РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юры Несьцярэнка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Легенды Сяргея Курэка
 
Гутарка з блюзавым выканаўцам Сяргеем Курэкам
        
        Сяргей Курэк падчас выступлення на фестывалі “Мінск Блюз 2008”.
        
        
        
        
        Легенда №1
        
        На пачатку двухтысячных па Гомелю хадзілі чуткі, што Сяргей Курэк, малады блюзавы выканаўца, у адным з джэмаў перайграў гітарыста шатландскай групы “Liber 8”. Той расстроіўся, кінуў гітару і сказаў Курэку: “Я не варты гэтага інструмента, забірай яго...”
        
        
        
        У адзін з прыездаў у Мінск спадар Курэк с задавальненнем пагадзіўся расказаць аб сваіх музычных прыгодах усю праўду.
        
        
        – Сяргей, ці сапраўды так трагічна складаліся адносіны з “Liber 8”?
        
        
        – У 2000 годзе мы гастраліравалі з гэтай групай. У нас былі выдатныя адносіны, і гітарыст перад ад’ездам на радзіму падараваў мне сваю гітару “Fender Squire”. З нейкай незразумелай мне нагоды гэта гісторыя абрасла дэталямі, якія не маюць нічога агульнага з рэальнымі падзеямі. Трэба дадаць толькі, што гэта былі мае першыя сапраўдныя гастролі.
        
        
        – На тваім сайце можна даведацца не толькі пра першыя гастролі. Але не мог бы ты сам каротка распавесці аб тым, як прыйшоў да блюзу?
        
        
        – Мне было гадоў трынаццаць-чатырнаццаць. Вучыўся граць на гітары як і ўсе равеснікі – у двары. Аднойчы ўбачыў фільм, дзе малады хлапец прама ў машыне граў для сваёй дзяўчыны музыку, якая мяне захапіла. Я даставаў усіх сваіх знаёмых, спрабуючы дазнацца, што гэта было. Ніхто не мог нічога дакладна сказаць. Акрамя аднаго хлопца, які выказаў меркаванне, што гэта быў блюз. Ён крыху займаўся ў гэтым накірунку і, як чалавек дасведчаны, параіў мне: “Ідзі ў Палац піянераў, там ёсць блюзавая тусоўка...”
        
        Ужо праз год я сабраў першую блюзавую каманду – трыо Big Dolls. Мы гралі, дзе толькі была магчымасць – і на гарадскіх мерапрыемствах, і на “металічных” тусоўках. Мы верылі, што іграем правільную музыку, і наша энергетыка вымушала людзей верыць нам. У хуткім часе наш басіст з’ехаў у Амерыку на сталае месца жыхарства.
        
        Потым быў гурт At Last. Мне было 16 год. Упершыню мы прыехалі ў Мінск і выступілі ў Стар-клубе. Мне тады пашанцаала сустрэцца і пазнаёміцца з легендарнымі музыкамі – Аляксандрам Растопчыным, з удзельнікамі гурта “Сузор’е”, ды шмат з кім яшчэ.
        
        Гады праз тры я сабраў “Трыо Сяргея Курэка”, гурт, які больш наблізіўся да блюз-рокавага саўнду. Вось тады якраз адбылася сустрэча з гуртом Liber 8.
        
        Новы этап можна азначыць на пачатку 2000-х гадоў – утварэнне гурта Blues Access Band. Тут мы адчулі, што самастойна можам граць паўнавартасныя блюзавыя канцэрты. Упершыню мы выехалі за межы Беларусі.
        
        Крыху пазней я з’ехаў у Германію па абмену, у межах маладзёжнага праекта. Па вяртанні працягваў займацца любімай справай. Гурт з назвай 3D Blues праіснаваў нядоўга. Яму на змену з’явіўся джаз-рокавы Night Drive. Першы раз у жыцці мне давялося граць з прафесійнымі музыкамі, якія мелі музычную адукацыю. Дарэчы, у той жа час я самастойна пачаў вывучаць тэорыю музыкі.
        
        
        
        Легенда №9
        
        Аднойчы гомельскія музыкі паспрачаліся паміж сабой, у якім годзе Курэк скончыў музычнае вучылішча імя Сакалоўскага, і з кім на курсе ён вучыўся. Першыя называлі адны даты і выпускі, другія называлі зусім іншы час ды іншых выпускнікоў. Пазней высветлілася, што Сяргей ніколі не паступаў у гэта вучылішча, проста часта заходзіў да сваіх сяброў і знаёмых.
        
        
        
        – З якімі музыкамі ты працягваў супрацоўнічаць потым?
        
