РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забыты шлях
        Цяжкі ўдар прыняла на сябе наша краіна: на яе абшарах зыйшліся мільённыя арміі, точуцца бітвы, усё нішчыцца, гаспадарка гібеець, не тысячы, а соткі тысяч людзей павінны кідаць усё сваё ды ісці па нязмераным дарогам далей, а куды – немаведама; ісці, не знаходзячы прытулку, не маючы скарынкі хлеба, паміраючы і ад голаду, і ад пошасцяў, не ведаючы, якую даць сабе раду.
        I мы, беларуская інтэлігенцыя, будзьма ратаваць іх, як ратавалі і дасюль, будзьма ратаваць і ў сваім краю, і на чужыне, памінаючы ў гэтыя грозныя часы абяцанне, каторае ў сэрцы сваім даваў кожны з нас: сілы свае ахвяраваць роднаму краю. Але роднаму краю, а не толькі не маючым прыпынку разграмлёным людзям. Бо, баронячы наш народ, мы павінны бараніць і нашу культуру. I што б там ні было, а гмах яе, калісьці распачаты, павінен быць збудованы да канца. Вось чаму я бяруся гаварыць аб справах, здавалася б, зусім не прыпадаючых да цяперашніх часоў: мова мая будзе аб адным дужа вялікім недахваце ў беларускай паэзіі.
        
        ***
        
        Я пільна прыглядаюся да беларускай паэзіі і заўшэ з радасцю бачу, што яна – паэзія жывая. Не таму, або лепі не толькі таму жывая, што ўжо ёсць у яе колькі запраўды здольных песняроў, іншы раз Даючых нам поўныя натхнення, беззаганныя творы. Гэта асаблівага значэння не мае. Куды болыпую ўвагу звяртае на сябе тое, што за восем-дзевяць год свайго праўдзівага існавання наша паэзія прайшла ўсе шляхі, а пачасці і сцежкі, каторыя паэзія еўрапейская пратаптывала болей ста год. З нашых вершаў можна было б лёгка зрабіць «кароткі паўтарыцельны курс» еўрапейскіх пісьменніцкіх напрамкаў апошняга веку. Сентыменталізм, рамантызм, рэалізм і натуралізм, урэсьце, мадэрнізм – усё гэтае, іншы раз нават у іх рожных кірунках, адбіла наша паэзія, праўда, найчасцей бегла, няпоўна, але ўсё ж ткі адбіла. Вялікую ўнутраную рухавасць мае яна – аб гэтым не можа быць і споркі.
        
        ***
        
        I ўсё ж, хоць многа шляхоў прайшла пры сваім развіцці наша паэзія, але адзін дасюль яшчэ абмінае яна – свой родны, беларускі шлях, праложаны праз соткі год народнай песеннай працы. Соткі год народ вытвараў сваю паэзію, вырабляў прыпадаючыя да сваёй душы вобразы, параўнанні, эпітэты, сюжэты, творчаскія падходы. А чым нашы песняры скарысталіся са ўсяго гэтага? Бадай што нічым.
        Праўда, яшчэ год семдзесят таму назад Ян Чачот надрукаваў каля трыццаці ўласных песняў, напісаных так добра накшталт народных, што і адрожніць ад іх было не зусім лёгка. Але зборнічка таго даўно ўжо няма, вершы Чачота не перадрукаваны, ніхто іх не ведае і ніякага ўплыву на нашу пісьменнасць яны не мелі і не маюць.
        Замала «беларускасці» было (апрыч Чачота ды Петрука з-пад Крошына, ды яшчэ, быць можа, Баршчэўскага) у нашых даўнейшых песняроў, творы каторых мы ведаем, замала яе і ў сучаснікаў. Адзін толькі Каганец, пішучы вершы, аглядаўся на народную песню, намагаўся, каб яны былі праняты яе духам і яе прыкметамі. Ды, на жаль, мала было ў яго творах натхнення і выхадзілі яны ў яго важкімі, тапорнымі, бяссільнымі. Таму ў друку іх бадай што зусім не з’яўлялася і ніякага следу ў беларускай паэзіі яны не пакінулі. Аднак, хоць і зрэдку, Каганец падвышаўся да праўдзівай творчасці, і тады ў яго вынікалі такія вершы, як «Кабзар» («Н.<аша> н.<іва>», 1909 г.) – рэч самародная, веючая народным духам і пакідаючая моцнае ўражанне.
        Апрыч гэтага, гаварыць астаецца мала аб чым. Зрэдку, то там, то сям спатыкаюцца ў сучасных вершах то народны эпітэт, то народны паралелізм, або метр, або рыфма, або сюжэт. Але як тое рэдка і як тое выпадкова! Часцей гэтае спатыкалася ў Цёткі, я даў невялічкую нанізку вершыкаў, пачасці ўдаваўшых беларускую песню1, дзве-тры такія ж рэчы напісаў Купала. А па-за тым трэба ставіць кропку. Беларускіх вершаў у нас яшчэ не было – былі толькі вершы, пісаныя беларускай мовай.
        
