РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юры Несьцярэнка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Наконт якасці прадукцыі “Grig” трэба спытацца ў Дэйва Вэйкла
 
Гутарка з майстрам па вырабу аксэсуараў для барабаншчыкаў - Віктарам Грыгор’евым.
        
        Перада мной вялікі стос аркушаў – на ангельскай, нямецкай, літоўскай, латышскай, расейскай, беларускай ды іншых мовах, якія ўтрымліваюць водгукі і падзякі, адлюстроўваюць высокае прафесійнае майстэрства і клас прадукцыіі. У невялікім артыкуле няма магчымасці прывесці ўсю тую масу інфармацыі, якая накіроўвалася да героя нашага інтэрв’ю. Таму будзем, па магчымасці, распавядаць лаканічна. Вось адна з цытат:
        
        “Государственный академический симфонический оркестр под управлением Евгения Светланова. 27.11.1997. Отзыв:
        
        Наконец-то не в дальнем зарубежье, а в одной из стран СНГ появился мастер, способный изготавливать продукцию для ударных инструментов, отвечающую самым высоким требованиям профессионалов-исполнителей, работающих в высококлассных симфонических и эстрадных оркестрах. Палочки, изготовленные беларуским мастером Григорьевым В. В., возглавляющим основанную им фирму “Grig”, помимо того, что ни в чём не уступают зарубежным аналогам, стоят баснословно дёшево. Что делает возможность их приобретения реальной не только для профессионалов, но и для студентов школ, училищ, консерваторий. Музыканты-ударники самых известных оркестров приветствуют появление этой фирмы и высоко оценивают качество изделий Виктора Григорьева…
        
        Подписи: Засл. Артист России Б. Р. Степанов, Засл. Артист России А.К. Мамыко и др.»
        
        Прыкладна такія ж паперы – ад Дзяржаўнага акадэмічнага Марыінскага тэатра (1998), ад класа ўдарных інструментаў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, ад Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Расіі (2001), ад Дзяржаўнай акадэмічнай сімфанічнай Капэлы Расіі (1997), ад шматлікіх калектываў далёкага замежжа. Усе за подпісамі кіраўнікоў, галоўных дырыжораў, спецыялістаў вышэйшага ўзроўню.
        
        
        
        
        Віктар Грыгор’еў на адным са сваіх працоўных месцаў.
        
        
        
        Ведаеце, у нейкі момант мне стала вельмі цікава дазнацца пра шлях, які прыводзіць кагосьці вось да такіх водгукаў. А Віктар, чалавек камунікабельны, успамінаў і распавядаў вельмі шмат і с задавальненнем. У яго быў добры настрой – ён адзначаў пяцідзесяцігадовы юбілей (з чым, дарэчы, мы яго шчыра віншуем).
        
        
        – Віктар, трэба прызнацца – распрацоўваць і вырабляць аксэсуары для барабаншчыкаў, напэўна, можа толькі сам барабаншчык. Вядома, што твой стаж у гэтай справе вялікі. Як усё пачыналася?
        
        
        – Хоць я вучыўся ў магілёўскай школе №21, але граў у ансамблі СШ №3. І вучыцца граць, і выступаць пачаў амаль адначасова – усё адбывалася вельмі хутка, і цікавасць была вялікая. Першыя выступленні былі ў 9-10 класе на вечарах адпачынку ды іншых школьных мерапрыемствах. Школу скончылі ў 1979 годзе і працягвалі сваю музычную дзейнасць у ДК Кірава. А ў 80-м я пачаў граць у парку Горкага – у Магілёве, як і ўва многіх гарадах Савецкага Саюза, было месца с такой назвай. Дарэчы, туды на вечары адпачынку збіраўся ўвесь горад.
        
        У войска патрапіў у Венгрыю. Там гралі ў змяшаным салдацка-афіцэрскім складзе – часцей за ўсё на начных неафіцыйных мерапрыемствах.
        
