РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яна і я
1. СТРЭЧА
1
Стрэча
        
На крыжавых пуцінах зь ёй сустрэўся –
Куды ісьці, не ведала яна,
I я не ведаў – ў полі я ці ў лесе,
I мне ляжала сьцежка не адна.
 
Як путнікі, заблуканыя ўночы,
Стаялі мы пад труднай ношкай дум;
Адно другому пазіралі ў вочы
I слухам клікалі найменшы шум.
 
Стаялі мы. Нявіданыя дзівы
Нас абымалі крыльлямі сваймі,
Шапталі мне: вазьмі яе, шчасьлівы!
Шапталі ёй: сабе яго вазьмі!
 
I рукі злучывалі нам навекі,
Багаслаўленьне далі нам сваё
Ісьці у сьвет праз горы, долы, рэкі,
Ісьці супольна праз усё жыцьцё.
 
Вясельны гімн, як плачкі, нам запелі
I заракалі крыльлямі зарок –
Над ёй, заручанай, у шлюбнай белі,
I нада мной, ахутаным у мрок.
 
А каб вас злыя не змаглі заломы!
А каб не зналі душы вашы ран!
А каб вас не кранулі буры, громы!
А каб к сабе не звабіў вас курган!
 
Такія клалі дзівы нам зарокі
Мядовых асалод, квятчаных крас
I расплыліся, як сон ветру лёгкі,
Нас кінуўшы ў благі ці ў добры час.
 
I мы пайшлі, як тыя цені-мары,
Няспынна ад расы і да расы;
Запаланелі нам бліскучыя пажары,
Закуранелі чорныя лясы.
        
        
2
У хаце
        
У хаце ўжо маёй будзь гаспадыняй, –
Няма ў мяне нікога, проч цябе;
Сядзь на пачэсны кут, мая багіня,
I будзем думы думаць аб сабе.
 
Палац мой, бачыш, хоць і не багаты,
Але я сам яго узбудаваў,
Сам сьцены вывеў, клаў на кроквы латы
I сам пад стрых саломай пакрываў.
 
Не выбіты атласам сьцены, лавы,
Падлога не заслана дываном
Турэцкім, што сваёй красой іскравай
Гарыць, зіяе, як той жар, агнём.
 
Над печкай, што стаіць каля парога,
Не працавалі мудры разьбяры,
Сам з гліны зьбіў яе й зь пяску сырога
Ды вапнай пабяліў разы са тры.
 
Вось ложак зроблены маёй рукою,
З смалістай сосны дошкі выслаў ў ім;
Пасьцель пуховую пасьцелем мы з табою,
Каб мякка спаць было нам абаім.
 
У ночнай цішы, ў любым упаеньні,
У патаеньні ад жыцьця, людзей,
Агонь душу і сэрца распрамене,
Агонь гарачых, злучаных грудзей.
 
I мнагацьветныя акружаць нас вясёлкі,
Маланкі залатыя замігцяць,
А думкі нашы, верныя саколкі,
Да неба з добрай весткай паляцяць.
 
Так мілаваньне к шчасьцю сьлед адчыне,
А мілаваньне – над царамі цар, –
I будзеш век маёй ты гаспадыняй,
А я твой вечна буду гаспадар.
        
        
3
Праталіны
        
Ўжо на зямлю ляглі праталіны,
Сьнягоў спаўзае зімавая бель,
Узгоркі сьвецяць – як апалены,
Вада ў лагчынах жаліцца, як чмель.
 
Дзе-нідзе глянула нясьмелая
Пралеска вочкамі на Божы двор, –
Людскіх сьлёз кветка сіне-белая
Шукае сонца днём, а ночкай – зор.
 
Крылатыя стварэньні з выраю
Па Млечнаму Пуці плывуць, як шнур,
I, творачы малітву шчырую,
Сваіх шукаюць кінутых пячур.
 
Спагаднае сьвятло нябеснае
На колькі вёрст зьвялічыла свой шлях,
Па нівах промені пачэсныя,
Як лён той, сьцелюцца ў жывых агнях.
 
I ў хатку заглядаюць промені, –
Дармо, што нізкія аконцы ў ёй, –
Гуляюць радасна па коміне
Бліскучай і вясёлаю сям’ёй.
 
Па ложку, па пасьцелі ласяцца,
Цалуючы яе і мой гарачы твар,
Як тыя ветрыкі на пасецы,
Гуляючы ў пякучы летні сквар.
 
Устань, галубачка бяскрылая,
Заспаны зоры-вочанькі пратры,
Зьбяромся з думкамі і зь сілаю
Жыцьця парадак валачы стары!
 