        Аб сваёй паэмцы «Мушка-зелянушка» ды некалькіх дробных вершах, надрукаваных улетку, я тут не гавару, бо гэта ўжо – пачатковы вынік з той працы над беларускім складам у вершы, якую я распачаў каля году назад і абараняю ў гэтай стацці.
        
        Беларускіх вершаў яшчэ не было, але яны павінны быць, і будуць! Як кожны народ мае сваю нацыянальную душу, так ён мае і свой асаблівы склад (стыль) творчасці, найбольш прыдатны да гэтай душы. Есць ён і ў нас, беларусаў, і мы мусіма звярнуцца да яго, каб улажыць што-небудзь сваё ў скарбніцу светавой культуры, каб уліць у нашую паэзію свежыя сокі, каб стаць бліжэй да душы роднага народа, лепі паталіць яе духоўную смагу і запраўды ўзяцца за вялікую працу: развіццё беларускай народнай кулыпуры.
        Распачаць гэтую справу ў паэзіі будзе нялёгка: куды лягчэй ісці па прабойным дарогам, куды лягчэй пісаць, маючы перад вачыма добрыя прыклады; а тут усё, ад пачатку і да канца, трэба рабіць самому. Ёсць і шмат іншых перашкод, вымагаючых пільнай працы і доўгіх дум; асабліва цяжка прыходзіцца пры найважнейшым і найгоршым пытанні: што з песняў, каторыя пяюцца ў нас, належыць да беларусаў, а што ўзята ад велікарусаў, украінцаў, нават у палякаў? Скрозь спатыкаюцца ў нас песні, вядомыя ў іх, або ўстаўлены кавалачкі з гэтых песняў, цікавыя параўнанні і т. д. Ці мы бралі ад іх, ці яны ад нас? Ці зраслося запазычанае з душой беларуса, ці асталося чужым? Міма гэтых (і шмат якіх іншых) запытанняў моўчкі прайсці не можна, але і адказаць на іх не проста. Ды як бы ні прыходзілася цяжка, а праўдзівая беларуская паэзія павінна знайсці для сябе працаўнікоў: бярымося ж за гэтую нялёгкую, але вясёлую работу.
        