        Пасля войска працаваў штатным музыкам у рэстаранах “Габрава” і “Днепр”.
        
        
        – Калі ты пачаў граць у вядомай магілёўскай камандзе “Спектр”? Што запомнілася з тых часоў?
        
        
        – З 1987 па 1989 мы працавалі на базе ДК Хімвалакно. Гэта быў моцны прафесійны калектыў. Бралі ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, станавіліся пераможцамі конкурсаў – напрыклад, паспяхова ўдзельнічалі ў Наваполацкім рок- фестывалі, сталі пераможцамі фестывалю “Парад надежд-88” у Менску.
        
        
        
        
        Група “Спектр”: гітарыст Ігар Бяляеў, за барабанамі Віктар Грыгор’еў, з мікрафонам Іна Афанасьева.
        
        
        
        – Калі з’явіўся першы досьвед вытворчасці ўласнай прадукцыі для барабаншчыкаў?
        
        
        – Тут можна было б пажартаваць – не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Канец 80-х, пачатак 90-х былі вельмі смутнымі часамі. У крамах немагчыма было знайсці не тое што якасных, увогуле ніякіх палачак для барабаншчыкаў, не кажучы ўжо пра нейкія больш складаныя рэчы. З палачак усё і пачалося. Я знайшоў патрэбныя гатункі дрэваў, пачаў эксперыментаваць, шукаць магчымасці якаснай апрацоўкі. З’явіўся попыт на маю першую прадукцыю. Я зацікавіўся глыбей гэтым накірункам, і высветлілася, што існуе аграмадны рынак, які ніхто ў нас не запаўняе. Попыт існаваў таксама і на палачкі для ксілафонаў1, вібрафонаў2, марымбы3 і шмат якіх іншых ударных і перкусійных4 інструментаў. З кожным годам спіс прадукцыі павялічваўся.
        
        
        
        
        Грыгор’еў ведае, чаго тут не стае.
        
        
        
        – Так з’явілася легендарная кампанія “Grig”?
        
        
        – Не ўсё адбывалася роўна і гладка, але ў 1997-м я стаў індывідуальным прадпрымальнікам, а ў 1998-м зарэгістраваў свой таварны знак. І працягваў працу, ад якой меў аграмаднае задавальненне. З часам пачаў вырабляць кастаньеты5, бар чаймс6, тэмпл-блокі7, кахоны8, вучнёўскія пэды9 – пасля 2000-га назбіралася больш за сто найменняў.
        
        
        – Як праходзіла заваяванне айчыннага і міжнароднага рынку?
        
        
        – Спачатку я адсочваў краіны паставак, але пасля 2007-га спыніў статыстычны ўлік, звязаны з маімі інструментамі. Асноўныя краіны, куды накіроўваюцца мае інструменты – гэта Германія, ЗША, Расія. Мая прадукцыя пастаўлялася і ў Аўстралію, і ў Паўднёвую Карэю, і ў Кітай, а таксама Галандыю, Украіну, Польшу, Літву, Чылі, Бразілію, Ізраіль. У Беларусі маімі інструментамі карыстаюцца ва ўсіх музычных школах і вучэльнях, філармоніях, Акадэміі музыкі ды іншых навучальных установах.
        
        
        
        
        Заслужаны артыст Расіі Ала Мамыка – першы чалавек, які пераканаў Грыгор’ева ў тым,
        
        
        што яго прадукцыя вельмі якасная.
        
        
        
        
        
        Спадар Грыгор’еў часта наведвае такія ўстановы як Вялікі Тэатр ці Маскоўская кансерваторыя. Там ён
        
        сустракаецца з сапраўднымі гуру барабаннага мастацтва. На здымку ў цэнтры: Віктар Барысавіч Грышын,
        
        Заслужаны артыст Расіі, кампазітар, канцэртмейстар. Злева прафесар Снегіроў.
        
        
        
        
        
        Уладзімір Тарасаў, жывая легенда сусветнай джазавай музыкі, вельмі добра ставіцца
        
        
        да дзейнасці фірмы “Grig” і яе нязменнага кіраўніка (Вільнюс, 1988 год).
        
