РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ася Паплаўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дыягназ не суцяшае?..
...
        Для рэдактарскага аналізу аўтарскага твора я ўзяла артыкул берасцейскага літаратара Алеся Паплаўскага “Дыягназ не суцяшае (палемічныя развагі пра стан сучаснай беларускай літаратуры)”, апублікаваны ў газеце “Літаратура і мастацтва” (№13, 3 красавіка 2009 г.).
        Артыкул гэты палемічны, што вынікае з назвы. Дакладней, скіраваны на палеміку. Аўтар задае шмат пытанняў (“А што насамрэч маем мы?”, “Скажыце, хіба здольныя яны [кнігі] зацікавіць нас, чытачоў, сваімі тэкстамі, калі яны нават знешнім выглядам нас не прывабліваюць?”, “Няўжо ў нашай краіне недахоп талентаў?”…), прычым напрацягу ўсяго тэксту апелюе займеннікамі “мы”, “наш”, “нам”, “намі”, “нас”,перакладаючы такім чынам адказнасць і на нашыя, чытацкія, плечы. Шмат у тэксце і зваротаў (“Давайце на хвілінку задумаемся…”, “Агучце, калі ласка, свае падлікі”, “Назавіце мне творы сучасных аўтараў”…), што, як і пытанні, даказвае нам нашую спрычыненасць не толькі да сучаснага літаратурнага працесу, але і да артыкула Алеся Паплаўскага. Безумоўна, такія захады спрыяюць ўтрыманню ўвагі чытача, а таксама стымулююць нас да роздуму, падштурхоўваюць да пошуку адказаў на пастаўленыя пытанні.
         Мне, чалавеку спрычыненаму да літаратуры, гэты артыкул падаўся вельмі сырым, паспешліва напісаным, з непрадуманай аргументацыяй, супярэчаннямі.
        Артыкул аўтар пачынае са словаў нямецкага пісьменніка, крытыка Георга Ліхтенберга і адразу ж пераскоквае на меркаванне свайго рускамоўнага знаёмага (нашто было падкрэсліваць, што ён рускамоўны? У нас амаль уся краіна – рускамоўная, але ж гэта не замінае многім з тых, хто размаўляе па-руску, цікавіцца беларускай літаратурай), чалавека “адукаванага, і выхаванага”: “…ваша беларуская літаратура гэта ўсяго толькі – міф, яе не існуе ў прыродзе”. Літаратар, які паважае сябе і сваёго чытача (тым больш – ЛіМа!) ніколі не будзе апеляваць у сваім артыкуле падобнай дурнотай. Ну дурнота ж! Самая натуральная! Да таго, ж чалавек адукаваны і выхаваны, як сцвярджае аўтар, ніколі не скажа пра літаратуру краіны, дзе ён жыве (а можа, і нарадзіўся, а гадаваўся…), што яна “вашая”, ды што “яе не сінуе ў прыродзе”. Нават калі і сказаў, хіба ж можна такія словы прыводзіць у якасці аргумента, што падцвярджае нейкі там “дыягназ”, што сп. Паплаўскі вынес у загаловак?.. Пасля гэтага “паважанага меркавання” аўтар піша: “Што ж, гэта яго асабітстая думка. А нам застаецца толькі спрачацца і пераконваць гэтага самаўпэўненага чалавека”. Нашто нам, літаратарам, пераконваць таго, хто ні сябе, ні краіну сваю не паважае? Нашто нам з тым, хто беларускую кнігу не толькі не чытаў, але і на вочы ўласныя не бачыў, спрачацца?.. Нам застаецца не спрачацца і пераконваць, але плённа працаваць на карысць НАШАЙ літаратуры.
        “Так, перыяд 1990-2000-х гадоў я назваў бы застойным, а калі больш дакладна, гэты перыяд амаль што выпадае з айчыннага творчага працэсу”, – піша далей А.Паплаўскі. І за гэтай тэзай – нічога, ні аргументацыі, ні прыкладаў. Проста дыягназ. Але каб ставіць такі дыягназ, да чаго вельмі імкнецца аўтар артыкула, мяркуючы зтоў-такі па назве (“Дыягназ не суцяшае”), трэба быць тэарэтыкам, гісторыкам літаратуры. Нават я, пакуль не тэарэтык ды не гісторык, а студэнтка ведаю, што 1990-2000-я гады – перыяд росківіту, неверагоднага ўздыму беларускай літаратуры, абуджэння літаратурнага жыцця краіны. У гэты час актыўна працуюць такія майстры слова, як А. Адамовіч, В. Быкаў, Я. Брыль, В. Адамчык, С. Алексіевіч, В Казько і іншыя.