        
        – У 2006 годзе быў арганізаваны новы калектыў, як раз перад паездкай на “Мінск. Блюз 2006”. На гэтым фестывалі я пазнаёміўся з галоўным яго арганізатарам Яраславам Аляксеевым. Пасля мы прымалі ўдзел у міжнародным фестывалі “Рэнесанс гітары” ў Гомелі, шмат разоў выступалі ў Мінску – рабілі сольны канцэрт у клубе “Гудвін”, бралі ўдзел у наступных фестывалях “Мінск. Блюз” ды іншых мерапрыемствах.
        
        У студзені 2009 года я зрабіў праграму з мінскімі музыкамі. Нарэшце спраўдзілася мая даўняя мара – зрабіць праграму з блюзавым губным гармонікам. Харпер Дзяніс Балахонаў сапраўдны майстар сваёй справы. Акрамя яго ў групе гралі басіст Руслан Праўда (экс-Крама) і барабаншчык Андрэй Лазараў (White Night Blues).
        
        
        – З вышэйсказанага зразумела, што ты ўвесь час быў у пошуку – і гучання, і стылю, іміджа, рэпертуару. Напэўна, гэта было звязана з нейкімі ўплывамі, тваімі захапленнямі. Можа быць, ты распавядзеш аб аўтарытэтах, тых, хто паўплываў на цябе?
        
        
        – Пачынаў слухаць Бі Бі Кінга (B.B. King) Потым адкрыў для сябе Хендрыкса (Jimi Hendrix), але праз дастаткова рэдкі і незвычайны для Хендрыкса альбом Blues, дзе былі сабраны нявыданыя блюзавыя запісы гэтага музыканта. Сціў Рэй Воўэн (Stevie Ray Voughan) не падабаўся, пакуль не пачуў у яго выкананні хендрыксаўскую Little Wing. Хендрыкс і Воуэн настолькі авалодалі свядомасцю, што з іх давялося натуральна “саскокваць” – вымушаць сябе не слухаць іхныя запісы, не іграць у іхным стылі. Потым адкрыў для сябе Бадзі Гая (Baddy Guy), Алберта Лі (Albert Lee), Алберта Колінза (Albert Collins). Дарэчы, лічу апошняга адным з самых лепшых блюзавых аранжыроўшчыкаў.
        
        Потым пачаўся перыяд Джэфа Бэка (Jeff Beck), Робена Форда (Robben Ford). Пазней Скот Хендэрсан (Scott Henderson), Кеб Мо (Keb Mo), Джон Скофілд (John Scoffield). Са Скофілдам мне пашанцавала пастасавацца прыватна. Гэта памятная сустрэча адбылася ў Польшчы, пасля джазавага фестывалю ў Бельска Бяла. Яшчэ я там сустрэўся з легендарным музыкам Сцівам Своллоўвам (Steve Swallow), бас-гітарыстам, які граў разам з Пэтам Мэтэні (Pat Metheny), Майлзам Дэвісам (Miles Davis).
        
        
        
        
        Сола Сяргея Курэка.
        
        
        
        – Вядома пра неардынарнае стаўленне Сяргея Курэка да Майлза Дэвіса. Ці можна распавесці аб гэтым асаблівым захапленні?
        
        
        – У свой час я даведаўся, што многія вядомыя блюзавыя музыкі – Джон Лі Хукер (John Lee Hooker), Мадзі Уотэрс (Muddy Waters), Джымі Хендрыкс сябравалі з Майлзам Дэвісам. Мяне гэты факт вельмі зацікавіў. Справа ў тым, што мне было важна і цікава, як лідэр калектыва працуе з музыкамі, як ён арганізоўвае творчы працэс. Адказы на многія мае пытанні я атрымаў з аўтабіяграфіі Дэвіса, якую я перачытаў дзесяткі разоў. Да таго ж я знайшоў аграмадную колькасць інтэрв’ю і з самім музыкам, і з людзьмі, якія з ім працавалі.
        
        Дарэчы, адтуль жа я даведаўся, што Майлз Дэвіс шмат слухаў і захапляўся класічнай музыкай. У прыватнасці, ён вельмі цікавіўся рускімі кампазітарамі розных пакаленняў – Мусаргскім, Стравінскім, Хачатуранам. Не памятаю, хто менавіта, але хтосьці з музыкаў, якія ігралі з Дэвісам, сказаў, што любы сучасны музыка павінен прачытаць хаця б адзін раз “Хронікі майго жыцця” Стравінскага і “Лідыйскую храматычную канцэпцыю” Джорджа Расэла.
        
