РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На прадмесці
        Позна варочаўся Гарыд дамоў. Вецер, дождж ды сапсуты настрой, – а настрой у Гарыда псуўся кожны раз, як была непагода. Тады, як на злосць, варочалася ўсё, што накіпела за апошнія часы, нат і даўно мінулае, неспакойна варушылася, скрабло пад грудзьмі, трохі ніжэй ад працёртай латы ў яго пальце.
        Жыў Гарыд на прадмесці, на трэцім паверсе летам рыжай, а восенню чорнай ад дажджоў камяніцы. Два акны: адно слепа глядзела на рознакаляровыя, у беспарадку раскіданыя стрэхі прадмесця, другое, залепленае старонкай нейкага дапатопнага часопіса, на якой красавалася абвешанае медалямі бруха, – гэтае акно ўпіралася проста ў шэры абкапцелы мур. За мурам віднеліся два ці тры тартачныя коміны, вярхі абшчыпаных ветрам бяроз, далей – неба, уцісненае ў рамку комінаў.
        Рана і вечарам кожны дзень даносіўся хрыплы свіст гудкоў. Часам вецер перакідаў праз муры чорныя, мокрыя клубы дыму. Яны распаўзаліся па тратуары, па бруку, па вузкіх завулках прадмесця.
        Кожны раз, як Гарыд варочаўся дамоў, вечарам, ён бачыў у акне піўной, якая мясцілася ў нізе той самай камяніцы, дзе жыў Гарыд, згорбленую постаць інваліда.
        Нізка прыгнуўшыся да трохрадкі, ён быццам прыслухваўся да ўсхваляваных пальцамі галасоў, да іх няроўнага шуму і, адкінуўшы назад споўзшую на лоб рыжую чупрыну, шырэй расцягваў трохрадку.
        I сёння Гарыд бачыў у акне піўной яго згорбленую постаць. Але сёння каля акна, недалёка ад гарманіста, хтось сядзеў за сталом у рабым асеннім пальце. Гарыду здалося, што ён ужо дзесь спатыкаў гэтага чалавека, але дзе – не мог прыпомніць.
        Чорная, гладка прылізаная на галаве чупрына, і гэтыя малыя, вострыя, быццам жывыя гузікі, глыбока прышытыя пад чэрапам вочы.
        Уцягненая ў высокі настаўляны каўнер шыя не дазваляла лепш прыгледзецца да незнаёмага.
        Дробны, чорны, сцюдзёны дождж зашумеў мацней, забарабаніў па шыбах піўной і, расплываючыся, сцёр постаць незнаёмага і гарманіста, – толькі цень апошняга, як сляпая, доўга поўзала, па шыбах, калыхалася ў такт песні.
        – Дзе я яго бачыў? – думаў Гарыд, раздзяючыся ў сваім пакоі. I перад яго вачыма ўставала постаць незнаёмага ў шэрым асеннім пальце.
        – Дзе я яго бачыў?
        I кожны раз, як Гарыд стараўся прыпомніць, незнаёмы неяк дзіўна з’ёжваўся ў настаўлены каўнер пальта, якое таксама хутка знікала перад вачыма, затушоўвалася, быццам дажджом сціралася з шыбы.
        А знізу, з піўной, данасіўся хрыплы голас гармоні. Парваныя ветрам галасы біліся ў шыбы, ціхлі, каб ізноў вярнуцца і ізноў ісці блудзіць па гразкіх завулках прадмесця.
        
