Мы бачым, што першыя восем строк санета скаваны між сабой ланцугом адзінакавых рыфм, знітаваны імі ў нешта цэльнае, звернуты ў нейкі паэтычны маналіт; а каб гэтая знітоўка была мацнейшай, каб пачатак верша не расслаіўся на два зусім незалежных куплеты, – апошняя канцоўка першага з іх і пачатковая другога павінны быць аднолькавымі. Стаячыя ж далей ужо новыя рыфмы павінны зрабіць глыбокую трэшчыну паміж гэтым кавалкам і ўсім астатнім. Значыцца, санетная форма распадаецца на дзве асобныя часці, што вымагае і ад зместу кожнай з іх як скончанасці, так і незалежнасці. Калі ж бы ён перапляснуў за край уласнай формы, прарваў яе гаць і ўліўся ў межы другога кавалка, – пекнасць верша была б адразу папсавана; форма і змест яго зрабіліся б чужымі, непрыстасованымі, нязгоднымі, змагаючыміся між сабой, увесь час шкодзілі б яны адзін аднаму збудзіць у чытача пачуццё красы і нават забівалі б яго. Такім парадкам, пэўна напісаны санет, быццам арэх-спарыш, павінен хаваць пад аднэй скарлупой два асобныя, хоць і шчыльна сціснутыя між сабой ядры. Углыбляючы сваё значэнне, гэтая будоўля верша адціснула ўласную пячаць і на характары зместу кожнай з дзвюх яго часцей. Павэдлуг гэтага ў першых васьмі строчках развіваецца тэма санету, а ў астатнім – заключэнне да яе; ставіцца пытанне і даецца адказ; малюецца абразок і выкладаецца паясненне к яму. А каб паболыыылася свежасць вытваранага такім парадкам санета, трэба, каб ні адна нітка з яго тканіны, ні адна цагліна з яго гмаху, ці прасцей кажучы, ні адно слова з яго не ўжывалася болі разу. Толькі пасля здавальнення ўсіх гэтых вымог здолее з’явіцца тая высокая краса, пры каторай, як кажа класічны верш Буало, «ші зошіеі запз (Шаііі; уаііі ееііі іш 1оп& роёте» («пэўна напісаны санет варт цэлай паэмы»).

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.