        
        
        
        
        Лінда Максі, вядомая выкладчыца і выканаўца на ўдарных інструментах з ЗША, у захапленні ад прадукцыі “Grig”.
        
        
        Злева прафесар Раймандас Вілкочынскас. Фестываль барабанаў і перкусіі, Вільнюс, 1999.
        
        
        
        
        
        Для таленавітай моладзі Маскоўскай кансерваторыіі Набойша Жыўкавіч10 (у цэнтры, паміж дзьвумя
        
        
        прыгажунямі) – сапраўдная легенда, а для Віктара Грыгор’ева – калега і добры сябра.
        
        
        
        
        
        Аднойчы ў Маскве, у вялікай залі кансерваторыіі Жыўкавіч прама са сцэны сказаў пра “грыгаўскія” палачкі
        
        
        з чорнага дрэва мадэлі “Bolero”: “Я не трымаў у руках нічога лепшага…”
        
        
        
        – Ці даводзілася займацца музыкай у гэтыя часы – граць на барабанах?
        
        
        – Пакуль наладзіўся працэс – вытворчы і камерцыйны, трэба было забыцца на ўсё. За ўдарнай устаноўкай не сядзеў вельмі шмат гадоў, але з 2010-га зноў пачаў граць са сваімі сябрамі-калегамі класіку року, блюзу і рок-н-ролу. Даем канцэрты, выступаем разам з цікавымі музыкамі. Мне вельмі падабаецца маё хоббі.
        
        
        
        
        На сцэне так добра вядомага Віктару ДК Хімвалакно (зараз Палац культуры вобласці)
        
        
        
        
        
        Пасля сумеснага канцэрту, звяртаючыся да Андрэя Лазарава (“White Night Blues”):
        
        
        “Скажы мне, як барабаншчык барабаншчыку…”
        
        
        
        – Ты ўдзельнічаў у шмат якіх міжнародных мерапрыемствах. Пра якія цікавыя выпадкі, што тычацца тваёй прафесійнай дзейнасці, можна было б узгадаць?
        
        
        – Браць удзел у фестывалях барабанаў і перкусіі, прадстаўляць уласны брэнд на міжнародных выставах музычных інструментаў даводзілася неаднаразова і шмат у якіх краінах свету. А з нейкіх цікавых выпадкаў, калі твой брэнд існуе самастойным жыццём, зараз узгадаліся наступныя.
        
        У Бразіліі існуе такі своеасаблівы сусветны аркестр, музыканты да якога адмыслова падбіраюцца па два-тры чалавекі з кожнай краіны свету. Калі прыехаў новы дырыжор, турак па нацыянальнасці, на рэпетыцыю ён прыйшоў у кашулі з надпісам “Grig”. Беларускія калегі, якія на той час супрацоўнічалі з аркестрам, былі злёгку шакіраваныя гэтым фактам. Аб чым, нават не без гонару, мне і распавялі.
        
        
        
        
        Эксклюзіў з аўтографам для бразільскага кампазітара і перкусіяніста Нэя Разауро (які на дадзены
        
        
        момант з’яўляецца кіраўніком кафедры ўдарных інструментаў універсітэта Маямі, ЗША).
        
        
        
        А другі выпадак – калі Дэйв Вэйкл11, барабаншчык-мегазорка, перад майстар-класам у Маскве гэтай зімой папрасіў арганізатараў знайсці для яго накаленный пэд, каб разыграцца. Нехта з маскоўскіх калегаў пазычыў яму свой пэд “Grig”. Вэйкл вельмі зацікавіўся і папрасіў набыць для яго такі самы. Арганізатарам трэба было зрабіць пэўныя намаганні, але мая прадукцыя ўрэшце рэшт апынулася ў вялікага барабаншчыка.
        