        
* * *

        Чорт ішоў бульварам. Вецер шумеў між дрэў, алеяў. Сцюдзёна. Мо закурыць? Але змерзшыя рукі доўга не маглі знайсці тое, што трэба. То натраплялі на легітымацыю безработнага, то на вастрожную карту звальнення, то на ледзь жывое змерзшае сэрца...
        Хтось кашляў, ідучы ззаду.
        – Мо прыкурыць можна?
        Гарыд затрымаўся.
        – Гм... сцюдзёна, – першы адазваўся Гарыд, гледзячы на асвечаны фанаром пасінелы ад сцюжы нос чарта. Чорт зацягнуўся папяроскай. У адказ забарабаніў ад сцюжы зубамі і замармытаў штось неразборчыва.
        – Літаратар?
        – Нібы ён.
        Чорт тоненька захіхікаў, быццам смехам хацеў разагрэцца, а не смяяцца з адказу. Акінуў зрокам згорбленую, у старым зношаным пальце постаць Гарыда і ізноў засмяяўся.
        – Смешна?
        – Паскуднае палажэнне. Паглядзіш на цябе – сэрца зморшчыцца і пляваць ахвота. I вы людзі, а жыццё сабачае! – чорт плюнуў і зацягнуўся папяроскай. Гарыд маўчаў. Думаў зусім аб другім. Што жыццё яго – жыццё сабачае, ён і сам ведаў. Але за горшымі днямі ідуць лепшыя, унываць не трэба. А заціснуўшы зубы, ісці наперад. Усё ж ідзём да лепшага.
        Чорт ішоў збоку і, быццам адгадаўшы думкі арыда, задумаўся сам. 3 думкамі гарыдаў ён не раз спатыкаўся і не мог зразумець як іх саміх, так і іх светагляду. Ён спатыкаў гэтых вар’ятаў, як не раз іх называў, і не мог раскусіць. Спатыкаў на ўсіх этапах барацьбы чалавека. Можна было смяяцца з прыкутага да скалы Праметэя, але не з праметэяў. I чорт зморшчыўся, быццам пачуў каля сэрца штось сцюдзёнае. Зацягнуўся папяроскай.
        – Каб украсці ў вас будучыню – сённяшні дзень не здаволіў бы вас, – адазваўся чорт, каб перарваць маўчанне, каб перарваць сцюдзёны шум ветру. – Але чалавек, памёршы з голаду, – цягнуў чорт далей, – не быў такі галодны, як ваша летуценне вечна галоднае, вечна незадаволенае. Вылілі вы яго ў манфрэдаў, у фаустаў – а яно і іх перарасло. – Ізноў чорт зморшчыўся і засмяяўся; засмяяўся і Гарыд.
        Вуліцы памалу пусцелі. Па алеях паўзлі мокрыя цені фанароў. Гарыд першы раз у жыцці пачуў сябе адзінокім. Са старых знаёмых мала хто астаўся, усе разбрыліся хто куды. I нягледзячы на тое, што, апрача перажытага, шмат што яго яшчэ лучыла з кожнай вуліцай, з кожным завулкам прадмесця, – сёння чуўся ён адзінокім.
        – Што, ідзём лроста?
        – Ідзём...
        – Паршывае жыццё, – ізноў загаварыў чорт. – Пабадзяўся і я па свеце нямала. Аб’ехаў і стары, і новы свет. Знаў і пап, і кардыналаў... Служыў у таможнай душ, у інквізіцыі. Пасля знайшліся капернікі – пачалі зямлю круціць. Папрабавалі мы ім косці круціць ды падсмаліваць. Жылаваты чалавек. Зямлю не затрымалі. А тут ад 1789 году як пайшлі няўдачы, – дык адна за другой; а 17-ы год зусім даканаў. Далі легітымацыю безработнага. На эмерытуру на небе не прымаюць. Кажуць – можаш працаваць, у Кітай едзь з місіянерамі. Дзякуй, і так мужыкі выбілі палову зубоў. – Чорт злосна плюнуў.
        – Што цяпер думаеш рабіць?
        – Пакуль што нічога, – адказаў чорт. – Думаў вешацца. Аднаму нявесела, а другія адказваюцца. А паглядзіш на таго, што адказваецца, дык ён і сам не ведае, чаго жыве. Возьмем хоць бы і цябе, – чорт ізноў паглядзеў на зношанае пальто Гарыда і цягнуў далей. – Біўся з малых год. Перш хадзіў за шмат кіламетраў да школы. Вучыўся. Ведаю я вас! Матка думала, што выйдзеш на нейкага чыноўніка з бліскучымі гузікамі. Самой жылося нявесела...
        – Была эгаісткай...
        – Не! Ты не шанаваў бы яе...
        Цень Гарыда падаў на чорта, які ішоў збоку. I Гарыду здавалася, што гэта гаворыць, мучыць успамінамі яго ўласны цень, а не хтось пастаронні.
        – Паэзія! Ёю і пальта не залатаеш, – кідаў чорт адарваныя сказы. Відаць, самому не вельмі прыемна было ісці ў прамокшых ад дажджу рызманах, і дэнервавала яго яшчэ тое, што Гарыд з ім не спрачаўся і зусім не хацеў нат уваходзіць у дыскусію.
        – Ітак – учарашняе тваё жыццё і граша не вартае, – гаварыў чорт далей, – сённяшняе не завіднае; будучыня...
        – Ну, гэта ўжо нам пакінь... – перарваў Гарыд. Чорт тоненька захіхікаў і цягнуў далей.
        – У будучыні рэўматызм. Ямку дарма выкапаюць. Можа, хто скажа прамову: ідэовец, змагар, паэт і г. д. Пасыпецца з гары пясок; заімгліць, як сёння, дождж... Пагавораць толькі, колькі трэба. Пашкадуюць, што памёр малады. Пахваляць, – па смерці ўсіх хваляць. Разыдуцца... Грабар плюне са злосці, мо загнець мудрым слоўцам: не выбраў лепшага часу памерці, а яшчэ і паэтам быў.
        Чорт паглядзеў на Гарыда і неяк скорчыўся, глыбей нацягнуў на вушы шапку. Затрымаліся.
        – Мо далей пойдзем? – спытаўся Гарыд.
        – Не, – адказаў чорт. – Бачыш – днее. I калейку трэба заняць, мо хоць сёння дастану працу.
        Чорт пераступаў з нагі на нагу. Уграваўся. Пастукваў абутымі дзеравянікамі.
        Раз... два... тры...
        Фанары таялі, расплываліся ў шэрай, усё больш і больш бялеючай імгле. Днела.
        
        
* * *

        Гарыд не мог прачнуцца. Яму здавалася, што ён стаіць дзесь сярод вуліцы, а чорт пастуквае дзеравянікамі.
        Але яшчэ мацнейшы стук пераканаў яго, што нехта стукае ў дзверы. Гарыд хутка ўстаў: «Здаецца, нічога няма», – падумаў і запаліў агонь.
        Стук паўтарыўся.
        – Хто?
        – Рэвізія!..
        У дзвярах перад Гарыдам стаяў з якойсьці асобай незнаёмы ў рабым асеннім пальце.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.