РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юры Несьцярэнка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Аляксандар Цалуйка: Я ўпэўнена пацьвердзіў, што граць буду ў любым выпадку...
 
Гутарка з гітарыстам Аляксандрам Цалуйкам.
        На “Грыфаманіі-2006” Аляксандр Цалуйка стаў адкрыццём фестывалю. У наступным, 2007 годзе, падчас прэм’еры 13-й сімфоніі з электрагітарай Дзмітрыя Смольскага, малады гітарыст выканаў партыю сола-гітары. Пазней працаваў з рознымі вядомымі беларускімі выканаўцамі. Зараз знаходзіцца па-за межамі Беларусі з нагоды доўгатэрміновага кантракту з музычным агенцтвам адной з краін далёкага замежжа.
        
        
        
        
        
        Аляксандр Цалуйка.
        
        
        
        У свой час знакаміты беларускі кампазітар Дзмітрый Смольскі ва ўласнай 9-й сімфоніі выкарыстаў электрагітару як саліруючы інструмент. Тады партыю сола-гітары выканаў сын Дзмітрыя Браніслававіча, сусветна вядомы гітарыст Віктар Смольскі (былы ўдзельнік гуртоў Inspector і Mind Odyssey, зараз грае ў складзе нямецкага гурта Rage). У 13-й сімфоніі Дзмітрый Браніслававіч зноў звярнуўся да мастацкіх сродкаў з арсеналу рок-музыкі. Як у поле зроку гранда акадэмічнай музыкі апынуўся нядаўні выпускнік музычнага вучылішча імя Глінкі, распавядае сам Аляксандр Цалуйка:
        
        
        – На трэцім курсе я трапіў на прэм’еру 11-ай сімфоніі Дзмітрыя Смольскага. Пад вялікім уражаннем ад таго, што пачуў, вырашыў павіншаваць кампазітара. Я знайшоў магчымасць сустрэцца і ўзяць аўтограф. Нечакана для мяне пасля кароткай размовы Дзмітрый Браніслававіч запрасіў зайсці да яго ў госці. Замест пяціхвіліннай гутаркі атрымалася сустрэча на паўтары гадзіны. У той момант дома знаходзіўся і Віктар. Так я пазнаёміўся з сям’ёй Смольскіх.
        
        Пасля гэтага я запрасіў Дзмітрыя Браніслававіча на дзяржаўны экзамен (1 чэрвеня 2007 года), дзе сыграў кампазіцыю яго сына ва ўласнай аранжыроўцы для 13 інструментаў (флейта, альт-саксафон, струнны квартэт, бас-гітара, ударныя, перкусія, сінтэзатар, раяль, дзве гітары).
        
        Калі высветлілася, што ў прэм’еры 13-й сімфоніі не зможа прыняць удзел Віктар Смольскі як выканаўца партыі электрагітары (гэта стала вядома прыкладна ў сярэдзіне чэрвеня, адразу пасля майго дзяржэкзамену), Дзмітрый Браніслававіч запрасіў мяне. Мне прапанавалі падумаць, але я ўпэўнена пацвердзіў, што граць буду ў любым выпадку. Хоць і не ведаў, з чым давядзецца сутыкнуцца...
        
        
        Адна справа, калі граеш на сцэне з трыма-чатырма калегамі па рок-групе, і зусім іншае, калі акампануючы склад даходзіць да сотні чалавек. Спецыфіка ігры з сімфанічным аркестрам – гэта непастаянны тэмп, вялікія перапады дынамікі, неабходнасць уважліва слухаць аркестр і адначасова сачыць за дырыжорам. У верасні 2007 года была прызначана першая сустрэча аўтара 13-й сімфоніі і музыкантаў аркестра, на якой адбыўся разгляд матэрыялу. Аб далейшых падзеях успамінае Аляксандр Цалуйка:
        
        
        – Асноўная праца пачалася ўсяго за тыдзень да прэм’еры, што мяне вельмі хвалявала. Усяго адбылося пяць рэпетыцый. Самае складанае было не тое, каб вывучыць сваю партыю, а хутчэй – каб граць яе з аркестрам. Пасля другой рэпетыцыі ў мяне стала атрымлівацца, я навучыўся слухаць аркестр, сачыць за дырыжорам, уваходзіць у вобраз. Дзмітрый Браніслававіч сказаў: фрак не патрэбен, больш да месца будуць скураныя штаны і распушчаныя доўгія валасы. Мелася на ўвазе, што выканаўца партыі электрагітары мусіў быць менавіта рок-музыкант. Гэта датычылася і знешняга выгляду, і манеры паводзінаў.
        
