РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юры Несьцярэнка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пэўная адсутнасць вакацыяў
 
Гутарка з арганізатарам шматлікіх канцэртных мерапрыемстваў сучаснай беларускай музыкі Паўлам Кашырыным
        
        У музыкаў ёсць дыскаграфіі, пісьменнікі складаюць бібліяграфіі, кінаакторы ці рэжысёры творчымі дасягненнямі ўдасканальваюць свае фільмаграфіі. Арганізатар шматлікіх канцэртных мерапрыемстваў сучаснай беларускай музыкі Павал Кашырын кажа, што яго творчы шлях можна суаднесці з адным простым і ёмістым словам – біяграфія. Гэта сапраўды так, таму што немагчыма ўявіць сабе сітуацыю, калі Павал можа быць “на выходных”, ці “на адпачынку”, ці, напрыклад, “на бальнічным”. Гэты чалавек заўсёды на працы – у любы час сутак і любой парой года.
        
Павал у часы працы ў “Graffiti”
        
        У верасні 2013 года адбылося чарговае мерапрыемства пад назвай “Рок па вакацыях”. У клубе “Цэнтр” належным чынам адзначалася дваццацігоддзе фестывалю: “Палац”, “Крама”, “NAKA”, “N.R.M.”, “Neuro Dubel”, Кася Камоцкая, “Зьмяя”, “Re1ikt” і спецыяльны госць – расейскі музыкант Вадзім Курылёў. Кіраваў працэсам Павал Кашырын. Тады ж і ўзнікла ідэя пагаварыць з ім пра тыя ці іншыя творчыя справы.
        
Гурт “Крама” падчас выступлення на фестывалі “Рок па вакацыях” у верасні 2013
        
        Зараз вельмі цяжка ўявіць, што Павал мог займацца нечым іншым, акрамя арганізацыіі рок-сэйшэнаў. Таму першым пытаннем было наступнае: “Ці даводзілася ў школьныя гады арганізоўваць канцэрты?” Здаецца, пытанне апынулася для Паўла нечаканым, і ён адказаў вельмі лаканічна: “Не!”. Але ж наша задача – ствараць легенду, і высветлілася, што быў усё ж такі прэцэдэнт: спявалі з сябрам Уладзімірам на школьным канцэрце песню гурта “Кіно” – “Звезда по имени Солнце”. Аказалася, што з сёмага класа і па заканчэнне школы Павал Кашырын лічыўся галоўным “кінаманам” (фанатам гурта “Кіно”) у сваёй школе.
        
Залатая, не залатая? (З серыі “Розныя рыбкі “Рок-каранацыі”)
        
        Пасля таго, як празвінеў апошні званок, давялося займацца рознымі справамі – ад продажу касет і кампакт-дыскаў у падземным пераходзе да ўдасканалення ведаў у галіне беларускай філалогіі.
        Але ж у рэшце рэшт “перацягнулі” сацыяльныя тэхналогіі, да якіх у пэўнай меры можна аднесці і працэсы ў сферы культуры. Нездарма ўніверсітэцкае асяроддзе лічыцца найбольш прагрэсіўным – новыя сувязі і знаёмствы сярод музыкаў і рок-тусоўкі ў 2001 годзе прывялі да працы ў якасці арт-дырэктара мінскага клуба “Graffiti”, які ў хуткім часе стане сапраўды культавым сярод аматараў беларускай рок-музыкі.
        На пытанне, якія клубныя мерапрыемствы таго перыяду былі самыя яскравыя, Павал адказаў: “Кожны канцэрт быў па-свойму ўнікальны”. Гэта фраза падалася мне паказальнай, пацвердзіўшы думку, што выпадковыя канцэрты ў той час проста не рабіліся.
        Пасля насычанага падзеямі перыяду працы ў “Graffiti” пачаліся зусім іншыя часы, але не меней насычаныя цікавымі, і нават занадта цікавымі момантамі. Чаго толькі каштуе эпапея з арганізацыяй выніковых, калісьці штогадовых, мерапрыемстваў пад легендарнай ужо назвай “Рок-каранацыя”. Пра гэта ў будучыні абавязкова напішуцца кніжкі, а маладыя даследчыкі будуць старанна расшукваць сведкаў падзей. Юрый Цыбін і Павал Кашырын, арганізатары апошніх “Рок-каранацый”, магчыма ўзгадаюць і пра бездакорную працу пажарных, і пра пераносы тэрмінаў і месцаў правядзення, і пра сустрэчы з тагачасным Міністрам культуры Паўлам Латушкам, і пра тое, як традыцыйна сталічны фестываль праходзіў у Маладэчне.
        
Павал Кашырын на “Рок-каранацыі” ў Маладэчне
        
        – Паша, чым быў абумоўлены склад удзельнікаў апошняга твайго буйнога мерапрыемства – фестывалю “Рок па вакацыях”?
        
        – З гуртамі “Палац”, “Крама”, “N.R.M.”,“Neuro Dubel”, “NAKA” мы стала супрацоўнічалі яшчэ з часоў працы ў “Graffiti”. Час ад часу там выступала і Кася Камоцкая. Гэтыя калектывы і выканаўцы – класіка беларускай рок-музыкі. Зараз падцягваецца цікавая моладзь, якая сябе ўжо вельмі моцна зарэкамендавала – гурты “Зьмяя”, “Re1ikt”. Калі складалася праграма, узнікла цікавая думка – ніколі на “Рок па вакацыях” не запрашаліся замежныя госці. Мне падалося, што Вадзім Курылёў, былы ўдзельнік ДДТ, а зараз музыкант рок-гуртоў “Разные люди” і “Электрический партизан” – выдатная кандыдатура. Прынамсі, калі хто так і не лічыць, то прабачце – гэта маё права выбару. А калі хто не згодзен – калі ласка , ніхто не забараняе рабіць свой фестываль.
        
        – Чаму спецыяльным госцем усё ж стаў менавіта Вадзім Курылёў?
        
        – Яшчэ раз паўтаруся – гэта мой суб’ектыўны выбар. Я палічыў, што стылістычна Вадзім выдатна ўпісваецца ў кантэкст праграмы. Я добра ведаю яго магчымасці. Мы рабілі з ім тры канцэрты ў Мінску. Два з іх у “Graffiti”.
        
        – Паша, што плануецца, якія творчыя задумкі з’яўляюцца апошнім часам?
        
        – Ёсць вельмі цікавыя прапановы наконт арганізацыі канцэртаў. Дакладна магу сказаць толькі, што гэта як беларускія, так і праекты, звязаныя з бліжэйшым замежжам. Праца працягваецца, увесь час даводзіцца выходзіць на новыя ўзроўні. Як кажуць, сачыце за рэкламай!
        
        – Абавязкова будзем сачыць. Дзякуй за размову! Удачы ў здзяйсненні ўсіх творчых планаў!
        
Падчас канцэрту White Night Blues у клубе “Times” летам 2010 года

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.