Праталіна лягла на гонейках,
Збудзілася пралесачка ад сна...
Устань, устань, маё ты сонейка!
Залатаструнна йграе ўжо вясна.
        
        
4
За кроснамі
        
За кросны ненагляднай сесьці трэ было
Ядваб-кужэль сівенькі ткаць,
Але да гэтага прыладаў не было, –
Прылады стаў я майстраваць.
 
Зь бярозы вычасаў ставы ёй новыя,
Набіліцы кляновыя зрабіў,
А панажы выстругаваў кляновыя,
Навой, як трэба, зарубіў.
 
Узяўшы дзічку-яблыню крамнястую,
Стругаў чаўнок гладзей ад шкла.
Купіў на рынку берда густа-частае.
Ніты сама яна спляла.
 
Садзіцца мае сэрца-ткаля ў кросенькі,
Набіліцамі громка б’е,
Кладуцца ўтоку гусьценька палосанькі,
Сучу я цэўкі для яе.
 
Так шчыра зь ёю ўзяліся дарэчы мы;
Яна ўсё тчэ, а я сучу,
I ўкрадкаю любуюсь яе плечамі,
За белымі грудзьмі сачу.
 
Тчы, мая ткаля! Кроў твая ўзыгралася;
Маланкай гойсае чаўнок.
О, каб хаця аснова ўжо не рвалася!
Каб моцны й спорны быў уток!
 
Няхай ад берда часта ўток калоціцца,
Кладзе шырокі гладкі сьцяг,
А доўгі – як рака, што ў мора коціцца,
Як між прысад гасьцінец-шлях.
 
Каб сьцежка, коцячыся, палатняная,
Дзе парастае дзівасіл,
Дайшла ў старонку знаную-нязнаную,
Туды, да бацькаўскіх магіл.
        
        
5
Выган у поле жывёлы
        
Спаўзьлі з загонаў зімнія сьнягі
І ў мора паплылі ракой-вадзіцай,
Запелі жаўранкі. I чорныя лугі
Ўсьміхацца сталі першаю травіцай.
 
У поле статак выганяць пара.
Кароўку маем мы – завецца Аўтарыняй, –
Багацьце кожнага гаспадара,
Скарб і пацеха кожнай гаспадыні.
 
«Мая» не выгнала яе за край
Платоў, на пашу, дзе яна хадзіла,
Пакуль таго, што вучыць абычай,
Над ёй сваёй рукою не ўчыніла.
 
Сьвянцоным хлебам, сольлю і вадой
Абнесла навакол яе тры разы,
Паставіла да сонца галавой
I загавор чыніла ад заразы.
 
Ў крыніцы тры разы кусочак шкла
Скупала і, перад вачмі кароўкі
Трымаючы, шаптала, як змала,
Такія мудры заклінаньня слоўкі:
 
«Ты, ясна сонца, месяц, ясен сьвет,
I вы, на небе часьценькія зоры,
Вы ўсе, што кропіце расою цьвет
I асьвятляеце сушу і моры, –
 
Зямлю агрэйце, вырасьцьце траву,
Не пашкадуйце есьць і піць жывінам,
Шаўковую сьцяліце мураву,
Абгарадзіце жалязяным тынам.
 
Вартуйце, сьцеражыце ад цара
Ляснога, палявога, вадзянога,
Ад царанят яго, ад упыра
I ад людскога вока нелюдскога!»
        
        
6
Агляд поля
        
Вялікі сьвет! Не згледзець тых абшараў,
Што прадзеды пакінулі і нам:
Дзе лес, дзе лозы, дзе ляжаць папары,
Дзе рунь абходзіць ўжо на хлеб людзям.
 
Сягоньня, мілая, быць хочу я з табою, –
Дык ручку на плячо мне палажы,
Я стан твой атулю рукою,
I ў поле пойдзем, пойдзем пад крыжы.
 
Як дзеці, пазабытыя тым сьветам,
Свае палеткі будзем аглядаць
I, пад загонам седзячы сагрэтым,
Пачнем аб жніве будучым гадаць.
 
Багата мы з табою маем гоняў,
Ўпару абсеяць, зжаці толькі б іх
Ды ў добры час злажыць у застароньне
Сям’ю снапкоў пасьпелых, залатых.
 
Так станам песьцячысь яе прыгожым,
Ідзём, ідзём з загона на загон,
Дзе перш араць, дзе сеяць перш – варожым –
3 надзеяй дачакаць нядзельных дзён.
 
Абняўшыся, пад крыжам адным селі,
З бакоў стаяў другі і трэці крыж,
З крыжамі мы, як здані, ў сьвет глядзелі,
I душы нашы ўзносіліся ўзвыш.
 
