РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лідэр
 
Нататкі да палітычнага партрэта Зянона Пазьняка
...
        Час, які ўвайшоў у нашу гісторыю пад назвай перабудовы і які, мяркуючы па ўсім, беззваротна мінае, адзначыўся, апроч іншага, радыкальным пераглядам многіх маральных каштоўнасцей, банкруцтвам казённых псеўдалідэраў і выхадам на грамадска-палітычную арэну сапраўдных народных аўтарытэтаў. Так было ў шмат якіх рэспубліках дзяржавы, дзе хвалі народнага пратэсту часам праз няўдачы і крывавыя катаклізмы рушылі з тронаў атлусцелых стаўленікаў таталітарызму, і на іх месца заступілі іншыя людзі. Малаважна, што не ўсе яны і не адразу ўпісваліся ў рамкі звыклых афіцыйных структур. Узначаліўшы народныя рухі, некаторыя з іх хоць і не дамагліся ўлады, затое набылі папулярнасць і агульнанацыянальнае прызнанне. Менавіта яны сталі сапраўднымі выразнікамі нацыянальных інтарэсаў, спакутаванай волі народа. Адным з такіх лідэраў нацыі стаў беларускі навуковец, самаадданы палітычны дзеяч Зянон Пазьняк.
        Мабыць, шмат каму з грамадзян Беларусі памятны той цёплы вясновы дзень, калі на гарадской плошчы сталіцы сабраліся тысячы яе насельнікаў, якія пасля гняўлівага мітынгу рушылі ў напрамку да Свіслачы. Народу надакучыла немата, ён прагнуў сказаць на увесь свет сваю праўду, і неўзабаве здарыўся цуд: тая праўда загучала з экранаў тэлевізараў. Людзі ўбачылі там жывых кіраўнікоў Беларускага пароднага фронту і ягонага лідэра Зянона Пазьняка. Менавіта тады ён сказаў у прамы эфір тое, што дзесяцігоддзі муляла у людскіх сэрцах, але што да яго ніхто не адважыўся сказаць такім голасам на ўсю Беларусь. А сказаў ён пра тое, чым на самай справе з’яўляецца партыя камуністаў, чым яна найболей адзначыла сябе ў нашай гісторыі, што прынесла народам іншых краін, нашых суседзяў. Ён заклікаў беларускі народ аб’яднацца ў барацьбе са шматгадовай пачварай і ладзіць жыццё па-свойму, на сваёй зямлі.
        Так прыкладна сказаў гэты чалавек, хоць на той час ён ужо не быў загадкавы незнаёмец — яго ўжо ведалі ў рэспубліцы, як зведалі і за яе межамі. Якраз перад тым шырока па свеце разышлася сумная слава беларускіх Курапатаў, дзе ў страшныя гады бальшавіцкага тэрору было знішчана болей за 200 тысяч бязвінных ахвяр. Гэтая славутасць нікому не вядомага ляска пад Менскам пачалася з публікацыі ў «ЛіМе» вялікага артыкула, аўтарамі якога былі Шмыгалёў і Пазьняк. Toe, што болей за паўстагоддзе старанна і паспяхова хавалі ад чужога вока карныя ўлады Беларусі, найперш клопатам Пазьняка было выстаўлена на ўсясветны агляд. Актыўна удзельнічаючы ў раскопках курапацкіх магіл, ён перацёр у пальцах кожны выняты адтуль грудок зямлі, пералічыў усе чалавечыя рэшткі, склаў падрабязную дакументацыю раскопак. Усё тое давалася няпроста. I праз болей чым пяцьдзесят гадоў пэўныя органы не рупіліся садзейнічаць раскрыццю злачынства. Пазьняк не саступіў з свае пазіцыі, яго падтрымала грамадскасць, яму паверылі людзі. Праўда пра крывавыя трыццатыя гады, малую частачку якіх адкрыў Пазьняк, надта ж, аднак, не спадабалася пэўным сілам, якія ўсчалі новае, запозненае «даследванне» курапацкай трагедыі. Але тую трагедыю ўжо не абвергнуць ніякім паспешлівым версіям пра «гамбургскіх яўрэяў» ды іхніх катаў-фашыстаў. Цяпер ужо вядома на увесь свет, што там савецкія чэкісты пастралялі сотні тысяч нашых людзей. Пра тое сведчаць косці, чарапы і факты.
