РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Як зелянее зямля
 
Нарыс з дарогі
        Сонна шумяць колы, калышучы вагоны.
        Храпіць, разваліўшыся на лаве, гандляр з-пад Крывіч, глыбока засунуўшы руку за пазуху. Насупраць яго сядзіць старая кабеціна, угледзеўшыся ў шыбы і ў тую ноч, што ляціць на спатканне са спаленымі нівамі, з рэдкімі, ледзь узышоўшымі зорамі.
        – А я служыў... Працы хоць падавіся. Няма калі адпачыць і есці няма чаго, – гаворыць адзін з падарожных. – Шмат нашых пакідалі працу. Я зарабіў на білет на Маладэчна, а дамоў яшчэ далёка, пайду пехатой...
        Другі пытае, якая ў Латвіі зямля, як падаткі.
        Рып колаў перарывае гутарку. Станцыя. Праз вагон прайшлі два арыштаваныя і паліцыянт.
        – Пэўна, за самагонку...
        Толькі гандляр не згадзіўся, што арыштаваныя «за самагонку». Ён вышэй падняўся на лакцях, доўга прыглядаўся да арыштаваных ды зноў лёг, лаючыся.
        – Напладзілася ўсякіх бацыл... Раўнапраўя захацелі, чэрці... Каб не канстытуцыя, даўно я з імі па-свойму расправіўся б...
        Зноў крануліся вагоны. Пачало днець. Замігцелі слупы, няясна пачалі вырысоўвацца межы; памалу, чапляючыся за курганы, за кусты, паўзла імгла да лесу ад высокага жалезнадарожнага насыпу.
        Загарэўся ўдалечы крыж касцёла, забялелі муры астрога. Старая кабеціна пачала густа хрысціцца, і, не выціраючы наплыўшыя на твар слёзы, хутка пачала завязваць свой хатуль. Пасля, стоячы каля дзвярэй, доўга глядзела ў бок астрога, пакуль не замігцелі перад вокнамі таварныя вагоны, поўныя папяроўкі, асіны і вольхі.
        – Д^ііеіка!..
        – Вялейка! – пачуліся галасы.
        Колы, здаецца, угрызліся ў шыны, з рыпам затрымаліся. Пасля – зноў станцыі і цэлыя горы лесу – тавару.
        
        
* * *

        Зямля спаленая, шэрая, як попел, толькі зелянеюць жыты; на вышэйшых месцах калыша вецер белае пустое калоссе ды ярка дзе-нідзе гараць зеленню раннія льны. Рэдка паўсходзіла ярына. Удалі шарэюць рассеяныя па полі, па пералесках хутары.
        Мала калі да нас даходзіць свая прэса, – жаляцца старэйшыя, а перадусім моладзь. – Калі хто атрымлівае, дык за 30 кіламетраў ідзём за газетай ці за кніжкай... Вось неяк атрымалі толькі лемантар...
        Збіраюцца дзеці, пачынаюць чытаць. Па тры гады ходзяць, а так не чытаюць, як на сваім, за пару месяцаў. «Вершы самі ўразаюцца ў памяць», – чуеш галасы.
        Мне сам адзін стары тлумачыў: «Вось дзе праўда: «у вокнах валавяная мучыцца туга»...».
        Я не раз тады ўспамінаў нашых «знатакоў», якія не ведаюць вясковага жыцця, самога селяніна, толькі і бачылі «на даче прн покупке ножкн телятлны», – аднак гавораць аб вобразнасці стылю, заклікаючы вярнуцца да прымітыву, да сваіх часоў. Млеючы ў мелодыі апошняга танго яны не могуць і не зразумеюць мастацкага голасу вёскі. Там ведаюць, якая паэзія – свая, а якая толькі аб іх напісаная. I нават сам, чытаючы перад імі, глыбей зразумееш усю розніцу. Пакуль што рост нашай паэзіі ідзе па правільнай дарозе.
        Бяруцца за лемантар і старэйшыя мужчыны. Праўда, гэтым навука цяжэй даецца, – не маюць часу, адкладаюць на восень.
        Доўга расказваюць аб кожным прадстаўленні, якое ўдалося зарганізаваць, аб кожным артысце; умеюць належна ацаніць мастацкае выкананне і, часам, імя героя драмы ці камедыі навек застаецца за выканаўцам той ці іншай ролі.
        Доўга расказваюць. Бо атрымаць дазвол і перамагчы ўсе перашкоды трэба шмат працы. На гэтым полі часта разыгрываюцца драмы, якія чакаюць сваіх мастакоў і на якіх бы не адзін мог бы павучыцца з нашых «кабінетных» народнікаў.
        Расказваюць. Раіш.
        Мінае дзень, вечарэе.
        Вось і сёння не было дажджу, – гаворыць адзін са старыкоў, – а пасля ўсяго, мне здаецца, і зямля неяк пазелянела... Вось як нам яшчэ адчыніць школу?..
        I мне здаецца: шэрая, спаленая засухай зямля пачала зелянець.
        Рыпяць дарогі.
        Едуць фурманкі; бокам, на павадах вядуць кароў, цялят. Квічаць у некага на плячах у мяху малыя парасяты. Цягнецца тлум на кірмаш.
        Вуліцай паміж вазоў ходзяць летнікі. Таргуюць, купляюць гліняную, узорна размаляваную «паліву», ручнікі, тонкія льняныя палотны, дываны.
        3 кожным годам іх менш. Сёння яшчэ красуюцца апошнія на рынках...
        А там, дзе звоняць каля вазоў косы, гудзяць галасы мужчын пра сенакос, пра гумовыя лейцы, пра Іспанію.
        Іспаніі ёсць дзве. Пра адну можна гаварыць голасна, пра другую лепш ціха, так, як гаворыцца пра хлеб, каб не чулі тыя, хто мае яго досыць.
        А вось глядзі, – паказвае селянін, – якое ў нас жыта. Скакаць можна, коласа не зачэпіш!.. Кажуць, зямля бедная, а паглядзі, колькі яна корміць людзей, мала што пясок ды падзол.
        Сінее возера.
        Калыша вецер хмару галасоў. З вуліцы выплывае тлум з вобразамі. Глуха ідуць па зямлі пашчапаныя ад засухі і ад працы босыя ногі тлуму. Далёка тонуць у цёмным сасонніку белыя капліцы кальварыі.
        Ціха. Нехта гаворыць ззаду:
        – Мы на гэтым тыдні сабралі па пару грошай, выслалі на сваю прэсу.
        – Вось каб нам больш кніг, ды з нашага жыцця!.. Пачаў імгліць дождж.
        Памалу зелянела спаленая сонцам шэрая, як попел, зямля.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.