Мы блаславілі неба воблік сіні,
Што нашы думкі ўзносіў да сябе,
I ў думках кланяліся той часіне,
Што нас злучала ў шчасьці і ў жальбе.
 
Жыцьцё, зямлю і сонца блаславілі,
Старыя грушы, вербы на мяжы,
А пракліналі толькі скону хвілі
I тыя вечныя па нас крыжы.
        
        
7
Радаўніца
        
На Радаўніцу мы на могілкі пайшлі,
Сьвянцонага з сабой астаткі ўзяўшы,
Як гэта здавен-даўна на нашай зямлі
Дзяды і прадзеды рабілі нашы.
 
Маніліся нябожчыкаў адведаць мы.
На могілкі народу шмат сышлося,
I людзі сноўдаліся між крыжоў, як цьмы,
Хістаючысь, як ветрам гнутае калосьсе.
 
На плітах каменных парос зялёны мох,
Бярозы, хвойкі плакалі над імі,
А пасярод капліца жудка, як астрог,
На сьвет глядзела вокнамі сьляпымі.
 
Ля насыпу мы зь мілай селі ў старане, –
Пад насыпам тым спала яе матка, –
I прашаптала мілая, схіліўшыся ка мне:
«Адзін, адзін цяпер ты ў мяне, братка!»
 
Як боб, буйныя сьлёзанькі зь яе вачэй
Пасыпаліся на магілку градам,
Здалося мне – заплакала і неба зь ей
Над гэтым здушаным зямлёю садам.
 
Штось сэрца сьціснула, зірнула ў дно,
I паплыла сьляза ўсьлед за сьлязою
А думаў, што ўжо ўсе іх выліў я даўно,
Што ў сьвет гляджу ўжо зрэнкаю сухою.
 
Ў магілках дрэмле бацька мой і два браты,
Сясьцёр малых зямелька абымае.
А я жыву на сьвеце доляй сіраты,
Мяне зямля за нейкі грэх трымае.
 
Пусьціўшы гэтак сумным думам павады,
Бязьмежны жаль паплыў ў душу крыніцай.
I я таксама, як яна тады, шаптаў:
«Адна на сьвеце ты ў мяне, сястрыца!»
        
        
8
Ворка
        
Саха мая зусім ужо гатова, –
Зрабіў к ёй новенькую плаху,
Нарогі павывострываў нанова,
Даў на паліцу тоўсту бляху.
 
Вось толькі коніка ў яе упрэгчы,
Махнуці пугаю нягрозна,
Ў загоне на рагач крывы налегчы, –
Барозна пойдзе за барознай.
 
Сьняданьне з’елі зь ёю удваёчку, –
Каб сыта – трудна пахваліцца;
Хлеб падзялілі разам па кусочку,
Сьцюдзёнай запілі вадзіцай.
 
Пайшоў з сахой, пусьціў нарогі ў гоні.
Нагамі толькі конік мой цярэбе,
I сьцелецца загончык пры загоне,
Аж сонца цешыцца на небе.
 
Вам, людзі, што сваёй рукою белай
Зямлі не кратаеце сэрца,
Не дагадацца цераз век свой цэлы,
Як сэрца чалавека б’ецца.
 
Таго, які увосень ці вясною
Зямлі сахой чапае грудзі
Або зярно хавае бараною,
Каб вырасла для вас жа, людзі.
 
У важны час заворкаў ці засеўкаў
Імша абходзіцца сьвятая,
Душа сяўца лунаецца, як дрэўка,
Якому вецер ліст зрывае.
 
Арыце, сейце, людзі, хто што можа,
Старым ці новым абычаем!
А вашу працу доля упрыгожа
Шчасьлівым, буйным ураджаем.
        
        
9
Беліць палатно
        
Чачоткавы зрабіў ёй пранік ёмкі,
З аздобамі і ручкай гладкай,
I палатно нанёс зь ёй да пагонкі,
Дзе сажалка была і кладка.
 
Усю трубу укінулі ў вадзіцу;
Яна, свой скінуўшы каптанік,
Кашулю падкасаўшы і спадніцу,
Ўзышла на кладку, ўзяўшы пранік.
 
I пярыць стала мокра палаценца.
Складаючы на кладцы ў складкі,
На ножкі пырснула і на каленцы
Вадзіца, як раса на градкі.
 
Распырсківаліся, як іскры, пырскі,
Мігцелі ўсюды мнагацьветна.
На гладзі воднай рысавалі рыскі
I ніклі ў гладзі непрыметна.
 