        
        
        
        Калектыў пад назвай “Grig Percussion Group” па дарозе на фестываль барабанаў і перкусіі ў Вільнюс
        
        (сядзяць – злева Аляксандр Старажук (экс-“Apple Tea”, экс-“Ляпис Трубецкой”) і справа – Аляксандр Сапега
        
        (барабаншчык “Apple Tea”), стаіць Ігар Аўдзееў (выканаўца на ўдарных інструментах, артыст БелДзяржФілармоніі))
        
        
        
        
        
        Даведнік
        
        
        
        1 Перкусія (перкусійныя інструменты) (ад лат. Percussion –нанясенне ўдараў, пагрукванне) – група музычных інструментаў, гукавы сігнал з якіх здабываецца ўдарам ці рытмічнымі рухамі (трасеннем, пагойдваннем, паварочваннем) спецыяльных прыладаў (малаточкаў, калатушак, драўляных ці металічных пласцін, сыпкіх напаўніцеляў) па целу, якое выдае гук(мембрана, металічны, пластмасавы ці драўляны корпус і г. д.)
        
        
        
        
        
        
        2 Ксілафон – ударны музычны інструмент з акрэсленай высатой гучання. Уяўляе сабой шэраг драўляных альбо металічных брускоў розных памераў, настроеных на пэўныя ноты. Па брускам удараюць палачкамі з шарападобнымі наканечнікамі ці спецыяльнымі малаточкамі, падобнымі на невялікія лыжкі.
        
        
        
        
        
        
        3 Вібрафон – ударны музычны інструмент з акрэсленай высатой гучання. На раме ў форме трапецыі ўсталяваныя два шэрагі металічных пласцін па прынцыпе белых і чорных клавішаў фартэпіано. Асноўнае адрозненне ад роднаснага ксілафона – наяўнасць механізма вібрацыі. На інструменце граюць палачкамі з шарападобнымі галоўкамі рознай ступені цвёрдасці. Звычайна выкарыстоўваецца дзве палачкі, але для выканання акордаў можа быць і чатыры.
        
        
        
        
        
        
        4 Марымба – роднасны ксілафону клавіатурны ўдарны музычны інструмент. Складаецца с замацаваных на раме драўляных брускоў, па якіх удараюць калатушкамі. Часам на марымбе іграюць два і больш выканаўцаў адначасова.Марымба адрозніваецца ад ксілафона тым, што гук, які выдаецца кожным бруском узмацняецца металічным рэзанатарам (раней функцыю рэзанатараў выконвалі падвешаныя пад кожным бруском, полыя ўнутры, высушаныя гарбузы). Брускі часцей за ўсё зроблены з палісандра і размяшчаюцца па прынцыпе храматычнай клавіатуры фартэпіано.
        
        
        
        
        
        
        5 Кастаньеты (гішп. Castanetas) – ударны музычны інструмент, уяўляе сабой дзве ўвагнутыя пласціны-ракушкі, якія ў верхняй частцы звязаныя шнурком. Вырабляецца з цвёрдых гатункаў дрэва. Пласціны трымаюцца на далоні ў “раскрытым” выглядзе, па хуткім прыціску (“закрыцці”) выдаюць моцны хлапок. Лічацца гішпанскім народным інструментам, хоць вядомыя яшчэ з часоў Старажытнага Егіпта і Старажытнай Грэцыі, як інструменты, якія суправаджалі спевы і танцы.
        
        
        
        
        
        
        6 Бар Чаймс (анг. Bar chimes) – ударны музычны інструмент, роднасны азіяцкім ветраным званочкам. Металічныя трубкі рознай даўжыні гучаць ад дотыку адной да другой. Рух рукой ці металічным стрыжнем робіцца як у сыходзячым так і ва ўсходзячым накірунку. Упершыню ўведзены ў арсенал перкусіяністаў Маркам Стывенсам (адсюль другая назва mark tree).
        
