З угодкавых настрояў
|
Да дзесяцігодьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі
|
Як пабег тады той Вокліч ды па хатах: «Гэй, на сход сыходзься! Дзень ідзе расплаты. Выпала часіна Падвясьці зьлічэньне Крыўды векавечнай, Вечнага цярпеньня. Помстай за зьнявагу Ды за катаваньне Дзякаваць удзячна Зь вечара да раньня. Кузьні і палеткі Чысьціць днём і ночай Ад крыві мужыцкай, Ад крыві рабочай. Хай дымяць пажары Тут і там крывава, Каб было скрозь відна, Як ідзе расправа». ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ I ўздрыгнуў сатрапа, Задрыжэў багаты, Як пабег тады той Вокліч ды па хатах.
|
«Ад тайгі да брытанскіх марэй» Ходзяць ходам бунты; Ад магнацкіх, ад панскіх дзьвярэй Затрашчэлі шпунты. Уцякай, хто пад пухам апух, Падкасаўшы полы! Бо ўзбудзіўся збунтараны дух, Бо йдзе босы, голы. Як увысі у вырай плылі, Гагаталі гусі, А унізе гнуўся лес да зямлі, Нібы старац, гнуўся. Дзе сякуць, там лятуць шчэпкі проч, Соладка ці горка; Дзе прапала кароўка за ноч, – Прападай вяроўка. Ірзуць коні, калёсы скрыпяць Ад Дону да Бугу. Калі гнаць, то ўжо гнаць аж у гаць, Расьпінай папругу. Не прыставіш да сьценкі, цябе Аж да двух прыставяць, I ніхто ні ў мальбе, ні ў кляцьбе Ад пятлі ня збавіць. Гэй, каваль, дзьмі ў мяхі, а сталь грэй Да самага грунту! «Ад тайгі да брытанскіх марэй» Ходзяць ходам бунты.
|
Ня елася, ня спалася, Куды там падвяселіцца, Як гэта раскілзалася Чырвоная мяцеліца. Ідзе моц непакорная, А сьледам – кпіны, гоманы, Як тыя дымы чорныя Над пушчаю паломанай. Шушукалі, хіхікалі Падсуседзі дасужыя. Назад вярнуцца клікалі – 3 натугі, бач, нядужае. «Куды вам лезьці зь віламі? – Так пальцам з боку тыцкалі, – Як выйдуць проць з крапіламі Ды з кулямі англіцкімі. Ня справіць вам уходзінаў На новае паселішча, А сьцежка, вамі пройдзена, Абернецца ў папелішча. Супроць сусьветных правілаў Ня вам ісьці з паходняю...» – Так сыкала, так правіла Падсуседства прыгоднае.
|
Уцякала за ночкаю ночка За горы, Паласкаліся ў росах чырвоных Разоры. Запалялася сонца аб сонца Агніста, Пасыпаліся косьці пасыпкай Вячыстай. Рассыпаліся прыскам палацы I вежы, Гудам водгульле-рэха ляцела За межы. А з-за межаў – чужынцы, як злыдні, На пашу, Каб суняць вызваленьне і помсту Паўстаўшых. Тры-чатыры так восені шчэзьлі Руінай, Як змаганьне ішло пераможна, Няспынна. Уцякала за ночкаю ночка За горы, Паласкаліся ў росах чырвоных Разоры.
|
Зацымбалілі цымбалы, Забубнелі бубны, Як вярталіся з паходу, 3 бойкі вельмі труднай. Сустрачалі маткі, сёстры I зблізку, і здаля, Адны плакалі ад шчасьця, Другія ад жалю. Падлічалі, вылічалі, Шмат не далічылі... Ой, вяліку дань аддалі Варожае сіле! Ля гасьцінца, ля дарогі Курганок віднее, А на ім – штогод вяночак 3ь беленькіх лілеяў. Не забылі добры людзі Ваяка за долю, Што злажыў сваю галоўку, Як травінку ў полі. Не забылася дзяўчына Курганка ля шляху: Кожны год вянок прыносіць I кладзе бяз жаху. Зацымбалілі цымбалы, Забубнелі бубны, Як вярталіся з паходу, 3 бойкі вельмі труднай.
|
На дзесятыя угодкі, Хоць ноч доўга, дзень кароткі, Разважае ўвесь народ, Які выйшаў умалот. Дзе якое было жніва, Ці ўрадліва, ці шчасьліва: Суды судзяць так і сяк, Хто прасьцей, хто накасяк. * На дзесятыя угодкі, Паламаўшы загародкі, Меншы, большы гаспадар 3ь перамогі цягне дар. Той – сноп жыта, той – аўчыну, Той – шасьцерню на машыну, А кум – куму, свату – сват: Хай жыве ўжо новы лад! * На дзесятыя угодкі Варма вараць мёд салодкі, А па мёдзе – рукі ў бок Ды у скокі крок у крок! Скача горад, скача вёска, Адно іскры з-пад падноскаў... Скачы, ўнуча, скачы, дзед, Ад пабедаў да пабед!
|
|
|
|