        Лічыцца, што з апошняй кнігі пачалася новая эра ў джазе. Я быў вельмі здзіўлены, што да апошняга часу не было перакладу гэтай кнігі з ангельскай мовы. Толькі ўрыўкі і асобныя артыкулы. Не ведаю, можа быць, зараз яна перакладзена. А што датычыцца першай кнігі, я чытаў яе якраз у двухгадовы перыяд майго захаплення класічнай музыкай. Два гады з чатырнаццаці год працы ў блюзавым накірунку.
        
        
        
        Легенда №80
        
        Пасля экспрэсіўных выступаў Сяргея Курэка на разнастайных “металічных” канцэртах (Гомель лічыцца сталіцай беларускага металу) па горадзе прайшлі чуткі, што малады блюзавы гітарыст грае толькі “пад кайфам”. Для Сяргея гэта апынулася чарговай сенсацыяй, таму што нават алкаголь ён ужывае вельмі рэдка, не кажучы ўжо пра іншыя “стымулюючыя” сродкі...
        
        
        
        – Хацелася б паразмаўляць пра інструменты, на якіх ты граеш.
        
        
        – Да нядаўняга часу ў мяне была гітара Fender Stratocaster American Standard. Зараз - G&L Legacy. Гэтыя гітары Ліё Фэндэр пачаў выпускаць пасля таго, як прадаў сваю кампанію. Інструмент мае ясеневы корпус. Па гукавы адчуванням гэта як раз маё дрэва. Хоць гітара выканана ў форме “страта”, але па характару гука яна бліжэй да Fender Telecaster, нешта кшталту гука Алберта Колінза.
        
        Зараз я скажу словы, якія, магчыма, кагосьці могуць шакіраваць. Нягледзячы на тое, што ў мяне быў перыяд станаўлення, звязаны са Сцівам Рэй Воўэнам, Эрыкам Клэптанам, Джымі Хендрыксам (а гэта значыць гітарыстаў, культываваўшых інструмент Fender Stratocaster), нягледзячы на тое, што сам шмат гадоў граў на “страце”, і ўсе лічаць мяне заўзятым прыхільнікам гэтага інструмента, нягледзячы на ўсё гэта – унутры я сапраўдны і даўні фанат гітар Gibson.
        
         Некалькі год таму мой знаёмы, даведаўшыся, што я еду ў Маскву, папрасіў купіць там Gibson Les Paul Standard. І калі я пераспрабаваў нямалую колькасць самых розных гібсанаўскіх інструментаў, я літаральна захварэў іх гучаннем. А маёй марай стаў Gibson ES-335. Тады ён уразіў мяне больш за астатнія мадэлі.
        
        
        – Сяргей, каб развянчаць наступную легенду аб тваёй адукацыі, якая ў свядомасці пэўнай колькасці людзей містычным чынам існуе паміж Бэрклі і таямнічымі еўрапейскімі універсітэтамі, скажы аўтарытэтна некалькі словаў на гэтую тэму.
        
        
        – У Бэрклі я падаваў заяву на так званае дыстанцыйнае навучанне, быў залічаны, але не вучыўся там. У 2009 годзе я скончыў Гомельскі універсітэт па спецыяльнасці, якая да музыкі дачынення не мае. Што тычыцца музычных ведаў, так атрымалася, што я заўсёды спадзяваўся на ўласныя сілы і актыўна займаўся самаадукацыяй.
        
        
        
        Легенда №21
        
        Аднойчы, на адказны канцэрт, ды яшчэ па-за межамі краіны, не прыехаў барабаншчык групы Сяргея Курэка. Барабаншчык працаваў машыністам цеплавоза, і захрас з-за збою ў раскладзе руху цягнікоў у нейкім тупіку вельмі далёка ад роднага дэпо. Канцэрт сапраўды быў важным. Групу запрасіў сам мэр расейскага горада Новазыбкава. Вядома, што з бязвыхаднага становішча ёсць, як мінімум, тры выйсця, а ў дадзеным выпадку рытм-гітарыст, валодаўшы пэўным уменнем ігры на барабанах, пагадзіўся падмяніць калегу.
        
        Але ў горадзе Навазыбкаве не было музычнай крамы, дзе можна было б набыць барабанныя палачкі. Таму іх давялося выразаць з клёна, які рос паблізу сцен будынку гарадской адміністрацыі.
        
        Канцэрт прайшоў паспяхова. Жыхары Навазыбкава на здзіўленне добра прымалі блюзавую праграму з братняй краіны. А мэр горада ўвогуле аказаўся чалавекам з выдатным музычным слыхам. Ён сказаў: “Усё выдатна, хлопцы, толькі сёння ў вас барабаны неяк дзіўна гучалі...”
        