        Менавіта сумныя факты ў каторы раз пацвердзілі нязрушную сутнасць камуністычнай дыктатуры, калі 30 кастрычніка 1988 года ля Маскоўскіх могілак народ Беларусі ў чарговы раз сутыкнуўся з яе нахабным мурлом. Тады была прадпрынята чарговая спроба панішчыць мізэрныя рэшткі нацыянальных традыцый, паралізаваць народную волю, адбіць у яго імкненне да дэмакратыі. I калі справа абышлася без крыві і смерцяў, дык у тым найбольшая заслуга менавіта Зянона Пазьняка. Гэта ён, сам атручаны газам, у крытычны момант сутычкі заклікаў шматтысячны натоўп мінчукоў да спакою і вытрымкі, сілаю аўтарытэту свае асобы засцярог іх ад старанна падрыхтаванай сакалоўскімі карнікамі правакацыі і павёў за гарадскую рысу ў Курапаты. Не зважаючы на паліцэйскую расправу, на газы і бальшавіцкія «дэмакратызатары», людзі стварылі ўсё і не ўступілі ў бойку, не аказалі безнадзейнага супраціўлення ўзброенай сіле, якая тады была мацней за іх. Мусіць, у той момант і ў тых варунках гэта было адзіна правільна. Метад вялікага Гандзі таксама тоіць немалую, а часам і рашучую сілу — асабліва ў імперскім асяроддзі, на пачатковай стадыі дэмакратычнага адраджэння.
        Народная воля беларусаў, іхняе імкненне да свабоды і нацыянальнага вызначэння выразна праявілася і пазней, калі быў створаны Беларускі народны фронт, сойм якога па праву ўзначаліў Зянон Пазьняк. У жахлівай атмасферы маральнага тэрору, бязлітаснага супрацьдзеяння партыйных улад, цкавання і адміністрацыйных праследаванняў гартавалася палітычная воля фронтаўцаў і іхняга лідэра. Фронт за кароткі тэрмін распрацаваў шмат якія праграмы беларускага нацыянальнага адраджэння — у галіне эканомікі, права, культуры і іншыя. Большая частка тых праграм, на жаль, засталася малавядомай для шырокай публікі, афіцыйны друк іх адкінуў, а бальшавіцкія ўлады павялі шалёную барацьбу як з іхняю сутнасцю, так і з іх аўтарамі персанальна.
        Тая барацьба не спынялася да апошняга часу, хоць яе цэнтр перамясціўся з плошчаў і старонак партыйных газет у залу паседжанняў Вярхоўнага Савета, дзе створана парламенцкая апазіцыя БНФ, якой кіруе народны дэпутат Зянон Пазьняк. Дзейнасць тае апазіцыі таксама прыпадае на экстрэмальныя ўмовы, калі большасць належыць камуністычнай групоўцы, якая, як даўно вядома, рупна выконвае ўстаноўкі свайго ЦК па ўтрыманню ўлады. Менавіта ўтрыманне ўлады, як і заўжды, з’яўлялася галоўнай задачай камуністаў, дзеля чаго яны не грэбавалі ніякімі сродкамі — ні логікай, ні мараллю. Усё тое, што ўдаецца адстаяць у інтарэсах народа ды зацвердзіць у выглядзе законаў, каштуе апазіцыі вялікага поту, нервовага напружання. Але Пазьняк таксама навучыўся праяўляць характар і прынцыповасць у абароне народных інтарэсаў парламенцкімі сродкамі, сярод якіх нават жалезная логіка — не самы дзейсны сродак. Мабыць, самы дзейсны — вытрымка і праца, праца і вытрымка. Дзесяткі праектаў законаў, якія не прыняты бальшавіцкай большасцю, сотні самых канструктыўных прапаноў, выпрацаваных апазіцыяй і яе лідэрам, патрабавалі ад іх шматлікіх бяссонных начэй, зайздроснай эрудыцыі і ўмення цярпліва чакаць. Парламенцкая барацьба загартавала Пазьняка-палітыка, выпрацавала ў ягоным характары новыя якасці. І дарма некаторыя з ягоных праціўнікаў наракаюць на пазьнякоўскі экстрэмізм, празмернасць ягоных праграм. У Пазьняка цяпер, як ніколі, хапае разважнасці ды разумнай умеранасці, мудрасці, якая даецца праз навуку памыляцца і адначасна вучыцца на ўласных памылках. Напрыклад, у адносінах да той жа партыі камуністаў Пазьняк казаў, што трэба было яе заганяць у кут, у куце яна стане больш небяспечнай. Трэба даць ёй магчымасць памяркоўна паглядзець на сябе знутры, спакойна разважыць над тым, што яна зрабіла са сваім народам. Можа, яно і праўда. Калі б толькі яна мела здольнасць спакойна сядзець у куце…