Бліскучыя агністыя праменьні,
Купаючыся ў сажалчыным версе,
К маёй галубцы ў мёдным уміленьні
Туліліся і грэлі персі.
 
Так палаценца мілая бяліла
Вадзіцай, пранікам на кладцы,
Пасьля сабе на плечы узваліла
I слаць нясла на сенажатцы.
 
Нясла. Вада па ёй цурком сьцякала.
I на аселіцы ля плота
Тканіну мыту распускала.
Цяперка сонца ўжо работа!
 
Бяліся, наша палатно, бяліся,
Як дзень, як месяц бледны, бела,
Як бела малако ў глінянай місе,
Як та саломінка пасьпела!
        
        
10
Сяўба
        
Ральля падсохла, мяккай стала воўнай,
Ўжо час узяцца за сявалку,
Ў зямлю зярнят насыпаць жменяй поўнай,
Як ад бацькоў наўчыўся змалку.
 
Ад той, што ад зімы засталась, часткі,
Штось кінуўшы на час нязбыты,
Адмерылі мы зь ёй са дзьве шаснасткі
У мех, рукой яе пашыты.
 
I выйшаў сеяць я. Яна стаяла
Непадалёк мяне, на ўзьмежку;
У высях сонца золатам зіяла,
Ўнізу плыў вецер сваёй сьцежкай.
 
Пасыпаліся дробныя зярняты
Ў ральлю, як пацеркі янтарны,
На наш загон, сахою узараны,
На мой шнурок – палетак ярны.
 
Яна, як ніцая бярозка тая,
Стаяла, за сяўбой сьлядзіла,
I як бы Багародзіца сьвятая –
Здавалася мне – блаславіла.
 
Лажыцеся ў ральлю, зярняткі, спаткі,
Накрыйцеся пасьцілкай-скібкай,
Пасьля збудзіцесь, выгляньце з краваткі,
Як воўна – густа, як дзень – шыбка!
 
Расьціце высака, расьціце буйна,
Як гэта пушча за дарогай!
Маліцеся да бела бога чуйна
I чорнага не гнеўце бога!
 
Каб не паспалівалі вас сьпякоты,
Дажджы каб вас не пазмывалі,
Каб не пабілі грады і грымоты,
Каб вам заломаў не ламалі!
        
        
11
Поліць агародніну
        
Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады;
Благое зельле вырывала, кідала у пасьцілку,
Дзе каліў не было, – дасаджывала там расады,
Там прарывала, дзе ўзышло загуста праз памылку.
 
Чырыкалі над ёю верабейкі на чарэсьні,
Нязгледна час ад часу вецер пралятаў крылаты.
I адазвалася мая палея сумнай песьняй,
Такой, якую ў нас пяюць вясеньнім днём дзяўчаты.

Вясьнянка

Ой, брала вясна у сонца ключы,
Адчыняла сырую зямельку,
Пускала на сьвет траву-мураву,
Адзявала у лісьце бярозы.
 
Дзе толькі ні йшла яна, – з прыпала
Густа сеяла, сеяла кветкі,
На край сьвету гнала рэчкі яна,
Птушкам волю і голас давала.
 
Ой, выйду я, выйду на сенажаць,
Буду віць, завіваць вяночак,
Пяяць з салавейкам буду у тахт,
Сэрцу песьняй вясну выклікаці.
 
Прыйдзі ты ка мне, сагрэй ты мяне,
Абымі ты мяне, як друг мілы,
Пасей на душы мне долейкі мак,
А на сэрцы – пшанічку каханьня!
 
Каб доля, як мак цьвіце, зацьвіла,
Каб каханьне расло, як пшанічка,
Каб мілы мяне мой верна любіў
I галубіў ў сьвятліцы, як шчасьце.

Зьвінела песьня і зьлівалась з музыкаю птушак,
Бярозавыя на гасьцінцы плакалі прысады,
Заводзіў вецер, б’ючысь аб асінавы асушак...
Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады.
        
        
12
Яблыні цьвітуць
        
Яблыні цьвітуць, так хораша цьвітуць,
Як белым высыпаны пухам,
Пчолкі на цьвяткі па мёд сабе лятуць,
З вульля ў вулей нясуцца духам.
 
Селі зь ёю мы пад яблыню ўдваіх
На траўцы сьвятачнай нядзеляй;
Сонца разьлілося ў променях сваіх,
Лісткі на яблынях зардзелі.
 
Вецер плыў лісткамі, песьціў, калыхаў,
Галінкамі трос, як крапілам,
Птушак жвавых шчэбет хвілі не сьціхаў,
Кружыўся зь белым кветак пылам.
 