        
        28 кастрычніка 2007 года ў залі Белдзяржфілармоніі гітарыст Аляксандр Цалуйка выйшаў на сцэну з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь. Прэм’ера 13-й сімфоніі стала вельмі важнай з’явай у кар’еры маладога гітарыста. Пра свае ўражанні Аляксандр распавядае так:
        
        
        – На канцэрце я сыграў лепей, чым на любой з рэпетыцый. Вельмі хваляваўся перад пачаткам, але на сцэне, на здзіўленне, адчуваў сябе спакойна і ўпэўнена. Адчуванне, што перад табой поўны зал, “заводзіла”, надавала энергіі. Публіка ўспрыняла твор вельмі цёпла, і другую частку мы зайгралі “на біс”. Калі трэба было выходзіць на паклон (я знаходзіўся за аркестрам, на ўзвышэнні), у мяне на вачах былі слёзы. Зала апладыравала падняўшыся з месцаў, з усіх бакоў успышкі фотаапаратаў, крыкі “Брава!”...
        
        
        Напрыканцы 2007 года 13-я сімфонія прагучала яшчэ раз у выкананні сімфанічнага аркестра Акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца. Наступныя два выкананні адбыліся ў траўні 2008 года. Адно ў межах вялікага канцэрта ў гонар 80-годдзя Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. Другое ў Віцебску, у залі абласной філармоніі. Была таксама адна замежная паездка з аркестрам – у Славакію, у горад Браціслава.
        
        Аляксандр Цалуйка пра выступленне ў Віцебску:
        
        
        – Да гэтай паездкі я быў цалкам гатовы, хаця хваляванне, як успрыме мясцовая публіка наш выступ, прысутнічала ва ўсіх. Але хваляваліся дарэмна. У гэтым горадзе прымалі нас добра, і мяне вельмі ўразіў культурны ўзровень віцебскай публікі.
        
        
        
        
        
        Заставаючыся сапраўдным рок-гітарыстам, Аляксандр працягвае працу ў накірунку “неакласік”. На фестывалі сучаснай гітарнай музыкі “Грыфаманія-2007” музыка выканаў вельмі складаную кампазіцыю Unity з рэпертуару Rage. Ён доўга не наважваўся сыграць гэты твор, але ў выніку ўсё атрымалася. Другі нумар – папуры з многіх вядомых тэм гітарыстаў і гуртоў (Malmsteen, Ferreri, Joe Taffolo, Rage, Dream Theater). Для публікі такая праграма аказалася ў нейкай ступені нечаканай.
        
        На “Грыфаманіі-2009” былі прадстаўлены дзве разнапланавыя кампазіцыі вельмі паважанага Аляксандрам гітарыста Джона Петручы. І таксама мінскія аматары сучаснай гітарнай музыкі вельмі цёпла і з вялікай цікавасцю сустрэлі выступленне маладога гітарыста.
        
        Як запрошаны музыкант Аляксандр Цалуйка супрацоўнічаў з Кірылам Слукой, гуртом “Цвет Алоэ”, са спявачкай Eva Shimanski, Тарыэлам Майсурадзэ, Георгіем Калдуном.
        
        На пытанне расказаць, ці здараліся нейкія незвычайныя выпадкі на выступленнях, цікавыя сітуацыі, кур’ёзы, Аляксандр распавёў наступную гісторыю:
        
        
        – Падчас выступлення ў Віцебску з сімфанічным аркестрам, як толькі прагучалі апошнія ноты, наш дырыжор Аляксандр Анісімаў павярнуўся да залы і сказаў прыкладна наступнае: “Вы ўбачылі ролю саліруючых інструментаў аркестра, у прыватнасці электрагітары, а цяпер ацаніце ролю дырыжора”. І сышоў са сцэны. Для ўсіх музыкаў гэта была абсалютная нечаканасць, а дырыжор з-за кулісаў даў нам зразумець, што граецца другая частка 13-й сімфоніі яшчэ раз, “на біс”. Тут выратавала тое, што рытм трымаў барабаншчык... Але галоўнае, мая апаратура ўжо была выключаная. І на пачатку кампазіцыі давялося экстрана падключаць усё наноў. Я думаў, што не паспею, але музыкі аркестра мяне пачакалі, я падключыўся і ўступіў без спазнення. Без дырыжора ў цэлым атрымалася няблага...
        
        
        Вось такія здараюцца жарты ў жыцці гітарыстаў. Застаецца пажадаць Аляксандру далейшых поспехаў, плёну, удачы, у тым ліку і ў такіх складаных і непрадказальных сітуацыях.
        
        
        Матэрыял падрыхтаваў Юры Несцярэнка.
        
        Фота з асабістага архіву Аляксандра Цалуйкі.
        
        © сайт “Родныя вобразы”.
         інтэрв’юер Юры Несьцярэнка

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.