        
        
        
        
        
        7 Тэмпл-Блок – ударны музычны інструмент. Паходзіць ад “карэйскіх званоў”, якія ўяўлялі сабой драўляныя, памерам 10-16 см, полыя ўнутры, акруглай формы інструменты. На наборы з 4-5 інструментаў гралі палачкамі ці малаточкамі. Выкарыстоўваліся ў рытуалах Кітая, Японіі, Карэі, як атрыбут буддзісцкага культа.
        
        Сучасныя тэмпл-блокі маюць шматлікую колькасць варыянтаў выканання.
        
        
        
        
        
        
        8 Кахон – ударны музычны інструмент родам з Перу. Корпус кахона – кораб, пяць сценак якога (дзве бакавыя, задняя, верхняя, ніжняя) з цвёрдага дрэва, што дазваляе вытрымліваць вагу музыкі, які сядзіць зверху на інструменце. Пярэдняя сценка (працоўная) – тапа, выраблена з тонкай пласціны дрэва.
        
        На кахоне граюць як рукамі, так і барабаннымі шчоткамі, што дае магчымасць атрымаць розны гук. Разнастайнасць тэмбраў дасягаецца яшчэ і дзякуючы выкарыстанню струн, якія нацягваюцца ўнутры кахона і, пры вібрацыі, злёгку датыкаюцца да тапы.
        
        Канструкцыі некаторых мадэлей кахонаў дастаткова складаныя, маюць вялікі дыяпазон гучання,разнастайную гукавую афарбоўку, прадугледжваюць настройку (напрыклад шляхам нацяжэння струн). Таксама часта падгучваюцца. Для гэтага выкарыстоўваюцца п’езадатчык ці мікрафон.
        
        
        
        
        
        
        9 Пэд – спецыяльная падкладка для барабанаў ударнай устаноўкі, якая змягчае гук. Таксама трэніровачная пласціна з гумы, якая мае форму і памер барабана. На ёй магчыма амаль бязгучна разыгрывацца ці адпрацоўваць удары.
        
        
        
        
        
        
        10 Жыўкавіч Набойша Йован (нар. У 1962, Срэмска-Мітравіца, Сербія)
        
        Вывучаў кампазіцыю, перкусію і тэорыю музыкі ў Мангейме і Штутгарце. З 1987 па 1997 выкладаў у ЗША. З 2003 загадчык кафедры ўдарныхінструментаў ва ўніверсітэце Нові-Сада. У рэпертуар вядучых перкусіяністаў свету (напрыклад Іўліна Гленні) уваходзяць такія творы Жыўкавіча, як Першы і Другі канцэрты для марымбы з аркестрам, Першы канцэрт для ўдарных з аркестрам (Concerto Of The Mad Queen), Канцэрт для ўдарных і духавога ансамбля “Казкі з цэнтра Зямлі”. Жыўкавічу таксама належаць п’есы для юных і пачынаючых перкусіяністаў (альбомы “Вясёлая марымба” і “Вясёлы вібрафон”). На тэрыторыі СНГ яго творы абавязкова ўваходзяць у праграмы конкурсаў, фестываляў, смотраў, навучальных курсаў па класе ўдарных і перкусіі.
        
        
        11 Вэйкл Дэйв (Weckl Dave) – барабаншчык, які атрымаў легендарны статус, граючы ў складзе The Chick Corea Electric Band. Нарадзіўся 8.01.1960 у Сент-Луісе (ЗША). З васьмі гадоў пачаў інтэнсіўна займацца на барабанах. Паступіў ва ўніверсітэт Бріджпорта, але праз два гады перабраўся ў Нью-Ёрк, дзе актыўна прымаў удзел у жыцці джазавай сцэны. Яго заўважылі і пачынаючы з пачатку 80-х ён працаваў з многімі суперзоркамі (George Benson, Diana Ross, Robert Plant, Madonna). У Маскву Д. В. прыязджаў у складзе групы джазавага супер-гітарыста Майка Стэрна.
        
        
        
        
        
        
        
        Матэрыял падрыхтаваў Юры Несцярэнка.
        
        31.08.2012.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.