Раем на зямлі выглядываў нам сад,
Я ў ім – Адам, яна ў ім – Ева;
У раі гэтым вецер быў нам бог і сват,
Вяцьвямі шлюб давала дрэва.
 
Птушкі ў мільён струн вясельле гралі нам,
Пасажнай маткай была пчолка,
Сонца несла ўцехі думкам і грудзям,
Пасьцелю слала нам вясёлка.
 
Капаў нам на вочы яблыневы цьвет,
На нас валіўся, як сьнег белы,
Мысьлі нашы беглі сіняй далі ўсьлед
I сьвет сабой тулілі цэлы.
 
Мілая! О, колькі радасьці даеш
Майму ты сэрцу маладому!
Нават ты сама таго не спазнаеш,
Які ты скарб у маім дому!
 
Мілая, сагрэй мяне сваймі грудзьмі!
К маім грудзям прыліпні шчыра;
Богамі хай станем мы паміж людзьмі,
Нябеснага князямі міру!
        
        
13
На сенажаці
        
Выйшлі зь ёй, дзе сенажатная краса
Зіхцела, як вясёлкі мнагацьветны ўзор,
Вострая яшчэ дзе не забразгала каса,
Дзе ў кветках луг ірдзеў, як неба ўноч ад зор.
 
Выйшлі, як душы дзьве злучаны навек
Выходзяць, кінуўшы магільную жарству,
Сьветы аглядаць, якія ўзводзіць чалавек...
Прыйшлі мы й дзівімся такому хараству!
 
Краскамі ўсьміхаецца ўся сенажаць,
Гараць урочнікі, румянкі і званкі,
Жоўтыя званцы зялёны луг жаўцяць,
На кветку з кветкі шыбка скачуць матылькі.
 
Рэчка бурбаліць па каменьнях між вольх,
Вадзіца бліскатна лялее ў бегацьбе,
Сьціха штосьці шэпча, шалясьціць трысьнёг,
А сонца сочыць у вадзе само сябе.
 
Кветкі зь ёю рвём, вянок сабе пляце –
Карону ясна-цьвет зь нявысьненай красы;
Хораша, да твару йдзе ён сіраце,
А з-пад вянка плывуць па плечах валасы.
 
Шчасна так, абняўшыся, ў траве плывём,
Купаюцца у кветках ногі да калень,
Шчокі, грудзі нам гараць, гараць агнём,
Іскрацца вочы, цела просіцца пад цень.
 
Сонца штораз больш у жылах кроў агніць,
Калені штораз больш ласкоча нам трава,
Блогасна аб сэрцы сэрца ў жары сьніць,
Жаданьнем забыцьця п’янее галава.
 
Ногі падкасіліся і мне, і ей,
Зьліліся вусны з вуснамі самі сабой,
Полымем прыпалі грудзі да грудзей,
Зьмяшаліся мы з сонцам, з кветкамі, з травой.
        
        
14
Краса сьвету
        
Вясна, вясна! О, колькі ў табе шчасьця!
О, колькі радасьці прыносіш ты з сабой!
Умееш ты ў душы агонь раскласьці
I грудзі распаліць агністай барацьбой.
 
Сьвятлом сьвет цэлы заліла гарачым,
Раскінула зь зялёнасьці жывы шацёр
На ўсім зямлі абшары доўгасьпячым
На сваіх кроснах выткала чароўны ўзор.
 
О, цешся з гэтага сама, вясна ты!
Ўжо славу блаславяць цяпер усе тваю –
Зямля і неба, і вецер крылаты,
I я красе тваёй сваю дань аддаю.
 
Гэй, ажыло зямлі старое папялішча!
Зайгралі рэчкі, плечы выраўнаваў бор,
Спраўляе птушак жвавы рой ігрышча
I падлятае з радасьцю чуць не да зор.
 
I думка ўвысь ляціць на вольных крыльлях,
Як бы самому Богу мела расказаць
Аб тых нягаданага сьвята хвілях,
Якім вясна яе умела счараваць.
 
Ляці, імчыся, думка, вышай, далей,
Як вокам стрэліць можна у блакітну даль!
Схапі стуль песьню зь перуновай сталі
I прынясі мне волю сільную, як сталь!
 
Я песьняй мілую сваю праслаўлю
Паміж народам! сваіх, чужых зямель,
Каб не загінула, як кветка, у бяспраўю, –
Жыла й тады, як ляжа ў вечную пасьцель.
 
А воля мне жалезная патрэбна
За крыўды маёй мілай помстай заплаціць,
Што гаравала так яна бясхлебна,
Што ланцугамі мусіла шмат лет званіць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.