        У 1986 годзе ўтварылася літаратурнае таварыства “Тутэйшыя”, якое праіснавала акурат да 90-х гадоў. Каб зразумець значнасць гэтай творчай суполкі, варта назваць хаця б некаль імён літаратараў, заснавальнікаў і ўдзельнікаў “Тутэйшых”: Сяргей Кавалёў, Сяргей Дубавец, Адам Глобус (Уладзімір Адамчык), Анатоль Сыс, Уладзімір Сцяпан, Уладзімір Сіўчыкаў, Андрэй Федарэнка і многія іншыя знакавыя для нашай літаратуры літаратары. “Вялікая роля “Тутэйшых” для нацыянальнай літаратуры была ў тьым, што яны здолелі сфармуляваць мастацкую канцэпцыю, актуальную для цэлага пакалення”, - піша ў кнізе “Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы” літаратуразнаўца, крытык Ганна Кісліцына.
        У 1993 годзе на чале з полацкім літаратарам Алесем Аркушам пачало дзейнічаць “Таварыства вольных літаратараў” (ТВЛ), каардынатарамі якога сталі такія вядомыя літаратары як Вінцэсь Мудроў, Юры Гумянюк, Ігар Сідарук і іншыя. У ТВЛ быў і свій друкавана орган – часопіс “Калосьсе”.
        Напачатку 90-х утварылася і такая літаратурна-мастацкая суполка як “Бум-бам-літ” (ББЛ). Яна, мусіць самая вядомая на сённяшні дзень. У яе склад уваходзілі Ілля Сін, Міхась Башура, Зміцер Вішнёў, Арцём Кавалеўскі, Альгерд Бахарэвіч, Юрась Барысевіч, Серж Мінскевіч і іншыя. А хросным бацькам суполкі быў філосаф Валянцін Акудовіч. Сябры суполкі, якія працавалі ў рэчышчы постмадэрнізму, вынайшлі шэраг актуальных літаратурных накірункаў: логафармізм, транслагізм, шызарэалізм… Сёння, якрамя навуковых, пішуцца мастацкія кнігі, прысвечаныя ББЛ: “Я з бум-бам-літу” Сержа Мінскевіча, збор друкапісаў ББЛ “Друкапісы. Вялікая імправізацыя”, што выйшлі зусім нядаўна, ў бягучым годзе.
        Творчасць гэтых літаратурных аб’яднанняў даследуюць такія дітаратуразнаўцы як Аксана Бязлепкіна, Ганна Кісліцына, Віктар Жыбуль, Ірына Шаўлякова, Пятро Васючэнка і іншыя.
        А аўтар артыкула Алесь Паплаўскі даводзіць нам пра ЗАСТОЙ у беларуская літарутры. Нішто сабе застой! Да таго ж, у гэтым жа тэксце сп. Паплаўскі піша: “Памятаеце, як няпроста было ў свой час набыць “Крыніцу”, якую рабіў Някляеў? А разыходзіўся гэты часопіс так імгненна таму, што яму было чым зацікавіць свайго чытыча і не толькі пачаткоўца-літаратара, але і настаўніка”. Праўду піша аўтар: разляталіся часопісы, як бабуліны піражкі з мясам. Вось толькі не ўлічыў аўтар аднаго моманту: някляеўская “Крыніца” выходзіда акурат у 1990-2000-я гады (перастала выдавацца ў 2003 г.), у первяд застою, як сцвяржлае аўтар.
        Такім чынам, бачым яскравы прыклад не толькі неаргументаваных памылковых выказванняў, але і парушанне логікі выказванняў у артыкуле Алеся Паплаўскага.
        Далей, калі аўтар разважае пра сучасную беларускую літаратуру, ён прыходзіць да высновы нястачы творцаў: “Сучасных творцаў, імёны якіх на слыху, можна пералічыць па пальцах…” А, падсумоўваючы сказанае, піша: “Зразумейце мяне правільна, я не пераконваю вас у тым, што ў нас няма годных творцаў, наадварот. На маю думку, мы проста не заўважем іх”. Так дзе праўда: у нас няма творцаў ці мы іх не заўважаем? Аўтар відавочна супярэчыць сам сабе. Калі праўда тое, што годныя творцы ёсць, але мы іх не заўважаем, то няма аб чым і гаварыць. Трэба пісаць не пра нястачу талентаў, а пра адсутнасць літаратурнага мэнэджмэнту.
        Калі А. Паплаўскі разважае пра модныя, так бы мовіць, тэндэнцыі ў беларускай літаратуры, ён піша: “…замест таго, каб займацца працаю ўнутры мовы, мы ствараем нешта “хайканутае”. І ўсё дзеля таго, каб быць сучаснымі і арыгінальнымі”. І зноў – ніводнага прыклада, каб праілюстраваць сваю думку. Сама я люблю і чытаю хайку (хоку), напісаныя па-беларуску такімі паэтамі як Адам Глобус, Уладзімір Арлоў, Арцём Арашонак. Вось колькі хоку віцебскага паэта, празаіка, перакладчыка Арцёма Арашонка:
        