        «Асцярожна, сталінізм!» — папярэджваў Зянон Пазьняк люд Беларусі, і ён меў рацыю. Сапраўды, бальшавікі ёсць бальшавікі. «КПБ і яе наменклатура дзе скрыта, дзе адкрыта падтрымліваюць саюзную і міжнародную рэакцыю, камуністычных «путчыстаў» з краін Балтыі, Буракявічусаў і Ермалавічусаў, прадастаўляюць свае друкарні іхнім газетам і інтэрфронтаўскім лісткам, радзяцца…» «Пазіцыі сталінскага бальшавізму добра відаць у палітыцы КПБ — у дачыненні да зямельнага пытання, да рынку, да суверэнітэту Беларусі, да сістэмы «саветаў», да прыватызацыі, да дэпартызацыі дзяржаўных і прававых устаноў, да нацыянальнай культуры і нават да Міхаіла Гарбачова»,— пісаў ён нядаўна ў «ЛіМе». Вядомы абсалютна адмоўныя адносіны Пазьняка і дэпутацкай апазіцыі да па-змоўніцку падрыхтаванага пад Масквой праекта Саюзнага дагавора, які «яшчэ больш імперыялістычны, чым дагавор 1922 года. Ён знішчае нават фармальны суверэнітэт рэспублік, плануе ператварыць СССР з саюза дзяржаў у федэратыўную дзяржаву, дзе суверэнітэтам, як вядома, валодае толькі федэрацыя, а не суб’екты федэрацыі».
        Як ужо сказана, сучасны бальшавізм болей за ўсё быў заклапочаны ўмацаваннем сваёй улады, якая пахіснулася, і ён вынаходзіць для таго новыя сродкі. Адным з такіх «вынаходстваў» з’явіліся спробы ўвесці прэзідэнцкае кіраванне рэспублікай — спроба, тайны сэнс якой быў своечасова разгаданы парламенцкай апазіцыяй БНФ. Зянон Пазьняк пісаў з гэтай нагоды: «Прэзідэнцтва на Беларусі, дзе ўся ўлада ў руках камуністычнага апарату,— гэта план наменклатуры, спосаб наменклатурнага ўмацавання рэжыму ЦК КПБ. Таму гэтак і старалася камуністычная большасць на 4-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР. I хоць план з прэзідэнцтвам яны прайгралі, няма гарантыі, што ім не ўдасца яго ажыццявіць потым».
        Найбольшы клопат Зянона Пазьняка як прызнанага лідэра нацыянальнага руху складаюць пакутныя праблемы незалежнасці Беларусь Вядома, ён не мог не разумець сапраўдны кошт Дэкларацыі аб суверэнітэце, якая год таму ў прапагандысцкіх мэтах была прынята Вярхоўным Саветам БССР. I ён бачыў, які цяжкі шлях ляжаў да сапраўднага суверэнітэту. Поспех тут залежаў ад шмат якіх умоў, але найперш — ад палітычнай сталасці і нацыянальнай свядомасці беларусаў. У якасці варыянта парламенцкая апазіцыя БНФ дапускала магчымасць пераходнага перыяду ў форме садружнасці Украіны, Беларусі, Літвы, Эстоніі, аб’яднаныя намаганні якіх далі б новыя магчымасці ажыццяўлення іхняга суверэнітэту. Але вядома, як цяжка аб’яднаць дэмакратаў, узгадніць іхнія высілкі. Гэта рэакцыя аб’ядноўваецца адразу і без намаганняў, як гэта здарылася ў дні нядаўняга фашыстоўска-камуністычнага путчу. Пазіцыя ж БНФ і Пазьняка ў тыя дні была гранічна выразнай: ніякай падтрымкі антынароднай змове, усеагульнае супраціўленне путчыстам аб’яднаных дэмакратычных сіл. Арганізаваць тое супраціўленне, аднак, было вельмі складана ва ўмовах, калі амаль усё кіраўніцтва рэспублікі адразу і з натхненнем падтрьшала путчыстаў. Цяпер яно вініцца, адмываецца і чакае наступнага заходу, плануючы большую пэўнасць свае перамогі. Тым болей што «страты» ў іхніх радах сапраўды да смешнага малыя, а сляды іхняй дзейнасці ўжо надзейна схаваны.