        ***
        
        Бярымося! Наш сягонняшні, наш заўтрашні напрамак – да забытага намі народнага беларускага шляху. Але выйшаўшы на яго, становімся мы на расстанні: мы можама жыўцом браць з народных песняў тыя скарбы, аб каторых была мова вышэй, – браць і ўстаўляць у свае вершы; далей, мы можама вучыццаў народа, навыкаць да яго творчаскіх падходаў. За што ж нам брацца?
        Ідучы першай дарогай, мы, праўда, трохі аднавім нашу паэзію, і яна прыбярэцца крыху ў народны колер (як тая паненка, што надзела ўзятую ад вясковай дзяўчыны шнуроўку). Але, як кожны бачыць, гэта не шлях да шырокага развіцця паэзіі. Да таго ж – не забудзем, што праз такія запазычкі чытач пачынае неяк сумлявацца ў творчаскіх сілах пісьменніка: мо таму ён запазычае, што свайго стварыць не можа? Калі запазычана сапраўды каштоўная рэч, дык вынікае думка: чаго варт нісьменнік, у каторага лепшае – запазычкі? А дзе-хто, можна спадзявацца, нават крыкне, плагіят! (крадзёж з пісьменніцкага вытвору). Але досыць аб гэтым. Ці рабіць тыя запазычкі, ці не рабіць – паважнага значэння гэта не мае. Для шырокай жа працы трэба ўступаць на другі адзначаны намі шлях.
        Аднак і тут можна ісці па-рожнаму: можна старанна ўдаваць тое, што ёсць у народнай песні, кіруючыся, каб даць вытвор, які не можна б было адрожніць ад народных. Гэта сталася б каронай для такой працы. Можна пісаць і інакш – не намагаючыся падрабіцца пад народную песню, але ў народным духу, прыклад чаго даў Каганец у сваім «Кабзару». Проці першага спосабу многа можна сказаць. Напісан верш, каторага ад народнай песні і не адрожніш. Гэта – трыумф пісьменніка, стаўшага на такую пуціну. Але на што той верш? Ці ж замала было б народных песняў і без яго? Далей, – мы ж радзіліся аб развіцці народнай паэзіі, а тут у лепшым прыпадку становімся ўровень з ёй, аб развіцці ж няма і мовы. Яшчэ адно: круг сюжэтаў песні нешырокі, ён хутка будзе пройдзен увесь да канца, і тады пачнуцца прыкрыя паўтарэнні старога, ужо сказанага, пісьменніку будуць звязаны скрыдлы, паэзія ўпрэцца чалом у сцену. Урэсьце ж, адна рэч – песня, другая – верш; песня пяецца, і гэтае робіць да яе такія вымогі і надае ёй такія прыкметы, удаваць каторыя ў вершы, было б слепатой.
        Астаецца апошні шлях. Ісці па яму – справа верная, але небяспечная. Бо што такое той «народны дух»? На ім няма ані кляйна, ані пломбы, а таму пад яго прыкрыццем, канечне, будуць занасіцца ў нашу пісьменнасць і наследаванні з велікарускай ды ўкраінскай народнай паэзіі, пад уплыў каторых так лёгка падпасці, і ўласныя нікчэмныя выдумкі, і яшчэ шмат што. Ізноў скажу – шлях верны, але небяспечны. Думаецца, пакуль мы робім першыя крокі, трэба нам трымацца народнай песні, як сляпы трымаецца плота, трэба стаць бліжэй да першага з абодвух спосабаў творчасці; але пры гэтым мы павінны памятаць, што ён добры толькі для пачатку працы, што на ім далёка не зайдзеш, і што раней або пазней мы павароцім на шырокі, у бязмежную даль пралёгшы, шлях. Дзе яго шукаць – мы ўжо гаварылі.
        
        ***
        
        Мы падайшлі к канцу. Астаецца сказаць усяго некалькі апошніх слоў.
        Намагаючыся зрабіць нашу паэзію не толькі мовай, але і духам, і складам твораў шчыра беларускай, мы зрабілі б цяжкую памылку, калі б кінулі тую вывучку, што нам давала светавая (найчасцей еўрапейская) паэзія. Гэта апошняя праца павінна ісці поўным ходам. Было б горш, чым нядбальствам, нічога не ўзяць з таго, што соткі народаў праз тысячы год сабіралі ў скарбніцу светавой культуры. Але занасіць толькі чужое, не развіваючы свайго, – гэта яшчэ горш: гэта значна глуміць народную душу. Да таго ж адны жабракі могуць праз усё жыццё толькі браць. Трэба-ж і нам, беручы чужое, калі-нікалі даць нешта сваё. А свайго, як мы бачым, мы давалі меней, чым маглі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.