Згаслыя знічкі…
Збіраюць вяскоўцы
бульбу ў разорах.
 
***
 
Дзяўчо з лазні,
На грудзях - пацалункі
дубовага лісця.
 
***
 
Як спякотна!
Нават на прасціне неба
Кропелькі поту.
        
        Дзе тут тая пагоня за модай, пра якую піша Алесь Паплаўскі? Дзе тая “хайканутая” мова? Да таго ж, калі гаварыць пра працу ўнутры мовы, то нішто так не распрацаўвае мову, не ажыўляе яе, не надае новага дыхання, як новая форма. Не развівае мову толькі яе неўжыванне, а ўсё астатняе – нішто іншае, як йёнае развіццё.
        Калі А.Паплаўскі піша пра тое, што ў кнігарнях“беларускіх твораў – дзесятак, не больш, але і тыя, пераважна заляжалыя” (і чаму твораў? Чаму не кніг?..), ён выглядае проста недарэчяна праз тое, што не ўдакладняе: берасцейскія кнігарні наведвае ён, не менскія. Жыхары Менску, якія ў асноўным і чытаюць ЛіМ, толькі пасміхнуцца: гэта ж трэба, кніг яму мала! Да беларускіх кніг (мастацкіх, а не брашур, пра якія пісаў аўтар), у сталічных кнігарнях столькі, што вочы разбягяюцца. Тут і кнігі серыі “Наша ніва”, і лінейка кніг, што выдае “Радыё Свабода”, і кнігі выдавецтваў “Логвінаў”, “Галіяфы”, “Мастацкая літаратура”…
        Такім чынам, бачым, што выказванні Алеся Паплаўскага пазбаўленыя аргументацыі, нярэдка не адпавядаюць рэчаіснасці, супярэчаць адно адному.
        Артыкул вельмі абстрактны, пазбаўлены якой бы то ні было канкрэтыкі. Разважаючы пра паэзію, А. Паплаўскі піша: “Гартаючы свежаспечаныя кніжацкі некаторых “амбіцыйных” аўтараў, я сумна пасміхаюся…” Якіх аўтараў? Чаму пасміхаецеся? Да чаго гэты зневажальны тон? У чытачоў артыкула паўстаў шмат пытанняў.
        З імёнаў Алесь Паплаўскі называе толькі сп. Гапеева (нават не ўдакладніўшы імя, паколькі ёсць два пісьменнікі з такім прозвішчам. У даным выпадку размова йдзе пра Валерыя Гапеева). Пры гэтым А. Паплаўсік не называе ніводнага твора аўтара, спадзяючыся на тое, што чытач сам аб усім здагадацца: “Ну хоць забі мяне, але не стане ніхто з сучасных вучняў чытаць гэтае “чытво”, не іх моваю яно напісана…”. Такі зневажальны тон падкрэслівае неаб’ектыўнасць, несправядлівасць аўтара артыкула. З чаго ён узяў, што школьнікі тое чытаць не стануць? Яшчэ як стануць! І, што самае цікавае, з задавальненнем чытаюць аповесці Валерыя Гапеева.
        Бачна, што артыкул пісаўся хутка, не вычытваўся аўтарам. Не працавалі з ім як след і рэдактары. Пачынаецца артыкул сказам: “Немецкі пісьменнік, крытык празмернай сентыментальнасці ў мастацтве…” Для мяне так і застолося незразумелым: гэта крытык быў такім сентыментальным, ці крытыкаваў тую празмерную сентыментальнасць?.. Фраза “адзін з рускамоўных маіх знаёмых”… Што за інверсія такая незразумелая? Чаму б не напісаць “адзін з маіх рускамоўных знаёмых”?..
        Артыкул Алеся Паплаўскага вельмі сыры, недапрацаваны, невычытаны, што адбіваецца на мностве супярэчанняў, нестыковак, адсутнасці аргументацыі, прыкладаў, пераканаўчых довадаў у тэксце. Аўтар спрабуе разважаць, аналізаваць, але толькі заблытвае чытача. Задае шмат пытанняў і нават не спрабуе адказаць на іх. Да таго ж, А. Паплаўскі арыентаваўся на дасведчанага чытача, які няблага арыентуецца ў акалічнасцях скчаснага літаратурнага працэсу. Такім чынам, несвядома адштурхоўваючы чытача неспрычыненага, незаангадаванага.
        Аўтар намагаецца паставіць шэраг дыягназаў беларускай літаратуры (што вынікае і з назвы артыкула “Дыягназ не суцяшае”), але гэтыя намаганні абарочваюцца ў вельмі супярэчлівае і спрэчная навешванне ярлыкоў.

Крыніца: http://asia-paplausk.livejournal.com/
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.