        
        
        
        
        
        
        Сяргей Курэк на сумесным выступленні з гуртом White Night Blues
        
        у клубе “Графіці”. Люты 2009.
        
        
        
        
        – У траўні 2009 года ў горадзе Гдыня адбыўся адзін з найбуйнейшых на тэрыторыі Польшчы міжнародных блюзавых фестываляў. Беларусь прадстаўляў квартэт Сяргея Курэка ў складзе: Дзяніс Балахонаў (вакал, гітара, губны гармонік), Аляксей Золатаў (ударныя), Руслан Праўда (бас-гітара) і ўласна Сяргей Курэк (лідэр-гітара, вакал). Якія ўражанні, напрыклад, ад польскіх блюзмэнаў?
        
        
        – Польскія каманды гралі ў асноўным стандарты – Сціва Рэй Воўэна, Эрыка Клэптана, часта Рэя Чарлза. Аўтарскага матэрыялу амаль што не было. Практычна ва ўсіх польскіх калектываў былі моцныя рытм-секцыі. Гітарысты запомніліся не дужа. Па словах саміх палякаў, яркіх блюзавых гітарыстаў у Польшчы не хапае. На фестывалі выступаў польскі харпер-віртуоз Славек. Пры сустрэчы ён сказаў, што ўжо другі год запар спрабуе патрапіць на беларускія блюзавыя мерапрыемствы, але пакуль што не знаходзіцца фінансавай падтрымкі (дарога, ганарар). Але цікава, што да нас праяўляюць інтарэс.
        
        
        – Хто яшчэ з удзельнікаў запомніўся?
        
        
        – Група з Германіі United Blues Experience. Там дзяўчына на губным гармоніку грала так, што харперам супрацьлеглага полу да яе было вельмі далёка. Ну, і, зразумела, выступленне Кіма Уілсана і ягонай каманды Fabulous Thunderbirds, хэдлайнераў фестываля. Гэта было сапраўднае супершоў. Ён выступаў на прыканцы пятага дня, з 21 да 23 без перапынку. Я столькі часу граю блюз, але ўпершыню на гэтым канцэрце зразумеў некаторыя рэчы. Напрыклад, як граць павольны блюз. У некаторых месцах музыканты так ціха ігралі, што Уілсан размаўляў с залай без мікрафону.
        
        
        
        Легенда №11
        
        Некалькі гадоў таму, пасля чарговага канцэрту, па Гомелю пайшлі размовы, што Сяргей Курэк авалодаў новай тэхнікай ігры на гітары. На тым выступленні Сяргей, як заўсёды, энергічна граў свае сола, і сам таго не заўважаючы, то прагібаўся і высока над сабой паднімаў гітару, то выкарыстоўваў трук Джымі Хендрыкса, падносіў гітару блізка да твару, і “рыкаў” прама ў гуказдымач. Пасля канцэрту Сяргея сустракалі розныя людзі і казалі прыкладна наступнае: “Былі на тваім канцэрце, бачылі, як ты граеш носам. Клёва!..”
        
        
        
        – Што адбываецца ў тваім творчым жыцці апошнім часам? У якіх цікавых мерапрыемствах давялося браць удзел?
        
        
        – Не так даўно я запісаў інтэрнэт-сінгл з Максам Лорэнсам, вядомым поп-выканаўцам. Ён, як аказалася, любіць блюз і праявіў пэўную цікавасць да сумеснага праекта. На запісаную песню рэжысёр Анатоль Вечар зняў кліп. Гэта мая першая спроба працы ў такім накірунку.
        
        Яшчэ паспрабаваў супрацоўнічаць з вядомымі ўкраінскімі рэперамі – запісаў гітарную партыю для будучага хіта. Зразумела, што ўсе, хто працаваў над гэтым трэкам, спадзяюцца, што гэта абавязкова будзе хіт.
        
        Часта выступаю ў Расіі і на Украіне. Вельмі цікавыя выступленні былі арганізаваны ў Маскве сумесна з групай Jumping Cats Уладзіміра Русінава. З імі ж выступілі таксама ў Мінску напрыканцы 2009 года. Дарэчы, вельмі не хапае выступленняў у Беларусі. Раней усё адбывалася неяк больш актыўна. Спадзяюся, што з блюзавымі беларускімі канцэртамі ўсё наладзіцца.
        
        
        Інтэрв’ю падрыхтаваў Юры Несцярэнка.
        
        © сайт “Родныя вобразы”.
         інтэрв’юер Юры Несьцярэнка

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.