        У новых умовах дзяржаўнасці адразу з’явіліся новыя складаныя праблемы. Так нядаўняя камуністычная наменклатура ў тэрміновым парадку мяняе афарбоўку, набываючы нацыяналістычныя колеры. Мэта тут даволі празрыстая: пранікненне ў нацыянальную дэмакратыю. I, безумоўна, не для таго, каб ашчаслівіць нацыю, а, вядома, каб адабраць у дэмакратаў выпакутаваную імі ўладу. Вопыту для таго ў былых камуністаў хапае.
        Трэба спадзявацца, народу Беларусі калі-небудзь стане вядомы ўвесь грандыёзны комплекс высілак, якія зрабіў БНФ па ажыццяўленню галоўнай нацыянальнай ідэі — суверэнітэту Беларусі. Цяпер некаторыя з нядаўніх праціўнікаў незалежнасці спрабуюць прыпісаць сабе найбольшыя ў тым заслугі. Увогуле зрабіць тое магчыма, калі ўлічыць усю складанасць абставін замоўчвання і паўлегальнасці, у якіх доўгі час працаваў БНФ. Калі ж суверэнітэт Беларусі фармальна здзейсніўся, галоўны акцэнт кіраўніцтва БНФ, безумоўна, пераносіцца на канструктыўную працу па яго фактычнаму ажыццяўленню. Трэба разумець, што тое будзе не меней складана. Ад лідэра БНФ запатрабуецца не толькі пэўная палітычная выверанасць пазіцыі, але і вялікая маральная дакладнасць, асабліва ў праблемах міжнацыянальных адносін — унутры рэспублікі з нацменшасцямі, па-за яе межамі — з суседнімі суверэннымі дзяржавамі. Усё тое, вядома, надта праблематычна і рызыкоўна, як у адносінах з кансерватыўнымі элементамі, так і дэмакратычнымі. Вядома, што гэтыя апошнія ў новых умовах набываюць якасна іншы характар. Асабліва тое прыкметна на палітычным небасхіле нашай суседкі Расеі.
        Зянон Пазьняк шмат гадоў вядомы на Беларусі як выдатны мастацтвазнаўца, а таксама вучоны-археолаг. Ягоныя публікацыі па праблемах нацыянальнай культуры даўно пазначылі сябе як самыя важныя і прынцыповыя ў беларускім друку. Калісьці ў эстонскім часопісе «Радуга» з’явілася надзвычай цікавая праца 3. Пазьняка аб вострых пытаннях нацыянальных моваў. Тады для пэўных колаў беларускай інтэлігенцыі некаторыя моманты тае працы здаваліся спрэчнымі, можа, трохі заўчаснымі і празмернымі. Але жыццё неўзабаве пераканала ў іх неабвержнасці. Пазьняк глядзеў далей і бачыў больш. Зрэшты, так яно і мае быць.
        Так яно і мае быць, бо апостал народнае праўды заўжды апераджае свой час. Як сапраўдны беларус і палітык Зянон Пазьняк цярпліва марыць пра росквіт нацыянальнай культуры, пагарджанай беларускай мовы. Але ён ведае, што той росквіт настане толькі пры адной-адзінай умове: поўнай незалежнасці Беларусі, калі яна на справе стане суверэннай дзяржавай, роўнай у суполцы еўрапейскіх народаў. Здаецца, такі час набліжаецца. I ў тым, што ён стаў нарэшце магчымым, адна з найпершых заслуг належыць прызнанаму лідэру нацыі, вернаму сыну Беларусі Зянону Пазьняку.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.